KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Мікола Гамолка - Цытадэль неба

Мікола Гамолка - Цытадэль неба

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Мікола Гамолка, "Цытадэль неба" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Эластычны матрац выгнуўся пад Алегам, і юнак выразна адчуў, як на яго грудзі зваліўся нябачны магутны цяжар.

Цяжкая стома завалодала ўсім целам, нехапала паветра. На ілбе выступіў халодны ліпкі пот. Калі Алег адчуў гэта, захваляваўся. Ці не звыш нормы павялічвалася паскарэнне? Ён націснуў на спецыяльную кнопку, і ў ракеце пачуўся голас:

— Вышыня 20 тысяч метраў, тэмпература мінус 42 градуса, паскарэнне 2,5 кілометра ў секунду.

Гэта гаварыў аўтаматычны індыкатар, які з дапамогай мініятурнай электроннай машыны праз кожную хвіліну палёту мог даваць усе неабходныя для экіпажа звесткі.

Алег супакоіўся. Палёт праходзіў дакладна па плану. На сёмай хвіліне індыкатар паведаміў:

— Вышыня 2 тысячы кілометраў, тэмпература — 215 градусаў, пад намі Сахалін, паскарэнне 5,7 кілометра ў секунду.

Яшчэ некалькі стамляючых хвілін чакання і «Вулкан» набывае хуткасць 7,8 кілометра ў секунду. Выключаюцца маторы. Ракета робіць шырокі круг вакол Зямлі.

Падарожнікі ўстаюць з гумавых канапак і, ператварыўшы іх у крэслы, зручна садзяцца.

Алег пазірае ў чорнае, як сажа, неба і ўключае кароткахвалевыя перадатчыкі.

— «Вулкан!», «Вулкан!» — даносіцца з эфіра. — Мы бачым цябе. Прымі прывітанне ад «Амура».

— Гаворыць Прага! Члены калектыву навуковай станцыі Чэхаславацкай Рэспублікі моцна ціснуць вашы рукі і жадаюць шчаслівага плавання.

— Мы з Дуная!.. Мы з Дуная!.. Кланяйцеся ад нас Месяцу.

Потым слова было перададзена «Луары», «Варшаве» і «Каўказу» — усім касмічным астравам, якія курсіравалі па сваіх дарогах-арбітах вакол роднай планеты.

Хутка «Вулкан» павінен быў наблізіцца да «Зоркі Кэц», прыняць ад яе падрыхтаванае паліва, неабходнае для далейшага падарожжа ракеты.

Алег уключыў тэлевізар. На пульсуючым, нібы з вады, шкле вырысавалася аграмаднае вобад-кола. Яно ззяла, пералівалася сотнямі агнёў. Там жылі, працавалі людзі. Штучны спадарожнік ляцеў па сваёй арбіце з хуткасцю да васьмі кілометраў у секунду.

— Сябры! Мы падыходзім да вас, сустракайце! — прамовіў Алег, убачыўшы ў экране капітанскую каюту і вясёлыя твары яе жыхароў.

— Мы гатовы! Высылаем на вашу арбіту хуткасныя ракеты з цыстэрнамі, — пачулася ў адказ. I Алег пераключыў тэлевізар, каб паглядзець, як з гэтых дыстэрн будзе перапампоўвацца паліва-акісляльнік.

Пятнаццаць хвілін — i «Вулкан» быў запраўлены. Цяпер ён выходзіў на трасу свайго вялікага падарожжа.

Вобад «Зоркі Кэц» схаваўся за рамку экрана, бліснуў двума яркімі снапамі пражэктараў. Бывай, Зямля! Ты апошняя праводзіш нас у далёкі шлях, зычыш шчасця і поспехаў.

Хоць падарожнiкі прайшлі ўсе трэніроўкі на Зямлі, але страта вагі выклікала непрыемныя адчуванш. Здавалася, яны некуды падаюць, правальваюцца. Ныла, замірала сэрда ў грудзях...

Толькі тут, у касмічным караблі, можна па-сапраўднаму зразумець значэнне сілы цяжару. Што было-б, калі-б раптам наша планета страціла гэтую сілу? Паветра адразу знікла-б у касмічнай прасторы, выпарыліся-б моры і акіяны; паязды, аўтамашыны і людзі пры нязначным руху адрываліся-б і ляделі ў бездань. Толькі пры пералётах з адной планеты на другую чалавеку даводзіцца сустракацца з бязважкасцю. Калі-б у ракеце ўсе рэчы не былі прымацаваны да сцен спецыяльнымі скобамі, кручкамі і гумавыімі цясёмкамі — яны зрушыліся-б з меcц і блукалі-б, як жывыя, з кута ў кут, ад сцяны да сцяны.

Іван Іванавіч сядзеў ля тэлескопа, Віктар заняў месца ля пульта кіравання. У Алега быў вольны час.

«Вулкан» павялічыў хуткасць. Па шырокай поўэліптычнай крывой накіраваўся на стацыянарную арбіту. Яна адрозніваецца ад усіх арбіт тым, што ракета, праходзячы па ёй, будзе як-бы прывязана да аднаго i таго-ж пункта Зямлі. Гэта ствараецца таму, што «Вулкан» будзе рабіць поўны круг вакол планеты за 24 гадзіны.

Спакойна рухаліся стрэлкі прыбораў. Марудна бег час. Над цыферблатам скораметра ўспыхваў чырвоны агеньчык. Няспраўнасць? Так, ракета ў сваім палёце адстае ад графіка на 500 метраў.

Віктар павярнуўся да Алега, кіўнуў галавою: паглядзі, зроблена першае папярэджанне штурману. Але ён нават i не дакрануўся да прыбораў. Яны самі выправяць памылку апаратаў, дадуць каманду павялічыць хуткасць.

Так яно і атрымалася. Вестка аб адставанні была прынята своечасова, i цяпер Віктар назіраў, як стрэлка скораметра пачала хутка схіляцца да жоўтай рыскі.

Чырвоны трывожны агеньчык патух. Ракета ідзе дакладна па графіку.

Дзянісаў сядзеў, узняўшы галаву.

Некалькі год назад ён першы згадзіўся ўзначаліць экспедыцыю вучоных на Малы Месяц. Ён i цяпер пры сваіх гадах не пабаяўся накіравацца зноў у далёкі, небяспечны шлях разам з маладымі. Дзянісава не палохаў, а, наадварот, прывабліваў космас.

Колькі дае задавальнення вось гэтае шырокае акно абсерваторыі. Стаіш ля яго — i перад табою, як-бы падуладная тваёй волі, павольна і велічна паварочваецца ўся планета — Зямля. Адкуль яе можна бачыць такой прыгожай, абгорнутай лёгкім блакітным шарфам паветранай дымкі? Ніадкуль! Прыемна дыхаць, адчуваючы свежасць лесу, казытлівыя пахі лугоў і палёў. Але няма, мабыць, большай асалоды касмічнаму падарожніку, як дыхаць гэтым-жа, нават больш свежым паветрам удалечыні ад Зямлі.

— Пачнем, сябры, нашы касмічныя будні. Вы знаёмы з графікам дзяжурстваў — і прашу яго строга выконваць,-—сказаў раптам Дзянісаў.— Колькі часу засталося да выхаду на стацыянарную арбіту?

Віктар глянуў на атамны гадзіннік, адказаў:

— Адна гадзіна дзесяць хвілін.

— Ну вось і добра. Трымайце вуха востра: паблізу можам спаткацца з метэорамі.

У каюце запанавала цішыня. Дзянісаў прыпаў да акуляра тэлескопа і пачаў пільна разглядаць Марс — ён, мабыць, думаў пабываць і там. Алег падрыхтаваў кіноапарат і сеў ля круглага акна абсерваторыі. Праграма здымкаў на гэтым участку шляху была невялікая. Трэба было зняць Сонца, гэты вогненны вулкан, які бясконца бунтуе. Праўда, не так проста падступіцца да яго. Яно зіхаціць, пульсуе, слепіць вочы. Алег апусціў на акно цёмную заслонку.

I вось Сонца перад адкрытым позіркам. Яно было крыху большых памераў, чым гэта здавалася з Зямлі. I не круглае, як дыск, а калматае, успухлае, трапяткое.

Што можна было сказаць аб ім простаму назіральніку? Вельмі мала. Затое для фізіка Сонца — гэта своеасаблівая нябесная лабараторыя, для метэаролага — найлепшы барометр, для батаніка — яно стваральнік жыцця.

Алег некалькі хвілін глядзеў на Сонца, любаваўся яго прыгажосцю, вялікай прамяністай сілай.

Выцягнутыя з двух супрацьлеглых бакоў зіхатлівыя вееры дзівоснага полымя нагадвалі крылы.

— Глядзіце, Іван Іванавіч,— звярнуўся Алег да начальніка экспедыцыі.— Наша Сонца — крылатае! Упершыню бачу такім.

Дзянісаў павярнуўся да акна, i бровы яго здзіўлена падскочылі ўгору.

— Уга! Як яно расхадзілася! — усклікнуў ён. — Вельмі цікава... Здымайце! — параіў ён праз момант.— Такія хвіліны не часта сустракаюцца.

Потым, запісаўшы нейкія даныя ў спецыяльны журнал, устаў з крэсла і сказаў:

— Давайце я здыму карону сам.

Некалькі хвілін клапатліва стракатаў апарат. Дзянісаў імкнуўся зняць не толькі агульны выгляд кароны, але і розныя яе бакі. Нарэшце, ён перадаў апарат Алегу.

У гэты час яго паклікаў Віктар. Штурман устрывожана паглядаў на чатыры авальныя акенцы, што віднеліся перад ім.

— Мы заходзім у небяспечную зону,— сказаў ён здаўленым голасам.— 3 усіх бакоў метэоры...

— Гэтага трэба было чакаць,— адказаў зусім спакойна Дзянісаў і, асцярожна перастаўляючы ногi ў цяжкіх намагнічаных чаравіках, падышоў да пульта кіравання. — А ну, дайце зірнуць!

На чацвёртым экране лакатара, перакрэсленым тонкай каардынатнай сеткай, была відаць чорная мушка, якая наўкос паўзла па затуманеным шкле.

— Ладны каменьчык даганяе нас,— заклапочана прамовіў Дзянісаў і, разважаючы ўслых, прадаўжаў: — 500... 350... 200 кілометраў...

Пачуўшы лічбу 200, міжвольна павярнуўся да сяброў і Алег. Набліжэнне метэора на такую адлегласць было небяспечным.

— Уключыць магнітна-электронныя гарматы,— загадаў Дзянісаў, i сам застыў у напружаным чаканні. На шчыту кіравання ўспыхнулі папераджальныя сігналы. У гэты-ж час пачуўся густы голас дыктара гаворачай электроннай машыны.

— Трывога! Трывога!..

Далейшая марудлівасць магла дорага каштаваць экіпажу ракеты. Віктар уключыў гармату.

Будзь тысячу разоў пракляты, метэор! Корпус ракеты сутаргава задрыжаў. Здавалася, нешта ўтрапёнае і імклівае адарвалася ад цела карабля, панеслася ў далячынь. I ў той-жа момант злавесны водбліск асвяціў першы экран лакатара. Мяккае яго ззянне знікла.

— Метэор! — схапіўся Дзянісаў за храміраваную рукаятку.— Паварот — два градусы!

Мускулы на твары Івана Іванавіча напружыліся. Вочы глядзелі пільна і востра. Узбуджанасць і хваляванне, выкліканыя небяспекай, умомант змянілі гэтага чалавека.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*