Мікола Гамолка - Цытадэль неба
Нечакана дзверы ў пакой адчыніліся, i хлопцы ўбачылі на парозе Івана Іванавіча Дзянісава. Ён быў у парусінавым светлым касцюме, які здаваўся для яго постаці крыху мешкаватым, у лёгкім капелюшы з рысавай саломкі. Прафесар быў нечым усхваляваны. Ён агледзеў прыжмуранымі вачыма штурманскі пакой, зняў капялюш і, бадзёра ўоміхнуўшыся, падышоў да хлопцаў.
— Магу вам паведаміць па сакрэту, — сказаў ён, — на карабель пагружаюць абсталяванне для рэтрансляцыйнай тэлевізійнай станцыі.
— Нарэшце! — усклікнуў Алег і, па-вайсковаму выцягнуўшыся, спытаў: —Таварыш камандзір карабля, што загадаеце...
Дзянісаў перапыніў:
— Запомні, Алег, я начальнік экспедыцыі і ніякі не камандзір.
Штурман здзівіўся.
— Карабель i без камандзіра?.. Дзіўна... — і паціснуў плячыма.
— Дарэмна так думаеш. Ён ёсць, — растлумачыў Дзянісаў, — але, клянуся, не я!
— Хто-ж тады? — у адзін голас запыталіся Алег і Віктар.
Іван Іванавіч хітравата прыжмурыў вочы:
— Прыдзе час, ён сам аб’явіцца...
Хлопцы здзіўлена паглядалі адзін на аднаго, добра не разумеючы, жартуе Іван Іванавіч ці гаворыць праўду.
Усе, нібы дамовіўшыся, разам падышлі да высокага, расчыненага насцеж акна. На захадзе палымнеў рознакаляровасцю фарбаў вечар. 3 шырокіх алеяў, дзе згусціліся цені, струменіў халадок, павявала вільгаццю.
Перад імі раскінуўся неабсяжны прастор. Яго ўпрыгожвалі не толькі прырода, але і чалавечы геній — удалечыні між зеляніны віднеліся купалы і стрэльчатыя вежы будынкаў, мачты, аркі, каланады палацаў. Перад імі ляжала ва ўсёй велічы і вечаровай прыгажосці Зямля — калыска розуму, крылатай думкі, дзёрзкіх сэрцаў.
Любаванне адкрытым ва ўсе бакі прасторам выклікала ў іх душы не толькі радасць, захапленне, але і роздум, нейкі незразумелы смутак.
Іван Іванавіч зняў капялюш, выцер хусцінкай лоб. Блакітныя вочы яго блішчэлі нецярплівай радасцю, на вуснах застыгла ўсмешка.
Нечакана пачуўся нізкі, працяглы гудок: успыхнуў экран тэлевізафона. Чорнабровая, з пухлымі губамі дзяўчына, як-бы пазіраючы ў вочы Івану Іванавічу, прамовіла:
— Гаворыць Масква! Слухайце экстранае паведамленне ўрада Саюза ССР. 25 чэрвеня з спецыяльнага касмадрома ў 12.00 адбудзецца старт ракеты «Вулкан», якая возьме курс на Месяц. Мэта палёту — вывучыць прыроду Месяца, даведацца аб магчымасцях арганізацыі там навукова-даследчага гарадка, заснаваць рэтрансляцыйную тэлевізійную станцыю, апрача ўсяго, — выратаваць членаў экіпажа ракеты «Анаконда», якая пацярпела аварыю ў космасе.
Малінавыя водсветы зары палалі ў шыбах вокнаў, у шырокім люстры басейна, што быў непадалёк ад ракетапорта, на вільготных стужках асфальтавых дарог. Дзянісаў глядзеў у сіняваты купал неба прагна, зачаравана, як быццам у ім ён бачыў найвялікшую ў свеце прыгажосць.
***
Члены экіпажа «Вулкан» прыляцелі з Масквы на касмадром на паветраным аўтамабілі. Узыходзіла сонца. Дыміўся, зіхацеў ранішнімі росамі шырокі стэп. Хоць воблакі ў небе стаялі амаль на месцы, няцяжка было прыкмеціць, як яны паступова раставалі. Свежыя патокі паветра цяклі не ўздоўж па стэпу, а ад зямлі ў неба.
На касмадроме іх сустрэлі члены ўрадавай камісіі і карэспандэнты розных газет свету. Праважаючых было вельмі мала, бо раён касмадрома з’яўляўся небяспечнай зонай. Старт павінен перадавацца тэлецэнтрамі буйнейшых гарадоў краіны, і яго ўбачаць мільёны людзей.
Дзянісаў, Віктар Машук і Алег Дрозд... Здавалася, гэта стаялі два сыны з бацькам, апранутыя па-дарожнаму. Успыхвалі агні «бліцаў», стракаталі кінокамеры. Такімі — гордымі, са стрыманымі ўсмешкамі — бачылі іх у гэтую хвіліну ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Мінску...
Нарэшце да Дзянісава падышоў начальнік касмадрома.
— Прабачце, апошні раз турбуем. Вас просяць зайсці на санітарны пункт.
— Ах, гэтыя праверкі! Замучылі нас, — уздыхнуў прафесар і кіўнуў хлопцам, каб ішлі за ім.
Яны спусціліся па бетонных прыступках у падземны будынак. Віктар мала спаў гэтай ноччу. Надакучлівыя думкі былі неадчэпнымі. Прад вачыма мільгалі малюнкі карабля, пустога чорнага неба, уяўляліся нечаканыя сустрэчы з метэарытамі.
У санітарным пункце касмічных падарожнікаў акружыў цэлы натоўп урачоў.
— Ды выпусціце нас жывымі. Страўнік замучылі, — гаварыў Іван Іванавіч высокаму, ў акулярах прафесару. — Пульс, ціск, дыханне — усё ў норме.
— Не, галубок, не, мы яшчэ раз праверым,— адчуваючы сваю ўладу, жартаўліва адказваў той і старанна выстукваў грудзі.
Віктар Машук стаяў ля канапкі, апранаўся.
— У вас, малады чалавек, здароўя на пяць палётаў, — сказаў задаволена старшыня камісіі, аглядаючы яго мускулістае цела.
— Калі ў яго на пяць, у Алега на дзесяць, — у тон яму заўважыў Іван Іванавіч. — Мы з ім ужо старыя падарожнікі...
Але агляд Алега нешта зацягваўся. Рыжавалосая жанчына падазрона аглядала яго твар, некалькі разоў падлічыла пульс і, нарэшце, прапанавала змераць тэмпературу.
Алег незадаволена зморшчыўся. Падышоў Іван Іванавіч Дзянісаў і стаў нецярпліва чакаць выніку агляду.
— Ну, што? — пацікавіўся ён, калі доктар выцягнула з-пад пахі хлопца градуснік.
— 35,6 градуса, — абвясціла яна, здзіўлена ўскінуўшы вочы. — Ператамленне... Што з вамі здарылася?
— Нічога асаблівага, — адказаў Алег. — Малавата спаў — вось і ўсё.
— Усё-ж я вымушана затрымаць вас, — засмучана сказала яна i павярнулася да Дзянісава. — Іван Іванавіч, у вас ёсць запасныя людзі?
Дзянісаў незадаволена бліснуў вачыма.
— Наталля Сцяпанаўна, што-ж гэта атрымліваецца? Вы гвалтоўна адбіраеце ў мяне бывалага штурмана...
— Усё гэта правільна, але ў нас такі абавязак: дазваляць палёт толькі здаровым. Разумееце?
Дзянісаў захваляваўся.
— Наталля Сцяпанаўна, вы-ж самі ведаеце: Алег прайшоў усе трэніроўкі, паказаў найлепшыя вынікі. Я ўпэўнены за яго, спадзяюся...
Алег спалохаўся, аж збялеў. Якая непрыемная гісторыя! Не выканаў распарадак дня — і вось лыпай вачыма.
Віктар, пачуўшы ўзбуджаную размову Дзянісава з доктарам, падышоў да іх. Задаволенне мільганула ў яго ўсмешцы, якую ён адразу-ж паспяшаўся пагасіць. Нейкі момант Віктар стаяў нерухома, як-бы нешта абдумваючы. Потым штурхнуў у плячо Алега.
— Схітрыў? Так? — ціха, з несхаванай нянавісцю спытаў Віктар.— Але май на ўвазе: пераможца атрымлівае ўсё!
— Віктар, пра што ты? — спалохана зірнуў на таварыша Алег. Потым дакорліва пакруціў галавой і сказаў: — Нікчэмныя ў дябе думкі, Віктар. Я думаў, ты разумнейшы... — і адвярнуўся ў бок.
Урачы спрачаліся, даказвалі адзін аднаму. Алег зразумеў: у іх не было пэўнай цвёрдай думкі і рашэння. I вось Алегам зацікавіўся галоўны ўрач. Ён сам агледзеў яго, выслухаў.
— Галава не баліць?
— Не.
— Не адчуваеце стомы?
— Не.
— Жадаеце ляцець?
— Што за пытанне, доктар, — усхвалявана адказаў Алег. — Не толькі хачу, я жыву гэтым палётам!
— Бачу, бачу, таварыш Дрозд, — усміхнуўся галоўны ўрач. — Ваша шчасце, што я добра ведаю вас i ваш арганізм. А то давялося-б ля тэлевізафона сумаваць. Апранайцеся!
Алег быў рады. Калі падарожшкі пачалі развітвацца, хлопец шчыра, з удзячнасцю паціснуў руку галоўнаму ўрачу і жартаўліва сказаў:
— Я веру, доктар, прыдзе час, і вы будзеце спецыяльна пасылаць хворых на Месяц, дзе мы пабудуем санаторыі і лячэбніцы.
— Ляціце! Шчаслівай вам дарогі.
Калі яны выйшлі з санітарнага пункта, іх зноў акружыў гаманлівы натоўп. У рукі перадаваліся блакноты, кніжкі, і яны таропкім росчыркам самапісак пакідалі там свае аўтографы.
Карэспандэнты радыё даймалі Дзянісава просьбамі сказаць некалькі слоў перад мікрафонам.
I вось высока над стэпам узляцела сігнальная ракета.
— На старт! — загучала каманда.
Аднекуль выбеглі піонеры з пышнымі букетамі кветак і ўручылі іх пад апладысменты праважаючых смелым падарожнікам.
Дзянісаў, Віктар і Алег, развітаўшыся са знаёмымі і служачымі касмадрома, пайшлі па бетаніраванай дарожцы да ўзлётнай эстакады. Следам за імі несліся ўрачыстыя воклічы, грымела нескладанае, але радаснае «ўра».
I вось непадалёку — доўгі верацёнападобны корпус «Вулкана». Здавалася, гэта ляжаў магутны акіянскі кіт, толькі што выцягнуты з вады, блішчалі пад сонцам дбала адпаліраваныя яго крутыя бакі.
Іван Іванавіч Дзянісаў паважна ўзняўся па лесвіцы да ўваходнага люка, адчыніў яго і павярнуўся да натоўпу. У той-жа момант шырокім прыбоем загучала ўрачыстая магутная мелодыя гімна. Падарожнікі ўвайшлі ў ракету.
Алег паглядзеў у ілюмінатар. У неба зноў узляцела ракета, і ўсе людзі, што былі на касмадроме, заспяшаліся да сховішчаў. Некалькі хвілін — і члены экіпажа занялі свае месцы. Старт пачаўся зусім нечакана. Ужо беглі ў нейкім ліхаманкавым разгоне за ілюмінатарамі пакатыя бетонныя бакі будынкаў касмадрома, высокія вежы антэн лакатараў, басейны, фантаны, істужкі дарогі, — а ў ракеце яшчэ ніхто не адчуваў руху. Нарэшце, пачуўся прарэзлівы посвіст, які раптам ператварыўся ў грымотны грукат.