Анатоль Казлоў - Адкуль зяўляюцца яны...
Хлопец з дзяўчынаю як па загадзе павярнулі галовы. За іх спінамі стаяла некалькі зданяў. Іх абрысы ледзь вымалёўваліся ў дзённым святле.
Дзіўна, але ні Марк, ні Варка не адчулі ніякага жаху. Наадварот: іх апаноўвала цікавасць да кнігі, да таго, што гаворыцца там яшчэ. Ім як найхутчэй карцела спасцігнуць таямніцы ўладнага ўсясілля. Схіліўшыся зноў над старымі спісанымі старонкамі, яны пачалі чытаць кожны сам сабе.
Вялізныя крывыя літары сведчылі, што далей пачыналіся замовы. Але яны пазначаліся незразумелымі для Марка лічбамі. Крыху падумаўшы, хлопец запытаўся ў Варкі:
— Што за такія знакі перад кожным радком слоў? Ну вось гэтыя,— і ён тыцнуў пальцам у лічбы.
— Калі ўмееш чытаць, то павінен ведаць, што акрамя літар існуюць і лічбы. Вось гэта адзінка, а гэты знак, як гусыня на возеры,— двойка.— Цяпер ужо Варка вадзіла пальцам па старонцы кнігі.— Ты спачатку ўсё зрокава, вачыма запамінай. А пазней, дзе б і з кім ні хадзіў, лічы сам сабе кожны крок, слуп ці дрэвы. I не будзе табе роўных не толькі ў чытанні, але і ў лічэнні. Зразумеў? Давай паспрабуем разам. Запамінай і паўтарай за мною. Вось гэта тройка, далей чацвёрка, затым пяцёрка, шасцёрка, сямёрка... — праз некалькі хвілін Марк разам з Варкай дайшлі да сотні.
— Бачыш: нічога складанага. Ці запомніў?
— Ага.
— Цяпер пачытаем далей.
Замова на каханне. На моры, на акіяне ёсць белагаручы камень Алатыр, нікім невядомы; пад тым каменем схавана сіла магутная, якой няма і не будзе канца. Выпускаю я сілу магутную на такую-та красну дзявіцу; саджаю я сілу магутную ва ўсе суставы, паўсуставы, ва ўсе косці і паўкосткі, ва ўсе жылы і паўжылы, у яе вочы ясныя, у яе шчокі ружовыя, у яе белыя грудзі, у яе рацівае сэрца, у вантробы, у яе рукі і ногі. Будзь ты, сіла магутная, у такой-та краснай дзявіцы невыходнай; апалі ты, сіла магутная, яе кроў гарачую, яе сэрца кіпучае на каханне да такога-та палюбоўнага малойцы. А была б красна дзявіца, такая-та, ва ўсім паслухмяна палюбоўнаму малойцу, такому-та, на ўсё яго жыццё. Нічым красная дзявіца не зможа адгаварыцца, ні замовай, ні адгаворам, і не зможа ні стары чалавек, ні малады адгаварыць яе сваім словам. Маё ж слова моцнае, як бела-гаручы камень Алатыр. Хто з мора ўсю ваду вып’е, хто з поля ўсю траву вырве, і таму маю замову не перамагчы, сілу магутную не здолець!»
— Ого! Як каму, а мне варта гэта запомніць,— Марк пацёр ад задавальнення далонь аб далонь. Варка ж сарамліва апусціла вочы, шчокі яе заружавеліся, як выспелыя гронкі арабіны. Нешта буркнула сабе пад нос і лёгенька піхнула хлопца пад сталом каленкам.
— Пачытаем яшчэ, а то Яўхім хутка прыйдзе.— Дзяўчына адсунулася ад Марка і паклала бліжэй да сябе кнігу.
«Замова на разлад паміж малойцам і дзяўчынай. Як бацька хуткі Нёман цячэ, як пяскі з пяскамі спалоскваюцца, як кусты з кустамі звіваюцца, так бы раб, такіта, не вадзіўся і не знаўся з рабою, такой-та, ні ў плоці, ні ў каханні, ні ў юнацтве, ні ў старасці; як у цёмнай цямніцы і ў хляўніцы ёй не жыць проставалосай і доўгавалосай, вочы выкаціўшы, так няхай раба, такая-та, падаецца рабу, такому-та, проставалосай і доўгавалосай і вочы выкаціўшы; як у кошкі з сабакам, у сабакі з расамахай. Так бы ў раба, такога-та, з рабою, такой-та, не было згоды ні днём ні ўначы, ні раннем, ні ўпоўдзень, ні ўпаўабедак. Слова маё моцнае, гнёткае і непадступнае».
Хлопец з дзяўчынаю не заўважылі, як у хату зайшоў Яўхім-вядзьмак, як, усміхнуўшыся, ён прытуліўся гарбатай спінаю да вушака дзвярэй і шырока раскрытымі вачыма пачаў свідраваць целы Марка і Варкі. Твар у ведзьмака раптам зрабіўся чырвоны, як засланка ад жаркай печы. Ніжняя сківіца адвісла, і з куткоў рота пацяклі па смаліста-чорнай барадзе тонкія ручаіны жоўтай сліны. Усё ягонае цела пачало рытмічна ўздрыгваць, выгінацца, як у вужакі, хадзіць хадуном. Здавалася, што Яўхім хоча разарвацца на тысячу шматкоў і рассыпацца па бруднай падлозе. I адразу ж, у гэта імгненне, увесь пакой напоўніўся смярдзюча-здушальным пахам серы, які завісаў не толькі ў паветры, але і чапляўся за сцены, печ, за кожную драбязу з хатняга начыння. Але найболыпым смярдзючым воблакам туманава-здушальны пах кандэнсаваўся над хлопцам з дзяўчынаю. Дзіўным было тое, што яны гэтага не адчувалі. Перагортваючы старонку за старонкаю, Марк і Варка ўбіралі ў сябе пачаткі д’ябальскай навукі. Кожнае вычытанае слова застравала ў іхніх галовах, як цвікі ў смалістых бярвеннях. Падсвядома яны ўжо адчувалі сілу і ўладу, якая пераходзіла да іх з «чорнай» кнігі. «I пойдзеце вы ў той свет, з якога прыйшлі,зусім новымі людзьмі. I будзе падуладна вашым рухам зямное і незямное, цялеснае і духоўнае, бачнае воку і схаванае ад яго. Дабрыня ж і спагада няхай выгарае, як трава ад полымя. Яна ўжо гарыць. То ад яе такі смярдзючы пах. Ад вашай волі будзе залежаць: нарадзіцца чалавеку або памерці. Адзіноты не бойцеся, вам яна не пагражае. Вы ж дзве рукі аднаго цела. Вы, мае дзеці, набліжаеце тойдзѳнь, калі неба, як арэх расколѳцца, калі помарак калючым клубком па зямлі пакоціцца. I ніхто нідзе не знойдзе паратунку — яго проста не будзе. Бо як уратавацца курыцы, калі ў яе горла ўчапіліся зубы тхара, калі яны сціснуліся так, што косткі хрумстнулі зламанай піжмінай... Дабро і зло — палавінкі аднаго яблыка. Мала хто ведае, з якога боку яго адкусіць. Вы ж паспыталі з таго, з якога вызначана. Цяпер вы найвышэй сталі за ўсе людскія прымхі, вызначаныя нормы. Яны не для вас! Пакуль што я, а надалей наш Уладар цемры будзе падказваць межы дзялення дабра і зла. А ўрэшце, для цябе Марк і цябе Варка не будзе вядомым паняцце — зло. Гэта слова не зляціць з вашых вуснаў і не ўсплыве ў галаве. Вы магутныя, вы ўсясільныя. I скажуць людзі пра вас: «Яны шчодра надзелены прыродай. Гэта кажу вам Я!»
Вусны Яўхімавы не расшчапіліся ні на хвілінку, але ён быў упэўнены, што ягоныя маўклівыя словы — думкі дасягнулі як галоў, так і сэрцаў Марка і Варкі.
...— Сапраўды, апошняй памірае надзея,— ні з чаго ні з якога напаўголаса прашаптала Варка.— Паміраючы, мы, ва ўсялякім разе, перастаем надакучваць хоць бы самі сабе... I праблема не ў людской злобе, а ў глупстве... А ўвогуле што такое зло? — Варка пустым позіркам глядзела на шэрыя старонкі кніжкі. Марк жа скоса зіркаў на дзяўчыну, не разумеючы сказаных ёю слоў.
Пачуў Варчын голас і вядзьмак. Яго нібы дубцом апяразалі па гарбатых плячах. Ен падскочыў да стала і растапырыў над галавою дзяўчыны каросліва-крывыя рукі.
— Ну што! Што з табою рабіць?! Ці сапраўды ў тваёй галаве вецер гуляе, ці панарошніцы здзекуешся з мяне! Не мянці абы-чаго языком, забудзь розную лухту. Усё, што для вас трэба, дам я, і ніхто іншы! А ты, даўгакосая, усё лезеш са сваімі словамі, як шалудзівая. Запомні: твая справа пакуль што такая — з носа кап, а ротам хап. Во і маўчы!
Варка няспешна ўзнялася з-за стала і стала насупраць Яўхіма. У яе вачах не было ні крупіцы страху. Толькі аднекуль з глыбіні сініх вачэй дзяўчыны выплываў непрыхаваны, дакорлівы сум.
— Ведаеце, аднойчы восенню, калі я ішла ў краму, каб купіць крыху газы, зусім ненарокам сустрэла сваю маці. Яна была схуднелая і ў лахманах, але я адразу пазнала яе. Дзіўна, але тады я падумала: чаму так здарылася, каб менавіта ў тэту хвіліну спатрэбілася мне ісці ў краму. Ну навошта? У душы маёй нешта тады зварухнулася. Маці падышла да мяне, узрадавана ўзяла за руку і напела даўно забытую песню, тую, што напявала вечарамі ў дзяцінстве. Мне было і прыемна, і няёмка. Бо вакол праходзілі людзі і азіраліся на нас. А маці ўсё гладзіла маю руку і напявала дужа недарэчную для гэтага месца песню. Да таго дня я не бачылася з ёю некалькі гадоў. I цяпер з выгляду мы маглі падацца не дачкой з матуляй, а сёстрамі. I ад гэтага было мне невыносна цяжка. Не памятаю, як вырвалася і пабегла прэч. 3 крамы я пайшла другой дарогаю, каб толькі не сустракацца яшчэ раз. Пазней мне сказалі, што маці прастаяла на той вуліцы і тым месцы чатыры дні. Затым яна зноўку некуды знікла...— Варка страсянула галавой, быццам адганяла думкі, што тых назойлівых мух. Hi Яўхім, ні Марк не прамовілі ні слова. Яны адчувалі — дзяўчына яшчэ не выказалася.— Але калі мы з Маркам прыйшлі з могілак самагубцаў, з гэтага дворышча выбегла жанчына. Я не ведаю чаму, але мне падалося, што гэта мая маці. Праўда, яна была зусім іншая: маладая і пригожая. Я дужа яе не разгледзела, мне проста падалося. Так хацелася пабегчы за ёю, але нешта не пускала, як быццам на ногі накінуты путы. Цяпер, здаецца, я здагадваюся: да зямлі мяне ціснуў той даўні сорам, тая далёкая нялюдскасць да маці. А можа, нешта і іншае,— Варка няспешна села на лаву каля стала.— Дужа ж даймалі раней тым, што маці вар’ятка. З-за гэтага ніхтоне хацеў са мною сябраваць. Грэбавалі і страшыліся, што і на іх праз маці і мяне можа найсці дурнота. Цяпер у гэта я не веру. Праўда. Шчырую праўду вам кажу...
— Супакойся, дзяўчо,— Яўхім нязграбна правёў даланёй па Варчыных валасах.— Нічога падобнага з табою не было. Гэта ўсё сон. Пусты, дрэнны сон, які адпраўлю я на багністыя балоты і сухастойны лес. I зноў будзе твая галава светлаю і яснай, як ліпеньскія вечары над нашай палянай.— Ты ж сама ведаеш, што вы з Маркам сіроты. Нікога няма ў вас, акрамя мяне.