Анатоль Казлоў - Адкуль зяўляюцца яны...
Дзіўна, што падмануўся тады я, як гавораць, на льняной кастрыцы. Быў у Максіма на дворышчы вялікі дубовы пень-выварацень. I гэты чалавек кожнае ранне з паўгадзіны скакаў праз яго, памінаючы Бога. Думаў я, што так здзекаваецца ён з людскога Найсвятлейшага... Прывялі Максіма да мяне, стаў на другі дзень абходжваць яго, набліжаць да прыстолу Уладара цемры, ляпіць служку. Толькі ўсе мае чары скочваліся з Максіма, як дажджынкі з саламяных стрэх. 3 усходам сонца ён падымаўся, хапаўся за любую работу, абы толькі далей знаходзіцца ад мяне. I адну сядміцу так працягвалася, і другую агоралі, а на трэцюю і я падняўся следам за ім, калі сонца з-за краёчку лесу толькі макушку вытыркнула. Прыадчыніў ціхенька дзверы сянец і, назіраючы, цікую за ім, што ж зробіць Максім? Глянуў і ўмлеў. Падышоў ён да маёй рэчкі, абмыў твар, рукі і пайшоў па вадзе, як па цвёрдым доле. Нікому гэтага не дадзена, акрамя чысцейшых бязгрэшных людзей. А было Максіму ўжо за сорак. Ляснуліся спадзяванні мае, лопнулі, што той бычыны пузыр. Балюча было, але зразумеў я, што не авалодаць Максімавай душой, не зрабіць з яго служку вечнаму Уладару цемры. Быў ён святлейшы за сонечны дзень. Не хапала ў мяне ніякай сілы цягацца з такім чалавекам. Так і адпусціў яго, вытруціўшы, на колькі мог, памяць пра тыя дні, калі знаходзіўся ён поплеч са мною. От, не ведаю, ці жывы яшчэ светлы Максім. Не! Якое жывы. Было гэта больш стагоддзя таму... Цяпер то я і ўзяўся за маладзёнаў. 3 імі прасцей і лягчэй. А то што ў Варкі пробліск усплыў — дробязь. Час цяпер такі. 3 кожным дзесяцігоддзем непамерна цяжэй рыхтаваць, вывучваць і ў свет пускаць наступнікаў нашай сілы. А ўсё таму, што мала каго трэба і спакушаць. У тым прасторавым часе, у якім цяпер яны жывуць — людзі бездухоўныя звяры. Няма за каго барацьбу весці. Не належаць яны ні Богу, ні д’яблу. Замест душы ў іх жабацінне. Брыдкае і слізгае, як смаркачы. Мадзеем мы з-за людскіх адзінак, за якія яшчэ трэба змагацца.
I ўсё ж з Марка і Варкі нешта атрымаецца. Не будзь я Яўхімам.
ІІадумаўшы так сам сабе, вядзьмак пасунуўся ў камору. Пагрукацеўшы там нечым, выйшаў з двума чыгунамі-вядзернікамі, паставіў іх і няспешна распаліў у печы. Пасля з сянец унёс рэшаты з касцьмі і пачаў накладаць у чыгуны. Драбнейшыя на дно, а доўгія ламаў на калена і прыладкоўваў зверху. Накрыўшы іх, без адзінай кроплі вады ўставіў у зеўра палаючай печы.
Пачын зроблены дзеткамі. Перапарацца, перагараць костачкі, дык і будзе чым абсыпаць Варку і Марка. За дзесяцярых набудуць моц і сілу. От, звычка гаварыць сам з сабою. Старэю, мабыць. Трэба берагчыся гэтага. Я лык, як дзяркач, можа непатрэбнае смецце і залатое слова ў чужыя вушы ўкінуць.
Раптам Яўхім заўважыў пакінуты жанчынай вузельчык. Хуценька развязаў яго і выклаў падарункі на стол. Задаволена гмыкаючы, гарбун разглядаў закаты пярсцёнак, затым адкалупнуў пальцам кавалачак масла,
паспытаў.
— Нядрэнна. Дужа нядрэнна. Будзе чым памянуць яе душачку. След жа суперніцы няхай у вогнішчы гарыць, і цела яе з жыламі і паджылкамі без ушчуку баліць.— Вядзьмак кінуў Таццянін след у печ на жаркае полымя.— Во, здаецца, усё зрабіў. Абсыплю яшчэ хлопца з дзяўчынай сушанай піжмай, каб сілу ніхто іхнюю адабраць не мог, каб не баяліся добрага вока, ды і ў гарадах пазнавалі і адчувалі братоў сваіх. Марка абсыплю не шкадуючы, яму будзе сярод смуродных камяніц і заводаў цяжэй. Раней лепш было: усе служкі Уладара цемры па вёсках ды хутарах жылі, а вось прыйшоў час, і стаў наш брат па гарадах швэндацца, абжывацца там. I ўвесь бязглузды люд рынуўся туды, жыццёвай палёгкі і смакаты шукаючы. Цяпер асноўны здабытак наш там.
***
Марк прачнуўся ад сонечнага святла. У горле пяршыла, як быццам звечара сербануў ён кварту палыновага настою ці зжаваў пук прыдарожнага трыпутніку. Нейкую хвіліну хлопец няўцямна лыпаў вачыма, круціў галавою, пакуль не ўспомніў, дзе ён. Падымацца не хацелася, думаць пра нешта не хапала моцы. Ды яшчэ, як сухая асіна ад удару сякеры, гудзела правая рука, якую адляжаў. У хаце было цёпла, але не пахла ні хлебам, ні паранай бульбай. Наадварот: незразумелы смурод казытаў нос. Як быццам палілі нядаўна цабылкі ад гусіных пер’яў.
У памяшканні — акрамя Марка і соннай Варкі на печы — нікога не было. Шукаючы, за што б зачапіцца зрокам, хлопец засяродзіўся на куце. У ім, на трох негабляваных дошках, размешчаных адна над адной, ляжала некалькі пар жоўтых, як квітнеючыя адуванчыкі, чарапоў.
Успомніўшы ўчарашні паход на могілкі, Марк ніколечкі не здзівіўся. Дзед Гардзей вёў да Яўхіма яго яшчэ зусім хлапчуком, а цяпер, адчуваў Марк, што ён пасталеў і падцягваецца да юнака. А як жа інакш? Так яно і павінна быць.
«Але, нешта хачу ўспомніць. У га лаве круціцца адна-адзінюсенькая думка... Пра што яна? Чаму не можа прабіцца да мяне. Як быццам жалезны заступ падзяліў дзень сённяшні і мінулае. Маё мінулае. Нічога не магу ўспомніць. Пуста ў галаве, як вясною ў свірне ці пограбе... Я ўжо не баюся Яўхіма. Учора ж тросся перад ім, як канаплянік перад савою. Дзіўныя рэчы з чалавекам робіць ноч. Праспаў некалькі гадзін, а здаецца, мінула некалькі гадоў».
Марк падняўся, прайшоў паўз катлы да акна і зірнуў у мутную шыбіну. Ен наважваўся гукнуць Варку, але голас каменем застраў у горле.
На вуліцы ўсё было заліта яркім сонечным святлом. Зеляніва травы, лістоты на бярозках і клёнах апякала зрок, прымушала прыплюснуць вейкі.
«Во дык дзіва. У казцы і то не стрэнеш такога. Нядрэнна жыць: захацеў — зіма, назаўтра надакучыла — цешся летам...»
— Нарэшце падняўся, па-панску спіцца вам,— адагнаў Маркава здзіўленне голас Яўхіма.— Не захацеў турбаваць. Думаю, няхай адпачнуць, дзень будзе цяжкім. Спатрэбіцца і душэўная моц, і цялесная сіла.— Гарбун выйшаў з-за перагародкі, якую Марк адразу і не заўважыў.— Пакліч дзеўку. Хопіць і ёй брузаць. Я ўжо паспеў і крумкачоў у наваколле паслаць, каб разгледзелі і дазналіся, дзе якія хаўтуры будуць. Да палудня першыя з іх вернуцца. Тады і пачнем навучанне. А па-куль набярэшся граматы ад Варкі, як папярэдне я і казаў.
Пакуль размаўляў Марк з ведзьмаком, прачнулася і падышла да іх Варка. Яна ужо таксама не была учарашняй дзяўчынкай-стракатухай, паболынала, даўжэйшай стала каса, на пунцовых шчочках з’явіліся некалькі радзімак. Як быццам ноч рассыпала па іх шчапотку выспелага маку.
— Ну, бярыцеся за вучэнне,— крэкнуў Яўхім, распраўляючы гарбатыя плечы,— я ж пакуль займуся сваім. Памятаеш, Варка, тую кніжку? То і добра.
Яўхім патэпаў у сенцы. А дзяўчына прынесла з яшчэ адной каморы-бакавушкі шэрую старую кніжку. Марк і Варка селі поплеч за сталом.
— Ты зусім не ўмеш чытаць? — сарамліва запыталася яна ў хлопца.
— Хы,— усміхнуўся Марк.— Я чытаю не толькі гарызантальна, але і вертыкальна. Для гэтага не трэба вялікага розуму, і тым больш...
— Учора ж гаварыў, што не ўмееш,— здзіўлена перапыніла хлопца Варка.
— Табе прыснілася.
— Няхай будзе так. Адгорнем першую старонку.
— I адкрыўшы гэту кніжку,— напаўголаса пачалі чытаць Марк з Варкаю,— навучышся ты ліхой справе ад нячысцікаў і ўсё жыццё будзеш ад іх у залежнасці. Ты заключаеш з Чорным духам умову на жыццё і душу. Займееш у свае рукі людскія лёсы, станеш іх уладаром і гаспадаром. Зможаш звіць вяроўку з пяску і вады, пераганяць хмары з адной зямлі ў другую, разбураць горы, засыпаць моры і нават кпіць са сланоў, якія трымаюць на сабе зямлю. Ты зможаш ганьбіць і псаваць усё і ўся. I сам мусіш вызначаць сілу слова свайго: захочаш — яно будзе вечным, а не — часовым. Не будзе для цябе ніякага дзіва, ніякай цяжкасці. Ты зможаш сапсаваць, скруціць у клубок, пабіць на горкі яблык нават таго, хто знаходзіцца за тысячы вёрстаў ад цябе. Але ты не злы. Няма ў цябе злобы ні на кога. Ты абавязаны выкарыстоўваць людскую злобу. Злобу тых, у каго яна смалою кіпіць на сваіх паплечнікаў, суродзічаў, суседзяў. Злобу сына на бацьку, нянавісць дачкі да маці. Ты ніколі сам па сабе нікога не псуеш. Усё робіш толькі па просьбе людзей варажуючых. У гэтым моц твая! I так, ты згоду даў у служэнні цемры, не загарнуў на першым слове, а цяпер — позна. Азірніся і не пужайся. Яны ўжо служкі для цябе, а ты іх гаспадар.
Хлопец з дзяўчынаю як па загадзе павярнулі галовы. За іх спінамі стаяла некалькі зданяў. Іх абрысы ледзь вымалёўваліся ў дзённым святле.
Дзіўна, але ні Марк, ні Варка не адчулі ніякага жаху. Наадварот: іх апаноўвала цікавасць да кнігі, да таго, што гаворыцца там яшчэ. Ім як найхутчэй карцела спасцігнуць таямніцы ўладнага ўсясілля. Схіліўшыся зноў над старымі спісанымі старонкамі, яны пачалі чытаць кожны сам сабе.
Вялізныя крывыя літары сведчылі, што далей пачыналіся замовы. Але яны пазначаліся незразумелымі для Марка лічбамі. Крыху падумаўшы, хлопец запытаўся ў Варкі:
— Што за такія знакі перад кожным радком слоў? Ну вось гэтыя,— і ён тыцнуў пальцам у лічбы.
— Калі ўмееш чытаць, то павінен ведаць, што акрамя літар існуюць і лічбы. Вось гэта адзінка, а гэты знак, як гусыня на возеры,— двойка.— Цяпер ужо Варка вадзіла пальцам па старонцы кнігі.— Ты спачатку ўсё зрокава, вачыма запамінай. А пазней, дзе б і з кім ні хадзіў, лічы сам сабе кожны крок, слуп ці дрэвы. I не будзе табе роўных не толькі ў чытанні, але і ў лічэнні. Зразумеў? Давай паспрабуем разам. Запамінай і паўтарай за мною. Вось гэта тройка, далей чацвёрка, затым пяцёрка, шасцёрка, сямёрка... — праз некалькі хвілін Марк разам з Варкай дайшлі да сотні.