Анатоль Казлоў - Адкуль зяўляюцца яны...
Ганна ўжо які раз за дарогу асцярожна перакладвала з рукі ў руку вузельчык. У ім яна несла акрамя Таццянінага следу, залатога пярсцёнка яшчэ двухлітровы гладыш з мёдам, фунты тры масла, ладны кавалак сала і трубку выбеленага палатна — усё на пачастунак ведзьмаку. Мо з-за гэтага ён лепш прыме Ганну, хутчэй і з большим жаданнем дапаможа.
«Ніколі не думала я, што наляціць бяда-няшчасце на нашу хату, што прыйдзецца мне душой пакрывіць і бегчы цёмным лесам да страшнага чалавека, прасіць у яго помачы. Думай не думай, але калі гарыць сям’я, калі пакутуе не толькі свая душа, але і душы дзяцей крэўных, то пажар хоць чымсьці, а тушыць трэба. Слёзы не ідуць у помач. Колькі іх выліта не толькі чорнай ноччу, а і днём. Ды ўсё дарэмна. Яны не раўнуючы як масла для агню. Божа мой, святы і найвышэйшы, чым я цябе ўгнявіла? За якія грахі абрынуў на мяне і маіх дзяцей цяжар нелюбові? Чаму счужэлі мы нашаму кармільцу? Малілася я табе, Госпадзі, дзённа і ношна. На каленцах прасіла пасобіць, пашкадаваць нас, аж не — глухі ты да маіх слоў. Грэшная я, Госпадзі, каму гэта ведаць, як не табе. Мо з-за гэтага ты і не чуеш словы мальбы маёй...
Засталося адно спадзяванне — Яўхім. Дасць, можа, ён прываротнага зелля, ці нашэпча вадзіцы, ці ветрам прымуся прыгарнуць назад мужыка майго. I забудзе ён клятую разлучніцу Таццяну. Я ўжо для гэтага нічагусенькі не пашкадую. Усё аддам, і нацельнае разам — толькі б дабіцца суладдзя».
У галаве ў Ганны ўсё неяк блыталася: думка перабівала думку, усплывалі малюнкі шчаслівага мінулага, але ў іх імгненна ўрываліся лаянкі і кулакі Лёніка.
«Во жытка дык жытка. I звар’яцець так можна. Што са мною робіцца? Хутчэй бы ўжо дайсці. Будзе хоць нешта пэўнае, хоць сякая-такая вядомасць.
Ага, вунь і хата, здаецца, праблісквае на палядку. Дарожка прамёханька да яе выскоквае. Тут Яўхімава логава. Хто ж яшчэ ўшчэміцца ў такую глушэчу, убаку ад ўсяго людскага: ад іх вушэй і вачэй. Чаго ж так сэрца тахкае ў грудзях? Я ж ужо сказала сама сабе: не страшуся Яўхіма. Гэта, відаць, ад дарогі і перасільнай хады».
Жанчына не помніла, як увайшла ў загароджу, як адчыніла весніцы і прайшла ў сенцы. Толькі калі расчыніліся Ганне насустрач дзверы з хаты, яна ачомкалася.
— Заходзь, заходзь, чаго спынілася за парогам? — Яўхім сядзеў за сталом і пераціраў пальцамі нейкія травы. Палахлівы паўзмрок цьмяна асвятляў аблічча ста рога. Ен здаўся Ганне ўчарнелым каршуном, які гатовы вось-вось узляцець і закрыць раскінутымі крыламі ўвесь прасцяг над галавой.
— Уваходзь жа ты, жанчына! Ці ногі да дошак прымёрзлі? Калі дарогу такую адолела, то зрабі і апошніх некалькі крокаў.
Ганна ўвайшла ў хату.
— Добранькі вам вечар, гаспадар. Няхай здароўя будзе поўныя грудзі...
— Ды ўжо ж будзе. Куды яно дзенецца. Кладзі свой клунак на ўслон і прысаджвайся. Ногі, нябось, гудуць, як сасонкі ад ветру. Гавары без сораму і ўхілаў, за чым прыйшла. Хоць, папраўдзе, як толькі глянуў у вочы — усё зразумеў і даведаўся. Значыцца, хочаш мужыка дадому і падолу вярнуць. Прыліп да другой, маладзейшай дзеўкі, здаецца.
— Так, дзядзечка Яўхім. Праўду, чыстую праўду кажаце. Як у ваду глядзіце. Раней усё было дужа добра. Жылі і сабе, і другім на радасць. Але ж знюхаўся мой Лёнік з Таццянай, дзеўкай з нашага селішча.— Голас у Ганны задрыжэў, як ацяжэлая восеньская павуціна пад скразняком. Ей так хацелася выплеснуць гнятлівы боль з душы гэтаму ўсемагутнаму чалавеку. На вачах нагортваліся слёзы, якія жанчына праз сілу стрымлівала. Толькі ж невядомы ёй раней унутраны голас нашэптваў: «Асцярожней, бабачка, пацярпі, не разгортвай душу і сэрца адразу. Бо, можа, прыйдзецца затым і пашкадаваць...»
I Ганна патроху супакойвалася. Язык як быццам нехта прытрымліваў, калі хацелася ёй сказаць пра самае патаемнае: што гатовая яна на ўсё, абы вярнуць Лёніка, толькі б стаў ён ранейшым, такім жа блізкім і дарагім.
— Ты гавары, я слухаю,— крэкнуў Яўхім.
— Раней жа, дзядзечка, мы жыць адно без аднаго не маглі. I ён, і я з паўслова ведалі, што хочацца нам, аб чым думаецца і марыцца. А цяпер жа ваўкі ваўкамі. Глядзіць ён на мяне, як на зямную жабу ці на балотную вужаку. Хай бы толькі на мяне, але і ад дзяцей адцураўся, чужынцамі яны сталі для яго... Цяпер жа ў салодкім сне ўспамінаю ранейшыя гады. Шчасце ж было ў нас неабдымнае, ён без мяне не мог і дня прадыхаць, а ўжо ж я і гадзіначкі не магла асіліць, каб хоць слоўцам не перакінуцца. Толькі адным днём на сенажаці прычаравала Лёніка клятая Ермачышына блудніца, паганка растаптаная. Яшчэ ноччу адчула, што нешта здарыцца, адбудзецца непапраўнае. Такі сон сасніўся, што ўсё маё цела да апошняй жылкі ператузаў, перакруціў...
— Ну-ну, раскажы-ка яго,— бліснуў вачыма Гарбун.
— Ага. Дык вось як,— Ганна задумалася.— На плошчы вялізнага горада, век такога не бачыла, стаіць незлічоная колькасць людзей. I ўсе яны вясёлыя, радасныя, як на пагулянцы. На якога ні зірні — вочы блішчаць балотным агнём. I не ціха яны стаяць, а нешта крычаць, чагосьці патрабуюць ці то чакаюць. Дробны дождж на галовы сыпле, такі толькі восенню бывае. Але ж ніхто з людзей не разыходзіцца, як смалой прыцягнула іх... I раптам бачу я сама сябе. Уся абадраная і абарваная, скрываўленая, быццам падраненая птушка. А доўгія косы мае, якіх ніколі не насіла, пасмамі звісаюць на плечы, грудзі — перашкаджаюць глядзець. Толькі ж не стаю я разам з усімі, а вядуць мяне хмурыя салдаты праз натоўп, нейкімі доўгімі палкамі папіхаючы. I каб ты ведаў, дзядзечка, як мне ўсё ўстыла, як было цяжка і горка. Гарчэй, чым крушына. Былі там яшчэ і коннікі. Яны шарэнгай стаялі паўз рэчкі. Адтуль цягнула нясцерпным холадам, ад чаго імжа здавалася ледзяной. Я не адчувала ног, яны былі босымі і таксама ў крыві. На балконе недалёкага старога дома я бачыла яшчэ дзесяткі тры мужчын. Яны ўсе былі багата апрануты, як паны і громка, на ўсю плошчу, рагаталі. Ад іх ганебных галасоў у мяне закладвала вушы, калацілася цела. Самае вялікае жаданне, якое тады я мела, гэта, каб хутчэй усё скончылася, правалілася ў прорву. Дзікі натоўп таксама роў, бачачы мяне. Быццам галодныя, звар’яцелыя былі яны. Напіралі на тых людзей, якія, ведучы мяне, ахоўвалі. Шмат было там і жанчын. Вось іх я ненавідзела больш, чым каго. Усе яны шпурлялі ў мяне каменне. Не помню ўжо як, але давялі, нарэшце, мяне да сярэдзіны плошчы. На вялікім узмосце каля калодкі з сякерай у руках стаяў мой Лёнік. Не, ён неспачуваў мне, а смяяўся. Напачатку хацела я прасіць у яго абароны, толькі ж ягоны смех патушыў у спакутаваных маіх грудзях апошнюю іскарку надзеі на выратаванне. I вось успіхнулі мяне на памост. Цяпер я была над усімі, вышэй за ўсіх. Дзіўна, што стала мне неяк цяплей, хоць вецер шкуматаў мае лахманы без жалю. У тое імгненне аднаго хацелася мне: пабачыць сонца, хоць адзіны промнік, які б праламаў гнёткае цяжкое неба і падтрымаў мяне. Але натоўп крычаў, як аб’еўшыся чамярыцы: «На калодку галаву распусніцы!» Я пакорліва падпарадкавалася, адкінуўшы валасы з шыі. Лёнік паспешліва абхапіў сякеру дзвюма рукамі і з усяго размаху апусціў на калодку. Нейкае імгненне яшчэ мне бачылася, як радасна ўзвыў натоўп, як пляскалі ў ладкі жанчыны, як свісталі з балкона дома модныя паны. Лёнік жа, абцёршы твар рукавом, ленавата спусціўся з памоста. I тут жа прабіўся праз суцэльныя мокрыя хмары танюсенькі промень сонца...
А днём пасля гэтага сну і заспела я Лёніка з Ермачышынай дзеўкай пад стажком. Не, каб ад сораму згарэць, у ногі кінуцца ды прасіць у мяне прабачэння, ён жа вылаяўся і як ляжаў з Таццянай, так і застаўся. Яны нават сорам свой не прыкрылі. I стала ўсё з гэтага дня з ног на галаву. Цэлае селішча цяпер пра гора маё ведае, людзі пальцамі патыкаюць на наша дворышча, а некаторыя дык і ў кулак смяюцца. Дзядзечка родны, як усё роўна падмянілі мужыка. Спрабавала я ўразуміць яго і добрым словам, ласкаю, просьбамі і грозьбамі, а ён усё роўна як лёд. Ад горкіх дум хутка і каўтун на маёй галаве завядзецца, вочы ад слёз выцвітуць. Дзядзечка Яўхім, дарагі ты мой, дай рады, памажы гору майму. Толькі на цябе ўсе спадзяванні.
— Сон твой ясны быў, як белы дзень. Грахі ранейшыя, ды дужа страшныя вяртаюцца да цябе. Гэта нам на руку. Не была ты ніколі манашкаю,— Яўхім адкрыта ўсміхнуўся.— Не душа на першым месцы, а плоць. I гэта нам, як дармавы скарб, што на дарозе знойдзены.
Вядзьмак гаварыў няспешна, праз задумленасць. Здавалася: кожнае слова ім узважана і прадумана. Ягоны пераканаўчы голас абнадзейваў Ганну, даваў магчымасць паверыць, што ўсё яшчэ можа змяніцца да лепшага.— У цябе няма выбару. Калі дасі згоду на маю прапанову — вернецца да цябе мужык, высахне і сыдзе ў зямлю нашкодзіўшая суперніца, трэба толькі прынесці ейны след.
— Я прынесла яго, дзядзечка. Ужо принесла, ён тутака, у клунку. I маленькі гасцінец ёсць вам,— Ганна кінулася да клунка, каб развязаць яго.— Зараз усё выкладу на стол, каб вы пабач...
— Не спяшайся, усё сваім часам,— астудзіў парыў жанчыны Яўхім.— Спачатку паслухай мяне, а затым ужо і да цаны дойдзем. Просьба твая не з цяжкіх. Невялікія высілкі для яе выканання трэба. Але ты не з простых прасіцелек... У тваіх лёсах шмат супрацьлеглага... Ты напалову цёмная і светлая. Гэта ўжо цяжэй, бо няма яснасці, што возьме верх. Тутака трэба твая дапамога. Шчырая, а не ўхільная... Адным словам, вось што скажу: за гэта дзела ты павінна Уладару цемры аддаць душу і цела, а таксама душы дзяцей і маткі тваёй роднай!