KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга

Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Міхась Кацюшэнка, "Прызнанне левага крайняга" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

На ягоным твары выраз нецярплівасці, а я спакойна абціраюся, мармычу нешта пра тое, што тут выдатнае месца для заняткаў спортам, бяжыцца і дыхаецца надзіва лёгка... Станіслаў Пятровіч робіць выгляд, што яго больш нічога не цікавіць, і пачынае ўжо ў каторы раз расказваць, што гэта невыпадкова, па-першае, сама прырода стварыла непаўторныя ўмовы для работы сэрца і лёгкіх, а, па-другое, графіня спецыяльна высадзіла тут незвычайны парк, у якім пароды рэдкіх траў з усяго свету. Парк да гэтага часу захаваўся, адразу пасля вайны ў замку знаходзіўся лёгачны санаторый, у яго прыязджалі нават кіраўнікі некаторых дзяржаў, у іх гонар над замкам вывешваліся сцягі той ці іншай краіны.

Слухаю Станіслава Пятровіча, упэўнены ў тым, што ён толькі робіць выгляд, што зноў захапіўся расказам пра родныя мясціны, а сам думае зусім пра іншае, пра маю асобу і пра тое, чаму і як я тут апынуўся. Я іду ціха, бо пад’ём крутаваты для Станіслава Пятровіча, я чую, як ён перарывіста дыхае. У маім пакоі мы п’ём чай, ён гаворыць, што зараз сюды прынясуць ежу. I запытальна глядзіць на мяне. Я маўчу, ён таксама. Нарэшце зноў занепакоена пытаецца:

— Дык што ўсё ж такі здарылася?

Я не магу яму больш маніць, але не ведаю, з чаго пачаць. Сапраўды — з чаго?! Каб я сам ведаў...

— У нядаўніх гульнях усю каманду, і цябе ў тым ліку, было проста не пазнаць. Я ўявіць не магу, як ты мог не забіць гол у апошнім матчы. Да варот было метраў восем, не больш, табе ніхто не перашкаджаў. Затое ў вашы вароты мячы ляцелі, як у казцы пра Хатабыча.

Я па-ранейшаму маўчу. Ён закрануў тое, пра што да гэтага мне ўдавалася не думаць. Разумею, не змагу яму ўсяго растлумачыць.

— Разумееш, Станіслаў Пятровіч (мы з ім даўно на «ты», нягледзячы на розніцу ва ўзросце, праўда, ён калі-нікалі любіць да мяне звяртацца на «вы», тым самым як бы ўзвышае маю непаўторную асобу над грэшнай зямлёй), сітуацыя складаная, каб вось так адразу... Я палічыў, што мне лепш за ўсё зрабіць перапынак на некаторы тэрмін.

— Збег? — ён пужаецца.

— Збег.

Станіслаў Пятровіч з незвычайнай лёгкасцю падскоквае са свайго месца.

— Хлапчук, вось вы хто! А вам, дарэчы, не так ужо і мала. Можа, нагадаць?! Больш як чвэрць стагоддзя. Уяўляеце, чым гэта можа скончыцца?! Вам мала той, я лічу, проста страшнай гісторыі?!

— Я таксама лічу — дастаткова,— згаджаюся я.— Але я не мог вытрымаць, не мог, зразумей ты мяне.

Адыходжу ад акна.

— Потым, цераз некалькі дзён, я, можа, змагу... Але толькі не цяпер.

— Фалалееў ведае, дзе ты? — ён пераходзіць на «ты».

— Ніхто не ведае. Фалалееў таксама.

— Дык гэта ж поўнае глупства. Калі ты знік?

— Учора не з’явіўся на трэніроўку, сёння не з’яўлюся зноў.

Ён падыходзіць да мяне.

— Апошнім часам я памылкова лічыў цябе дарослым чалавекам, які навучыўся нарэшце задумвацца над сваім жыццём, які аналізуе свае ўчынкі. Фалалееў усіх падыме на ногі — кіраўніцтва, міліцыю. Так заўсёды робяць, калі знікае самы звычайны чалавек. А ты ж у нас вунь хто?!

— Я думаў пазваніць яму, сказаць, што са мной усё нармальна,— адказваю я зусім спакойна. I сам веру ў свае словы.

Станіслаў Пятровіч уздыхае:

— Ды ён, відаць, ужо аб’явіў усесаюзны вышук. Зараз жа пайшлі да тэлефона!

Я разумею, мне не адчапіцца ад яго. Да таго ж ён расхваляваўся, у яго чырвоны твар, быццам ён толькі што скочыў з верхняй паліцы ў лазні.

— Добра, пайшлі, а потым загадай, каб распалілі лазню. Дамовіліся?

— Яшчэ ўчора я сказаў, каб яе з раніцы ўключылі.

Мы спускаемся ў ягоны кабінет, я аказваюся сярод мэблі, інкруставанай чырвоным дрэвам. Пытаюся:

— Крэсла таксама графскае? Калі так, не буду садзіцца. Мне непрыемна...

У яго вачах раздражненне.

— Кінь ты дурэць! Называй нумар тэлефона.

Я зірнуў на гадзіннік — палова дзевятай. Фалалееў разам з камандай на нашай базе. Хутка ранішні крос...

Надакучыў ён усім сваімі кросамі, кажа — нічога лeпшага для выхавання вынослівасці няма.

— Дык давай жа нумар, зараз жа давай. На ўліку кожная хвіліна.

Называю нумар тэлефона адміністратара нашай базы, дадаю, што лепш за ўсё Станіславу Пятровічу прадставіцца кім-небудзь афіцыйна, іначай Фалалеева не паклічуць да тэлефона.

— Добра, я прадстаўлюся спартыўным аглядальнікам,— гаворыць ён.

— Вось тады ён зусім не падыдзе да тэлефона.

— Так,— ён зноў нецярпліва торгае за тэлефонны шнур,— тады я скажу, што гэта з Федэрацыі футбола, Фалалееў патрабуецца па неадкладнай справе.

— Давай,— згаджаюся я.

Станіслаў Пятровіч набірае нумар, высокім голасам гаворыць, што Фалалеева турбуюць з Федэрацыі футбола СССР, яму адразу ж даюць нумар тэлефона старшага трэнера. Я сцяміў, адступаць няма куды — мяне прыціснулі да сцяны, і я вымушаны буду вось зараз, праз імгненне гаварыць з Фалалеевым. Зрабіць гэта і сапраўды трэба, чаго казаць, я паступіў па-свінску, ад’езд мой выглядае дзіцячай забавай у параўнанні з астатнімі. Станіслаў паглядае на мяне з выглядам пераможцы і накручвае нумар тэлефона. Некалькі разоў у яго зрываўся набор. Нарэшце ён працягвае мне трубку. Вось гэты самы момант, мне позна бегчы, позна!

Бяру трубку і чую голас Фалалеева:

— Слухаю вас, гаварыце.

Ягонае вечнае ідыёцкае «гаварыце», быццам па тэлефоне можна рабіць што-небудзь іншае.

— Добры дзень, гэта я...

— Дзе ты? Такога я ад цябе ніколі не чакаў, ніколі! Ты хоць разумееш, што ты робіш у самы адказны час?

— Са мной усё ў парадку, не трэба мяне шукаць. Я хутка буду.

— Што ты там мармычаш, я не спаў усю ноч! Што я растлумачу кіраўніцтву, што?! А ты, відаць, п’яны?

— Ты ж ведаеш, я не п’ю.

— Куды і з кім ты знік?

— У мяне ўсё нармальна, шукаць не трэба.

— Паслухай мяне ўважліва і паспрабуй усё зразумець! Скажы, дзе ты знаходзішся, ты мне вельмі патрэбны, гэты матч у Маскве многае вырашыць. Канец першага круга, усё валіцца, літаральна ўсё, у мяне адны непрыемнасці, сам не разумею, у чым справа. Куды табе пазваніць, куды за табой заехаць, тэрмінова скажы, прашу цябе...

Яшчэ крыху, і я не вытрымаю.

— Я з’яўлюся... Не ведаю калі, але з’яўлюся. Цяпер не магу.

— Праз тры дні мы выязджаем у Маскву. Я прыдумаю што-небудзь. Ты толькі скажы, што будзеш на матчы, абяцай!

— Я не ведаю, але са мной усё ў парадку, ты не хвалюйся.

— А мне здаецца, што наадварот. Прашу — скажы, што з табой здарылася?..

Я кладу трубку. Ціха гавару:

— Вось я і пазваніў яму.

— Што ён табе сказаў?

— Каб я абавязкова быў на матчы.

— Праз сем дзён?

— Угу.

Ён запытальна глядзіць на мяне, але нічога не гаворыць.

— Даўно быў у бацькі? — пытаецца раптам.

— Даўнавата. Уже не памятаю калі.

— Дарэчы, Аляксей званіў мне, пытаў, што я думаю пра вашу каманду. Гаворыць, не пазнаць яе і Кастуся таксама.

Майму здзіўленню няма межаў.

— Бацька... Пытаў пра футбол... Чаму я не забіваю?.. Нічога не разумею.

Станіслаў Пятровіч замахаў рукамі.

— Вось я і прагаварыўся, выдаў ягоную галоўную тайну. Ды ён жа яшчэ некалькі гадоў назад папрасіў у мяне ўсе артыкулы з газет і часопісаў, дзе толькі з’яўлялася тваё імя, перазняў іх на ксераксе ў сваім інстытуце. Ён нават быў на некалькіх матчах з тваім удзелам. Уяўляеш, яму падабаецца, гаворыць, атрымлівае сапраўдную разрадку ад усіх стрэсаў.

Мне робіцца горача. Кроплі поту адна за адной цякуць па твары, як у час доўгай дыстанцыі. Ну і адкрыццё!

Станіслаў Пятровіч працягвае:

— У футболе ён, вядома, нічога не петрыць, яго цікавіш толькі ты, назіраць за ім у час матча адно задавальненне. Сапраўдны тэатральны спектакль.

Я ўяўляю бацька сядзіць сярод шматтысячнай тарсіды.

— Чаму ты ніколі не гаварыў мне пра гэта? — пытаю я і не хаваю крыўды.

— Ён прасіў не выдаваць яго. Лічыць, гэта адмоўна падзейнічае на цябе з пункту гледжання выхавання. Калі я іду да цябе ў раздзявалку, ён з нецярплівасцю чакае мяне, пытаецца пра кожнае тваё слова, думку трэнера пра тваю гульню...

Бацька ў сваёй ролі. У выхаваўчых мэтах (ты павінен думаць пра свой заўтрашні дзень, сваё нефутбольнае будучае) робіць тайну з таго, што глядзіць матчы з маім удзелам, больш таго, ходзіць на стадыён (не разумею, як можа нармальны чалавек знаходзіцца сярод гэтага дзікага натоўпу?!).

— Я прашу цябе, не прагаварыся Аляксею. Што-што, а гэтага ён мне не даруе. Ён чалавек крыху іншага выхавання і звычак,— Станіслаў Пятровіч ляпае мяне па плячы.— А ты думай, думай, як спяваюць у адной песні. Між іншым, у залу лячэбнай фізкультуры завезлі новыя шведскія трэнажоры. Выдатная рэч. Не горшыя, чым на вашай базе, упэўнены. Ключ у любы час можаш узяць у дзяжурнай сястры. Зала заўсёды свабодная. Нізкая яшчэ культура ў нашых людзей, спортам не хочуць займацца,— уздыхнуў ён і паглядзеў на свой жывот.

У ягоных вачах — жвавасць. Здагадацца пра ягоны план проста. Ну і чорт з ім. Добра, што ён не лезе ў душу. Я сам не хачу ў яе лезці. Там нічога добрага зараз не знойдзеш.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*