Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга
Я паціскаю плячыма і кажу:
— Мяне цяжка знайсці дома. Сама разумееш, увесь час паездкі.
— Нічога, я знайду,— гаворыць яна ўпэўнена.
I тут з’яўляецца Юрка са Святланай.
— Прапаную праведаць Кастуся, у яго ёсць нядрэнныя фільмы.
Ён трымае ў руках дзве бутэлькі шапманскага.
— Другім разам,— гаворыць Вера.— Мы пра ўсё дамовіліся,— яна бярэ мяне пад руку, і мы садзімся ў машыну.
Яна назвала адрас, гэта недзе ў раёне метро Шабалаўская.
Мы моўчкі сядзім побач.
— Не хацела я знаёміцца, а цяпер не шкадую,— гаворыць яна, і я адчуваю яе дыханне.
— Я таксама не шкадую. Быў страшэнна стомлены, у дрэнным настроі, а цяпер усё быццам бы цудоўна.
— Вось і добра. Я пазваню табе, абавязкова пазваню,— паабяцала яна і знікла сярод ночы.
Назаўтра быў свабодны дзень, мне пазваніў Юрка, падрабязна распытаў пра тое, чым скончылася сустрэча з Верай, сказаў, што характар у яе не з лепшых, але нічога, яна не адзіная на свеце. Ён прапанаваў новую, прыкладна аднолькавую праграму на вечар, але я адмовіўся, сказаў, што вырашыў схадзіць у тэатр.
— Тэатр?! — здзівіўся Юрка.— Ты ж не пенсіянер!
— Прабач, Юрка, але я спяшаюся.
Вечарам я нікуды не пайшоў, хоць у кішэні ляжалі два білеты на «Таганку». Раптам знікла жаданне. Ды і з кім ісці? Я ляжаў і гартаў перад тэлевізарам розныя часопісы. Але чытаць таксама не хацелася. Да мяне забег Мікола Аржан з нашай каманды, прынёс дзве касеты з відэафільмамі, і ўвесь вечар мы сядзелі ля тэлевізара. Фільм быў нічога сабе, яго герой нечакана для сябе самога стаў прафесійным забойцам. На тое была асаблівая прычына — ад рук гангстэраў загінулі дачка і жонка, герой набыў кольт і вырашыў адпомсціць. Ён блукаў па начах па цёмных вуліцах, дзе правацыраваў нападзенне на сябе і тут жа адкрываў агонь са свайго кольта. Страляў ён выдатна, некалі служыў у джы-ай і меў нядрэнны вопыт.
— Ты, я гляджу, увесь час сядзіш дома,— заўважыў Мікола.
— Чаму! Учора быў выдатны вечар у «Цэнтральным».
— Там амаль кожны вечар тырчыць Юрка, гэта ягоная фірменная база,— адказаў Мікола.
Я не здзівіўся.
— А мы з ім былі разам.
— Ты чалавек новы ў нашай камандзе, я табе не раю звязвацца з Юркам.
— Чаму?
— Учора ты заплаціў за стол.
— Ну і што?
— А дзяўчына, якую прывёў Юрка, знікла, не пакінуўшы тэлефона.
Я нічога не адказаў.
— Пазнаю Юрку,— засмяяўся Мікола.— Ягоны любімы прыёмчык. Прывесці прафесіяналак, а потым чакаць ад іх увагі... Ёсць і яшчэ некаторыя.
— Напрыклад.
— Аднойчы ён прывёў некалькі жаўтароцікаў з дубля ў рэстаран (Мікола, мусіць, забыў, што я маладзей ад многіх дублёраў), сказаў, што запрашае іх на сяброўскую вячэру, а потым знік. Вядома, па-англійску, нечакана. Юрка ў нас джэнтльмен. У хлопцаў не хапіла грошай, каб расплаціцца, распачалася сапраўдная лаянка з адміністратарам, афіцыянтам, выклікалі міліцыю. Назаўтра пра ўсё даведалася кіраўніцтва каманды. Быў сход, Юрка стаяў збялелы перад усімі, кляўся, што не хацеў гэтага, усё атрымалася выпадкова... У камандзе яго пакінулі, ён быў тады больш патрэбны, чым цяпер. Аднак вялікіх сяброў у яго сярод нас няма. Так — прывітанне, бывай — не больш.
Я паціснуў плячыма — нічога страшнага, на мой погляд, Юрка не зрабіў. Можа, перабраў крыху. У той жа час маё сэрца здрыганулася: «Значыць, яна ніколі не пазвоніць мне!»
Некалькі разоў мы з Юркам хадзілі ў нейкія кампапіі, не сядзець жа аднаму ў пустой кватэры! Да таго ж хочацца ўбачыць іншыя твары, новых людзей. А то ўвесь час адны і тыя ж людзі наўкола, адны і тыя ж размовы пра футбол.
Аднойчы, стомленыя пасля працяглай трэніроўкі, мы апынуліся ў вялізнай прыхожай старога маскоўскага дома. 3 плаката на мяне паглядзеў знаёмы твар, зусім малады, вясёлы. Але хто гэта?
— Зараз пазнаеш,— махнуў рукой Юрка.
У пакоі за доўгім сталом сядзела кампанія — наш Мікола Аржан і два спартакаўскія ігракі — Рахманаў і Бубка. Побач з імі было некалькі дзяўчат. Так, на плакаце быў Рахманаў...
— Знаёмцеся,— сказаў Юрка.— Гэта наш новенькі...
Рахманаў заўсміхаўся:
— Ведаем, ведаем... Толькі вось чаму ён не да нас, а ў «Спартак» трапіў?
Абстаноўка ў пакоі была для мяне незвычайная — мэбля пад даўніну (альбо на самай справе з мінулых часоў), карціны ў масіўных рамах.
Рахманаў паляпаў мяне па плячы:
— Крыху адпачнём... Наогул мы павінны добра ведаць адзін аднаго... Дарма, што розныя клубы... Сітуацыі могуць здарацца самыя неверагодныя...
Ён зірнуў на гадзіннік.
— Дзе ж Мінерал?
— Які Мінерал? — спытаў я са здзіўленнем.
— Той самы... Пан Мінералаў з «Рапіда». Уласнай персонай. Абяцаў наведаць старых сяброў, але вось не бачна...
Юрка сумна зазначыў:
— Нядаўна быў побач... Цягнуў лямку, як усе... Не, ён, вядома, быў таленавіты, але да класікі далёка... Пашанцавала. Ды і час меў... Дваццаць сем гадоў... Ён паспеў, а мы — не... Вось гэта факт...
У пакой ускочыў яшчэ адзін спартакавец (я некалькі разоў бачыў яго ў асноўным саставе) з падносам у руках.
— Вітаю маладое пакаленне,— кінуў ён у мой бок... Мог бы і дапамагчы...
Я ніяк не мог усномніць ягонае прозвішча. Спытаў:
— Што трэба зрабіць?
— Вы не хвалюйцеся,— усміхнулася адна з дзяўчат.— Гэтыя хлопцы самі ўсё выдатна зробяць. У іх кампаніі адчуваеш сябе жанчынай, а не хатняй гаспадыняй...
Я зірнуў на дзяўчыну. Яна была вельмі прыгожая, амаль з часопіса «Бурда моден».
— Вы сядайце,— запрасіла дзяўчына.
Яна яшчэ раз усміхнулася мне. Я разваліўся ў мяккім скураным крэсле.
— Колькі можна чакаць?! — уздыхнула дзяўчына.— Калі з’явіцца наша замежная зорка?
Рахманаў набраў нумар тэлефона:
— Сяргея Анатольевіча можна? А, паехаў... Шкада...
Ён падышоў да дзяўчыны:
— Зараз з’явіцца... У яго шмат спраў на роднай зямлі. Фінансавых, асабістых... Прабачце, але без яго няёмка пачынаць вячэру...
— Вось так заўсёды,— надзьмулася дзяўчына,— зноў мы не самыя галоўныя ў гэтым жыцці... ПІкада.
— Але вы з намі, вось што важна,— амаль закрычаў Юрка.
Па ягоных вачах я зразумеў, што ён крыху выпіў. I калі толькі паспеў?!
— Вы ведаеце, я б хацеў бачыць у нашай кампаніі свайго старшага трэнера,— працягваў Юрка.— Ён такі цудоўны чалавек, дае магчымасць пагуляць у футбол нават мне... Вы не можаце паверыць... Такі стары чалавек здольны яшчэ бегаць, а не толькі валяцца на ложку ў доме для састарэлых...
Рахманаў падышоў да відэамагнітафона, паставіў касету. На экране нейкі чалавек павольна рухаўся па начным парку. Ён трымаў у руцэ пісталет...
— Зноў фільмы жахаў,— дзяўчына наблізілася да мяне.— Маё імя Марына...
— Кастусь,— адказаў я.
— У нас вельмі падобная работа...
— Не разумею,— я са здзіўленнем паглядзеў на яе.— Жаночы футбол...
— Не, з іншай оперы... Усё на продаж...
Я нічога пе адказаў. Неўзабаве ў дзвярах з’явіўся Мінералаў, высокі хлопец з рэзкімі рысамі твару. Ён мякка ступаў па дыване... Я заўважыў, што пры яго з яўленні дзяўчаты прыкметна ажывіліся.
Рахманаў падняў тост за сябра, потым распачалася гаворка.
— Спачатку страшнавата было,— расказваў Мінералаў,— іншае жыццё. Як бы вам расказаць лепш... Ніхто нікому не прэцца ў душу, ды і маны менш, чым у нас. Пра што думаюць, пра тое і гавораць. Ды і ў поўным сэнсе прафесіяналы. Уся падрыхтоўка — гульня ў футбол. Ніякіх збораў. Перад гульнёй — два дні адпачынку. На поле выскокваеш, як звер...
— Тады і ў футбол гуляць захочаш,— з зайздрасцю ў голасе сказаў Юрка.— Гэта не мы...
Мінералаў працягваў:
— I ветэранаў паважаюць. Дарэчы, у іх нават стаўкі большыя...
— Вы не змяніліся, Мінерал... Нават Захад не змог вас сапсаваць,— заўважыла Марына.
— А я, прызнацца, шукаў твой твар сярод гледачоў... Лічыў, што ты даўно змяніла месца жыхарства...
— Вырашыла часова затрымацца, хоць, сам разумееш, прапаноў нямала... А ты такі ж, як і быў.
Мінералаў рассмяяўся.
— Там мяняюцца толькі нашы былыя грамадзяне. Сустракаў я іх... А мне мяняцца не трэба. Мне дадому хочацца. 3 поўнымі кішэнямі, вядома...
— А як наогул жыццё? — спытаў Рахманаў.
— Як табе сказаць, стары... Жыццё складанае. Сам разумееш — партгрупа, райком...
I тут Рахманаў нечакана спыніў ягоны расказ тостам:
— Вып’ем за Мінерала... Заўсёды, калі ён быў у абароне, мы былі спакойнымі. Цяпер спакойны «Рапід»...
— Так, Мінерал быў надзейным абаронцам,— зазначыў Юрка, які сядзеў побач са мной.— Вельмі надзейны, хоць і не зорка ў звыклым уяўленні... Прайсці яго было складана...
Я паставіў бакал на стол.
— У чым справа? — спытаў Рахманаў.
— Не хочацца... У прынцыпе я не п’ю.
— Так, так... I я ў твае гады... Не прымушаю, але стрэс трэба знімаць...
І тут аднекуль з бакалам у руцэ з’явіўся незнаёмы чалавек. Ён адрозніваўся ад футбалістаў. Быў намнога старэйшы, чырванатвары...