Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга
Бацька, відаць, зразумеў, што я магу нагаварыць зараз многа лішняга, ён хуценька павіншаваў мяне з пераездам у Маскву, сказаў, што гэта сур’ёзнае прызнанне майго таленту, проста так людзей у Маскву не пераводзяць (тут ён меў на ўвазе і, безумоўна, сябе). Ларыса запрасіла нас да стала. Я прабыў у іх нядоўга. Бацька неаднойчы падкрэсліваў — тое, што адбываецца са мной, зусім нядрэнна, усе мы, хочам таго альбо не, шмат думаем пра сваё матэрыяльнае становішча, а я, паводле ягоных слоў, здабываю ўсё сваёй нялёгкай працай, за кошт свайго ўласнага здароўя, нерваў, і гэта не бясконца. Паводле яго слоў, мне трэба вучыцца.
Я зрабіў выгляд, што ягоныя словы мяне не тычацца. Ведаючы захапленні Ларысы, як той дурань пачаў расказваць пра апошнюю паездку за мяжу, і асабліва пра фантастычныя ратэрдамскія крамы (у яе вачах пачалі свяціцца агеньчыкі), а потым гэтак жа нечакана развітаўся. Ехаў ад бацькі злосны на сябе самога, мой трыумф перад ім не адбыўся.
Нагрузкі тым часам былі проста страшэнныя. Я сам здзіўляўся, як вытрымліваю, адкуль бяруцца сілы. Тры, чатыры трэніроўкі на дзень, бясконцыя, рознай працягласці зборы, змены гарадоў, супернікаў... Рэдка я аказваўся ў сваёй паўпустой кватэры, дзе з усіх бакоў на мяне глядзелі голыя сцены. Там, дома, засталіся нямногія родныя людзі, сябры, а тут, у Маскве, я, па сутнасці, адзін.
I раптам у маім жыцці з’явіўся цэнтральны абаронца Юрка Булдык. Яму было гадоў пад трыццаць, ён, паводле ягоных уласных слоў, падыходзіў да апошняй рысы — сезон-два, не больш, а потым, калі застануцца сілы, турнэ па першай лізе, яшчэ крыху пазней вечныя сто дваццаць рэ за трэніроўку хлапчукоў, як любіў казаць Юрка, будучай змены савецкага футбола.
— Мне шкада глядзець, як ты жывеш, хлапчук! — сказаў неяк Юрка.— Ці разумееш ты, што цяпер твой самы зорны час, тваё імя ведае кожны чалавек, да таго ж многія вельмі салідныя людзі лічылі б за гонар мець цябе сярод сваіх сяброў, а ты існуеш, як шэры, занюханы правінцыял.
Размова адбывалася пасля матча, у якім я забіў два галы. На выхадзе са стадыёна да аўтобуса кінуўся натоўп балельшчыкаў, некаторыя з іх выкрыквалі маё імя, але мне было не да іх — балела траўміраваная нага, замарозка, якую зрабіў наш доктар на полі, амаль не дзейнічала, я ледзьве клыпаў. Таму, відаць, даволі сухавата спытаў у Юркі:
— Не разумею, што ты хочаш сказаць...
— Хачу параіць табе тое-сёе.
— А мне настаўнікі непатрэбны.
— Вось дурань! — уздыхнуў Юрка.— Ды я ж — шчыра, а ты... Псіхолагі сцвярджаюць, што для нас, прафесіяналаў, надзвычай карысныя прыемныя эмоцыі. Да таго ж эмоцыі, звызаныя не са спортам, а з самым звычайным жыццём, якое мы рэдка бачым і мала разумеем.
Тут ужо ўздыхнуў я:
— Ты, я гляджу, яго добра ведаеш.
— А як жа! Удары па мазгаўні, павер, не садзейнічаюць павышэнню інтэлекту. Яшчэ не варта забываць пра тое, што наўкол... Вечарам я заеду па цябе. Не магу глядзець, як добры хлопец дарэмна марнуе сваё жыццё.
Ён яшчэ бубнеў нешта пра тое, што вось такое наша жыццё ніколі больш не паўторыцца, мы знікнем як асобы.
I ўспамінаць пра нас будуць адно — статыстыкі.
Вечарам я сядзеў перад відэамагнітафонам і тупа глядзеў фільм пра барацьбу з д’яблам. I дачакацца не мог, калі праб’е дзесяць, каб заваліцца спаць. Я зусім забыў пра Юрава абяцанне заехаць за мной, стараўся не думаць пра нясцерпны боль у назе. I раптам — званок у дзверы. На парозе ў сваім парадным касцюме стаяў Юрка. Я звярнуў увагу, што на шыі ў яго бліскучы гальштук.
— Ды ты што?! Нас чакаюць лепшыя дзяўчаты сталіцы! — закрычаў Юрка, убачыўшы, у якім я выглядзе.— Матор унізе.
— Навошта матор? Мая машына побач.
— Заказаны столік у «Цэнтральным». Думаю, сёння можна крыху прыняць. У цябе ёсць на гэта прычына! — ён запытальна глядзіць на мяне.
Юрка і хлопцы з каманды ведаюць, я не выношу сніртнога, гэта, відаць, перадалося ад бацькі. Нават пасля шампанскага я адчуваю сябе блага, мяне раптоўна ахінае незразумелы жах, і таму я стараюся пазбягаць выпівак.
— Можна, вядома,— адказваю я і бяру грошы з шуфлядкі.
Я разумею Юрку. Ягонае матэрыяльнае становішча няпростае. Ён не ў зборнай (дый не быў у ёй ніколі, Юрка лічыўся добрым серадняком), у асноўным саставе ён апошнім часам не заўсёды з’яўляецца. Да таго ж Юрка развёўся з жонкай, яна вядомая ў Маскве манекеншчыца, у яго двое дзяцей. Карацей кажучы, «яго фінансы пяюць рамансы».
Юрка літаральна ляціць наперадзе да таксі, ён зноў папярэджвае, што нас чакаюць «незвычайныя» дзяўчаты, якія патрабуюць да сябе пэўнай увагі і паважлівых адносін. Ён яшчэ не быў разам са мной у падобных сітуацыях і таму не разумее, на што я здольны. А я, калі раптам і бываў у кампаніі з дзяўчатамі, сам не пазнаваў сябе. Мне рабілася сумна, хацелася хутчэй ехаць дадому, я не любіў пустых размоў, «для парадку», якія звычайна вяліся ў такіх выпадках (іншых я проста не ведаў).
Мы неўзабаве аказваемся ля рэстарана. Здалёк Юрка заўважае дзвюх дзяўчат у модных шыракабортных пінжаках.
— Тавар на месцы,— радасна гаворыць ён.— А я баяўся, што не прыйдуць, занадта пераборлівыя, але ты не пужайся — наперад!
Дзяўчаты з цікавасцю разглядаюць мяне. Мусіць, Юрка зрабіў напярэдадні адпаведную рэкламу.
— Паверце, мне цяжка было прывесці гэтую кульгавую зорку айчыннага футбола. Не мог адарваць ад відэамагнітафона ва ўласнай кватэры. Дарэчы, наш трэнер радуецца, калі ён у майцы роднага клуба выходзіць на поле, бо ўвесь час за мяжой,— гаворыць Юрка калі мы праходзім міма швейцара (той сустракае Юрку, як роднага чалавека).
- У вас надзвычай цікавае жыццё, — гаворыць бялявая дзяўчына ў адказ на словы Юркі. — Я вам шчыра зайздрошчу. Дарэчы, мяне завуць Вера.
Я працягваю ёй руку:
— Кастусь.
Юрка задаволена ўсміхаецца і падміргвае другой дзяўчыне.
Я рады, што з самага пачатку паміж вамі ўсталёўваецца добры кантакт.
- Спадзяюся, мы пасябруем,— гаворыць дзяўчына, якую завуць Святлана.
— Дзіўнае імя — Кастусь,— гаворыць Вера.
— Мяне так і запісалі, па-беларуску, у гонар дзеда.
— Мне больш падабаецца, чым, скажам, Канстанцін.
Ля нашага століка з’яўляюцца два афіцыянты.
— Хлопцы, прашу, каб усё было па вышэйшаму класу. Малады чалавек рэдка бывае на роднай зямлі, і гэтыя мінуты павінны яму добра запомніцца.
Раптам усё пачынае мне падабацца: з дзяўчатамі лёгка і прыемна, не трэба выціскаць з сябе нейкія разумныя банальнасці, ва ўсялякім разе знаходзіцца ў гэтай кампаніі больш прыемна, чым сядзець ля відэамагнітафона.
Мы пілі шампанскае, Юрка апавядаў неверагодныя гісторыі са сваёй футбольнай біяграфіі, і часам мне здавалася, сам пачынаў верыць у іх.
«Аднойчы вячэралі ў Тэхасе з сынам Ханта Ламара, і ён раптам прапаноўвае мне перайсці ў яго ўласную каманду; вакол вядомыя прыгажуні ў дайманах, рынгах, самыя шыкоўныя ва ўсёй Амерыцы, ну і кантракт адпаведны — мільён долараў у год!»
«У Рыме падкатвае да мяне Рывеліна, які стаў цяпер буйным мільянерам, і гаворыць: «Давай, Юрка, адпачнём, як тады, у Монтэ Карла альбо Акапульцы, спадзяюся, ты памятаеш тыя цікавыя мясціны?»
«Прыязджаем у адну вілу, а там чакае дачка Анасіса, якая нядаўна развялася з нашым хлопцам са знешгандлю, і нябожчыца Ромі Шнайдэр».
Гэткіх гісторый у Юркі неверагодная колькасць.
Мне робіцца весела, я запрашаю Веру на танец і ледзьве не падаю ад вострага болю — я зусім забыў пра сённяшнюю траўму. Аднак, сціскаючы зубы, іду танцаваць. Пайшлі на карысць музычныя трэніроўкі Ярэмчанкі і пэўны міжнародны, як гаворыць Юрка, вопыт. Нячаста, але мы ўсё ж бываем на розных прыёмах, сустрэчах у маладзёжных клубах.
На сваё месца я вяртаюся ўзмакрэлы.
— Што з вамі? — пытаецца Вера.
— Нашага героя сёння ледзь не зрабілі інвалідам першай групы. Але шампанскае пайшло яму на карысць. Мне яшчэ скажуць дзякуй трэнеры і балельшчыкі,— гаворыць Юрка.
Вечар заканчваецца надзвычай хутка, хоць на гадзінніку за поўнач.
— Ты не шкадуеш, што я адарваў цябе ад тэлевізара? — пытаецца Юрка і пераможна паглядае на мяне.
— Дзякуй табе, я па-сапраўднаму адпачыў.
Побач са мной ідзе Вера. На нашу кампанію паглядаюць з усіх бакоў. Юрку гэта натхняе яшчэ больш, ен нешта гучна расказвае. Мне ягоная балбатня пачынае дзейнічаць на нервы. Я бяру Веру пад руку, і мы амаль выбягаем з рэстарана. Пытаюся ў Веры:
— Што далей?
— Прашу цябе не назначаць спаткання, добра?
— А я і не збіраюся.
Сапраўды, гэта мне і ў галаву не прыйшло.
— Спорту з мяне хапае,— кажу я,— а іншага паміж намі быць не можа.
— Вось як?!
— Чыстая праўда.
— Тады запішы мой нумар тэлефона, хоць не, давай лепш свой. Я табе сама пазваню.
Я паціскаю плячыма і кажу:
— Мяне цяжка знайсці дома. Сама разумееш, увесь час паездкі.
— Нічога, я знайду,— гаворыць яна ўпэўнена.