Сяргей Белаяр - Расследаванні інспектара Сарвы
Праз чвэрць гадзіны Сарва быў гатовы да выхаду. Брыг належаў да каланізацыйнай службы Еўрапейскага саюза і вёз будаўнічыя матэрыялы для калоній Ганімеда. Для таго каб забраць інспектара, «Сазігену Александрыйскаму» прыйшлося змяніць курс і выйсці з гіперпрасторы.
Сустрэў інспектара першы памочнік капітана:
— Лейтэнант Рыгор Даліла. Прашу ісці за мной, спадар інспектар!
Каюта, выдзеленая Сарве, пахваліцца памерамі не магла. Роўна як і іншыя — праекціроўшчыкі брыга свядома адмовіліся ад камфорту дзеля максімальнага аб'ёму карыснай прасторы. Зрэшты, камфорт цікавіў інспектара менш за ўсё.
— Апусканне ў гіперпрастору праз дваццаць дзевяць хвілін. Рэчы вы можаце пакінуць тут.
Пад супрацьперагрузачныя коканы быў выдзелены асобны адсек. Даліла і Сарва разам з іншымі членамі экіпажа занялі месцы ў коканах. Пасля абнулення лічыльніка зваротнага адліку ўключыўся гіперпрывод.
Спецыфіка падарожжа ў гіперпрасторы заключалася ў тым, што аб руху касмічнага карабля можна было меркаваць выключна па змене лічбаў на атамным гадзінніку. Інспектару міжволі ўспомніўся бунт яго ўласнага арганізма пры першым апусканні.
Праз восем з нечым гадзін, працягласць якіх наблізілася да вечнасці, «Сазіген Александрыйскі» прыбыў да месца сутыкнення, якое размяшчалася недалёка ад арбіты Юпітэра. Выбраўшыся з кокана, Сарва адразу ж накіраваўся на капітанскі мосцік.
Вакол «Сяргея Пятровіча Капіцы» дрэйфавалі аварыйна-рамонтнае судна, брыг прыватнай ахоўнай кампаніі і буксір. У некаторым аддаленні павольна круціўся вакол уласнай восі віноўнік сутыкнення. Інерцыю абодвух судоў прымусова патушылі.
Пасля таго, як аб прыбыцці інспектара было даложана на брыг, за Сарвам выслалі бот. Паводле атрыманых з Зямлі інструкцый, капітан карвета вылучыў лейтэнанта і двух матросаў у дапамогу інспектару. На борт перайшлі, надзеўшы скафандры.
— Куды спачатку? — пацікавіўся пілот. Сістэма сувязі аўтаматычна знайшла патрэбную хвалю.
— Давайце да «Лятучага галандца»! — загадаў Сарва, разглядаючы касмічны карабель, які ўрэзаўся ў карвет. Калі яго канструкцыяй і быў прадугледжаны андрагін-перыферыйны агрэгат, састыкавацца бот усё роўна не мог — корпус чужога судна нібы акунулі ў гарачы шакалад, а затым багата прыцерушылі з усіх бакоў разнастайным смеццем і пылам.
— Такое ўражанне, што карабель падарожнічае сярод зорак ні адну тысячу гадоў, — сказаў Даліла.
— Не думаю, што яго ўзрост гэтакі вялікі, спадар лейтэнант. Абрысы хоць і невыразныя, але дазваляюць аднесці судна да пачатку эпохі касмічнай экспансіі... — Сарва адмовіўся ад намеру адшукаць адпаведнасць у Зорным атласе — у каталогу значыліся толькі судны, узрост якіх не перавышаў паўстагоддзя, і адкрыў на ноўтбуку Універсальную энцыклапедыю. — Хм... Няма даных. Прыйдзецца звярнуцца па дапамогу да Еўрапейскага касмічнага агенцтва. Магчыма, архівы дапамогуць растлумачыць сітуацыю.
Інспектар зрабіў некалькі фотаздымкаў загадкавага судна з тым, каб пазней адправіць іх інфармацыйным пакетам на Зямлю.
Нягледзячы на тоўстую скарынку, па меры набліжэння да «Лятучага галандца» на яго борце пачалі праступаць грэцкія літары.
— αἴνιγμα... Энигма. Даволі сімвалічна, вы не лічыце, спадар лейтэнант?
Даліла толькі развёў рукамі.
Тэхнікі без справы не сядзелі — на «Энігме» быў замацаваны аварыйны купал, які сваёй формай нагадваў Hirudinea. Прызначэнне купала заключалася ва ўраўнаважанасці ціску звонку і ўнутры судна, а таксама ў палягчэнні працы ратавальнікаў.
— Паветра на караблі няма, — паведаміў пілот, скідаючы хуткасць бота. — І прычынай таму з'яўляецца не разгерметызацыя, а яго поўнае расходаванне.
Рука Сарвы пацягнулася да планшэтнага персанальнага камп'ютара. Інспектар са спазненнем спыніў сябе, пасля чаго выцягнуў нататнік і механічны аловак. На паперы пачалі з'яўляцца першыя запісы.
— Эксперты кажуць, — працягваў пілот, — што «Энігма» падарожнічае ў космасе больш за мільён гадоў!
Даліла свіснуў, а Сарва нахмурыўся — касмічны карабель відавочна быў створаны людзьмі. Занадта ўжо характэрная форма. Ды і бартавое імя...
— Гіперпрыводам «Энігма» не абсталявана, аднак судна як быццам вывалілася з гіперпрасторы... Калі б яго хуткасць была большай, карвету магло і не пашанцаваць.
У словах пілота мелася рацыя — масай і памерамі «Энігма» пераўзыходзіла карвет у тры разы.
— Добра яшчэ рэактар быў заглушаны!
Бот завіс за сотню метраў ад «Энігмы». Пілот адстрэліў пірапатрон — да карабля паляцелі фалы з магнітнымі прысоскамі на канцах. Стукнуўшыся аб корпус, яны намёртва замацаваліся на ім.
— Поспехаў!
Інспектар, лейтэнант і два матросы перабраліся на «Энігму». Абедзве рукі Сарвы былі занятыя, і з гэтай прычыны чамаданчык з інструментамі інспектар прымацаваў да сябе з дапамогаю наручнікаў.
Карыстаючыся прадстаўленай магчымасцю агледзецца, Сарва закруціў галавой. Тэарэтычна, «Энігма» магла пратараніць «Сяргея Пятровіча Капіцу», але для тарана патрабавалася прыцягненне масы спецыялістаў рознага профілю. Захаваць сакрэтнасць пры такім раскладзе было немагчыма. Існавалі больш эфектыўныя і танныя спосабы ліквідаваць Юхно.
— Ды і не маглі на борце карвета не заўважыць набліжэнне такога гмаху, хай нават усе прыборы назірання і кантролю разам выйшлі са строю, — ілюмінатары размяшчаліся па ўсіх баках «Сяргея Пятровіча Капіцы».
Ускосна на карысць версіі аб немагчымасці тарана сведчыла і тое, што пілот карвета не паспеў зрэагаваць на небяспеку, пры тым што хуткасць «Энігмы» была невялікай. Інспектар не спяшаўся лічыць тое, што адбылося наўмысным нападам.
— Festina lente!
Купал быў абсталяваны шлюзавай камерай, праз якую Сарва, Даліла і матросы патрапілі ўнутр «Энігмы». Нагнятаць паветра ў адсекі ратавальнікі не сталі — за столькі гадоў абшыўка напэўна страціла герметычнасць. Ды і які сэнс марнаваць паветра, калі і так зразумела, што жывых на борце няма.
Знутры «Энігма» выглядала яшчэ больш убога — шматлікія сляды карозіі, тоўсты пласт пылу на ўсіх гарызантальных паверхнях, смецце, курыва і адчуванне поўнай занядбанасці.
Ратавальнікі ўстанавілі на «Энігме» мабільныя генератары штучнай сілы цяжару, дзякуючы чаму рызыка парваць скафандр аб абломкі перагародак была зведзена да мінімуму.
— Пілот ніколькі не перабольшыў! — Даліла сунуў палец у пыл, каб праверыць глыбіню пласта.
У нататніку з'явіўся новы запіс.
— З чаго пачнём, спадар інспектар? — Даліла ўключыў нашлемны ліхтар, таму што святла аўтаномных хемілюмінесцэнтных крыніц было відавочна недастаткова.
— З капітанскага мосціка. Паспрабуем знайсці бартавы журнал! — ратавальнікі далі Сарву план «Энігмы».
Квартэт павольна пайшоў па праходзе. Перыядычна інспектар рабіў фатаграфіі і ўносіў у нататнік даныя агляду. У адным з адсекаў мужчыны наткнуліся на шкілет. І без медыцынскага заключэння было відавочна, што чэрап і косткі належаць чалавеку.
Сарва апусціў чамаданчык на падлогу, выцягнуў з несэсэра магутную лупу, пасля чаго ўважліва агледзеў лахманы, надаўшы асаблівую ўвагу нашыўкам.
— ...ASA... NASA! Нацыянальнае ўпраўленне па паветраплаванні і даследаванні касмічнай прасторы... Я магу дапусціць, што ў далёкім мінулым на Зямлі магла існаваць высокаразвітая цывілізацыя, аднак паверыць у тое, што там таксама меліся ЗША і НАСА... Ну ўжо не! — інспектар акуратна зрэзаў скальпелем нашыўку і сунуў яе ў грыпер.
У хуткім часе Сарва знайшоў новае пацвярджэнне таго, што «Энігму» стварылі яго сучаснікі.
— Тлумачальныя надпісы зроблены на англійскай мове ў яе паўночнаамерыканскім варыянце... Звярніце ўвагу на дату, спадар лейтэнант.
— Дванаццаць — сямнаццаць? — Даліла няўцямна ўтаропіўся на агрэгат, паверсе якога ішлі арабскія лічбы.
— Каляндарны фармат «месяц—дзень—год» з'яўляецца ўнікальным для Злучаных Штатаў Амерыкі... Шкада, год вырабу не разабраць!
Абсталяванне, сустрэтае квартэтам, было даўно састарэлым, з-за чаго ў мужчын складвалася ўражанне, быццам яны патрапілі ў які-небудзь тэхналагічны музей. На капітанскім мосціку знайшліся яшчэ шкілеты — два ў крэслах за пультам кіравання і адзін на падлозе.
— Гэтыя двое прынялі гвалтоўную смерць, — сказаў на заканчэнне Сарва, скончыўшы агляд костак. — А вось і прылада забойства!
Інспектар вывудзіў з пылу ржавы клінок.
— Таўро «Randall Made Knives», калі мне не здраджвае памяць. Пачатак дваццаць першага стагоддзя... Падобных супадзенняў проста не бывае!.. Спадарства, прыступайце да пошуку бартавога журнала. Гэта павінен быць тоўсты сшытак!
Мужчыны літаральна перавярнулі капітанскі мосцік уверх дном, але шуканага так і не знайшлі.
— За столькі гадоў папера магла ператварыцца ў пацяруху.
— Вы маеце рацыю, спадар лейтэнант! А яшчэ бартавы журнал маглі схаваць, весці ў камп'ютары або знішчыць.
Няварта было і думаць аб тым, каб вывудзіць інфармацыю са старажытных камп'ютараў без прыцягнення спецыялістаў.