KnigaRead.com/

Юры Станкевіч - Луп

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Юры Станкевіч, "Луп" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Сват устаў са свайго месца.

— Ціха,— сказаў ён,— чым забабоны разводзіць, пайшлі паглядзім, што там.

Пеця адчыніў дзверы, і мужчыны падаліся наперад. Мастак выйшаў разам з усімі. Вылезлі і дзяўчаты, а за імі і жаніх з нявестай.

— Глядзіце ўсе сюды,— сказаў сват.— Сабака зачапіўся ланцугом. А то ўжо прымхі розныя збіраеце!

— Іш, небарака.

Пеця апынуўся бліжэй за ўсіх да жывёлы і пацягнуўся да ланцуга. Ён быў спрытны, і да таго ж свабодная частка ланцуга была з які метр — паўтара,— толькі таму ёы паспеў адскочыць, бо Луп моўчкі кінуўся на яго.

— Цьфу ты, чорт!

— Бач, колькі злосці.

— Ну і стварзнне!

— А чаму ён не брэша?

— Шалёны, пэўна.

Пакрысе перад мастком сабралася ўсё вяселле. Да Лупа падыходзіць ніхто, аднак жа, не адважваўся.

— Калі шалёны, то чаму на ланцугу?

— Сарваўся і бегае.

— Прыстрэліць трэба!

— Чым жа яго прыстрэліш?

Мастак падышоў бліжэй і спыніўся разгублены. Але ж бывае, што і бык лятае. Перад ім, несумненна, быў той самы воўк, якога, ён бачыў, раніцой прадавалі на рынку. Тая ж вялікая, лабатая галава, падгалісты жывот, нават ланцуг з аброжкам тыя ж. Мастак меў добрую зрокавую памяць і не мог памыліцца. Але як апынуўся воўк тут і ў гзты час? Збіралі ж грошы на рынку, каб выкупіць жывёлу, і ён таксама даў, але цяжка зразумець, чаму ўсё скончылася тут, на мастку праз ка­наву. Хаця можна і здагадацца: выпусцілі на дарозе, а ланцуг не знялі — вось і вынік. Эх, каб спытаць жывёлу. Але ж гэта немагчыма. Мастак нават успомніў, што мянушка ваўка — Луп, і хацеў паклікаць яго, але мусіў спыніцца. Невядома, як стане паводзіць сябе вяселле, калі даведаецца праўду.

— I я кажу, шалёны,— пачулася з гурту.

— А як праехаць? Ён жа замінае.

— Што ён — перашкода?

— Мне нешта ніякавата,— сказала нявеста і дадала няўпэўнена: — Па-мойму, гзта воўк. Я ў дзяцінстве бачыла забітага. Бацька прывёз аднойчы.

Жаніх засмяяўся.

— Ці ж ваўкі на ланцугах бегаюць?

Нявеста пацепнула плячыма і сказала:

— Вусцішна нешта. Пайду ў машыну.

— Чаго мы стаім? — спыталі з гурту.

— Паехалі. Нас чакаюць.

— А ён? Мост жа вузкі.

— А ты адчапі паспрабуй!

— Спазняемся, паехалі!

Мастак асцярожна заўважыў:

— Не трэба з пляча сячы — жывое ўсё-такі.

— Ідзі і вызваляй!

— Пакусае, унь які злосны! I маўчыць увесь час, а такія знянацку і кусаюць.

Пеця зачапіў нагой каменьчык і шпульнуў у жывёлу.

— Праз яго не паеду.

— Сітуацыя.

— Не да дабра гэта.

— Каркаеш абы-што!

— Вып’ем пакуль.

— Дай і мне.

Нехта нахіліўся долу, і зноў каменьчык паляцеў у жывёлу. Луп кінуўся, і ланцуг зноў не пусціў яго.

— Эйш, не спадабалася!

— Сарвецца — дык каго-небудзь добра абдзярэ.

— Чаго на яго глядзець, вунь камення колькі!

— Зброя пралетарыяту!

— Ану дай!

Убаку ад мастка сапраўды ўзвышалася куча камення: дробнага і вялікага — усё, што вясной пазбіралі з палеткаў. Да камення пасунуліся некаторыя з хлопцаў.

— Патраплю ці не?

— Г-э-х-х!

— Замятаўся, як Марка па пеклу!

— Бі!

Мастак стаў на масток.

— Досыць, хлопцы! Не ганьбіце сябе!

— Шалёны ж!

— Канчай яго!

— Не трэба,— сказаў няўпэўнена жаніх.— Якнебудзь аб’едзем.

— Праскачу,— падтрымаў яго ўжо і Пеця.

— Будзьце людзьмі,— сказаў Мастак.

— А мы што, не людзі?

Мастак адразу зразумеў, што зрабіў памылку. Пэўна, ва ўсякім зборышчы малазнаёмых людзей трапляюцца істэрычныя і злосныя. I вяселле не абышлося без такіх. Той, хто выкрыкнуў яму пра людзей, быў даволі высокі, але вузкаплечы хло­пец гадоў дваццаці. Сальныя пасмы спаўзалі на яго вузкі лоб, вочы ён адводзіў, а рот быў шырокі, як у ментуза.

Мастак прамаўчаў.

— Сеў на халяву і камандуе! — выкрыкнуў зноў велікароты. Ён кінуўся да кучы, дзе выхапіў важкі камень.

— Я яго!

Ён не трапіў у Лупа, але цяпер нібы прарвалася нябачная плаціна, і каменне паляцела з усіх бакоў. Азартна, з віскам, кідалі і дзяўчаты.

Мастак схапіў велікаротага за рукі.

— Спыніся! Крыві захацеў?

Той істэрычна завішчаў, вырываючыся. Некалькі рук ухапілі Мастака за штармоўку, адцягнулі ўбок.

— Адпусціце, дурні! Звар’яцелі, ці што?

— Трымайце яго! — вішчаў велікароты.— Трымайце, а то я за сябе не адказваю!

Луп кідаўся на ланцугу, і дыхание яго з хрыпам вырывалася з горла. Адзін камень трапіў убок, другі — у грудзі, трэці — у спіну. Ён не ведаў, чаму людзі напалі на яго з такой варожасцю. I зноў на нейкае кароткае імгненне яго ахапіла пачуццё адзіноты і вялікай тугі, як і тады, калі ён ляжаў збіты аўчаркай і Рэкс рыхтаваўся перагрызці яму горла.

Камень перабіў яму пярэднюю лапу, другі трапіў у галаву, і пацэліць у яго стала зусім лёгка.

Мастак вырываўся, але яго трымалі моцна. Ён бачыў, як велікароты збегаў да аўтобуса і выскачыў адтуль з рыдлёўкай. У баку раўнадушна назіраў за ўсім сват і раз-пораз, як астраном, задзіраў галаву і падносіў да рота бутэльку. Велікароты адпіхнуў аднаго, другога, прарваўся праз гурт і з размаху секануў рыдлёўкай. Праз хвіліну ўсё бы­ло скончана. Не гледзячы адзін на другога, усе пацягнуліся да аўтобуса. Засталіся велікароты і шафёр Пеця. Мастака адпусцілі.

— Трзба ехаць,— вінавата сказаў яму Пеця.

— 3 вамі не па дарозе.

— Я ж не хацеў, казаў, што не варта.

— I як цяпер у вочы будзеце адзін аднаму глядзець?

— Палайцеся, і паедзем!

— Праз яго? — спытаў Мастак і кіўнуў на Лу­па.

3 машыны засігналілі, замігалі фарамі, а потым святло пагасла.

— Адцягнем убок,— згадзіўся Пеця.— У мяне ліхтарык ёсць, зараз запалю.

Велікароты не адыходзіў, прыслухоўваўся.

— Не ў канаву ж яго,— сказаў Мастак.— Закапаць трэба. Жорсткасць якая нялюдская. Гады вы!

— Дык мы яшчэ і гады! — зноў узвіўся велікароты.— Чуеце, мужыкі? — крыкнуў ён.

Тыя, хто яшчэ не паспеў залезці ў аўтобус, спьініліся.

Луп ляжаў на баку. Ён быў яшчэ жывы, калі мужчыны асвяцілі яго ліхтарыкам. Мастак расшпіліў тугі аброжак, такі тугі, што поўсць на шыі была выцертая да скуры, і зняў яго. Разам з ім упаў і ланцуг. I Луп, правальваючыся ў бездань, праз боль, які выцякаў з яго разам з жыццём, усё-такі краем падсвядомасці адчуў, як ланцуг упаў з яго, і падзівіўся таму, што воля і смерць прыйшлі адначасова.

Мастак распраміўся і зрабіў крок да велікаротага.

— Пагляджу на цябе. Можа, дзе сустрэнемся!

Нехта кінуў яму пад ногі рукзак, і Мастак

усцягнуў лямкі на плечы.

— Абражаць? Мяне? — велікароты піхнуў яго ў твар.

Мастак зрабіў крок наперад, і рука яго ўзляцела ў паветра. Кулак трапіў велікаротаму ў сківіцу, і той, ікнуўшы, паклаўся на зямлю.

— Нашых б’юць!

Мастака зноў схапілі за рукі, скруцілі ззаду. Велікароты падхапіўся, патрос галавой, прыходзячы ў сябе, і ўдарыў яму нагой раз, другі. Вакол завіхаліся, перашкаджалі адзін другому. Нехта ўвесь час тыцкаў Мастаку збоку кулаком у твар.

— На ланцуг яго!

— Вяжы рукі!

Неслі ўжо ланцуг, накінулі на шыю аброжак, зашпілілі. Ад аброжка пахла псінай. 3 аўтобуса выскачыў Пеця, за ім вылез і жаніх.

— Вам прыгод мала?

— Пакіньце яго!

— Не,— сказаў велікароты.— Ён нас усіх абразіў.— Няхай на ланцугу паскача!

Мастака пацягнулі да аўтобуса. Канец ланцуга прьівязалі да фаркопа, а рукі сцягнулі ззаду вяроўкай.

— Завадзі! — велікароты махнуў рукой.

— Я на волі не занудзіўся,— сказаў Пеця.— Не хачу з вамі за краты.

— Змоўкні ты, гнілы! — накінуўся на яго велікароты.— А то і цябе на ланцуг, разам пойдзеце! А я машыну павяду, ды не на першай перадачы, а на трэцяй. Пабегаеш, сука!

Пеця прыкметна разгубіўся.

— Што вы надумалі? — спытаў трывожна жаніх.— Якія гзта жарты — чалавека на ланцугу цягаць?

Але яго ўжо вялі ў аўтобус, паляпвалі па плячах, угаворвалі не хвалявацца.

— Няхай ахалодзіцца крыху,— падтрымаў велікаротага сват.— Правязём крыху, як сабаку, каб не абражаў вяселле, а потым адпусцім.

— Паехалі!

Яны паўскоквалі ў машыну. Панура палез туды і Пеця. Дзверы зачыніліся. Аўтобус крануўся з месца, і Мастак адчуў, як рыўком яго тарганула ўперад, ланцуг нацягнуўся, і ён міжволі ступіў услед. Прама перад сабой, за шклом, ён убачыў усмешлівыя твары, і дзяўчаты таксама смяяліся і глядзелі на яго. Яны там нешта казалі адзін аднаму, але ён не мог чуць.

Пачынаўся дождж са снегам, раптоўна знікаў, і неба ачышчалася ад хмар, але набягалі новыя, і зноў твар яму асыпала дробнай імжой. Напаўпусты рукзак з’ехаў са спіны і біў па нагах. Мастак уявіў, што, пэўна, мае дзікі і недарэчны выгляд са звязанымі рукамі, на ланцугу і рукзак зваліўся з плеч. Але ж ён зрабіў усё, што мог, і не яго віна ў тым зневажальным становішчы, у якім ён зараз апынуўся. Не, не яго.

3 асветленага аўтобуса нехта ўключыў ліхтарык і накіраваў на яго. Усе яны там, за шклом, здаваліся Мастаку бязглуздымі рыбамі ў акварыуме. Аброжак сціскаў яму шыю, але дыхаць ён мог. Вось толькі каб яны сапраўды не прыбавілі ў хуткасці, бо яго пацягне волакам.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*