Юры Станкевіч - Луп
— Вылазь, дзядзька,— стаяў на сваім Рыгор.
— Паехалі,— енчыў Карнюшка.— Ну што ты такі злосны, Рыгорка? Не паспаўшы, не паеўшы, а хутка і цямнець пачне...
— Каб не з адной мы вёскі, дзядзька Сямён, я б цябе проста выспеткам у азадак! Няхай бы пахадзіў з ваўком па лесе, пашпацыраваў у нерушы, мо хто з вас і злупіў бы з другога шкуру па дарозе.
— Хе-хе-хе,— з палёгкай засмяяўся Карнюшка. Ён адчуў, што навальніца мінула і Рыгор памякчэў.
Яны зноў паселі ў кабіну, і машына рушыла. Рыгор доўга маўчаў, думаў аб нечым сваім, выкурыў цыгарэту, а потым, калі Карнюшка пачаў было дзяўбці носам, сказаў:
— Не спі, дзядзька. У дарозе, кажуць, без размоў, што ў хаце зімой без дроў. Дык ты як, жывёлу сваю выпусціш ці папрэш здаваць у райзаг?
— А навошта лішняе звяно ў прыродзе? Няхай за яго лепш авечка жыве. Яму ўсё роўна гамон, а я сто рублёў страчу.
Рыгор здзівіўся.
— А ці салодка небараку на ланцугу? Што за жыццё?
— Жыць многія хочуць — і пасцельныя клапы, і мухі, і чарвякі, што ў страўніку, бывае, завядуцца,— сказаў Карнюшка сугучна думкам, якія чуў на рынку.— Але не ўсім ім жыць дазволена.
— Цьфу, параўнаў! — Рыгор зноў здзівіўся такім яго словам.
— Ты маўчы. Адзін уратуе, а другі заб’е. А што атрымаецца, калі мы яго ў лесе пакінем? Ён жа сам сабе ежу не здабудзе. Загіне.
— Ну, гэты хутка навучыцца. А загіне — дык хоць вольны.
Ехаць было яшчэ парадкам. Гутарка іх з узаемнымі папрокамі (Карнюшка, праўда, больш не рызыкаваў абразіць Рыгора) памалу перабівалася ўсё больш працяглымі паўзамі, а потым і ўвогуле спынілася. Карнюшку па-ранейшаму хіліла ў сон. Праз якую гадзіну ён ужо спаў. Галава яго апусцілася на грудзі, і ён нават захроп. Рыгор некалькі разоў знарок піхнуў яго плячом, але той не прачынаўся. Тады ён спыніў машыну, рухавік не выключаў і зірнуў праз акенца ў кузаў. Ужо цямнела, але ён убачыў Лупа, як двума агеньчыкамі бліснулі яго вочы.
Рыгор асцярожна вылез з кабіны і зазірнуў за борт.
— Не бойся, дурань,— сказаў ён.
Словы хутчэй адносіліся да яго самога, бо каб смела залезці ў кузаў і скінуць з ваўка аброжак з ланцугом — на гзта ён рызыкнуць не мог. Але нешта трэба было зрабіць менавіта цяпер, пакуль Карнюшка спаў. Рухавік, між тым, заглух.
Луп змрочна зірнуў яму ў вочы і злёгку прыўзняў верхнюю губу, так што агаліліся вострыя белыя іклы. I тады, баючыся, што прачнецца абрыдлы яму чалавек і перашкодзіць зрабіць тое, што ён даўно хацеў зрабіць, Рыгор стаў на прыступку кабіны, намацаў, гледзячы ў насцярожаныя бурштынавыя вочы, вузел ланцуга, разблытаў яго, размахнуўся і выкінуў за борт.
Ланцуг бразнуў у цішыні. Нерухома стаялі абапал дарогі дрэвы, дробнае кустоўе, зелянелі яшчэ высахлыя папаратнікі. Там-сям хіліліся долу паваленыя сухія галіны елак. Карэнні, мох. У вышыні ціха-ціха шумелі верхавіны соснаў. Невядомая птушка раптам жаласна крыкнула адтуль, потым яшчэ раз, але ёй ніхто не адазваўся.
— Скачы,— сказаў Рыгор.— Калі пашанцуе, то і сам пазбавішся ад ашыйніка, можа, і жыць будзеш. А не скочыш — такі табе лёс: назад у сабачую будку ці шкуру ў райзаг.
Луп зірнуў на яго спадылба, вочы ваўка зноў бліснулі, і Рыгор не вытрымаў позірку. Луп жа раптам адчуў, што нешта змянілася. Пад нагамі быў усё той жа насціл кузава, побач смярдзючая рзч, ад якой патыхала машыннай змазкай (гэта быў рухавік); стаяў паблізу лес, шапацелі ўсё тыя ж сосны, але нешта было не так. Ланцуг. Ён быў адвязаны і ляжаў за бортам. Луп убачыў, як Рыгор вынес з кабіны рукавіцы, надзеў іх, падышоў ззаду да машыны, падняў з зямлі ланцуг і пацягнуў. Цяпер ён не сумняваўся ў тым, што яму рабіць. Але сэрца забілася хутчэй, калі ён, як і раніцай, скокнуў уніз. На зямлі ён не ўтрымаўся на нагах і ўдарыўся пысай, бо зноў адчуў рззкі боль у лапе, але неўзабаве ўжо стаяў. Ён бачыў, як Рыгор адступіў да кабіны, залез туды і машына кранулася з месца, абдаўшы яго смярдзючым дымам. Ён чхнуў і збянтэжана саступіў убок. Доўга яшчэ ён прыслухоўваўся да шуму машыны, якая аддалялася ўсё далей, і ўрэшце здагадаўся: ён вольны. Дрыжыкі хваляй прайшлі па яго спіне.
Луп скокнуў з дарогі, але ланцуг знаёма звягнуў і ўдарыў яго па грудзях. I тады ён зноў не вытрымаў. Як не раз у мінулым, ён з лютасцю накінуўся на жалеза, кусаў і грыз яго, скакаў убакі, матляў галавой, але дарэмна — ланцуг цупка трымаў яго за горла і катаваў сваёй непераможнасцю,Успышка шалёнасці прайшла, і ён у знямозе ўпаў на зямлю і доўга ляжаў, часта дыхаючы. Хацелася піць. На імгненне ён задрамаў, але неўзабаве ўскочыў на ногі. Прыкмѳтна ўжо сцямнела, і на небе між соснаў там-сям заблішчалі зоркі. Слабы вецер амаль сціх, але вершаліны дрэў ледзь-ледзь хісталіся і часам рыпелі.. Бразганне ланцуга, які цягнуўся за ім, перашкаджала яму слухаць. Некалькі разоў ланцуг чапляўся за сасоннік, за сухія галіны паваленых дрзў, потым за сук. Луп доўга кідаўся ўбакі, пакуль урзшце сук трэснуў.
Ён не ведаў, куды бег і колькі, але нешта падказвала яму, нейкае падсвядомае пачуццё выбірала напрамак. I вось перад ім бліснула шырокая паласа вады. То была меліярацыйная канава. Ён збочыў, прагна папіў і пабег уздоўж яе.
Праз нейкі час на шляху яго паўстаў невялічкі мост. Ён быў драўляны, з такімі ж парэнчамі і стаяў на драўляных палях. Луп з маху ўскочыў на мост і амаль перабег на другі бок, як раптам ланцуг, які цягнуўся за ім збоку, праваліўся ў шчыліну паміж дошак, і ён заараў пысай ад нечаканага штуршка. Са злосным адчаем ён адчуў, што зноў палонны і воля яго абмежаваная зненавідным ланцугом. Ён доўга шалёна рваўся, але дарэмна. Ланцуг трымаў яго. I тады ён лёг на дошкі і заціх.
Імкліва надыходзіла доўгая восеньская ноч. Цэлы россып зорак мігцеў у небе, якое ачысцілася ад хмар: то быў Млечны Шлях. Толькі яго дыхание ды тонкі, нібы камарыны, гук далёкай аўтамашыны парушалі цішыню. Але гук усё мацнеў і мацнеў, і ён трывожна ўзняў галаву і неўзабаве ўбачыў, як на пагорку бліснулі фары і сталі няўмольна набліжацца, і тады ён падхапіўся і рвануўся, спадзеючыся вызваліцца, але дарэмна — ланцуг трымаў моцна, і ён зноў лёг і прыціснуўся да дошак.
18 гадзін.
Мастак дабірауся на спадарожнаи машыне, але мусіў пакінуць яе, падзякаваў шафёру — той паехаў у іншы бок — і зноў апынуўся ў бязлюдным месцы. Сутонела. Ён доўга стаяў на дарозе ля драўлянага шчыта — хаваўся ад ветру, пакуль яго не падабраў аўтобус.
У аўтобусе ехалі вяеельнікі. Пасля таго, як шлюб быў зарэгістраваны ў сельсавеце, маладыя накіроўваліся ў вёску, дзе жылі бацькі нявесты і дзе іх даўно чакала застолле.
Наперадзе, справа ад вадзіцеля, сядзеў жаніх. Таўсматы, з нізкім пад цёмным чубком, лобікам, брывасты і з платаядным шырокім ротам, ён амаль не прымаў удзелу ва ўсеагульным гармідары, трымаўся паважна, нібы Буда. Побач з ім уладкаваліся сябры, сваякі, знаёмыя. Ззаду чуўся дзявочы віск, смех, успыхвалі песні — там сядзела нявеста. Гэта была звычайная дзяўчына з круглым, крыху кірпатым тварам, які прыхарошвалі шэрыя вочы. Яна часта ўсміхалася, і тады на пярэднім зубе цьмяна бліскала залатая каронка.
Каб дарога не была сумная, усе пасажыры акрамя маладых паспелі прысмактацца з бутэлек і весяліліся. як хто мог. Мужчыны ўключылі магнітафон, і заліхвацкая песня грымнула моцнымі мала дымі галасамі: «Мой адрес не дом и не улица — мой адрес Советский Союз...» Сват, каржакаваты дзядзька гадоў трыццаці пяці, з ручніком праз плячо, ускочыў і хацеў нават станцаваць, але пахіснуўся і пад агульны рогат упаў на сядзенне. Усіх хістала і трэсла на палявой дарозе.
За вокнамі ў святле фар цягнулася ўвесь час адно і тое ж: кустоўе вербалозу абапал дарогі, часам пабеленыя бетонныя слупкі ці пні абы-як спілаваных дрэў — па нечым вар’яцкім загадзе паўсюдна нішчылі прысады.
Раптам праз гудзенне рухавіка, шолах шын, музыку і шумную гамонку ў аўтобус прасачыўся яшчэ адзін гук. Спачатку ледзь чутны, ён спакваля мацнеў, узнімаўся ўсё вышэй і прымусіў усіх прыслухацца.
Уладальнік магнітафона выключыў музыку.
— Што за канцэрт і хто спявае?
Шафёр, малады прышчаваты дзяцюк, якога ўсе звалі Пеця, спыніў аўтобус, але фары не выключыў, і ўсе ўбачылі, як на драўляным мастку бліснулі ім насустрач два агеньчыкі — вочы, а ў вушы выразна ўварвалася працяглае, ніколі раней не чутае жудаснае выццё.
— Сабака сядзіць і вые,— сказаў Пеця.
— Чаму, навошта, што здарылася? — пыталіся ззаду дзяўчаты і выцягвалі шыі.
Потым усе сцішыліся, і запанавала маўчанне, у якім існаваў толькі адзін працяглы жудасны гук.
— Калі на дарозе так завылі — не да дабра!
— I праўда, нядобра!
— А тут вяселле — дрэнная ж прыкмета!
Сват устаў са свайго месца.
— Ціха,— сказаў ён,— чым забабоны разводзіць, пайшлі паглядзім, што там.
Пеця адчыніў дзверы, і мужчыны падаліся наперад. Мастак выйшаў разам з усімі. Вылезлі і дзяўчаты, а за імі і жаніх з нявестай.
— Глядзіце ўсе сюды,— сказаў сват.— Сабака зачапіўся ланцугом. А то ўжо прымхі розныя збіраеце!