KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Мікола Гамолка - Цытадэль неба

Мікола Гамолка - Цытадэль неба

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Мікола Гамолка, "Цытадэль неба" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Вечарэла. Над горадам, апярэдзіўшы вячэрнюю зару, успыхнула зарава агнёў.

Па шырокіх тратуарах, паважна, з гонарам несучы сваё сытае цела, шпацыравалі багатыя джэнтльмены. Нават сабакі, якіх вялі яны з сабой, былі ўпрыгожаны каштоўнасцямі.

Роб затрымаў Макса, паказаў рукою ўбок. Непадалёку дарогі пераходзіла група паважных людзей з вялікай світай слуг. Наперадзе іх ішоў калматы дог з бліскучым нашыйнікам і яркім бантам.

— Сабака мільянера, — заўважыў нехта.

На душы рыбака стала змрочна. Хоць у будучым яго вабіла вялікая жыццёвая патрэба, ён цяпер менш, чым калі-небудзь, верыў, што ўбачыць сваю будучыню.

— Роб, — раптам спыніў Макс таварыша, — ты ведаеш, там у бары гаварылі праўду. Можа, перадумаем?

— Не! — сказаў рашуча негр, і вочы яго заззялі ўпартасцю. — У мяне хворая жонка, разутыя і раздзетыя дзеці. Я павінен пакінуць ім грошы.

Макс з сумам паглядзеў на яго.

— Разумею, — сказаў ён ціха — Такі ўжо наш лёс. Паляцім, Роб, разам! 3 такім, як ты, чалавекам я ахвотна падзялю ўсе нашы будучыя пакуты і няўдачы.

На рагу вуліцы яны цёпла развіталіся.


Раздзел трынадцаты


20 мая 196... года.

Віктар казаў праўду: я кахаю! Сустрэў яе сёння неспадзявана і — разгубіўся. Чаму я такі нерашучы? Зноў не змог пагаварыць з незнаёмай. Толькі паспеў пакланіцца, — і яна знікла ў будынку «Радыёлакацыя неба». Відаць, яна там працуе.

Кажуць, у каханні трэба быць таксама смелым. Я не памыліўся ў той памятны дзень — дзяўчына вельмі прыгожая! Я ўбачыў яе ўсмешку. Не, яна не была пагардлівай. Гэта была ўсмешка сябра, які рад сустрэчы. Але можа я памыляюся?..

Я пакахаў яе з першага позірку — яе твар, голас, яе дзявочую непакорнасць. Адчуваю: яна мая спадарожніца.

23 мая.

Позна ўвечары вярнуўся Віктар, узлаваны, устрывожаны. Я запытаўся: «Што з табою?» Нічога не адказаў, распрануўся і лёг на пасцель. Я доўга стаяў ля яго ложка, стараючыся зразумець, што з ім здарылася...

24 мая.

Віктар прачнуўся раней за мяне. Я паглядзеў на яго твар. Асаблівых змен на ім не прыкмеціў, толькі яго круглыя блакітныя вочы, здалося, страцілі бляск. Ці вытрымае ён сёння трэніроўку? Ужо двойчы яго не дапускалі ў цэнтрыфугу. Калі сарвецца і сёння, ён не пройдзе камісіі.

Я памыўся і, вярінуўшыся ў пакой, сказаў: «Віктар, ты на сябе не падобны. Што здарылася?»

Ён махнуў рукой і з роспаччу прамовіў: «Ведаеш, прыехала Наташа». «Дык чаго-ж ты нос павесіў — радавацца трэба!»

Ён падышоў да мяне, схапіў за плячо і са злосцю спытаў: «Прызнайся, ты заваражыў Наташу?» Я здзівіўся: ці не здурнеў ён? Што ён гаворыць?

Віктар растлумачыў: «Сустрэліся ўчора. Яна не захацела нават гаварыць са мной. А яна-ж мяне выратавала ад смерці. У нас такая была перапіска...»

Я ўстрывожыўся. Няўжо віктарава Наташа i мая незнаёмка — адна і тая-ж дзяўчына?.. Я ў гэта не хацеў верыць. Віктару сказаў: «Ты глупства вярзеш, дружа. Адумайся, ці-ж магла дзяўчына, сустрэўшы выпадкова нават прыгожага хлопца, адразу выказаць свае пачуцці яму, забыцца аб тым, з кім сябравала?».

Ён падумаў, згадзіўся са мной і, здавалася, крыху супакоіўся. Калі мы пайшлі ў сталовую, ён усё мяне распытваў пра тую дзяўчыну, якую я сустрэў ля возера ў час навальніцы, цікавіўся яе ростам, колерам валасоў, адзеннем. Я, прызнацца, крыху гаварыў не так. Думаў, няхай чалавек супакоіцца.

27 мая.

Сёння субота. Дзень прайшоў непрыкметна. Мы трэніраваліся ў надзяванні і раздзяванні пусталазага касмічнага касцюма. Выдатны падарунак падрыхтавалі нам інжынеры. Касцюм зроблены з такога матэрыялу, які не гарыць, слаба награецца, затрымлівае касмічныя праменні і — самае важнае — вельмі трывалы.

Скафандр таксама спадабаўся нам: спераду ён шкляны, ззаду металічны. Пры касцюме маецца мініятурная рацыя. Мы свабодна размаўляем адзін з адным. Лёгка дыхаць: ззаду прымацаваны балон, у якім ёсць вялікі запас паветра. Канструктарам і інжынерам давялося многа папрацаваць, каб вырашыць пытанне палёту ў такім касцюме ў беспаветранай прасторы космаса.

Раней касманаўтам прапанавалася браць з сабой асобны пнеўматычны пісталет. Але зараз адмовіліся ад гэтата. Мы будзем мець рэактыўны рухавічок, з дапамогай якога значна лягчэй перасоўвацца ў прасторы. Спецыяльная атамная батарэя будзе даваць ток для ручнога ліхтара і рацыі.

Мы паспрабавалі хадзіць у такім касцюме па зямлі. Дзе там — вельмі цяжка, нязручна! Затое на Месяцы мы будзем крочыць у ім лёгка, як па Зямлі ў звычайнай вопратцы. У гэтым няма нічога дзіўнага — там мы будзем важыць у шзсць разоў менш, чым цяпер. На Месяцы слабая сіла прыцяжэння. Некалі на ім было паветра. Але цяпер яго там няма, а калі ёсць, дык вельмі разрэджанае i то дзе-небудзь у глыбокіх кратэрах. Куды-ж яно падзелася?

Малекулы паветра рухаюцца надзвычай хутка, прыкладна 2,5 км у секунду. А такая хуткасць дастатковая для адрыву ад Месяца i рассейвання ў міжпланетнай прасторы. Вось, мабыць, паветра і пакінула назаўсёды свайго слабавольнага гаспадара!

Пасля работы я пайшоў у парк. Песні, музыка. Над галавой — зялёны дах, утвораны шатамі дрэў. У прасвеце бачу зоркі, а ў поўночна-заходнім баку неба вісіць зіхатлівы Юпітэр.

Я падышоў да танцавальнай веранды. Тут было многа моладзі. Кружыліся пары. Аркестр іграў кракавяк. Калі танец закончыўся, паўз мяне прайшлі дзве дзяўчыны. У адной з іх я пазнаў «незнаёмку»!

Сэрца маё замёрла — яна тут! Я магу яе бачыць. Ужо адна прысутнасць гэтай дзяўчыны давала мне найвялікшую радасць. Я глядзеў на яе, але яна, мабыць, мяне не заўважала.

Не таюся, я хацеў хоць трохі падабацца гэтай дзяўчыне. Я шукаў з ёю сустрэчы, жадаў звярнуць на сябе ўвагу. Няўжо я не варты яе? Гэтым вечарам спадзяваўся здзейсніць сваю мару — пазнаёміцца з ёю.

Захацелася блізка падысці да дзяўчыны. Я стаяў побач. Яна размаўляла з сяброўкаю, прыцішана смяялася.

Аркестр зайграў «Амурскія хвалі». Гэты старадаўні вальс заўсёды выклікаў у мяне пачуцці нейкага ўздыму. Не ведаю, адкуль з’явілася смеласць, але я раптам падышоў да дзяўчыны, запрасіў яе на танец. Дзяўчына пайшла са мною ў круг.

— А я вас ледзь пазнала,— сказала яна, даверлiва паклаўшы руку на маё плячо.

Мы закружыліся ў танцы. Не, гэта не быў сон. Я адчуваў яе блізкасць, дыханне, позіркі нашых вачэй часта зліваліся ў адзін доўгі, праніклівы і мабыць толькі нам зразумелы позірк. Так, я танцаваў з ёю! Мая мара здзейснілася.

Не ведаю, ці здагадвалася дзяўчына аб маіх пачуццях, калі-ж не здагадвалася, дык яна магла, здаецца, нават чуць, як моцна, усхвалявана б’ецца маё сэрца.

Я запытаў:

— Вы помніце той дзень, калі нас застала ля возера навальніца?

— Вядома, помню, — шчыра адказала яна.

— Вы смелая... — прамовіў я, — адна ў лесе, навальніца з громам— а вам хоць-бы што!

— Якая-ж тут смеласць? — запярэчыла яна.

— Можа, вам было тады цяжка? — выказаў я здагадку.

— Давайце не будзем успамінаць аб тым, — папрасіла дзяўчына.

Нечакана гукі аркестра абарваліся: танец закончаны. Я з дакорам паглядзеў на музыкантаў. Якія нездагадлівыя людзі! Перапынілі танец у той самы час, калі мы разгаварыліся.

Правёўшы дзяўчыну да яе сяброўкі, я адышоў у бок. Раптам перада мною, як з-пад зямлі, вырас Віктар. Позірк вачэй яго быў нейкі дзікі, калючы.

— Алег,— сказаў ён, i я заўважыў, што Віктар з цяжкасцю стрымлівае злосць.— Я хачу ведаць, якое ты маеш права адбіваць у сябра дзяўчыну?

Я паціснуў плячыма:

— Якую?

— Ты танцаваў з Наташай! Я забараняю падыходзіць да яе! Чуеш?

— Віктар, не крычы. Я-ж не ведаў, што гэта Наташа.

Ад Віктара пахла віном. Я баяўся, што ён пачне скандаліць і, узяўшы яго пад руку, адвёў у бок.

— Ты мне зубы не загаварвай,— не мог супакоіцца Віктар.— Так не робяць сумленныя людзі...

— Віктар, адумайся, што ты гаворыш! Мы з ёй сустрэліся выпадкова, я не ведаю нават яе імя.

— Папярэджваю, не чапляйся да яе! Інакш, я за сябе не адказваю.

— Ты многа на сябе бярэш,— не на жарт узлаваўся я.

Ён сярдзіта чмыхнуў носам, адышоў у бок.

Якая непрыемная гісторыя! Я задумаўся. Што рабіць? Вядома, калі Наташа сябравала з Віктарам, аб блізкім знаёмстве з ёю не можа быць і гутаркі.

Мне стала вельмі сумна. Вочы міжвольна шукалі ў натоўпе Наташу.

Дзе яна? Каля яе я ўгледзеў Віктара. Ён кланяўся, запрашаў на танец. Але Наташа адмовілася ісці.

Ну, вось, атрымай, хлопчык, здачы! Гэта мяне падбадзёрыла, прымусіла падумаць аб іх адносінах зусім іншае.

Я ўбачыў, як Віктар схапіў Наташу за руку і пацягнуў яе да агарожы пляцоўкі. Яна ўдарыла па яго руцэ, з абурэннем нешта загаварыла. Нейкае пачуцце падштурхоўвала мяне падысці да іх, стаць на абарону дзяўчыны. Але я стрымаўся.

«Паміж імі была дружба,— разважаў я,— і ў сваіх адносінах няхай разбіраюцца самі...» Я пакінуў танцавальную пляцоўку. Доўга адзін блукаў па алеях парка і вярнуўся дамоў толькі ў поўнач.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*