Мікола Гамолка - Цытадэль неба
— Магчыма.
— Глядзіце, каб гэтага больш не было. Загадваю вам зараз-жа пакінуць трэніровачную станцыю i ехаць у санаторый. Заўтра паўторная трэніроўка. Зразумела? А ў вас, — павярнуўся доктар да Алега, — пакуль што ўсё ў парадку. Трымайцеся! Вы будзеце першым кандыдатам у штурманы карабля.
Хлопцы развіталіся і пайшлі ў павільён пераапранацца. Выйшлі адтуль у параднай лётнай форме і накіраваліся да аўтастрады. Непадалёку, на бетоннай пляцоўцы, стаяла машына. Кузаў яе зроблены з лёгкай і трывалай пластмасы. Цяжка было заўважыць, дзе знаходзяцца ў машыне дзверы. Паверхня яе гладкая, суцэльная. Віктар Машук націснуў кнопку, і дзверцы з абодвух бакоў расчыніліся.
Алег сеў за руль, побач размясціўся Віктар. Вывеўшы машынну на магістраль, юнак уключыў аўтамат кіравання. Так больш зручна i надзейна: машына-ж імчыць з хуткасцю больш двухсот кілометраў у гадзіну!
Яна ідзе ціха, не чутно i рокату матора. Матор у яе электрычны. Пад бетон шасейнай дарогі ўкладзены электрьгчны кабель, па якім праходзіць ток высокай частаты. Яны ствараюць пераменнае магнітнае поле. Яно ўзбуджае ў маторы ток, і машына імчыцца.
Хораша ехаць у такіх імклівых наземных ракетах. Па адпаліраваных баках машыны шорхае вецер. Шыпяць, быццам раззлаваныя, гумавыя колы. Узбоч дарогі нельга адрозніць асобных дрэў і кустоў — яны ствараюць суцэльную светлазялёную паласу.
Алег уключыў тэлевізар. Побач з цыферблатам і стрэлкамі прыбораў засвяцілася акенца экрана. Выступала спявачка. Песня яе напоўніла кабіну.
Віктар заплюшчыў вочы, задумаўся. Голас спявачкі вельмі падобны да голасу Наташы. Дзе яна цяпер? Віктар учора даведаўся, што яе запрашалі на працу ў Галактыку. «Вось, каб яна прыехала!» — шчыра пажадаў хлопец і ў гэты момант адчуў, як яго раптам штурхнула наперад. Ён расплюшчыў вочы.
— Прыехалі! — абвясціў Алег, выключаючы матор.
Хлопцы выйшлі з машыны. На франтоне белакаменнага будынка красаваўся надпісь: «Санаторый «Зорны дождж». Навокал шумеў высокі сасновы бор. Пасярод яго ішла шырокая алея з ліпавых дрэў. Было дзіўна бачыць ліпы сярод высокіх бронзавых сосен. Але позірк паступова звыкаўся з такім пейзажам. Алея як-бы надавала лесу новыя фарбы, яго суровасць i змрочнасць былі ўжо не такімі падкрэсленымі.
— Пойдзем адпачываць? — запытаўся Віктар.
— Пайду паблукаю па лесе, — адказаў Алег.
— Хіба ты не бачыш, што хутка навальніца будзе.
— Вось i добра: падыхаю азонам.
Алег павярнуў у бок ад асфальтавай дарожкі i хутка трапіў у гушчар. У твар дыхнула моцным сасновым пахам.
Недзе за лесам, набліжаючыся, пагрымлівала хмара. Сінія, бляклыя сполахі маланак адсвечвалі на чорным небе.
Віктар гаварыў праўду: з хвіліны на хвіліну можна было чакаць дажджу. Алег як-бы не прыкмячаў гэтага. Ён, не спяшаючыся, ішоў па лесе, прыпыняўся, прыслухоўваўся да птушынага гоману. Хораша было тут! Усё спявала, цвіло дзівоснымі фарбамі.
Неўзабаве дрэвы расступіліся — і ўдалечыні бліснула люстрам лясное возера.
Юнак цешыўся прыгожым поўкругам берага — у адным баку роўным, пясчаным, а ў другім — высокім, з густым маліннікам. I раптам убачыў: над кручай сядзела дзяўчыіна.
Алег падышоў да дзяўчыны і спьініўся ў нерашучасці. Яна не магла не чуць, што нехта спыніўся за яе спіной, але не звяртала на гэта ніякай увагі.
Возера было спакойнае, маўклівае. На яго паверхні, унізе пад кручай, як у люстры, віднелася постаць дзяўчыны. Алег сумеўся. Які ён нездагадлівы: дзяўчына, не паварочваючыся, бачыла яго, наглядала за ім!
— Добры дзень! — сказаў ён, падышоўшы да самага берага. — Вы не баіцёся навальніцы? Ля вады небяспечна сядзець — можа трапіць маланка.
— Вы не хвалюйцеся за маё жыццё, — адказала дзяўчына, не пазіраючы на Алега, — можа, яно нічога не варта...
— Навошта-ж гэтак? — запярэчыў хлопец.—Чаму ў вас такія сумныя думкі?
Дзяўчына не адказала.
Яна відавочна хацела, каб Алег не турбаваў яе сваімі размовамі. Але хлопец не адыходзіў ад берага. Ён сарваў травінку і прымасціўся на камені.
У маўчанні прайшло некалькі хвілін. Цяжкая хмара набліжалася да сярэдзіны неба. Усё возера з краю ў край пацямнела. Подзьмуў вецер. Азёрная роўнядзь пакрылася хвалямі. Паветра стала вільготнае, свежае, водырнае.
I вось дзве маланкі — адна ў небе, другая ў вадзе — бліснулі ярка і размашыста. Амаль у тую-ж хвіліну грымнуў гром. 3 кручы пасыпаўся пясок.
Алег зірнуў на дзяўчыну. Яна не зварухнулася, быццам нічога не чула. «Што за ўпартасць? — падумаў юнак. — Набліжаецца навальніца, а яна і не кранецца...»
Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу. Алег падхапіўся, крануў дзяўчыну за плячо.
— Вы-ж прамокнеце? — сказаў ён.
Дзяўчына зірнула хлопцу ў твар i, абапёршыся на яго руку, устала.
Пасыпаў дождж, буйны i густы.
— Бяжым, схаваемся! — закрычаў Алег і схапіў дзяўчыну за руку. Яна маўкліва пабегла за ім.
Юнак заўважыў нахіленую з раламі сасну, i яны нырнулі пад яе густы шацёр. Толькі цяпер юнак разгледзеў сваю спадарожніцу. На ёй была простая сукенка ў гарошыну, на плячах — сіняя касынка. Але чаму такі журботны яе позірк? Што прывяло яе ў такую пару на бераг ляснога возера?
I яму раптам захацелася быць разам з ёю, ісці па гэтым лесе ўвесь дзень і ўсю ноч без дарог і сцежак, напрасткі, любавацца зорамі дыхаць цёплымі ранішнімі туманамі...
Дождж спыніўся гэтак-жа нечакана, як і пачаўся. Выглянула сонца, і ўсё навокал заблішчала.
Дзяўчына павярнулася да Алега.
— Бывайце! — кінула яна і сіняватьім воблачкам мільганула між бярозак.
У гэты час Алег заўважыў, што дождж прайшоў i навокал зноў была цішыня. А дзе-ж дзяўчына?
— Чакайце! — устрапянуўшыся, крыкнуў ён і заспяшаўся за ёю.
Але адразу спыніўся. Ён не заўважыў, куды знікла дзяўчына. Яе ўжо нават не відаць.
Доўга Алег не мог уцяміць, як усё гэта здарылася. Прыгожая лясная чараўніца была побач — i вось няма яе. Ён не ведае нават яе імя. Ці сустрэнуцца яны калі-небудзь? Алегу раптам стала сумна.
Непадалёку хвалявалася возера, недзе ў гушчары кугікала птушка. Хоць вакол было столькі хараства, радасці, Алег нібы не заўважаў гэтага.
***
Алег прышоў у пакой, закурыў. Ля акна на ложку спаў Віктар. За акном палала вячэрняе неба. Высока над лесам уздымалася густая пара: абмытая дажджом зямля дыхала ў неба. Яно было чыстае, высокае. Усе хмары спаўзлі да небасхілу і ляжалі там, парваныя на шматкі. Тады ён расчыніў акно. Густое паветра адхінула фіранкі, паплыло ў пакой. На ложку заварушыўся Віктар.
— Уставай, вячэру праспіш, — папярэдзіў Алег сябра.
— Я, брат, усё праспаў, нават не чуў навальніцы. Затое не будуць скардзіцца дактары. Заўтра буду ў поўнай форме.
— Днём выспаўся, а ноччу зноў куды-небудзь пойдзеш...
— Нікуды не пайду, даю слова.
— Віктар, — раптам запытаўся Алег, пазіраючы ў акно, — ты сустракаў калі-небудзь лясных чараўніц? Дзяўчат, глядзець на якіх хацелася бясконца.
— Дзівак, гэта табе толькі здалося, што ў цябе такое жаданне, — з паблажлівай усмешкай заўважыў сябра. — Усё ў жыцці надакучае. Нават самыя прыгожыя дзяўчаты...
Алег павярнуўся, нездаволена нахмурыў бровы.
— Памыляешся, Віктар. Вось я ўбачыў сёння дзяўчыну, дык i спаць, мабыць, не буду. Гэта — кавалак сонца, вогненны і прамяністы, гэта ціхая, крыштальнай чысціні крыніца.
— Ну, брат, я бачу, ты нарэшце закахаўся. I павінен сказаць —па самыя вушы. Якая-ж яна з выгляду?
— Смуглявая, вочы цёмныя, даверлівыя, бровы чорныя так і выгінаюцца, уздрыгваюць, косы ўкладзены вянком...
— Пачакай, пачакай!— раптам перабіў яго Віктар.— Гэтую дзяўчыну завуць Наташай?
Алег паціснуў плячыма. Віктар у нецярплівасці падбег да яго.
— Ды гавары ты — яна? Так?
— Не ведаю, — развёў рукамі Алег. — Можа i яна...
Віктар весела зарагатаў.
— Вось дык пазнаёміўся! Імя дзяўчыны не ведае! Ха-ха-ха!
— А ты не смейся, — сказаў з дакорам Алег.— Гэта было незвычайнае знаёмства. Хоць дзяўчыну гэтую я можа ніколі больш не сустрэну, але памятаць яе буду доўга...
— Ды кінь ты, хлопча, у воблаках лётаць! Прызямліся!
— Табе не зразумець мяне, — уздыхнуў Алег.
Раздзел дванаццаты
— Вы будзеце багатым — у вас ёсць нахабства,—сказаў сенатар Уолтэр, запрасіўшы да сябе Поля Арноля. — Паважаю такіх людзей, цаню. Мая дачка гаварыла са мной, i я згодны на ваш палёт. Дай руку, Поль. Вітаю з будучым поспехам!
3 сенатарам зрабілася нешта незвычайнае: ён стаў ласкавы, уважлівы, на дзіва вясёлы. Поль паверыў у шчырасць гаспадара. Што ні кажы, сэрца не камень, ён не мог быць ворагам сваёй дачцы, перадумаў аб усім, памякчэў.
Яны доўга і падрабязна гаварылі аб будучым палёце.
— Ты павінен для гэтай дарогі мець самае галоўнае — здароўе. Як сябе адчуваеш?
— Містэр Уолтэр, каб тут былі ільвы, я наглядна паказаў-бы гэта. А так, калі пахвалюся, вы не паверыце.