KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Василий Головачев - Волат на дарозе (на белорусском языке)

Василий Головачев - Волат на дарозе (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Василий Головачев, "Волат на дарозе (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Сташэўскi вёў машыну амаль напрасткi, i вонкавыя дынамiкi даносiлi часты трэск i хруст, быццам яны трушчылi шкло.

- Крышталiкi кварцу, - вытлумачыў Малчанаў, гледзячы на "дрэвы". Незвычайная крышталiзацыя, цi не так?

- Ды ўжо ж... - адгукнуўся Сташэўскi.

Праз некалькi хвiлiн "лес" скончыўся, i пайшла суцэльная паласа рыжай, надзвычай рыхлай глебы. Хуткасць адразу ўпала, давялося павялiчыць цягавую магутнасць.

Неба пацьмянела, стала жоўтае i нагадвала цяпер смугу размытых дажджом воблакаў, што спусцiлася амаль на галаву. Зыбкае i пухнатае свяцiла цiхенька ўсплывала з-за невыразнай лiнii гарызонту, выглядам сваiм яно магло прывесцi ў стан меланхолii.

Сташэўскi ўжыў новы арыентаст, што аўтаматычна накiроўваў антэну прыёмаперадатчыка ў бок Станцыi, паспрабаваў розныя рэжымы, але канал прыёму поўнасцю перакрываўся хвалямi перашкод, а цi чуюць iх на Станцыi, яны не ведалi.

Танк скацiўся ў вузкую далiну памiж градамi крышталiчных стометровых астанцоў i нырнуў у воблака кiсейна-жоўтага туману, дакладней, не туману, а смугi, бачнасць у якой моцна пагоршылася. Вакол прадметаў зазiхацелi светлыя арэолы, што ўскладнялi арыентаванне.

Прыкiнуўшы свае магчымасцi, Грэхаў перавёў сiстэму бачання на радарны зрок. На агульным экране абазначыўся нешырокi авал, у якiм той жа пейзаж змянiў колеры ў самых нечаканых спалучэннях. Смуга знiкла, гасячы арэол.

На карце вылiчальнiка ўспыхнулi каардынаты танка. Да мэты засталося трохi больш за трыццаць кiламетраў напрасткi. Яны ўжо спусцiлiся ў дзiўную далiну, у форме чаравiка, нармальнага чаравiка, толькi ненармальных памераў. Быццам велiзарны, пяцiсоткiламетровага росту дзяцюк саскочыў на планету, пакiнуў два сляды глыбiнёй у кiламетр i знiк, загадзя пасмяяўшыся з бясплённых спроб людзей вытлумачыць форму ўпадзiн ад яго валатоўскiх ног. Са Станцыi яны праглядалiся досыць выразна, i ў калiдорах Грэхаў бачыў малюнкi жартаўнiкоў, што намалявалi меркаваны воблiк асiлка. Адзiн з iх быў дужа падобны на Ляваду, i, на яго погляд, гэта было не надта дасцiпна.

- Стоп! - раўнуў раптам Сташэўскi страшным голасам.

Грэхаў яшчэ нiчога не выявiў, але рукi самi рванулi аварыйны тормаз, танк торкнуў носам, а пад iмi раптоўна загрукацела, цяжкi гул ускалыхнуў паветра, i ў метры ад гусенiц раскалолася зямля, утварыўшы трэшчыну, якая хутка расла. За хвiлiну пад няспынны гул i трасенне глебы трэшчына ператварылася ў прорву, супрацьлеглы край якой на пэўны час схаваўся ў смузе барвовых выпарэнняў. У апошнi раз зямля здрыганулася, i гул абарваўся. Толькi з прорвы чулася булькатанне i шыпенне, быццам у велiзарнай бочцы кiпела i выпарвалася вада.

Анямеўшы, яны глядзелi на нечаканую перашкоду i маўчалi. I працяг не прымусiў сябе чакаць. У глыбiнi разяўленай, як пашча, безданi штосьцi рванула з аглушальным трэскам, i паўз танк праслiзнулi ў нiзкае неба вялiзныя асляпляльныя вясёлкавыя "пухiры". Аўтаматычна спрацавалi фiльтры, што пагасiлi напал "пухiроў", зараўлi ўнутраныя (прабiла поле!) лiчыльнiкi радыяцыi танк захiстала i павалакло ад прорвы.

Трэск паўтарыўся, новая серыя "пухiроў" пранеслася паўз iх, i Грэхаў паспеў ужо заўважыць, што за кожным ценем iмчыцца "павуцiна". Зноў "павуцiны", усюдыiсныя "павуцiны", што чамусьцi з'яўляюцца там, дзе адбываюцца падзеi! Цi гэта падзеi адбываюцца там, дзе яны з'яўляюцца?..

Грэхаў высунуў з верхняй вежы перыскоп, зазiрнуў iм у прорву i ўбачыў толькi яскравае свячэнне, якое iшло з таемных глыбiняў. Свячэнне было роўнае i моцнае, i яму здалося, што там яшчэ поўна "павуцiнаў", якiя гублялiся за смугой туманнага свячэння.

Раптоўна пачуўся той жа самы пякельны трэск, з прорвы блiснула востра i моцна, i вясёлкавыя шары, як быццам iх падтрымлiвалi "павуцiны", адзiн за адным iрванулiся ўгору.

Экранчык перыскопа пагаснуў. У агульным экране яны бачылi скурчаны пачарнелы канец трубы, падобны на носiк закурадымленага iмбрыка.

- Д'ябал! - вылаяўся, спахмурнеўшы, Сташэўскi. - А гэта навошта?

- Можа, гэта зварот да нас? - асцярожна выказаў здагадку Дыега Вiрт. Папярэджанне або перасцярога...

- Не, - нявесела сказаў Малчанаў. - Шары - гэта закапсулiраваныя якiмсьцi магутным сiлавым полем ядзерныя выбухi. "Павуцiны" вышпурваюць iх у космас.

- Навошта? - здзiвiўся Дыега.

- Навошта - мы можам толькi здагадвацца. Паводле тэорыi таго ж Галкiна, шары - прадукты жыццядзейнасцi Гарадоў, адыходы, ад якiх "павуцiны" вызваляюць планету. Увогуле гэта вельмi рэдкая з'ява, нам проста пашанцавала...

Сташэўскi ўважлiва назiраў за прорвай. Гул узнiмаўся адтуль, трэслася глеба. На ўсякi выпадак Грэхаў адвёў танк ад абрыву метраў на пяцьдзесят i не паспеў яшчэ спынiцца, як глыбока ў целе планеты загучаў цяжкi грукат, над прорвай узляцеў густы рой доўгiх пунсовых iскраў, i сцены толькi што створанай цяснiны сталi зблiжацца. Страсенне глебы было не гэткае вялiкае, як раней, i яны заўважылi, як у момант судакранання сцен з вузкай шчылiны, што засталася ад цяснiны, вымахнуў вал аранжавага агню, затым з гучным чвяканнем сцены злучылiся, рэзкi штуршок падкiнуў танк на амартызатарах, i дарога стала вольная.

4

Яны ўжо ладна ад'ехалi ад месца штучнага цi натуральнага, невядома, катаклiзму, а зiхоткi шнур аранжавага туману, шчыльны, як вогненнае жэле, усё яшчэ трымаўся над глебай. Ён скручваўся ў трубу, дыхаў, але не разыходзiўся, i Грэхаў зразумеў, чаму плато назвалi плато Рубiнавых жыл. Давялося поўнасцю пераключыць увагу на дарогу, каб не звалiцца ў прорву пад час наступнага новаўтварэння.

Сташэўскi заняўся пеленгам i ўхiтрыўся-такi злавiць знаёмае ўсiм "...Увага! Выкiдваю...", выразна распазнавальнае скрозь трэск i выццё перашкод. Калi доўгi час паўтараць нейкае слова, сэнс яго знiкае, i ўрэшце Грэхаў перастаў успрымаць гэтую надакучлiвую песню-фразу. Рабiць здагадкi можна было бясконца, але, на думку Грэхава, гэта працаваў няспраўны аўтамат-перадатчык, а не маяк, што настройваецца - звычайна - на радыёбляск. Такiя бомбавыя аўтаматы скiдваюцца разведвальнымi караблямi ў месца маючай адбыцца пасадкi або любымi караблямi ў выпадках аварыйных сiтуацый.

Грэхаў паўтарыў у думках апошнiя словы, i марозны вецер хвалявання пагладзiў спiну шурпатымi пальцамi. "Лiха на iх! - падумаў ён. - Няўжо нiхто не разглядаў гэты варыянт - аварыя на караблi камунiкатараў? Цi, магчыма, наогул катастрофа?! Але што можа здарыцца з ТФ-караблём? Самым надзейным i магутным зямным апаратам? Чаму толькi гэтае дзiўнае сугучча мучыць слых на працягу ўжо сямi сутак? Цi сапраўды аварыя на караблi?"

Вiдавочна, ён чымсьцi выдаў сябе, бо Сташэўскi раптам уважлiва да яго прыгледзеўся, паказаў пальцам на дынамiк, адкуль усё неслася хрыплае гучанне двух слоў, i кiўнуў. Значыцца, i ён думаў пра тое ж. За тры гады сумеснай работы яны навучылiся разумець адзiн аднаго без слоў.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*