Василий Головачев - Волат на дарозе (на белорусском языке)
I вось Горад заварушыўся. Вялiзныя "ледзяныя" фiгуры яго "будынкаў" задрыжалi, няўлоўна павольна скажаючы былыя абрысы, i сталi як бы наблiжацца, павялiчвацца ў памерах.
Нечае гулкае сэрца аддавалася ўвушшу кананадай, i скрозь шалёны гул Грэхаў пачуў раскацiсты шэпт... Усё знiкла: гукi, адчуваннi, думкi, застаўся шэпт, громападобны раскацiсты шэпт...
* * *
Ён павольна ўсплываў з дна акiяна, усплываў, як падводная лодка, прадзiмаючы цыстэрны. Потым вылез на мулкi бераг i "вылiў ваду з вушэй". Iмгненна вярнулася здольнасць чуць, бачыць i адчуваць на дотык. Адчуваць сябе на дотык чамусьцi было балюча, асаблiва нос i левую руку. Баючыся горшага, Грэхаў скасавурыўся ўнiз, заўважыў кроў на пальцах абедзвюх рук, прыўзняў iх. Правая была цэлая, а цераз далонь левай праходзiў iрваны неглыбокi шрам. Нос пасiнеў i распух, вiдаць, у гэтай экспедыцыi ўсе ўдары ён прымаў на сябе. Тут Грэхаў убачыў штурвал з адламаным рогам i ўсё зразумеў. Як жа гэта ён ухiтрыўся?..
Сташэўскi прыводзiў да прытомнасцi Малчанава, але той проста самлеў. Дыега Вiрт ляжаў у крэсле бледны, але спакойны.
- А цяпер уявi, што ты пралятаў бы тут на хуткалёце, - прабурчаў Сташэўскi, скоса глянуўшы на Дыега. Той пацiснуў плячыма i змоўчаў.
- Якiм жа чынам мы ацалелi? - спытаўся Грэхаў, пакуль Сташэўскi лячыў яму нос i руку без звыклага бурчання i павучанняў.
Сташэўскi быццам не пачуў пытання, скончыў, акiнуў купал вежавага крана хуткiм позiркам i ўключыў сiстэму бачання. Купал растаў, i ўсе ўбачылi зусiм светлае лiловае неба з мутнымi разводамi нейкiх выпарэнняў, гладкiя ўздуццi базальтавых патокаў, хаос ценяў у гiганцкай дузе горнага хрыбта.
А зусiм побач, над вертыкальнай сцяной слупавых скал, варушыўся тлусты буры дым, па якiм час ад часу прабягалi барвовыя ўспышкi. Над гэтай сцяной дзе-нiдзе праглядвала нешта чорнае, бачнае як скрозь няшчыльны шэры туман, i Грэхаў, заўважыўшы ў тым кiрунку гурт навiслых "павуцiн", зразумеў, што чорнае - Горад. Дык яны прайшлi праз яго...
Дым над скаламi ўзляцеў угору султанамi i выпаў снегападам попелу. Да iх даляцеў моцны трэск, як пад час разраду маланкi.
- Як мы апынулiся тут? - панура спытаўся Малчанаў, моршчачы пашарэлы твар.
Маўчанне разлiлося, як снегавая вада, доўгае, халоднае i плыткае. Чакаць адказу не мела сэнсу, нiхто не ведаў, як яны апынулiся за рысай Горада, але яны стаялi i глядзелi на чорны дым, што расцякаўся коўзкiмi цяжкiмi бруямi памiж шпiлямi i ледзяшамi скал. Потым Грэхаў пацiху ўрубiў рухавiкi i крануў машыну з месца. Сташэўскi, якi спрабаваў звязацца са Станцыяй, са злосцю махнуў рукой i натапырыўся ў сваiм крэсле. Настала ранiца, i ў атмасферу Тартара ўрывалася шырокае ўзбуральнае электрамагнiтнае поле зоркi, магутнасць якога перавышала сцiплыя магчымасцi станцыi сувязi iх "Мастыфа". Толькi тая акалiчнасць, што за iх рухам сачылi вочы сяброў, гатовых прыйсцi на дапамогу, i паляпшала настрой.
Танк пакiнуў ззаду цыклапiчны грэбень Кiнжальнага хрыбта i выбраўся на вялiзнае пахiлае плато Рубiнавых жыл, пасечанае шматлiкiмi трэшчынамi. Трэшчыны былi падобныя на барозны, нанесеныя велiзарнымi граблямi, яны цягнулiся паралельна памiж сабой па дзевяць-дзесяць трэшчын запар, неглыбокiя i даволi правiльныя. Танк шпурляла i хiстала, кабiне кiравання перадавалася толькi малая доля штуршкоў, але i ад iх не станавiлася прыемна.
Парода плато адсвечвала блакiтным, часам сустракалiся цэлыя палi зiхоткага "крышталю", пры з'яўленнi якога пачынаў вiшчаць лiчыльнiк радыяцыi. Часамi танк iшоў быццам па дне велiзарнай жалезнай бочкi - скрыгат i вiскат каменю змянiўся гулкiм дробным грукатам. Адначасна Грэхаў адчуў, як цяжэе цела, i ў адзiн з такiх момантаў Малчанаў сказаў:
- Масконы.
Гэта былi загадкавыя канцэнтрацыi мас - масконы на жаргоне планетолагаў. Выяўлялi iх, як i яны, па тым, што павялiчвалася гравiтацыйнае поле.
Праехалi голую пустэльную мясцовасць, абкружаную толькi блiзкiм размытым гарызонтам. Край неба на ўсходзе стаў чыста аранжавы i святлеў цяпер на вачах, распальваючыся да жоўтага свячэння. А на захадзе, куды адышла ноч, усё яшчэ стаяла, злiваючыся з гарызонтам, фiялетавая цемра.
Блакiтнае плато з плямамi ўкрапiн, з рэдкiмi скаламi, што тырчалi, як пальцы, спускалася ўступамi ў прасторную катлавiну, далёкi край якой губляўся ў смузе атмасферы. Дзесьцi там, кiламетраў за сорак, размяшчалiся дзве дзiўныя па форме ўпадзiны: След Чаравiка i Другi След, у адной з якiх, ва ўпадзiне Другi След, стаяў адзiн з буйнейшых Гарадоў планеты, а побач з iм карабель з камунiкатарамi, канчатковая мэта iх шляху... Можна было паспрабаваць злавiць хвалю маяка, тую самую, з "...Увага! Выкiдаю...", але маяк быў востраскiраваны, аварыйны, а магутнасць яго бакавых пялёсткаў выпраменьвання наўрад цi прабiвала тутэйшую атмасферу на сорак кiламетраў.
Сташэўскi трохi пажвавеў, хуценька пачасаў падбародак i сказаў:
- Мне здаецца, што ў той момант... калi ўзарваўся "цiкаўнiк"... а вы белыя i цёпленькiя... праўда, i я ледзь не самлеў... - Ён памаўчаў, хмыкнуў.
- Не цягнi, Святаслаў, - з дакорам вымавiў Дыега Вiрт.
- Так... мне здалося, што згары на нас упаў "шэры прывiд"...
- Шэрае воблака, што прасвечвае па краях? - хутка сказаў Малчанаў.
- Так. Раней я, вядома, не бачыў яго, але па апiсаннях...
- Гэта ён. Дзiўна, не першы раз "шэрыя прывiды"... - Малчанаў абарваў свае словы i змоўк.
Малчанаў працягваць не збiраўся, i Грэхаў сам задаў пытанне, хутчэй рытарычнае, бо ў сапраўднасцi не гэта займала яго: - А што такое наогул Горад?
- Зачараванае царства, - зрабiў здагадку Дыега Вiрт, - злых чараўнiкоў тут процьма.
- Паводле Галкiна, гэта калектыўны арганiзм, маючы iнтэлект, - нягучна вымавiў Малчанаў. - Зрэшты, так думаюць амаль усе вучоныя. I я таксама, падумаўшы, дадаў ён.
- Вось табе тваё царства, - усмiхнуўся Сташэўскi. - Гэта называецца "ўмярцвенне цудоўнай гiпотэзы агiдным фактам".
Усмiхнуўся i Малчанаў.
- Ну, да фактаў яшчэ далёка.
Грэхаў перадаў кiраванне камандзiру, бадзёра пацiкавiўся наконт агульнага апетыту i схадзiў у адсек харчавання. Там ён зрабiў чатыры двухпавярховыя бутэрброды з тыiксам, гарачым, толькi што вырабленым, з румянай карычневай скарыначкай, дастаў з халадзiльнiка чатыры тубы з вiнаградным i гранатавым сокам, нагрувасцiў усё гэта на падносе i панёс у кабiну.
За той час танк увайшоў у паласу "лесу". Раслiны дзiўных формаў, то ў выглядзе гiганцкай шапкi пушыстых блакiтных нiтак, то ў выглядзе мноства шароў са зблытанай "воўны" сiняга цi блакiтнага колеру, раслi не густа, але дзякуючы сваiм памерам стваралi ўражанне непраходных нетраў.
Сташэўскi вёў машыну амаль напрасткi, i вонкавыя дынамiкi даносiлi часты трэск i хруст, быццам яны трушчылi шкло.
- Крышталiкi кварцу, - вытлумачыў Малчанаў, гледзячы на "дрэвы". Незвычайная крышталiзацыя, цi не так?