Василий Головачев - Волат на дарозе (на белорусском языке)
Грэхаў зрабiў крок наперад, i ў гэты час з чарады "павуцiн" над галавой выпаў "шэры прывiд" i апусцiўся зверху. На адзiн мiг незвычайная глыбiня раскрылася перад Грэхавым. Быццам расчынiлася брама ў iншы свет, у зусiм чужы яму свет iнакшай гармонii... Сусвет калыхнуўся i закружыўся вакол яго... I ён пачуў, i не толькi ён - пачулi i Дыега Вiрт з Малчанавым, якiя паспелi пакiнуць Горад, i пачулi людзi на Станцыi...
- Разумныя, спынiцеся! Не ўсе дарогi пазнання вядуць да мудрасцi, задумайцеся над гэтым! Мы не рыхтавалiся да кантакту з вамi, так атрымалася, што надышла пара ўмяшацца. Вы даволi аператыўныя i паслядоўныя людзi, мы недаацэньвалi вас.
Мы, тыя, каго вы называеце "шэрымi прывiдамi", даследуем жыццё дадзенай планеты не адно стагоддзе, але i да гэтай пары яна ў шмат чым загадка для нас. А вы... вы спрабуеце вырашыць гэтую праблему адным iмгненным высiлкам, вы спяшаецеся, падаеце, разбiваецеся, i нам усё часцей даводзiцца звяртаць на вас увагу, адрывацца ад сваiх задач i спраў.
Тое, што вы называеце Гарадамi, - гэта кантынуум больш складанага парадку, як прастора, гэта iншы сусвет, разумныя iстоты якога, са свайго боку, спрабуюць наладзiць кантакт з намi.
Вашае ж з'яўленне на планеце змянiла ўмовы iснавання Гарадоў, вы не валодаеце тымi вiдамi палёў, якiя не дэстабiлiзуюць iх, i пры вашым з'яўленнi Гарады распадаюцца. Вы, не ведаючы таго, знiшчаеце свет, населены самымi старажытнымi з iстот, якiя абагналi ў сваiм развiццi нават нас на мiльёны гадоў!
Вашы спробы асэнсаваць жыццё Тартара зразумелыя i натуральныя, але вы яшчэ не гатовыя да кантактаў i павiнны пайсцi з планеты. Задуманцеся над сказаным, разумныя! Удачы вам на доўгiм шляху!..
Уся перадача працягвалася iмгненне - хто б яны нi былi, "шэрыя прывiды", у развiццi яны сапраўды нашмат апярэдзiлi чалавецтва. Грэхаў яшчэ не паспеў ачуняць, як адчуў, што ён у палёце. Мiльгануў i застаўся ўбаку Горад, наблiзiлiся скалы, i яго беражна апусцiлi на рыжую глебу. "Шэры прывiд" узняўся ўгару i знiкнуў, ад скалы ж аддзялiўся металiчны гiгант i наблiзiўся да Грэхава. Гэта быў Вiрт.
- Жывы? - спытаўся ён з нейкай дзiўнай iнтанацыяй. I Грэхаў зразумеў.
- Не... - амаль злосна адказаў ён. - Яны не паспелi яго...
З-за скалы выйшаў Малчанаў, падышоў да iх, раптоўна абняў iх за плечы, i яны не згаворваючыся паглядзелi ўгору, у зыбкую чарнечу начной атмасферы Тартара, за якой дзесьцi iх чакалi ў трывозе таварышы. Зямляне...