Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
Каля задняга борта мацi ляжала на матрацы побач з бабкай, i, хоць нiчога ў цемры не бачыла, яна адчувала сутаргавае паторгванне цела, няроўнае сэрцабiццё i перарывiстае дыханне бабкi. I ўсё паўтарала:
- Супакойся. Усё будзе добра. - I потым дадала зрывiстым голасам: - Ты ж ведаеш, нам трэба пераехаць гэту пустыню. Ты ж гэта ведаеш.
Дзядзька Джон аклiкнуў яе:
- Што там у вас?
Толькi праз якую хвiлiну мацi адказала:
- Ды гэта я так. Пэўна, у сне.
Потым бабка зацiхла, i мацi знерухомела побач з ёю.
Ноч цягнулася, мiналi гадзiны, цемра ляцела насустрач грузавiку. Часам iх абганялi легкавыя аўтамашыны, што беглi на захад, у ноч; часам насустрач iм iмчалiся вялiзныя грузавiкi i з грукатам праляталi мiма, на ўсход. Зоркi марудным каскадам струменiлiся ў бок заходняга гарызонту. Каля паўночы Джоўды пад'ехалi да iнспектарскай станцыi на ўскраiне Дэгета. Шаша ў гэтым месцы была залiтая электрычнасцю, а каля канторы стаяў ярка асветлены шчыт з надпiсам: "Бяры ўправа. Стоп". Том спынiў машыну, i iнспектары, што сланялiся без справы па канторы, зараз жа выйшлi i сталi пад доўгай драўлянай паветкай. Адзiн з iх запiсаў нумар машыны i падняў века капота.
Том запытаўся:
- Гэта навошта?
- Агранамiчная iнспекцыя. Зараз агледзiм вашу машыну. Раслiны, насенне ёсць?
- Няма, - адказаў Том.
- Усё роўна агледзiм. Разгружайцеся.
Мацi з цяжкасцю злезла з грузавiка. Твар у яе быў апухлы, вочы глядзелi сурова.
- Паслухайце, мiстэр, у нас старая хворая жанчына. Вязём яе да доктара. Нам марудзiць нельга. - Яна, вiдаць, ледзь стрымлiвалася, каб не закацiць iстэрыку. - Вы не маеце права нас затрымлiваць.
- Не маю права? Без агляду нельга.
- Богам прысягаю, у нас нiчога гэтага няма! - закрычала мацi. - Прысягаю. Бабцы зусiм дрэнна.
- У вас у самой выгляд нездаровы, - сказаў iнспектар.
Мацi ўзялася за край борта i з усяе сiлы падцягнулася да бабкi.
- Вось, зiрнiце, - сказала яна.
Iнспектар накiраваў прамень электрычнага лiхтарыка на стары зморшчаны твар.
- Далiбог, праўда, - сказаў ён. - Дык вы прысягаеце, што нiчога няма - нi насення, нi фруктаў, нi гароднiны, нi кукурузы, нi апельсiнаў?
- Няма, няма. Прысягаю.
- Што ж, едзьце. У Барстаў ёсць доктар. Усяго восем мiль адсюль. Давайце наперад!
Том сеў у кабiну, i машына зрушыла з месца.
Iнспектар павярнуўся да свайго таварыша:
- Не мог я iх затрымлiваць.
- Можа, маняць, - сказаў той.
- Што ты, не! Ты бачыў бы твар гэтай старой! Не, не маняць.
Том павялiчыў хуткасць, каб хутчэй дабрацца да Барстаў, i, калi яны пад'ехалi да гэтага маленькага гарадка, ён спынiў машыну, вылез з кабiны i падышоў да задняга борта. Мацi вызiрнула яму насустрач.
- Усё ў парадку, - сказала яна. - Я проста не хацела там часу трацiць, баялася, не паспеем да ранiцы пераехаць пустыню.
- Гэта добра. А з бабкай што?
- Нiчога. Едзь далей. Трэба хутчэй пераехаць пустыню.
Том пакруцiў галавой i вярнуўся ў кабiну.
- Эл, - сказаў ён, - зараз заправiмся, а далей ты трохi павядзеш.
Грузавiк пад'ехаў да заправачнай станцыi, якая працавала круглыя суткi, i Том налiў бак i радыятар i падлiў масла ў картэр. Эл перасунуўся да руля, а Том сеў на крайняе месца справа, бацька сядзеў пасярэдзiне. Яны зноў акунулiся ў цемру, i невысокiя ўзгоркi вакол гарадка засталiся ззаду.
Том сказаў:
- Не разумею, што гэта з мамай? Якая яе муха ўкусiла? Не так ужо i доўга агледзець паклажу. Сказала, што з бабкай зусiм дрэнна, а цяпер кажа - нiчога. Розуму не дабяру. Нешта нядобрае з ёю. Мазгi, цi што, перакруцiлiся за дарогу.
Бацька сказаў:
- Яна цяпер як у маладосцi. Адчайная была дзяўчына. Нiчога не баялася. Здаецца, ужо час ёй уцiхамiрыцца - гэтулькi ж дзяцей нараджала. А праца якая цяжкая. Ды дзе там! А калi той жалязякай размахвала, памятаеш! Паспрабуй забяры ў яе - я нiзашто б не адважыўся.
- Зразумець не магу, што з ёю, - сказаў Том. - Пэўна, проста стамiлася.
Эл сказаў:
- Вось ужо не буду гараваць, калi падарожжа наша скончыцца. Усе нервы выматала гэтая праклятая машына.
Том сказаў:
- Ты малайчына, Эл. Добрую выбраў. З ёю амаль нiякага клопату не было.
Усю ноч машына ўгрызалася ў душную цемру, i зайцы збягалiся на святло фар i ўцякалi доўгiмi пругкiмi скачкамi. I калi наперадзе блiснулi агеньчыкi форта Махаве, ззаду пачало ўжо свiтаць. У перадранiшнiм сутоннi на захадзе паказалiся высокiя горы. У Махаве, на гранiцы мiж Арызонай i Калiфорнiяй, залiлi ў машыну вады i масла i паволi папаўзлi ў горы. Досвiтак цяпер акружаў iх з усiх бакоў.
Том сказаў:
- Дзякуй богу, праехалi! Та, Эл, радуйцеся! Пустыню праехалi!
- Я так змарыўся, што мне ўсё роўна, - сказаў Эл.
- Можа, я павяду?
- Не, пачакай.
Тачапi праехалi, калi неба ўжо заiрдзелася - ззаду падымалася сонца. I раптам перад iх вачамi разаслалася шырокая далiна. Эл нацiснуў на тормаз, i машына спынiлася пасярод дарогi.
Бацька сказаў:
- А божачкi!
Гарадкi ўдалечынi, пасёлкi сярод фруктовых садоў i ў золата афарбаваная ранiшнiм сонцам далiна. Ззаду пачуўся сiгнал аўтамабiля. Эл адвёў грузавiк да краю шашы i там стаў.
- Хачу на ўсё гэта паглядзець, - сказаў ён.
Залацiстыя ўраннi збожжавыя палi, вербы радамi, цэлыя шарэнгi эўкалiптаў.
Бацька ўздыхнуў:
- I не снiлася мне, што такое бывае на свеце.
Персiкавыя дрэвы, арэхавыя гаi, цёмна-зялёныя плямы апельсiнаў. I чырвоныя дахi сярод дрэў, i адрыны - прасторныя адрыны. Эл выйшаў з кабiны i крыху прайшоўся, каб размяць ногi. Потым крыкнуў:
- Ма, глянь! Прыехалi!
Руцi з Уiнфiлдам скацiлiся з машыны i моўчкi замерлi на месцы, зачаравана i палахлiва пазiраючы на бязмежную далiну. Лёгкая смуга засцiлала даль, i, здавалася, зямля, чым далей, рабiлася ўсё мякчэйшай i мякчэйшай. Недзе далёка паблiскваў на сонцы крыламi вятрак - як маленькi гелiёграф, што перадае светлавыя сiгналы. Руцi i Ўiнфiлд не адрывалi вачэй ад яго. Руцi прашаптала:
- Вось яна - Калiфорнiя.
Уiнфiлд бязгучна паварушыў губамi, паўтараючы гэтае слова па складах.
- Тут фрукты, - сказаў ён уголас.
Кейсi i дзядзька Джон, Конi i Ружа Сарона спусцiлiся ўнiз. I таксама стаялi моўчкi. Ружа Сарона пачала прыгладжваць рукой валасы, раптам убачыла далiну, i рука яе паволi апусцiлася.
Том сказаў:
- А дзе ма? Няхай i яна паглядзiць. Ма, глянь! Сюды iдзi.
Мацi памалу, цяжка пералезла цераз заднi борт. Том глянуў на яе.
- Госпадзi, ма, ты што, захварэла?
Твар у яе быў ацёклы, нейкi застылы, вочы глыбока запалi, вакол iх чырвоныя кругi стомы. Ногi яе дакранулiся да зямлi, i яна ўхапiлася за планку борта, каб не ўпасцi.
Пачуўся яе хрыплы голас:
- Пустыню, кажаце, праехалi?
Том паказаў рукой на далiну:
- Глянь!
Яна павярнула галаву ў той бок, i рот яе крыху раскрыўся. Пальцы пацягнулiся да горла, ухапiлi складку скуры i слаба сцiснулi яе.
- Дзякуй богу, - сказала мацi. - Прыехала наша сям'я. - Каленi ў яе падагнулiся, i яна апусцiлася на падножку.
- Ты захварэла, ма?
- Не, стамiлася.
- Ты ноччу не спала?
- Не.
- Бабцы было дрэнна?
Мацi паглядзела на свае рукi, якiя ляжалi ў яе на каленях, як стомленыя палюбоўнiкi.
- Я хацела пачакаць, не гаварыць адразу. Каб не сапсаваць вам... Хацела як лепш.
Бацька сказаў:
- Значыць, бабцы зусiм дрэнна.
Мацi ўзняла вочы i доўгiм поглядам абвяла далiну.
- Бабка памерла.
Усе моўчкi пазiралi на яе, i бацька нарэшце запытаўся:
- Калi?
- Яшчэ да таго, як iнспектары нас спынiлi.
- Таму ты i не дала iм паклажу праверыць.
- Баялася, не паспеем пустыню пераехаць, - адказала мацi. - Я сказала бабцы, што зрабiць нiчога нельга. Сям'i трэба праехаць праз пустыню. Я сказала ёй, усё ёй сказала, калi яна была ўжо пры смерцi. Нам нельга спыняцца сярод пустынi. У нас малыя дзецi... i Разашарна чакае дзiцяцi. Я ёй усё сказала. Яна падняла рукi i на момант закрыла iмi твар. - Пахаваем яе ў прыгожым, зялёным месцы, - цiха прамовiла мацi. - Навокал будуць дрэвы, i месца будзе прыгожае. Няхай хоць прах яе спачывае ў Калiфорнii.
Усе спалохана пазiралi на мацi, дзiвячыся сiле яе духу.
Том сказаў:
- Госпадзi божа! Ты ўсю ноч ляжала з ёю побач!
- Трэба было пераехаць пустыню, - прагаварыла мацi жаласна.
Том ступiў да яе - хацеў пакласцi ёй руку на плячо.
- Не чапай мяне, Том, - сказала яна. - Я саўладаю з сабой, толькi не чапай. А то не стрываю.
Бацька сказаў:
- Час ехаць. Будзем спускацца.
Мацi глянула на яго:
- Мне можа... можна мне сесцi ў кабiну? Я там, ззаду, больш не магу. Я знясiлела. Страшэнна знясiлела.
Яны зноў узабралiся на грузавiк, адводзячы вочы ад нерухомай доўгай постацi, старанна захiнутай з усiх бакоў, нават з галавой, у коўдру. Усе забралiся на свае месцы, стараючыся не глядзець у той бок - на грудком выпнутую коўдру - там яе нос, на востры клiн пад коўдрай - там яе падбародак. Старалiся не глядзець туды - i не маглi. Руцi i Ўiнфiлд прымасцiлiся ў пярэднiм куце кузава - як мага далей ад нябожчыцы, але не адводзiлi вачэй ад старанна загорнутага цела.
Руцi прашаптала:
- Гэта бабка. Яна цяпер мёртвая.
Уiнфiлд сумна пакiваў галавой: