Редьярд Киплинг - Маўглi (на белорусском языке)
- Iдзi адсюль i чакай! Вы не захацелi прыйсцi, калi я вас клiкаў, - сказаў Маўглi на мове джунгляў, не паварочваючы галавы, i вялiкая шэрая лапа знiкла.
- Не... не прыводзь з сабою тваiх... слуг, - сказала Месуа. - Я... мы заўсёды жылi мiрна з джунглямi.
- I цяпер мiр, - сказаў Маўглi ўстаючы. - Успомнi тую ноч на дарозе ў Канхiвару. Тады былi дзесяткi такiх, як ён, i ззаду i наперадзе ў цябе. Я, аднак, бачу, што i ўвесну Народ Джунгляў не заўсёды забывае мяне. Мацi, я пайду!
Месуа пакорлiва адступiла ўбок - ён i сапраўды здаваўся ёй лясным богам, але ледзь толькi яго рука дакранулася да дзвярэй, як мацярынская любоў прымусiла яе закiнуць рукi на шыю Маўглi i абдымаць яго, абдымаць без канца.
- Прыходзь! - прашаптала яна. - Сын ты мне цi не сын, прыходзь, бо я люблю цябе! Бачыш, i ён таксама бядуе.
Маленькi хлопчык плакаў, бо чалавек з блiскучым нажом iшоў ад яго.
- Прыходзь зноў, - паўтарыла Месуа. - I ўночы i ўдзень гэтыя дзверы заўсёды адчынены для цябе.
Горла Маўглi сцялася, быццам яго душыла знутры, i голас яго прагучаў напружана, калi ён сказаў:
- Я абавязкова прыйду зноў... А цяпер, - гаварыў ён ужо за дзвярамi, адхiляючы галаву ваўка, якi лашчыўся да яго, - я табой незадаволены, Шэры Брат. Чаму вы не прыйшлi ўсе чацвёра, калi я паклiкаў вас, ужо даўно?
- Даўно? Гэта было толькi ўчора ноччу. Я... мы... спявалi ў джунглях новыя песнi. Хiба ты не памятаеш?
- Правiльна, правiльна!
- I як толькi песнi былi праспяваны, - горача загаварыў зноў Шэры Брат, я пабег па тваiм следзе. Я кiнуў астатнiх i пабег да цябе з усiх ног. Але што ж ты нарабiў, о Маленькi Брат! Навошта ты еў i спаў з чалавечай чарадой?
- Каб вы прыйшлi, калi я вас клiкаў, гэтага не здарылася б, - сказаў Маўглi, паскараючы крок.
- А што ж будзе цяпер? - спытаў Шэры Брат.
Маўглi хацеў адказаць, але на сцежцы паказалася дзяўчына ў белым адзеннi. Шэры Брат адразу прапаў у кустах, а Маўглi бясшумна адступiў у высокi трыснёг i знiк, як дух. Дзяўчына войкнула - ёй здалося, што яна ўбачыла здань, а потым глыбока ўздыхнула. Маўглi рассунуў рукамi доўгiя сцяблiны i сачыў за ёю, пакуль яна не схавалася з вачэй.
- А цяпер я не ведаю, - сказаў Маўглi i ўздыхнуў. - Чаму вы не прыйшлi, калi я вас клiкаў?..
- Мы заўсёды з табою... заўсёды з табою, - прабурчаў Шэры Брат i лiзнуў пятку Маўглi.
- А пойдзеце вы са мною да чалавечай чарады? - прашаптаў Маўглi.
- Хiба я не пайшоў за табою ў тую ноч, калi наша Чарада прагнала цябе? Хто пабудзiў цябе, калi ты заснуў у полi?
- Так, але яшчэ раз?
- Хiба я не пайшоў за табою сёння ўночы?
- Так, але яшчэ i яшчэ раз i, магчыма, яшчэ?
Шэры Брат маўчаў. Потым ён прабурчаў, быццам сам сабе:
- Тая, чорная, сказала праўду.
- А што яна сказала?
- Чалавек урэшце iдзе да чалавека. I наша мацi гаварыла тое самае.
- Тое самае гаварыў i Акела ў Ноч Дзiкiх Сабак, - прамармытаў Маўглi.
- Тое ж гаварыў i Каа, якi разумнейшы за ўсiх нас.
- А што скажаш ты, Шэры Брат?
Шэры Брат нейкi час бег рыссю, не адказваючы, потым сказаў з прыпынкамi ад скачка да скачка:
- Дзiцяня - Гаспадар Джунгляў - мой зводны брат! Твая дарога - гэта мая дарога, тваё жыллё - маё жыллё, твая здабыча - мая здабыча, i твой смяротны бой - мой смяротны бой. Я гавару i за астатнiх трох. Але што скажаш ты джунглям?
- Добра, што ты пра гэта падумаў. Няма чаго доўга чакаць, калi бачыш здабычу. Iдзi i паклiч усiх на Скалу Рады, а я раскажу iм, што ў мяне ў галаве.
У любы iншы час на клiч Маўглi сабралiся б, натапырыўшы загрыўкi, усе джунглi, але цяпер iм было не да гэтага - яны спявалi новыя песнi.
I калi Маўглi з цяжарам на сэрцы падняўся па добра знаёмых скалах на тое месца, дзе яго калiсьцi прынялi ў Чараду, ён застаў там толькi сваю чацвёрку ваўкоў, Балу, амаль зусiм сляпога ад старасцi, i цяжкавагавага, спакойна-халоднага Каа, якi скруцiўся ў кальцо вакол апусцелага месца Акелы.
- Значыцца, твая дарога канчаецца тут? - сказаў Каа, калi Маўглi кiнуўся на зямлю. - Яшчэ калi мы сустрэлiся ў Халодных Бярлогах, я гэта ведаў. Чалавек урэшце iдзе да чалавека, хоць джунглi яго i не праганяюць.
Чацвёра ваўкоў паглядзелi адзiн на аднаго, потым на Маўглi - здзiўлена, але пакорна.
- Дык джунглi не праганяюць мяне? - ледзьве вымавiў Маўглi.
Шэры Брат i астатнiя тры ваўкi люта забурчалi i пачалi былi: "Пакуль мы жывыя, нiхто не асмелiцца...", але Балу спынiў iх.
- Я вучыў цябе Закону. Слова належыць мне, - сказаў ён, - i хоць я цяпер не бачу скалаў перад сабою, затое бачу далей. Жабянятка, iдзi сваёй дарогай, жывi там, дзе жыве твая кроў, твая Чарада i твой Народ. Але калi табе спатрэбiцца кiпцюр, або зуб, або вока, або слова, хутка перададзенае ўночы, дык памятай, Гаспадар Джунгляў, што джунглi - твае, варта толькi паклiкаць.
- I сярэднiя джунглi таксама твае, - сказаў Каа. - Я не кажу пра Маленькi Народ.
- О браты мае! - усклiкнуў Маўглi, з рыданнем распасцiраючы да iх рукi. Я не хачу iсцi адсюль, але мяне быццам цягне за абедзве нагi. Як я пайду ад гэтых начэй?
- Не, глядзi сам, Маленькi Брат, - паўтарыў Балу. - Няма нiчога ганебнага ў гэтым паляваннi. Калi мёд з'едзены, мы пакiдаем пусты вулей.
- Скiнуўшы скуру, ужо не залезеш у яе зноў. Такi Закон, - сказаў Каа.
- Паслухай, маё золатца, - сказаў Балу. - Нiхто тут не будзе затрымлiваць цябе, - нi словам, нi сiлай. Глядзi сам. Хто будзе спрачацца з Гаспадаром Джунгляў? Бачыў я, як ты забаўляўся вунь там белымi каменьчыкамi, калi быў маленькiм Жабяняткам. I Багiра, якая аддала за цябе маладога, толькi што забiтага буйвала, бачыла цябе таксама. Пасля таго агляду засталiся толькi мы адны, бо твая прыёмная мацi памерла, памёр i твой прыёмны бацька. Старой Воўчай Чарады даўно ўжо няма. Ты сам ведаеш, чым скончыў Шэр-Хан, Акелу ж забiлi Дзiкiя Сабакi; яны загубiлi б i ўсю Сiянiйскую Чараду, каб не твая мудрасць i сiла. Засталiся адны старыя. I ўжо не дзiцяня просiць дазволу ў Чарады, а Гаспадар Джунгляў выбiрае новую дарогу. Хто будзе спрачацца з чалавекам i яго звычаямi?
- А як жа Багiра i буйвал, якi выкупiў мяне? - сказаў Маўглi. - Мне не хацелася б...
Яго словы былi перапынены рыкам i трэскам у гушчары пад гарою, i з'явiлася Багiра, лёгкая, дужая i грозная, як заўсёды.
- Вось чаму, - сказала пантэра, выстаўляючы акрываўленую правую лапу, вось чаму я не прыходзiла. Паляванне было доўгае, але цяпер ён ляжыць забiты ў кустах, той буйвал, якi вызвалiць цябе, Маленькi Брат. Усе даўгi сплачаны цяпер поўнасцю. Што ж датычыцца астатняга, дык я скажу тое самае, што i Балу. - Яна лiзнула нагу Маўглi. - Не забывай, што Багiра любiла цябе! - крыкнула яна i скачкамi памчалася прэч.
Каля падножжа ўзгорка яна зноў крыкнула моцна i працягла:
- Добрага палявання на новай дарозе, Гаспадар Джунгляў! Не забывай, што Багiра любiла цябе.
- Ты чуў? - сказаў Балу. - Больш нiчога не будзе. Iдзi цяпер, але спачатку падыдзi да мяне. О мудрае Маленькае Жабянятка, падыдзi да мяне!
- Нялёгка скiдваць скуру, - сказаў Каа.
А Маўглi ў гэты час рыдаў i рыдаў, уткнуўшыся галавою ў бок сляпога мядзведзя i абняўшы яго за шыю, а Балу ўсё стараўся лiзнуць яго ногi.
- Зоркi радзеюць, - сказаў Шэры Брат, нюхаючы перадсвiтальны ветрык. - Дзе мы заляжам сёння? Ад гэтага часу мы пойдзем па новай дарозе.
I гэта - апошняе з апавяданняў пра Маўглi.