Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня
Андрэй з Толікам са шкадаваннем сходзілі на бераг.
Яны падалі сходні, адвязалі ад вольхі і кінулі на плыт вяроўчыну.
– Шчасліва вам! Вяртайцеся хутчэй!
На вёслы сталі Віцька і Сяргей, рулявым быў Віталь. Адзін узмах вёсел, другі і трэці – і плыт паволі, а потым хутчэй, хутчэй стаў адыходзіць ад берага.
Раптам стала ўсім крышку вусцішна – усё цвёрдае пад нагамі ўмясцілася на вось гэтым плыце. Вакол – справа, злева, спераду і ззаду была чорная вада, пад якой, здавалася, не было дна, а толькі бясконцая халодная глыбіня. А цвёрдая зямля, моц якой пад нагамі і не прыкмячаеш ніколі, стала няўмольна аддаляцца.
Дзед Васіль адчуў гэты настрой:
– Што, крышку не па сабе? Ну, а як жа вы хацелі… Гэта першы раз. Усё новае крыху трывожыць. Нічога, у нас усё надзейна. Не спяшайцеся, хлопцы, грэбці, стоміцеся. І так не адпачылі, лічы. Не так далёка нам плыць…
– Мы з Васілём Яўменавічам трохі змянілі нашы планы, – загаварыла Жэнька самым сапраўдным камандзірскім тонам. – Мы раней меркавалі, што зборку і спуск на ваду плыта закончым недзе да пяці гадзін вечара. А цяпер толькі тры гадзіны. Акрамя таго, у нас ёсць палатка, нам не трэба будзе траціць шмат часу на будан, мы ўжо перакусілі – да вячэры ўсе патрываюць. Таму без заходу на Заечы востраў курс трымаць на Савіны!
– Даеш Савіны востраў! – Віталь вялікім вяслом, якое мацавалася наперадзе плыта і служыла рулём, падвярнуў плыт так, каб нос яго стаў глядзець у бок Савінага вострава. – Гэта ж ён, Васіль Яўменавіч?
– Так, браце, Савіны адсюль самы дальні…
Дзед Васіль ціха сядзеў ля складзеных рэчаў на зробленай скрыні для прадуктаў і курыў адну за другой свае самакруткі. Яго было не пазнаць – ён выглядаў разгубленым, відавочна нерваваўся. Сцішылася, прыціснулася да Жэнькі Нэла, з цікавасцю і асцярогай гледзячы на ваду навокал.
Напачатку адбывалася нешта неверагоднае – і бераг Заікінага вострава стаў імкліва аддаляцца, а Савіны ніколькі не прыбліжаўся, быццам з кожным узмахам вёслаў плыт аддаляўся ад берага, а Савіны востраў – ад плыта. Усё адно як возера рабілася большым, расцягвалася. Нарэшце ледзь прыкметна Савіны стаў набліжацца: быццам сталі падрастаць дрэвы на яго беразе.
Жэнька зірнула на гадзіннік.
– Гэй, на вёслах, 15 хвілін працуеце. Яшчэ столькі ж трэба. Не патаміліся?
– Дойдзем!
– Ну, глядзіце…
Нарэшце забялелі паасобку ствалы бяроз.
Плыт ледзь рухаўся – усе ўглядваліся ў незнаёмае. Дзіўнае гэта было пачуццё, даўно забытае ў дзяцінстве – адкрываць для сябе нябачаныя раней землі.
– Уяўляеце, як першаадкрывальнікам страшна было? – казаў Віталь, углядваючыся ў бераг ужо блізкага вострава. – Мы то ведаем, што тут ні дзікуноў, ні звяроў страшных няма. А яны не ведалі…
– А мы таксама нічога не ведаем. От зараз прытопае на беражок нас сустрэць дыназаўр! – запярэчыў Віцька.
– Сам ты дыназаўр, – шыкнула Жэнька. – Давайце цішэй…
Іх галасы сярод гэтай цішыні гучалі па-чужому і непатрэбна.
– Прайдзіце ўдоўж, – сказаў дзед Васіль нечакана асіплым голасам. – Пашукайце месца з цвёрдым берагам.
Пакуль бераг вострава быў такім жа, як і на Заікіным – топкім, балоцістым.
Але вось тоня нечакана нібыта забегла ўнутр вострава – утварылася невялікая гавань, і бераг тут быў пясчаным, чыстым. А вышэй – кустоўе шчыльнай сцяной, потым – лес.
– Тут і прычальваем!
Прамяралі дно. Яно ў гэтай “бухце” было цвёрдым, два, а бліжэй – паўтара метра глыбінёй. І каля самага берага каля паўметра – крута пачыналася глыбіня. Затое вельмі зручна атрымалася плыт паставіць – развярнулі яго задам і паволі, паволі – да самага берага дайшлі. Сяргей скокнуў на востраў, за дрэўца завязаў вяроўчыну.
– Прычалілі! Сходзім.
Кінулі сходні. І прыпыніліся, азірнуліся на дзеда Васіля.
Той нібыта застыў, углядваючыся ў глыбіню вострава. Раптам усім адначасова стала зразумела, што першым на востраў павінен сходзіць дзед.
Ён паволі падняўся, ні слова не кажучы, пайшоў па сходнях. Стаў на цвёрдую зямлю, акуратна зняў з галавы сваю кепку:
– Ну, вось я і тут, сябры мае. Дзень добры вам! Выбачайце, што толькі праз шэсць дзесяткаў гадоў завітаў да вас. Выбачайце, што збіраемся мы і спакой ваш парушыць. Ды што вам сярод балота ляжаць? Няхай на вашу магілу, як на магілы іншых, кветкі пакладуць… Вось так мы падумалі…
Сталі кругом дзеда ўсе астатнія. Перад імі быў востраў: невядома які па велічыні кавалак сухой і цвёрдай зямлі, парослай лесам, сярод балота. Шэсцьдзесят гадоў тут не ступала нага чалавека. Недзе тут, у гушчыні лесу, ёсць магіла. Недзе тут ёсць зямлянка, у якой шэсцьдзесят год таму хаваліся ад маразоў і карнікаў партызаны…
Было не проста ціха – было бязгучна. Толькі сціхлі іх крокі, услед за якімі недзе ў глыбіні вострава коратка закрычала сойка, і зноў усё замерла, як замірае вада пасля кінутага ў яе каменьчыка.
– І птушак не чуваць, – павяла плячыма Жэнька. Яна адчула сябе тут чужой, а востраў здаўся ёй на імгненне жывым і варожым.
– Бо лета, птушкі ж вясной спяваюць. А цяпер толькі раніцай, спякота ж. Ды песні спяваць і некалі – птушаняты растуць, іх карміць трэба… – супакоіў дзед Васіль.
Знайшлі больш-менш добры праход праз кустоўе, расчысцілі яго больш, падняліся вышэй. Тут было светла: нягуста раслі бярозы, тоўстыя, крываватыя, асіны, парослыя імхом, рэдка сустракаліся высачэзныя яліны.
Выбралі месца пад лагер.
– Ну, давайце абжывацца, – загадала Жэнька на правах камандзіра. – Праверце двойчы, прывяжыце яшчэ адной вяроўкай плыт, пераносім сюды рэчы. Палатку ставім тут, тут – месца для кастра.
– А я сабе вось тут буданчык пастаўлю, – паказаў на месца воддаль дзед Васіль. – Я храплю надта, як сплю, ды і смаліць люблю. Баюся, доўга сёння не засну і вам не дам…
– То зараз мы разам, – памкнуўся быў Сяргей, але дзед яго прыпыніў:
– Нічога, вы сваё рабіце паціху, мне тут няцяжка…
Управіліся з усім за дзве гадзіны: і палатка стаяла, і будан сабе дзед паставіў (які там будан – шалашык маленечкі), і на распаленым кастры ўжо закіпала вада, а Віцька з Віталем чысцілі бульбу. Сяргей захапіў з сабой мяшэчак звараных учора вечарам круп і пайшоў падкарміць рыбу: збіраліся на золку парыбачыць.
Жэнька дастала рацыю, тая адгукнулася адразу ж, быццам Зарэмба толькі і чакаў.
– Дакладваю, Мікалай Рыгоравіч, – пачала весела рапартаваць Жэнька. – Мы на Савіным востраве, дабраліся без прыгод, плыт паказаў сябе супер-надзейна. Разбілі лагер, рыхтуем гарачы абед. Сёння ніякіх пошукаў не прадпрымалі, разведку вострава пачнём заўтра. Здароўе і самаадчуванне ва ўсіх цудоўнае. Ой, Мікалай Рыгоравіч, а як цудоўна на гэтым востраве! – не ўтрымалася Жэнька на афіцыяльным тоне. – Ён чысты, светлы, тут такая цішыня. А дно возера каля вострава пясчанае, заўтра мы купацца будзем!.. Усё, прывітанне нашым перадавайце, няхай не хвалююцца, у нас усё ў поўным парадку!
Пасля абеду стомленыя ляжалі каля палаткі. Столькі ўражанняў на сёння, ды і фізічна папрацавалі. Востраў як быццам прыняў іх за сваіх: цішыня, якая здавалася змоўніцкай, варожай, пакрысе разбілася на мноства ўжо ўлоўных гукаў: вось птушка пераляцела з дрэва на дрэва, крыльцы трапечуць, чмель гудзе ў сінім званочку, конік у траве стракоча, ветрык заблытаўся ў густой кроне бярозы, зашапацеў лісцем, нябачная птушачка ціўкнула, ёй другая адказала…
Было хораша ляжаць вось так, дагары, выцягнуўшы вольна рукі і ногі на густой, ніколі нікім не кошанай траве, глядзець на высачэзныя адсюль, знізу, ствалы дрэў, над вяршынямі якіх, ледзь не чапляючыся, плывуць белыя аблокі… А гэта вось не белае, а шэрае, занадта ж нават шэрае і вялікае…
– Дождж!
Паўскоквалі, а першыя рэдкія, важкія кроплі дажджу запляскалі па лістоце, па траве, па голых спінах. Ускочылі ў палатку, а дождж лінуў спора, быццам з разгону несліся ўніз кроплі. А шумна як стала ў лесе!
Пяць хвілін – і ўсё сціхла. Сонца, якое ўжо адчувальна хілілася да захаду, выглянула з-за хмары, і вакол засвяціліся тысячы іскрынак – ззялі кроплі дажджу на лістоце, на траве. І раптам ажыў лес рознагалоссем: зацвыркала, затрэнькала, зашчабятала, зачырыкала, заціўкала, здавалася, кожнае дрэва ў лесе.
– Во, ажылі ўсе, – зазначыў Віталь. – А не відаць ні адну спявачку!
– Мы прайшлі амавенне, і востраў прыняў нас, – нават урачыста сказала Жэнька на поўным сур’ёзе,. – Цяпер мы тут свае, і лес нам нічога дрэннага не зробіць.
Жэньцы ніхто не запярэчыў. Хто яго ведае…
Калі трава прасохла, пайшлі збіраць сушняк для кастра.
Сцямнела хутка – зусім не так, як цямнее ў вёсцы. Шчыра кажучы, было трохі вусцішна, ціснуліся бліжэй да кастра. Вохкнула нешта далёка ў глыбіні вострава, а потым пачуўся шум крылаў.
– Гэта сава на паляванне паляцела, – стаў тлумачыць дзед Васіль. – Заўтра мы пабачым дрэвы з іх дупламі.
– А…Агні, казалі, на востраве, бываюць, – нясмела нагадаў Віталь, баючыся, што з яго пачнуць кпіць. – Блукаюць па зямлі. Ідзеш да іх – яны ад цябе. І ў тоню скачуць…