Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня
– Прымем, не хвалюйцеся, – паабяцаў дзед Васіль. – Востраў вялікі, што нам яго дзяліць. Усе мы сваёй зямлі людзі…
Шчупака Зарэмба паабяцаў завезці да Віцькі і Жэнькі дадому – няхай маці там з ім разбіраецца.
Атрад “Пошук” сустрэлі на беразе. Проста, як сваім даўнім знаёмым і добрым сябрам, дапамаглі зняць з плыта і перанесці да лагера рэчы. Потым ставілі дзве палаткі: адну вялікую, ваенную і адну маленькую – для двух дзяўчат.
– Нармальныя хлопцы, праўда? – спытаўся Віцька Сяргея, чакаючы дадатнага адказу, калі яны цягнулі да кастра чарговыя ношкі сухога сучча.
– Ну, як “ператрэслі” там добра… – Сяргей на хвілінку задумаўся. – Я такое добра ведаю. Не люблю, калі не па праўдзе некуды выбіраюць, назначаюць. Так і тут: як пачулі пра значную справу, то сабралі, мабыць, выдатнікаў ды тых, хто на сходах выступае. А ім наша тоня, востраў гэты – толькі камары ды балота. А гэтыя вось цяпер – адразу відаць. Дзве палаткі паставілі, а дрэўца аднаго не ссеклі…
– А ты бачыш, як яны галовы вернуць у бок, дзе, ім сказалі, зямлянка і магіла? – прадоўжыў Віцька. – Глядзі, хочацца, а слухаюцца камандзіра…
– Трэба завесці… Што яны, да рання чакаць будуць? Няхай пабачаць цяпер. Палаткі паставілі, вогнішча ёсць, дроў на ноч хопіць, – разважаў Сяргей..
– Папытаем дзеда?
– Ага.
Дзед Васіль стаяў ля свайго будана разам з камандзірам атрада. Яны аб нечым размаўлялі. Віталь убаку з важным відам паказваў свой тэадаліт хлопцам з атраду.
– Ну, што, хлопцы, – звярнуўся дзед да падышоўшых Сяргея і Віцькі. – Мабыць, завядзіце атрад да зямлянкі, пакажыце магілу. Просіць камандзір цяпер паглядзець…
– А мы якраз гаварылі пра гэта, – радасна адказаў Віцька. – Што чакаць да рання, а яшчэ не сцямнела…
– То і добра…
Андрэй паклікаў сваіх байцоў гучнай камандай:
– Усе да мяне! Ідзем да магілы…
Пайшлі. Наперадзе – Сяргей і Віцька (Віталь, Жэнька і Нэла засталіся з дзедам Васілём у лагеры).
Пастаялі ля зямлянкі, нічога не кранаючы. Потым моўчкі некалькі хвілін стаялі перад магілай са свежым крыжам, які свяціўся ва ужо надыходзячых прыцемках.
– Ну, заўтра раніцай будзем на месцы складаць план дзеянняў, – ціха падвёў рысу Андрэй.
Ніхто не адказаў, і толькі адна дзяўчына з атраду прамовіла яшчэ цішэй:
– Кнігі чытаеш, слухаеш, кіно глядзіш… А вось ступіш на тую зямлю, дзе людзі па праўдзе гінулі… Аж не па сабе…
Вярнуліся ў лагер, дзе якраз Зарэмба званіў па радыётэлефоне прама з дому, даў трубку Алене Адамаўне.
– Вам там усяго хапае? Не холадна спаць? Мазь ад камароў дапамагае? Спаць не мулка? А шчупак, шчупак які! Тут уся вёска збеглася да нас, яшчэ і цяпер ляжыць, бы на выставе. Што мне з ім рабіць? – закідала маці пытаннямі Жэньку.
– У нас усё добра! Заўтра пасля абеду будзем на Заікіным востраве, дзеда Васіля высадзім. А самі паплывём на Заечы востраў – нам карту Ведзьмінай тоні складаць трэба. Атрад будзе займацца пошукамі зброі і рамонтам зямлянкі, потым разам будзем расчышчаць праход, – адказвала Жэнька. – Не хвалюйцеся. Шчупака ў маразільнік засуньце – не ешце без нас!..
Весела патрэскваў у цемры касцёр. Ужо вялікае кола акружала яго – і стала яшчэ весялей. Адзін хлопец з атраду захапіў з сабой гітару – хвайна іграе!
Сяргей слухаў музыку, яго сэрца перапаўнялася незвычайнымі для яго пачуццямі. Было спакойна і упэўнена на душы. Вось дзед Васіль дыміць сваёй самакруткай, вунь Віталь мацае, ніяк супакоіцца не можа, металашукальнік, вось Віцька побач так пільна сочыць за рукамі гітарыста, а вочы яго гараць – ясна, захацелася і яму навучыцца так перабіраць струны. Вось Нэла побач – хітруня: і ля Сяргея сядзіць, а галоўку да Жэнькі даверліва схіліла. Жэнька пагладжвае Нэлу па валасах, глядзіць на полымя кастра. Добра глядзець на яго, калі сядзіш сярод сяброў…
Сяргей працягнуў руку да Нэлы, а крануўся рукі Жэнькі. Жэнька запытальна глянула на яго.
– Жэнь, ты мне дапаможаш?.. З вучобай. Фізіку ды матэматыку мне хлопцы патлумачаць, а вось з мовамі ў мяне зусім дрэнна… Я ў інтэрнат не паеду ўжо…
Сказаў, як выдыхнуў апошняе паветра з грудзей – і ўздыхнуць немагчыма было, не пачуўшы адказу. Бо за столькі многа часу Сяргей першы раз прасіў. Не прапаноўваў памяняцца ці зрабіць нешта за нешта – ён прасіў і разумеў, што ніяк не можа дадаць да сваёй просьбы звычайнага для сябе ў такіх выпадках: “А я табе за гэта…”
Жэнька быццам здагадалася аб пачуццях Сяргея. І адказала ж адразу, коратка, каб нічога больш тлумачыць не трэба было:
– Дапамагу. Вернемся з вострава – адразу і пачнём.
Сяргей удзячна кіўнуў, нахіліўся да Нэлы:
– Праб’емся, Нэла, праўда? Здужаем?
Малая моўчкі абхапіла яго за шыю, прыціснулася.
Цёмны лес зрэдку ажываў крыкамі соў. Дзіна, але начныя гукі ніколькі не палохалі вандроўнікаў.
Ведзьміна тоня перастала быць страшнай і невядомай – яна стала яшчэ адным родным кавалкам іх вялікай зямлі.