Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня
І дзед Васіль адразу прысеў на выварацень, стаў нервова даставаць сваю бляшанку з тытунём.
– А ад нашай палаткі зусім недалёка, – азірнуўся назад Віталь. – Ну, што, давайце па інструменты збегаем…
Прынеслі рыдлёўкі, трыножнік тэадаліта, сам тэадаліт. Яшчэ – тры вешкі з Віталевага набору.
Віцька з Сяргеем узяліся за рыдлёўкі. Віталь настроіў тэадаліт, заглядваў у акуляр – вышукваў адсюль вешку на беразе тоні, ля плыта. Яе не было відаць за кустоўем. Жэнька пабегла – перанесла вешку і паставіла перад кустамі. Віталь хутка накідваў прыблізны план вострава, дакладна адзначыў толькі адно месца: становішча зямлянкі адносна стаянкі іх плыта і лагера.
Сяргей і Віцька тым часам раскапалі ўваход у зямлянку, адкінулі спарахнелыя рэшткі бярвення.
– Там, у куце справа, павінны быць зямлёй прысыпаны нямецкі карабін. Ён без патронаў у нас застаўся, – сказаў дзед Васіль, у чарговы раз круцячы самакрутку. – Як наша гэта зямлянка і калі пасля нас хлопцы не краналі нічога…
– А вы сумняваецеся? – спытала Жэнька.
– Цяжка сёння паверыць, што гэта ўсё было, – ціха адказаў дзед.
Нырнуў у зямлянку Сяргей.
– О, тут столь вось-вось абваліцца… Трэба зверху скідаць усё, – зазначыў ён. – А то прыцісне…
– Скідайце, – дазволіў дзед Васіль.
Пачалі скідаць асцярожна зверху зямлю з рэшткамі бярвенняў. Пакрысе стала вымалёўвацца зямлянка – сцены і падлога. Самая звычайная яма, прамавугольная, два на тры метры . У цэнтры – вуголле ад кастра, некалькі камянёў. Адрэзкам тоўстага дроту, востра заточанага з аднаго канца – шчупам – Віцька абмацаў указаны дзедам кут. Стальны дрот мякка ўваходзіў у зямлю, нарэшце непрыемна скрыгатнула жалеза аб жалеза.
– Ёсць нешта!
Хутка раскапалі. Так і ёсць – карабін з іржавай руляй, а прыклад ніколькі не спарахнеў.
Асцярожна паклалі зброю на выварацень. Жэнька шчоўкала і шчоўкала фотаапаратам, не шкадуючы плёнкі.
Дзед Васіль узяў у рукі карабін, агледзеў уважліва прыклад.
– Гэта мой… Першага свайго і адзінага фашыста я з яго застрэліў.
– Адзінага?
– З гэтага карабіна – адзінага. Потым у мяне аўтамат быў, ППШ. Цяжкі быў вельмі для мяне, плячо балела яго насіць. Але надта ж сек добра…
Карабін адчысцілі збольшага ад зямлі, разглядвалі кожны па чарзе доўга, прымерваючы да сваіх плечукоў сапраўдную зброю.
– Ну, вось, знайшлі… – Віталь прысеў перад зброяй, асцярожна ўзяў у рукі карабін. – А той …партызан пісаў, што ён таксама зброю хаваў… А ў якім прыблізна баку магіла?
– От сяджу і думаю, – адказаў дзед Васіль. – Той хворы партызан не мог далёка адцягнуць трупы. І не думаю, што цягнуў у бок ад увахода. Так што будзем шукаць у гэтым накірунку, – павеў дзед рукой.
– То шукаем?
– Не, робім перапынак, – распарадзілася Жэнька. – Вяртаемся ў лагер, інструменты кідаем тут. Перакусім чаго, а то адзін чай з бутэрбродамі пілі, а ўжо хутка поўдзень. Хто ведае, колькі мы часу магілу шукаць будзем, – патлумачыла яна напрыканцы.
– І так правільна, – падтрымаў яе дзед Васіль. – Не будзем спяшацца.
Відавочна было, што стары надта ўсхваляваны. Гэта зразумелі ўсе, і ніхто не стаў пярэчыць Жэньцы.
Інструменты пакінулі, а карабін – сваю першую знаходку – ўзялі з сабой. І тэадаліт, вядома, Віталь зняў з трыножніка.
На абед патрацілі больш за гадзіну. Крыху адпачылі, ніхто не рваўся ісці – без слоў разумелі, што каманду на гэта павінен даць толькі дзед Васіль.
І сам дзед зразумеў чаканне астатніх. Скурыўшы чарговую сваю смярдзючую цыгарку, падняўся, агледзеў хлопцаў:
– Ну, што, давайце пойдзем шукаць… Цяжкавата будзе: узгорак над магілай даўно асеў, хутчэй невялікая яміна будзе… І камяні тыя ў траве ды пад ігліцай схаваны могуць быць…
У апошніх словах дзеда хутка пераканаліся – лес паўсюдна здаваўся аднолькава роўным. Нідзе не было відаць ні ўзгоркаў, ні аднаго вялікага каменя.
Праз паўгадзіны безвыніковых пошукаў Віталь прапанаваў:
– Слухайце, так шукаць – нічога мы не знойдзем. Застаецца адно: дакладна праходзіць кожны метр.
– Гэта як?
– Проста. Зараз ад зямлянкі возьмем накірунак. Але не па прамой, а вуглом – чым далей ад зямлянкі, тым больш у шырыню. Вызначым дакладна – паставім вешкі..
– Усё ты з гэтымі вешкамі, – незадаволена прабурчаў Віцька. – Так запомнім.
– Не запомнім, – падтрымаў Віталя Сяргей. – Правільна, паставіць вешкі, разбіць гэты вугал на часткі і кожную частку рукамі абмацаць…
– Ого! А часу колькі на гэта пойдзе?
– Колькі не пойдзе, а інакш не атрымаецца. А час у нас не куплены. Будзем шукаць. Затое будзем ведаць, што там, дзе прайшлі, ужо дакладна няма магілы.
Зноў сабраліся ля зямлянкі.
– Ну, даю вугал у дваццаць градусаў, – круціў калёсікамі прыбора Віталь. – Бяжы, Сяргей, вунь да той бярозы крывой… Ты, Віцька, вунь туды, там куст чарнее, а далей я крыкну…
Паставілі па адной вешцы, потым падышлі бліжэй да зямлянкі – самая мінімальная адлегласць, на якой магла быць магіла, паставілі зноў вешкі… Потым па яшчэ адной – між імі і яшчэ па дзве – між гэтымі.
– Ну вось, пайшлі прачэсваць сектары…
У Віцькі быў яго шчуп, у астатніх – ёмкія пруткі. Варушылі траву, узнімалі падазрона прыўзнятыя мох і лісце.
– Камяні ніколі ў зямлю не хаваюцца, – казаў дзед Васіль, разам з усімі “прачэсваючы” першы іх сектар. – Камяні зямля выпіхвае на паверхню. Значыць, нашы не павінны схавацца, павінны ляжаць недзе…
Першы вялікі камень знайшоў Віцька. Тут жа рыдлёўкай пракапалі вакол каменя неглыбокую траншэю кругам.
– Калі тут нехта капаў яму, то зямля на тым участку будзе адрознівацца ад любога іншага месца, – тлумачыў Віталь. – Не, тут няма нічога, бачыце – усюды роўна…
– На ўсякі выпадак потым пройдзем шчупам яшчэ, – прапанаваў Віцька.
– Абавязкова, – махнуў галавой Віталь. – Ды, спадзяюся, не спатрэбіцца…
Усе сектары яны прайшлі, лічы, як тыя грыбнікі, варушачы кожную самую невялікую горку з лісця. І нічога. Вярнуліся да адзінага знойдзенага каменя, шырэй раскапалі траншэю – нічога не паказвала на тое, што раней тут нешта капалі. Віцька шчупам прамацаў зямлю, кожны кавалачак вакол каменя – нічога…
Стомленыя няўдачай, прыселі на выварацень каля зямлянкі.
Маўчалі. Раптам падалося, што іх спадзяванне адшукаць магілу на гэтым востраве – марнае. Што нічога не атрымаецца з іх плана. І што ўвогуле няма ніякай магілы тут, і не было таго дакументу ў Інтэрнэце. І што будзе ім сорамна вяртацца ў вёску. А потым – гэта ж абавязкова! – прыедзе той атрад “Пошук”. У іх, няйначай, і металашукальнік ёсць…
– Чорт, нам бы металашукальнік, – са шкадаваннем працягнуў Віталь. – У пяць хвілін бы ўсё знайшлі.
– Знойдзем і так, – накінулася раптам на Віталя Жэнька. – Бач, падавай яму ўсё, каб не выходзячы з палаткі ўсё адшукаць. Мы і сотую частку яшчэ не агледзелі, а ўжо плакаць.
– А я што? Я нічога… – стаў апраўдвацца Віталь.
У гэты момант Нэла саскочыла з каленяў Жэнькі, падышла да Віталя і, гледзячы прама ў яго твар, нечакана строга загадала:
– Не пач!
– Правільна, Нэла! Малайчына!
Сяргей схапіў Нэлу на рукі, высока падкінуў, прыціснуў да сябе:
– Не плач, Віталь, адшукаем! Праўда ж, Нэла?
– Паўда!
Усе зразумелі, што адбылося – Нэла не проста паўтарыла словы ці гук – яна сказала тое, што сама збіралася сказаць. І гэта раптоўна зменшыла іх агульную няўдачу. І на самай справе – чаго плакаць?
– Разбівай наступны сектар! – усхапіўся Віцька. – Сяргей, ставім вешкі! Бягом!
Ці не подбегам сталі разбіваць наступны ўчастак іх пошукаў.
…Грудку камянёў пабачылі, лічы, ўсе разам – у неглыбокай яміне.
І – застылі перад імі моўчкі, без слоў зразумеўшы, што гэтая яміна – некалішні ўзгорак.
А літаральна ў трох кроках ад гэтых камянёў ляжалі рэшткі адзення, бялелі раскіданыя косткі.
Маўчанне парушыў дзед Васіль.
– Ну, вось і сябры мае… Вось і наш чацвёрты… – паказаў дзед на бялеючыя косткі.
– Гэта… Што гэта? – шэптам спытала Жэнька.
Дзед азірнуўся ў пошуках нечага, пабачыў недалёка паваленую ветрам асіну.
– Хадзем, сядзем. Пакурым, памазгуем…
Маўчалі, пакуль дзед круціў сваю самакрутку, распальваў.
– Не зразумелі, што за косці побач?
– Гэта той Пітэр!? – выгукнуў Віцька.
Ніхто не здзівіўся яго словам – здавалася, што Віцька толькі агучыў іх агульную думку, якая без слоў перадалася ад аднаго да другога.
– Дык гэта тое якраз, аб чым вы нам недагаворвалі? – спытаў Віталь. – Там, калі ў садку казалі.
– Так, тое… – пачаў дзед. – Памятаеце, пра рыбака я расказваў, які моўчкі, ні з кім не загаворваючы, сноўдаўся па Ведзьмінай тоні, а потым толькі лодку я пустую знайшоў? Па часе гэта якраз супадае з тым дакументам, што ты, Віцька, адшукаў. Дзевяць гадоў… Я так і падумаў, што вернецца ён сюды, да сваіх сяброў. Ён і вярнуўся. Адшукаў магілу і… памёр тут. Вось і ўсё, і нічога нам ні выдумляць, ні апраўдваць не трэба – усё чацвёра нашых вяскоўцаў ляжаць тут, на Савіным востраве…