Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня
Сапраўды, пад’ехаў трактар. Перад ім расступіліся, каб стаў як мага бліжэй да разабранага і складзенага ля хаты плыта. У прычэпе было двое мужчын.
– Жэня! – паклікала маці. – Не лезь, там і без цябе пакуль управяцца. Ты кім жадаеш стаць? Вось, рабі здымкі! Дарэчы, вось каб ты сустрэчу Пятра Міклуша з Васілём Яўменавічам сфатаграфавала!
– А я сфатаграфавала! – весела адазвалася Жэнька. – І на дыктафон твой запісала!
Маці ўсміхнулася. Дыктафон, яны вырашылі, патрэбен будзе. І можна не запісваць на паперу падзеі дня, а дыктаваць на касету. Ну, і на ўсякі выпадак. Вось такі, напрыклад.
З пагрузкай справіліся хутка. У прычэп, акрамя мужчын, саміх хлопцаў, дзесяцікласнікаў, яшчэ заскочыла некалькі хлопцаў-вяскоўцаў, сярод іх і аднакласнікі Віцькі і Віталя. Дамовіліся: яны дапамагаюць пераносіць часткі плыта на першы востраў, а за гэта потым ім дадуць паплаваць на плыце па Ведзьмінай тоні.
Крануліся. Сяргей з Нэлай сядзелі побач з Жэнькай. Яны, у адрозненне ад астатніх, глядзелі назад, а не ўперад. Жэнька фатаграфавала: ім махалі на развітанне. І асобна стаяла маці. Яна ганарылася імі – Жэнькай і Віцькам, сама Жэнька гэта асабліва востра адчула сёння.
І яшчэ адну асобную постаць выглядзела Жэнька. Яна таўханула ў бок Сяргея:
– Глядзі! Твая маці…
Сяргей убачыў маці – яна стаяла на сваім надворку, ля студні, закрываючы вочы ад сонца сваёй далонню і гледзячы на іх – на Сяргея і Нэлу. Сяргей нейкі момант вагаўся – памахаць маці, як гэта зрабіла Жэнька сваёй, ці не, потым абхапіў рукамі Нэлу:
– Глядзі, на нас маці глядзіць! Памахай ёй рукой!
Нэла стала махаць. Маці адтуль, ад дома, заўважыла сваіх дачку і сына на трактары, павольна рука яе ўзнялася, і яна стала лёгка памахваць ёй…
Наперадзе ішоў УАЗік Зарэмбы. Дзед Васіль сядзеў на сядзенні разам са старшынёй – паказваў дарогу. За імі павольна рухаўся трактар з прычэпам. За вёскай да іх далучыўся яшчэ адзін трактар – Аркадзь Калюжны.
Да першага вострава – Заікіна – трактары асцярожна падышлі досыць блізка. Калі ўзнікла рэальная пагроза “пасадзіць на вось” трактар, Антон Аўдзееў спыніўся.
– Ху-цць-енька! Разгружаем! Але асцярожна, нічога не паламаць. Складваем, насіць потым будзеце, а то ўлезу ў балота, верталётам не выцягнем…
Разгрузіліся за хвіліны. Дарэчы прыйшоўся і другі трактар – колы гэтага паспела ўсмактаць балота, аднаму – не вылезці. А так усё абышлося.
Пачалася самая цяжкая і нудная частка іх работы: больш за пяцьсот метраў трэба было несці рэчы, зноў вяртацца, зноў несці: па чорнай гразі, па гнілых кладках. Хто разуўся – насіў босы, старэйшыя былі ў гумавых ботах.
Сам Мікалай Рыгоравіч, пакінуўшы УАЗік на бяспечным месцы, разуўся і пайшоў услед за дзедам Васілём. Дзед у высокіх сваіх цяжкіх ботах добра запыхаўся, пакуль узышоў на сухі бераг.
Тоня раскінулася перад імі чорным кругам без адной хвалі. Пад яркім сонцам вада яе здавалася незвычайна халоднай. Урэшце, і Мікалай Рыгоравіч у гэтым упэўніўся, апаласнуўшы ногі з берагу.
– Халодная якая… Якая ж веліч тут, Васіль Яўменавіч… Эх, сюды б на тыдзень які, каб хоць колькі адпачыць…
– А і прыязджай… От плыт будзе, на які востраў заплывеш – ні адно раённае кіраўніцтва не знойдзе. А вада халодная, бо крыніц многа…
– Ат, кіраўніцтва заўсёды знойдзе. А адпачыць тут будзе можна… Ах, які ж тут спакой!
Яно і сапраўды – цішыня была незвычайная, і ўсе міжволі прыглушалі свае галасы.
– Ну, што ж, поспехаў вам! – Мікалай Рыгоравіч паціснуў рукі дзеду, потым Жэньцы – ім абаім ды яшчэ і Нэле не дазволілі нічога пераносіць. – Жэнька, тэлефануй! А ты, Нэла, размаўляць вучыся!
– Доба! – выстраліла літаральна Нэла.
– Значыць, добра!
На ўчастку берага пакрысе вырастала горка будматэрыялаў, асобна складваліся неабходныя ў паходзе рэчы.
Частка 24
Здавалася, блізка, побач востраў і людзей многа, а перанасілі ўсё толькі за гадзіну. Не надта разгонішся па такой сцяжынцы, калі ці не па калена нага лезе ў чорную гразь.
Старшакласнікі яшчэ дзве невялікія вольхі ссеклі, на якія дзед паказаў. Дрэвы падцягнулі да берага, знялі кару, роўна абсеклі сучча, паклалі на беразе паралельна адно аднаму так, каб большая частка кожнага была на беразе, а канец спускаўся да гладзі тоні. Гэта будуць сходні, на іх будзе збірацца плыт, каб можна было яго потым ссунуць ў ваду, бо не такі лёгкі ён будзе, каб можна было панесці!
Пасля шумнага мнагалюднага рання цяпер усе адчулі сябе трохі адзінока: на востраве засталіся дзед Васіль, Жэнька, Віцька, Віталь, Сяргей з Нэлай ды яшчэ вясковыя Андрэй і Толік – яны ўпрасілі, каб ім дазволілі збіраць плыт.
– Ды не перажывайце, мы ж сказалі, што дадзім плыт паплаваць па тоні, – адмаўляўся ад дапамогі Віцька, але тут дзед Васіль заступіўся за хлопцаў:
– Няхай сабе дапамагаюць. Нам не перашкода, а хлопцам усё адно рабіць няма чаго.
– А потым і на плыт папросяцца… – прабурчаў Віцька.ціха, сабе пад нос.
Ён і сапраўды думаў аб тым, што ў апошні момант у іх кампанію яшчэ хто-небудзь дабавіцца. А гэтага не хацелася… Бо Сяргей, Віталь, Нэла і Жэнька – гэта ж ужо свае. А там, на востраве, ім не толькі шукаць трэба, ім яшчэ і думаць, і вырашаць…
Аднак дапамога Андрэя і Толіка была куды як дарэчы: збіраць плыт, хай сабе і па падпісаных яшчэ ў вёсцы частках, набіваць яго адсекі пад лік бутэлькамі, надзімаць дзве камеры, ставіць парэнчы, мацаваць уключыны… Уга, як многа аказалася работы, ды яшчэ дробнай, але неабходнай…
Ледзь управіліся да абеду. Добра, што дзед Васіль камандаваў: ніхто нікому не перашкаджаў, за адну справу ўсе разам не хапаліся.
Ён нарэшце быў гатовы – іх плыт. Нечакана вялікі, ён выглядаў самавіта і надзейна. Так і хацелася ўзысці на роўна ўсланую дошкамі яго паверхню, узяцца за вялікае вясло, апусціць яго ў ваду…
– Ну, з Богам, хлопцы! – скамандаваў дзед Васіль.
Пяць дручкоў падсунулі пад край плыта.
– Раз! Яшчэ раз! Яшчэ – раз!
З кожнай камандай дзеда ўзнімаліся дручкі, і плыт лёгка слізгаў па гладкім альховым бярвенні, бліжэй, бліжэй да вады.
– Яшчэ раз!
Нос плыта ўрэзаўся ў ваду, па роўнай паверхні тоні пакацілася, пабегла далёка-далёка хваля. Кінулі дручкі – так лёгка ідзе плыт, хлопцы ўперліся рукамі – і плыт, цяпер узняўшы яшчэ большую хвалю, увесь апынуўся на чыстай вадзе, памкнуўся наперад, як вырваная на волю жывая істота, ды папярэдне завязаная вяроўчына яго прытрымала.
– Ура! – выгукнула Жэнька, пашкуматала Нэлу. – Крычы ўра!
– Ула! – выгукнула Нэла, трошкі памарудзіўшы і засаромелася, мабыць, свайго голасу – схавала твар у каленях Жэнькі.
Плыт пагойдваўся на вадзе.
– Глядзі, не асеў ніколькі, – з гонарам сказаў Віталь. – Во грузапад’ёмнасць будзе.
– Праверым зараз, – адказаў Сяргей. – Кладзем сходні. Я на плыт.
Сяргей пайшоў да вады, не распранаючыся. Каля краю плыта яму было амаль па пояс.
– Я больш як па калена ў твані стаю, – крыкнуў ён. – І топка вельмі, ногі далей лезуць.
Ён ускараскаўся на плыт. З берага за вяроўчыну плыт падцягнулі ўшчыльную да берага, кінулі сходні. Сяргей прыняў іх, замацаваў на плыце.
– Ну, давайце, правяраем!
Пазаскоквалі адзін за адным пяцёра хлопцаў.
– Га, стаіць як укопаны, – гайсаў ад краю да краю плыта Віталь. – Вось што значыць разлік. Га, Сяргей, як ты добра лічыць умееш!
– Ды ідзі ты! – адмахнуўся Сяргей.
Плыт на самай справе трымаў добра – усе зайшлі на адзін бок, а плыт нахіліўся зусім мала. Бегалі па плыце, падскоквалі, збіраліся разам ля розных бакоў – адным словам, правяралі: ці не хіліцца ў які бок, ці не адышло дзе мацаванне. Усё было добра.
– Есці, – закамандавала з берага Жэнька.
Яна паспела прыгатаваць з таго, што далі ім Ганна Дзмітрыеўна і Пятро Міклуш, вялікі стол на разасланай на траве кляёнцы.
Елі ўзбуджаныя, вясёлыя і – не зводзілі вачэй з плыта, які быццам уліп у чорную ваду, стаяў нерухома, не калыхнецца.
Аказваецца, прагаладаліся добра. Вось што значыць выбраць камандзірам дзяўчыну: не паклікала б – і да вечара не еўшы хадзілі б. А так – вунь колькі было ўсяго: і піражкі, і каўбаса, і бутэрброды, быццам на роту салдат, а дваццаць хвілін не прайшло – і няма нічога.
Сталі заносіць на плыт рэчы. Аж страшнавата стала: гэтулькі ўсяго! Дзве сякеры, тры рыдлёўкі, піла двухручная, малаткі, цвікі – толькі інструменты. А яшчэ вуды, прадукты, посуд, адзенне, палатка… Апошнімі дзед Васіль з Жэнькай і Нэлай зайшлі. Цалкам загружаны плыт адчувальна асеў у ваду, але стаяў цяпер толькі яшчэ больш устойліва.
Апошняя справа на гэтым востраве: Віталь узяў адзін з ім нарыхтаваных калкоў – вешку. Гэта быў калок два метры з нечым вышынёй. Ніжняя частка была пафарбавана адрэзкамі у дваццаць сантыметраў у чырвоную фарбу, верхняя – у такія ж адрэзкі чорнай фарбай. Калок Віталь загнаў у самы край берага на патрэбную яму глыбіню, праверыў, ці роўна ён стаіць.