Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня
– Ну, што там, Васіль Яўменавіч? – запытала Жэнька.
Астатнія прыціхлі.
– Усё будзе добра, – супакоіў усіх дзед Васіль, больш звяртаючыся да Сяргея. – Таго рудога трохі прыпужнулі, кампанію разагналі. Рыгоравіч не адступіцца, раз узяўся, веру я яму. Так што, Сяргей, ёсць у цябе і ў Нэлы абарона.
На нейкі час у садку павісла непрыемнае маўчанне. Нарэшце бадзёра выгукнуў Віцька:
– Так, мы тут забыліся, а заўтра хлеб прывозяць у магазін. Што таму вадзіцелю панясем? Казкі?
Сяргей хацеў быў сказаць, што той вадзіцель і ён – не хлопцаў справа, але зразумеў, што Віцька не адступіцца. І было прыемна… Але сказаў, каб сказаць:
– Я на золку заўтра пайду…
– Ха, ён пойдзе… разам пойдзем, – сказаў Віцька як аб даўно дамоўленым, павярнуўся да Віталя: – Табе бліжэй: бяжы па крупы, Сяргей зварыць кашы, пойдзем падкормім надвячоркам. А я пайду чарвякоў накапаю.
– Іх і тут хапае, – уставіў Сяргей. – Ля хлява некалі гной ляжаў, яны там тлустыя, чырвоныя…
Праз паўгадзіны на “пячурцы” варылася каша, чарвякоў накапалі і цяпер сядзелі на траве вакол невялікага вогнішча, чакалі.
А потым усе разам падаліся на копанку. Пакуль дайшлі, каша астыла, смела кідалі ў ваду звараныя крупы ў тыя месцы, дзе заўтра збіраліся лавіць. На рыбалку дамовіліся ісці а палове шостай. Жэньку ісці адгаварылі – у яе дома спраў хапае, яна прыйдзе пазней. Разам з Нэлай…
Частка 18
Скуру на галаве каменьчык рассек не моцна, крыві многа не было, ранка ўжо зацягнулася, але гузак быў вялікі, і балела ў гэтым месцы нясцерпна. Здавалася – усё жыццё балець будзе.
Ужо другі дзень Эдзік жыў помстай. Ніводнай думкі больш не ўзнікала ў галаве – толькі аб тым, як ён адпомсціць. Колькі самых розных варыянтаў ён перабраў! Праўда, большасць з іх была фантастыкай. Так, салодкая мара. А вось рэальная намалявалася і ўсё ярчэй выяўлялася ў думках адна: атруціць копанку. Грошы ў яго з сабой былі невялікія – маці дала на жуйкі і чыпсы. Ды і пазычыць можна было б. А атруты не праблема набыць у райцэнтры. Копанка невялікая, калі ўзяць штук 50 ампул ад каларадскага жука, то хопіць, каб надоўга сапсаваць гэтым вяскоўцам рыбалку.
Бабуля прынесла вестку: стары дзед Васіль разам з хлопцамі збіраецца рыбачыць на Ведзьмінай тоні. І плыт ужо збіраюцца пабудаваць.
– То ідзі і ты туды, унучак, – прапанавала баба Наста.
– Камароў карміць? – спытаў з’едліва Эдзік, і баба падціснула вусны.
Яна не ведала, як дагадзіць і чым накарміць унука: усё ходзіць пануры, есць слаба. Ужо і ежу яму “гарадскую” купляе: сасіскі, каўбасу вэнджаную. Ёй было трохі крыўдна, што ўнук цэлымі днямі валяецца на посцілцы ў садку пад яблыняй, заткнуўшы вушы навушнікамі, і дрыгае ў такт барадой, але яна маўчала, ні аб чым Эдзіка не прасіла. Бо Тоня, дачка, строга-настрога наказала, каб не ператамляла яе сына – ён слабы зусім і хваравіты. На думку старой жанчыны, Эдзік быў зусім не слабы, а толькі гультай. Але ж то быў адзіны ўнук.
Навіна аб тым, што на плыце гэтая кампанія паплыве на Ведзьміну тоню, казытала непрыемна. Не, не таму, што яго не бяруць і не атрымаецца папаляваць на соў. Ад свайго праекту нарабіць чучал ды прадаць Эдзік адмовіўся – не так проста з рагаткі падстрэліць птушку. А бацька пашкадаваў тады грошай на пнеўматычнае ружжо…
Але паступова разам з казытаннем на душу лягло і прыемнае прадчуванне таго, што Эдзік можа куды больш шырока разгарнуць сваю помсту. Ён праз агароды паўдня цікаваў за буданом Сяргея, бачыў, як там мылі і сушылі бутэлькі…
У кладоўцы старой запаслівай бабы Насты ён знайшоў крыху паржавелую каністру – такой і не бачыў. Пах ад вадкасці ўнутры быў незнаёмы, але відавочна было, што вадкасць – гаручая. Эдзік гэта хутка праверыў. Відаць, гэта была газа, якую на ўсякі выпадак хавала Настуся (і лямпа ў яе незвычайная вісела ля печы – то для яе і была газа). Знаходка ўзрадавала Эдзіка – не трэба будзе ў магазіне купляць які растваральнік, каб лішні раз не пападаць пад падазрэнне.
Ён адліў сабе з каністры бутэльку – гэтага хопіць, каб абліць тыя мяхі з бутэлькамі і дошкі, якія ўжо насцягвалі хлопцы да будана Сяргея. Усё было гатова, адно дачакацца ночы.
Але тут з вечара задажджыла. Дождж быў зусім не летні, дробны і халодны. Хмары густа павіслі над самай зямлёй, сівыя, маркотныя. Зрабілася ўвогуле няўтульна і холадна ў хаце.
“Эх, жмінды, на ружжо грошай шкада, камп’ютэр купіць – праз год…” – успамінаў Эдзік бацькоў. Вось каб зараз камп’ютэр сюды – і дзень як сонца! Уга, яшчэ б гэтыя вясковыя прыдуркі ў яго на парозе поўзалі…
Настрою не было ніяк, хоць ты ваўком завый у гэтай хаце. Тэлевізар абрыд, каб кабельнае тут было, а то – два каналы добра ідуць, і ўсё… А можа, у горад вярнуцца? Але ж маці ў санаторыі, бацька па зменах працуе – суткі дома няма, адразу сказаў, што есці гатаваць не будзе… Ды і сяброў няма, усе раз’ехаліся.
Ат, ёсць у яго чым заняцца. Нікуды бацька не дзенецца, будзе есці гатаваць. А камп’ютэрны клуб ад Эдзікавага дома зусім недалёка. Праўда, грошай толькі на дзень. А бацька не дасць: сказаў, калі хочаш свой камп’ютэр – не прагульвай грошы ў клубе…
“Чорт, пайду да дзядзькі!” – аж падскочыў Эдзік ад думкі. Ну вядома ж, дзядзька Эдзіка – рэдактар газеты, якую сам і заснаваў. У рэдакцыі камп’ютэраў – ажно пяць. І адзін амаль заўсёды свабодны. Ды яшчэ лета цяпер, у водпускі пайшлі. Дзядзька яму колькі разоў казаў – прыходзь, як надакучыць у кватэры, гуляй.
Праўда, дзядзька не такі і просты, як здаецца. Эдзік аднаго разу быў паўдня пагуляў, то назаўтра дзядзька папрасіў нейкі скрутак аднесці ажно ў другі канец горада, ды яшчэ пешкі, ды яшчэ ноччу, лічы! І яшчэ вочы пры гэтым страшныя рабіў: глядзі, каб ніхто цябе не бачыў. І страшна было, але ж не адмовіш, як ужо нагуляўся – бо ў другі раз не пусціць.
Дзядзьку Юрыю (Юрыю Барысавічу, калі правільна казаць) і іншае што па драбязе рабіў Эдзік: то куды патэлефанаваць і, змяніўшы голас, сказаць тое, што было напісана на паперцы, якую яму давалі ў рукі, то за кім пасачыць паўдня: куды хадзіў, з кім сустракаўся…
Эдзік вырашыў ехаць. Паскідаў ў пакет дыскі з запісамі, тое-сёе з драбязы сабраў. Бо як надвор’е стане, ён вернецца, ага, з плытом разабрацца ж трэба! Далёка не паплывяце!
– Баба! Я дадому паеду на тыдзень!
Баба Наста ўздрыгнула – яна стаяла спінай да Эдзіка і рэзала шчаўе. Цэлая гара зялёнага лісця ляжала на стале, пабліскваючы кропелькамі вады.
– А што, унучак, хіба чым не дагадзіла? – спужалася старая.
– Ат, сумна, дождж ідзе. Прыеду, як цёпла будзе. Я на тыдзень. А то ні ў лес, ні на рыбу… – адмахнуўся Эдзік. – Аўтобус праз гадзіну будзе?
– Дык чакай, чакай, я ж не пакарміла цябе, – замітусілася старая. – Во яешню свежую з каўбасой засмажу…
– Ну, давай сваю яешню, – Эдзік кінуў свой пакет на канапу, плюхнуўся сам. – Яешня і яешня, нічога больш не прыдумаеш, – прабурчаў ён ціха, так, што занятая ля газавай пліты баба Наста яго не пачула.
“Трэба будзе грошай у бабы спытаць. Скажу, не хапае. Хай дае, куды яна пенсію дзявае? Колькі дасць. А лішні рубель замінаць не будзе”.
Але спытаць пра грошы Эдзік не паспеў – бабуля сама, як толькі паставіла на стол гарачую патэльню з яешняй і каўбасой, заспяшалася ў сваю бакоўку і вярнулася адтуль з ружовай паперкай.
– На, унучак, на дарогу ды купіш сабе што смачнае, я ж старая, не ведаю, што табе купляць… Вось не дагадзіла, паедзеш, худы зусім, сумны…
Эдзік узяў грошы – ажно дзесяць тысяч! І трохі ніякавата яму стала, што старая так перажывае.
– Ды ўсё добра, усё смачна, проста мне сумна крыху, не прывык я яшчэ…. Вось пабуду тыдзень дома, прыеду на ўсё лета, – казаў Эдзік, перажоўваючы хлеб, а сам думаў аб тым, як проста вырашылася пытанне з грашыма для атруты: тут хопіць, каб два разы ўсю копанку заліць!
Праз паўгадзіны ён падаўся на прыпынак аўтобуса. Ён быў адзін, хто чакаў аўтобус ля старога разлапістага каштана ў такое надвор’е: дождж не ішоў, але ў паветры літаральна віселі драбнюсенькія кроплі вады. Было зусім па-восеньску холадна і цёмна ад нізкіх хмар. Эдзік перасмыкнуў плячыма, уцягнуў галаву ў плечы, хаваючы карак ва ўзняты каўнер курткі. Паправіў кепку, незнарок крануў гузак на галаве, і той адазваўся забытым ужо болем.
Злосць зноў успыхнула ў сярэдзіне грудзей: “Ну, чакайце майго прыезду!”
З-за павароту паказаўся блішчасты ад вады аўтобус. Ад прадчування цёплага і сухога салону стала лягчэй і ўтульней на душы. Ды яшчэ думка аб вяртанні сюды сапраўдным мсціўцам супала са з’яўленнем аўтобуса. “Добры знак”, – падумаў Эдзік.
Паўтары гадзіны да райцэнтра ён спаў – змарыла ад пагойдвання і роўнага вуркатання рухавіка. Ды яшчэ цёпла і зацішна…
Бацькі дома не было. І што маці дома не было, заўважыць можна было адразу: пыл паўсюдна, нямытыя талеркі ў ракавіне і – вось чаго ніколі не пабачыш, як маці дома – попельніца на падаконніку на кухні, а ў ёй – гара недакуркаў.