Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня
– Праўду кажаце, Яўменавіч, – пакусваючы травінку, загаварыў Мікалай Рыгоравіч. – На ўсе сто маеце рацыю. Выправім свае памылкі, абяцаю. Асабіста абяцаю. Усё, што ў маіх сілах, зраблю.
– Ну, то ж... – дзед Васіль супакоіўся, закурыў згорнутую раней цыгарку. – А з чым да нас такой кампаніяй? – ён абвёў гасцей вачыма.
– Дык і па гэтай справе таксама, – Іван Кузьміч кіўнуў на Нэлу. – Вось і Алена Адамаўна як дэпутат. Значыць, умовы жыцця праверым, каб усё дакладна ведаць. Ну, і па магіле... Я сёння ў раёне быў. Ускрываць магілу, значыць, трэба па закону, там ужо ваенкамат будзе займацца. Перазахаванне партызан – справа, разумееш, адказная, каб абы якія косці не пакласці пад помнік...
– Карацей, Васіль Яўменавіч, – перабіў “Бабра” старшыня калгаса. – У адзіночку вам і не справіцца, і закон патрабуе пэўных абставінаў. Давайце мы зробім так: ваш атрад знаходзіць магілу, бо, як я разумею, не так лёгка яе і знайсці будзе. Месяц у вас і ў нас на ўсе справы. Я ўчора пад’язджаў, наколькі можна, да першага вострава... Думаю, трэба будзе рабіць масток метраў на трыста, дзе падсыпаць... Далей будзем рабіць вялікі плыт...
– А ў нас жа ўсё гатова, – і крыўда, і разгубленасць прагучалі ў словах Віталя.
– Не, хлопцы – ваш плыт – для вас. А вось калі трэба будзе магілу раскопваць – трэба некалькі дарослых чалавек на востраў везці.
– Рыгоравіч, Рыгоравіч, – амаль застагнаў Іван Кузьміч. – Ні капейкі грошай, ні цвіка ў мяне, ні дошкі...
– Ведаю. Але ведаю і тое, што 15 дамоў у вёсцы пустуе, у старой лазні дзеці ў хованкі гуляюць, а там дах вось-вось абрушыцца. Да бяды крок... Разбяром лазню – будзе нам і на масток, і на плыт. Не хопіць – яшчэ якую халупу прыбяром. Ну, як вам такі план?
– Добра, няхай так і будзе. За месяц, вядома, усё мы знойдзем, – згадзіўся дзед Васіль. – Паспеем, хлопцы?
– Паспеем, – адказаў за ўсіх Віталь. – Нам бы толькі на востраў хутчэй...
– Хоць заўтра трактар бярыце, – заўсміхаўся Мікалай Рыгоравіч. – Дарэчы, я табе там тэадаліт прывёз, зручней будзе, разумею. Карыстацца ім, думаю, можаш.
– Тэадаліт? – не паверыў Віталь і аж падскочыў ад хвалявання. – Магу!
– Тэадаліт, – пацвердзіў старшыня. – Але, ведаеш, я яго ў будаўнікоў пазычыў на месяц. Паспееш?
– З такім прыборам мы – за два дні!
– Хуткі ты! Пойдзем, дам табе прыбор.
Яны вярнуліся праз хвіліну: старшыня нёс складзены трыножнік, а Віталь, як каштоўную вазу з асабліва тонкага шкла – звычайную прамавугольную металічную скрыначку з ручкай у скрыначцы.
Ён асцярожна паставіў скрыначку на зямлю – убаку ад усіх, перахапіў у старшыні трыножнік, тут жа расклаў яго, з веданнем справы увагнаў ногі трыножкі ў зямлю, з сілай націснуўшы голай пяткай на спецыяльныя выступы. Акуратна раскрыў скрыню, дастаў прыбор, нечым падобны на звычайную падзорную трубу, толькі кароткую і умацаваную ў паралелепіпед з ручкамі, незразумелымі вінцікамі.
Тэадалітам Віталь і на самай справе карыстацца ўмеў. Яшчэ два гады таму меліяратары асушалі адну балаціну. Такі прыбор у іх быў. І Віталь не ўпусціў ні аднаго зручнага моманту, каб зазірнуць у акуляр. А за тузін-другі яблык яму і ўвогуле паказалі прызначэнне кожнага вінціка.
– Ну, зараз паглядзім! – Віталь азартна падміргнуў сябрам, быццам збіраўся паказаць усім самае цікавае кіно на свеце.
І Жэнька з Віцькам, і Сяргей з Нэлай з цікавасцю і захапленнем назіралі за Віталем: так упэўнена ён рыхтаваў прыбор, важна і шматзначна пазіраў у ваконцы, ціснуў на тую ці іншую нагу трыножніка...
– Ну, ты, Віталь, пакуль паказвай апарат, а мы, Сяргей, пойдзем. Калі ты не супраць, правядзі нас да сябе, – сказала нечакана Алена Адамаўна, павярнулася да дзеда Васіля: – Васіль Яўменавіч, хадземце і вы з намі, калі ласка, будзеце за сведку: нам трэба сапраўдны акт аб сапраўдным становішчы жыцця Сяргея і Нэлы скласці.
– Трэба дык трэба, – узняўся дзед.
– Я не пайду! – набычыўся Сяргей. – Правярайце ўсё самі. Там замкоў няма...
Алена Адамаўна разгубілася: яна не чакала такога катэгарычнага адказу: не магла зразумець не проста нежаданне хлопца ісці з імі, а яго відавочнага жадання не быць разам з імі – з камісіяй, якая хоча змяніць да лепшага іх з Нэлай жыццё.
Мы ж памагчы табе хочам...
Нам лепш не стане, калі вы ў будан заглянеце, так што лезьце без мяне.
– Дык не толькі ў будан... – занервавалася Алена Адамаўна. – Мы ўсё абавязаны праверыць. І дом.
– У доме я не гаспадар, – адрэзаў Сяргей. – Там камандуе зэк.
Павісла маўчанне. Віталь прыпыніў настройку тэадаліта. Нешта ўсім стала няёмка.
– Табе ж дабра хочуць, – пачаў быў з сіпатым упікам Іван Кузьміч, усё роўна як тлумачыў дзіцяці аб карысці хлеба. – А ты бы дзіця неразумнае...
– Стойце, стойце... – узняў рукі ўверх Мікалай Рыгоравіч. – Сяргей і Нэла ўсё роўна непаўналетнія, ніякіх подпісаў ім ставіць не трэба... Ты нам, Сяргей, дазваляеш агледзець сваё жытло ў садзе, – спытаў ён зусім сур’ёзна.
– Дазваляю, – адказаў Сяргей так жа сур’ёзна.
– Добра. А ісці з намі ты не хочаш... Дома маці? – ці то пытаўся, ці то сцвярджаў старшыня.
– Дома, – Сяргей адвёў вочы ўбок. – Хеўра там цэлая...
– Так, зразумела…
Мікалай Рыгоравіч палез у нагрудную кішэню, дастаў невялікую рацыю, націснуў кнопку.
– Дыспетчар? Зарэмба. Знайдзіце ўчастковага, тэрмінова. Тэрмінова, кажу! Няхай імчыць, на чым знойдзе, да хаты Васіля Яўменавіча Кароты. Усё...
Ён схаваў рацыю, абвёў позіркам дарослых.
– Ну, пайшлі, пачакаем участковага ля хаты. У дзяцей свае справы, у нас – свае...
Віталь круціў акулярам тэадаліта ва ўсе бакі, нарэшце прыцэліўся ў далёкі адсюль зараснік.
– Так, хто што бачыць вунь на той бярозцы, якая вышэй за ўсіх? – ужо з пераможным выглядам спытаў ён.
– Нічога не відаць, бярозка.
– Так, Нэла, ідзі-ка глянь! – Віталь падхапіў дзяўчынку пад пахі, прыўзняў, даў зазірнуць у акуляр, паставіў на зямлю. – Ну, дакладвай!
Нэла зрабіла напуджаны тварык, раскінула рукі, бы крыльцы.
– Ка-ар!
– Малайчына! – выгукнуў Віталь і, запоўнены шчымлівай, невядомай для сябе раней радасцю, падхапіў зноў Нэлу на рукі. – Правільна! Там варона. Кар-р! Кар-р!
Тэадаліт абступілі, усім хацелася зазірнуць.
– Ой, дык тут жа ўсё уверх нагамі, – расчаравалася Жэнька.
– Так трэба! – аўтарытэтна заявіў Віталь. – Затое адсюль варону зусім не відно, а праз тэадаліт дзюбу разгледзіш. І магу дакладна сказаць, колькі да вароны метраў...
– Ну?.. – недаверліва сказаў Віцька. – Маніш?
– Чаго тут маніць? Прынцып падабенства трохвугольнікаў памятаеш?
– Пры чым тут гэта?
– Ну, для прастаты возьмем прамавугольныя. Калі трохвугольнікі падобныя, то катэт аднаго адносіцца да катэта другога… – прыпыніўся Віталь, глянуўшы на Сяргея, – той з паказной нецікавасцю адвярнуўся ад хлопцаў.
– Ат, давай намалюю!
Віталь хутка нагой працёр месца, дзе сядзеў дзед Васіль – тут трава была вытаптана да роўнай утрамбаванай чарнавата-шэрай зямлі.
– Сяргей, хадзі сюды! – гукнуў Віталь. – Хадзі, я проста патлумачу, бо вам самім калі трэба будзе мяне падмяніць, тут нічога складанага.
Сяргей падышоў, і Віталь стаў тлумачыць:
– Так правядзем прамую – то будзе паверхня зямлі. Тут стаім мы, во кропка – наша вока. Тут – слуп тэлеграфны. Вышыня слупа шэсць метраў, правядзем прамую з канца слупа ў наша вока. Атрымаем трохвугольнік. Цяпер на адлегласць метра ад вока ставім лінейку і глядзім, у колькі сантыметраў умясціўся наш слуп. Скажам, у два.
– А-а, усё зразумела, – заспяшаўся Віцька. – Адносіны катэтаў...
– Чакай, – прыпыніў яго Віталь. – Бачыш, Сяргей, два трохвугольнікі: па дзве іх стараны ляжаць на адной прамой, а трэція – паралельныя. Па правілах такія трохвугольнікі называюцца падобнымі. І ў колькі разоў розняцца вось гэтыя стораны, у столькі ж – усе астатнія.
– Зразумела, – працягнуў Сяргей, уважліва гледзячы на лініі па зямлі. Значыць, калі стоўб шэсць метраў, а па лінейцы два сантыметры… – ён замаўчаў.
– Працягвай, – падбадзёрыў ужо Віцька. – Шэсць метраў – гэта шэсцьсот сантыметраў. Дзелім на нашых два сантыметры.
– Трыста...
– Ну! Трыста. Гэта называецца каэфіцыентам адносінаў. Тады во гэта адлегласць?
– У трыста разоў большая, чым гэта? Так? – асцярожна спытаў Сяргей.
– Вядома!
– Трыста метраў да слупа...
– І плюс метр ад вока да лінейкі. Трыста адзін! – усклікнуў радасна Віталь. – Вось і ўвесь прынцып. На шкале тэадаліта – рыскі. Калі мы паставім вешку ў метр вышынёй на нейкую адлегласць, то глянуў, колькі рысак яна закрывае ў шкельцы, памножыў на каэфіцыент, а ён там запісаны – і адлегласць элементарна вызначана. А ведаеш адлегласць – вызначыш вышыню любога дрэва, вышкі, слупа...
Узрушаныя, яны ўсе вярнуліся да тэадаліта: правяраць усё на практыцы. Захапіліся, не заўважылі, як зайшоў у сад дзед Васіль.
– Ну, што там, Васіль Яўменавіч? – запытала Жэнька.
Астатнія прыціхлі.