Неизвестно - Гапееў Ведзьміна тоня
– Вядома, маўчым! – загарэўся Віталь. – уяўляеце, што будзе, калі мы вернемся з тоні і раскажам, што адшукалі магілу партызан!
І раптам сам засаромеўся свайго прадчування славы. Зніякавела дадаў:
– Ну, мы ж не таму, каб праславіцца, туды плывём… Так атрымалася…
Дзед кашлянуў, усе запытліва ўтаропіліся на яго.
– Вось што, мальцы… Паслухайце мяне, старога. Няхай Віцька адшукаў там дакумент у сваім камп’ютэры. Адно мы можам сказаць: у тым дакуменце кажацца аб тым, што на Савіным востраве пахаваны партызаны. А колькі пахавана – гэта іншая справа. Што за дакумент? Ну, успаміны некага. Дарэчы, атрад наш збіраўся пасля блакады тыдні два. А нехта і ў іншым атрадзе аказаўся. І той, хто не з намі быў, мог нешта пра пахаванне ведаць. А лёс людскі – заблытаны… Так што… не будзем хлусіць і ад людзей такую навіну цалкам хаваць. Але і разносіць яе па вёсцы няма сэнсу. Не ўсякаму, хто пытае, адказваць трэба. А адказваючы, пра тое кажы, пра што пытаюць. А пра што не пытаюць – пра тое і прамаўчы. Тады не трэба будзе нікога падманваць. Ну, як, прымаеце такі план?
– Гэта тое, што і трэба!
– Правільна, Васіль Яўменавіч.
– Вось і добра…
– Значыць, ведаем мы сёння, што на Савіным востраве ёсць магіла партызан. І больш нічога, – і нечакана спытаў: – Віцька, колькі год таму было гэта напісана?
– Напісана, што матэрыял надрукаваўся дзевяць год таму.
– Дзевяць, значыць… – стары задумліва паўтарыў: – Дзевяць год…
Віцька з Жэнькай зазбіраліся дадому – трэба было яшчэ шмат спраў зрабіць па гаспадарцы.
А Віталь пабег дахаты па другой прычыне – маляваць схему Ведзьмінай тоні і складаць план дзеянняў.
К вечару ён прыйшоў да Сяргея ўжо з аркушам паперы ў руках.
Частка 15
– Пастаяннае месца стаянкі мы зробім на Заечым востраве, – Віталь расклаў на зямлі прыблізны накід плана Ведзьмінай тоні.
Ён гаварыў аб іх будучым паходзе на Ведзьміну тоню сапраўды як ваенны камандзір аб плане стратэгічнай аперацыі: кожнае слова, адчувалася, было прадумана і пралічана.
– У першы дзень на Заікіным ставім вешку – гэта слупок такі, два метры вышынёй, з рыскамі-адзнакамі. Потым – на Заечы. Там разбіваем лагер, начуем. Назаўтра плывём на Савіны востраў – там робім вешку і займаемся пошукамі магілы. Там і начуем. Пасля здымаем рэльеф Савінага вострава. Потым адвозім Васіля Яўменавіча дахаты. Зноў начуем на Заечым востраве. Пасля наведваем усе астатнія астравы, бяром азімуты, вымяраем адлегласці. За тры дні ўправімся. Ну, а рыбачым зранку і вечарам, там, дзе лепш кляваць будзе. Солі я прынёс, посуд для рыбы гатовы, астатняе збіраем...
Дзед Васіль усміхнуўся сам сабе, пыхкаючы раз-пораз смуродным дымам. Сядзелі пад яблыняй у садзе дзеда, елі яблыкі.
– Ну, не будзем далёка загадваць, – прытрымаў дзед Васіль планы Віталя. – Раптам дождж, тое ды сёе... Ты бацьку казаў, каб пад’ехаў?
– Ага, я яму патлумачыў, што трэба. Ён абяцаў сёння ў старшыні папытаць і вечарам пад’едзе да нас, каб дамовіцца, – дакладваў Віталь. – А добра, што вы з намі! – не змог хаваць радасці ён. – Мяне ні за што б не адпусцілі аднаго ці нават з кім, калі б без дарослых.
– Ну, добра, – яшчэ нешта хацеў сказаць дзед, але тут з боку вуліцы пачуўся характэрны піск тармазоў.
– Старшыня прыехаў... – зазначыў са спалохам Віталь, быццам прыезд старшыні мог нейкім чынам паўплываць на іх планы.
І як адчуваў!
На самай справе праз хвіліну ў садок зайшоў старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч. Насустрач яму падняўся дзед, і хлопцы паўскоквалі.
– Ды сядзіце, Васіль Яўменавіч, – старшыня хутка падышоў, моцна паціснуў руку дзеда Васіля. – Здаровы былі, хлопцы, – ён працягнуў руку Віталю: – Вітаю, юны географ! А з табой давай знаёміцца: Мікалай Рыгоравіч Зарэмба, старшыня калгаса, – ён працягнуў руку Сяргею.
Сяргей таропка церануў далонь аб штаны:
– Сяргей. Корзун... – і нехаця дадаў: – Зойчын, калі па-простаму...
– Зоі Корзун? – Мікалай Рыгоравіч кіўнуў у бок хаты Сяргея.
– Так.
На нейкае імгненне вочы старшыні сталі сур’ёзна задуменнымі.
– Ну, добра, рэшым і там... – Мікалай Рыгоравіч азірнуўся вакол: – Прысесці дазволіце, Яўменавіч? І яблык з’есці, паверце, у гэтым годзе не еў...
– Ды сядайце сабе, – дзед Васіль сеў сам, кіўнуў старшыні на другі зэдлік. – Падай, Сяргей, кошык Рыгоравічу...
– Такая справа, – пачаў старшыня, адкусваючы яблык. – Няма мётлаў у мяне, Яўменавіч. А на ферме без мятлы... Зарасцем смеццем. Вось і прыйшоў да вас: у вас, бачу памочнікі ёсць, то звязалі б мне, ну, штук з дваццаць пакуль. А ўсяго недзе паўсотні трэба, няхай будуць на запас... Работу, зразумела, аплачу.
– Ну, мятла – справа няхітрая. За сёння-заўтра, я думаю, з дапамогай хлопцаў зробім два дзесяткі.
– От і добра. Я скажу загадчыку фермы, каб заўтра к вечару да вас заехаў, так?
– Няхай заязджае, – кіўнуў дзед Васіль і паглядзеў на Віталя з Сяргеем: – Што, хлопцы, дапаможам? Не перажывайце, наша справа не ўцячэ, паспеем.
– Тады – да пабачэння, – лёгка ўзняўся з зэдліка старшыня, паглядзеў на яблыкі і не ўтрымаўся: – Вазьму з сабой пару, надта смачныя! – і засмяяўся.
У гэты час у садок зайшлі баба Адарка з Нэлай.
– Дзень добры! – павітаўся Мікалай Рыгоравіч. – Унучка?
Ён прысеў перад Нэлай, хітравата прыжмурыўся:
– Ну, як завуць такую прыгажуньку?
– Добрага здароўечка, – павіталася баба Адарка. – Не ўнучка, гэта сястрычка вось Сяргея. Не размаўляе яна, Рыгоравіч... Як злякалася з маленства, цяпер маўчыць.
– А дзе напужалася?
– А сярод п’яніц і даросламу чалавеку страшна, – махнула ў адчаі рукой баба Адарка. – А дзіця напужаць – ці многа трэба.
– Так, – зноў спахмурнеў старшыня. – Ты цяпер сястру глядзіш? – павярнуўся ён да Сяргея.
Той моўчкі кіўнуў, а Нэла падбегла да Сяргея, абхапіла за нагу і выглядвала з-за хлопца, з цікавасцю сочачы за старшынёй.
– Так, – яшчэ раз паўтарыў Мікалай Рыгоравіч. – Разбярэмся.
Ён ужо зрабіў крок, каб ісці, ды павярнуўся да дзеда Васіля.
– Яўменавіч, я Антону Аўдзееву дазволіў пасля работы. Вам там нешта завезці некуды трэба?
– Ды з хлопцамі вось задумалі... Дзякуй, Рыгоравіч.
– І што задумалі, калі не сакрэт? – спытаў старшыня хутчэй з ветлівасці, чым цікавячыся.
– Плыт мы рашылі пабудаваць. І на Ведзьмінай тоні паплаваць.
– Плыт? На Ведзьмінай тоні? Гэта... Гэта ў балоце? – здзіўленне і недавер гучалі ў словах Мікалая Рыгоравіча. – Вы сур’ёзна?
– А што ж, сур’ёзна, – крэкнуў дзед Васіль, дастаў сваю бляшанку з тытунём, але адклаў яе ў бок. – Сяргей вось рыбы налавіць хоча, Віталік – астравы на карту накласці, а я – сяброў сваіх наведаць.
– Якіх сяброў?
– Ды было ў вайну: у час блакады невялікі наш атрад ад немцаў адарваўся, два месяцы ў балоце на востраве прасядзелі. Галадалі, толькі рыбай харчаваліся... Чацвёра там засталіся, і аднагодак мой... Вось... Паплывём, магілу, можа, адшукаем... Шэсцьдзесят год прайшло... Крыж паставім, ці помнік – ваенным жа помнікі ставіць трэба... Ссячом адзін дубок. Пакуль вось рукі сякеру трымаюць ды памочнікі вось адшукаліся...
– Ну, справы... Шэсцьдзесят год на магіле ніхто не быў?
– А як тут пабудзеш? – развёў рукі дзед Васіль. – То во нядаўна асушылі, дык да першага вострава дайсці можна стала. А раней – багна усюды... Ды толькі цяпер во даведаліся хлопцы, што ёсць пахаваныя на адным востраве. Раней думалі – у багне прапалі…
– Справа... – працягнуў задумліва старшыня. – Азадачыць вас ехаў, а вы мне толькі задач наставілі...
– Ды што вам клапаціцца, Рыгоравіч? Вось бацька Віталі нам сёе-тое падкіне, наколькі можна да вострава, там перанясём, ды ўсе справы...
– Не, Яўменавіч, не ўсе гэта справы, – адмоўна і цвёрда пакруціў галавой старшыня. – Гэта ўвогуле не справа, калі магілу партызан раз у 60 год наведваюць, калі яны ў балоце пахаваны... Вы не думалі, каб перазахаваць? – нечакана спытаў ён.
– Перазахаваць?.. – задумаўся на хвіліну дзед Васіль і ўзяўся ўсё ж круціць сабе цыгарку. – Яно б было правільней, – загаварыў ён, набіваючы тытунь у паперу. – Усе ж нашы землякі, вяскоўцы…
– Ну, тады два дні вы пачакаеце, мётлаў мне навяжаце, а за гэты час мы абмазгуем справу больш сур’ёзна. Да пабачэння, бывайце, хлопцы.
Загуў матор, у садзе зноў стала ціха. Дзед Васіль аб нечым думаў, зацягваючыся тытунём. Нарэшце ён дакурыў, глянуў на прыціхлых Сяргея і Віталя.
– Што, мальцы, здаецца, пачалі мы з нічога, а справа аказалася вунь якой... Ну, будзем жыць – пабачым. А цяпер давайце пакуль мётламі зоймемся. Значыць, за вёскай, там дзе сметнік, маладыя бярозкі параслі... то дам я вам два вялікія нажы. Насечаце мне голля. Я пакуль ручкі для мётлаў пашукаю. Акуратна голле сячыце, бярозак не глуміце, ніжняе толькі... З ранку заўтра прыходзьце…
– От, стары, няма табе спакою, – з лёгкім асуджэннем прагаварыла баба Адарка. – Сядзеў бы ды яблыкі рэзаў...
– Парэжам і яблыкі, – адмахнуўся дзед Васіль. – Зробім усё, абы было здароўе...