Міхась Кацюшэнка - Прызнанне левага крайняга
— Толькі не трэба тут займацца нашым выхаваннем. Усё ж такі Рым... Вечны горад...
— Дурань. Я дамовіўся з фірмачом. Сорак працэнтаў скідка. Заўтра ўсё будзе запакавана... А з шампанскім завязвайце...
— Я не сумняваўся ў вашым таленце, грамадзянін начальнік, і гэты бакал вып'ю за вас,— не звяртаючы ўвагі на ягоныя словы, сказаў Юрка.
Гаманюк назаўтра і сапраўды запакаваў як след...
Мы ехалі ў аўтобусе. Настрой ва ўсіх быў цудоўны. Ды яшчэ перакладчык у дадатак увесь час цытаваў газету, дзе нас распісвалі як класную каманду ў краіне, дзе ніколі не маглі гуляць у сапраўдны футбол... Але самае нечаканае было наперадзе. Калі хто б мог сказаць пра гэта крыху раней, я б паслаў таго чалавека вельмі далёка. Пасля гульні ў ФРГ у нумар, дзе мы жылі з Юркам, пазванілі. Я зняў трубку:
— Слухаю...
— Добры дзень. 3 вамі размаўляе старшы трэнер «Барселоны». Мне б хацелася паразмаўляць з вамі.
— Вы, мабыць, пераблыталі нумар тэлефона.
— Я размаўляю з Канстанцінам Паўловічам?
— Так.
— Значыцца, я нічога не пераблытаў,— пачуўся ў трубцы крыху сіплаваты голас.— Я знаходжуся недалёка. Вы заходзьце ў бар. Я вас пазнаю.
— Добра,— я павесіў трубку.
У бары было пуста. Толькі адзін чалавек сядзеў ля стойкі — спартыўнага выгляду, гадоў пяцідзесяці.
— Добры дзень, Канстанцін,— сказаў ён і працягнуў мне руку.— Маё імя Альбен Хорн.
Акцэнт у яго быў падобны на прыбалтыйскі.
— Альбен Хорн? — здзівіўся я.
— Так, гэта я. Некалі пра мяне таксама шмат пісалі.
I «Шпігель» друкаваў партрэты на вокладцы. Але гэта было даўно... Я бачыў вас у некалькіх гульнях. Давайце паразмаўляем у маёй машыне. Вы не супраць?
Я згадзіўся.
Мы выйшлі з гатэля. Хорн расчыніў перада мной дзверцы залацістай «Вольвы».
Машына кранулася з месца.
— Не хвалюйся,— ён перахапіў мой позірк.— Мы скора вернемся.
— Я не хвалююся.
— Многія вашы ігракі зараз гуляюць на Захадзе. Вы пайшлі на гэта. Вы вялікія, але ў вас усё яшчэ не хапае грошай. Спорткамітэту патрэбна валюта... Вашы ігракі хоць і добрыя, але старыя. Вам васемнаццаць... Вы можаце стаць вядомым, паверце майму вопыту, такім, як Пеле, Марадона, мой былы сябар па камандзе Бэкенбаўэр...
Я адвёў позірк ад прабягаючых за акном вышынных дамоў.
— Такім можна стаць і ў нас.
Хорн рассмяяўся.
— Вы памыляецеся, Канстанцін. Гэта немагчыма.
— Чаму?
— Патрэбна рэклама. А вы гэтага не ўмееце рабіць. У нас вы атрымаеце сапраўдную школу прафесійнага футбола.
Хорн змоўк, машына выехала на шырокую вуліцу, развярнулася.
— Цяпер мы вернемся да вашага гатэля,— сказаў Хорн,— вы падумайце... Кантракт на тры гады — мільён долараў. I гэта без страхоўкі, якую вы атрымаеце ў выпадку пашкоджання...
Ён схіліўся і з-пад шкла машыны паглядзеў на неба.
— Глядзіце, яно неабсяжнае... Адзінае на ўсіх... У яго няма межаў. Гэта палітыкі прыдумалі бар’еры, межы. У нас на Захадзе ў спорце межаў не існуе. Кожны сам вырашае, дзе яму жыць, у якой краіне гуляць. Я ведаю канадскага аглядальніка. Ён калісьці з’ехаў з Ленінграда... Яго называлі ворагам, пісалі пра яго чорныя артыкулы. Цяпер ён ездзіць да родных, яны — да яго. Ён вельмі багаты, напісаў шмат кніг пра спорт, зняў фільмы. Да канца свайго жыцця ён можа жыць вельмі спакойна... I, галоўнае, бязбедна... Пры жаданні ён можа вярнуцца на Радзіму. А вы такі малады... Трэба адно — умець прыняць правільнае рашэнне.
— Дзякуй за прапанову,— адказаў я.— Адзін з лепшых клубаў у свеце... Гэта, канечне, выдатна... Але ж я афіцэр, служу ў арміі...
Хорн усміхнуўся.
— Не спяшайцеся з адказам. Гэта можна будзе ўладкаваць. Ведаеце колішнюю гісторыю з Блахіным? Ён згуляў за мяжой два тэрміны.
Машына спынілася, я адчыніў дзверцы.
— Пачакайце,— спыніў мяне Хорн.— Я ведаю, што вы, рускія, тут, на Захадзе, звычайна абмежаваныя ў сродках. А дома чакаюць падарункаў...
Ён дастаў з кішэні чэкавую кніжку, распісаўся, адарваў чэк, працягнуў яго мне.
— Вазьміце, гэта чэк на дзве тысячы долараў.
— Прабачце, але я не вазьму,— адказаў я.— Я прывучаны атрымліваць толькі заробленыя грошы.
— А вы мне падабаецеся,— сказаў Хорн.— Я хацеў бачыць вас у нашым клубе.— Да сустрэчы ў Маскве!
Я выйшаў з машыны.
Калі я ўвайшоў у пакой, Юрка здзівіўся:
— У цябе чырвоны твар. Дзе ты быў?
Я нічога не адказаў.
Мы ўвайшлі ў нумар да Чэрчанкі.
— Я тут надыбаў адно месца. Калі возьмем штук пяць — гаспадар скіне па трыццаць працэнтаў.
— Выдатна,— сказаў Юрка.— Калі пойдзем?
— Хоць зараз. Я вас чакаю. Яшчэ парачка нашых...
— А гэты герой зараз на такой тачцы пад’ехаў...— ён махнуў галавой у мой бок.
— На тачцы?! — здзіўлена вымавіў Юрка.
— Гэта Хорн. 3 «Барселоны»,— сказаў я.
— Сам Хорн?! — бровы Булыгі папаўзлі ўверх.
— Альбан Хорн...
— Аўтограф хацеў узяць? — спытаў Юрка.
— Кантракт прапаноўваў. Гаварыў, будзе размаўляць з кіраўніцтвам.
Чэрчанка ўскочыў з месца:
— Шанцуе табе, малы... Уяўляеш, што гэта такое?! Але не пусцяць. Дачакаюцца, пакуль ты састарэеш.
Юрка пахітаў галавой.
— Могуць пусціць. Час іншы... Долары краіне патрэбны...
— Знаўца эканомікі, прафесар Юрка! — усклікнуў Чэрчанка.— А ты што ж? — спытаў ён у мяне.
— Адмовіўся... Ён яшчэ чэк прапаноўваў.
Юрка ўскочыў з месца:
— На колькі, пакажы?
— Я не ўзяў.
— Не ўзяў?! Ну і дурань... Пашкадаваў бедненькага Хорна. Ды ў яго гэтых чэкаў як у дурня махоркі...
— Тут ты, хлопец, трапіў у лужыну,— спакойна сказаў Чэрчанка. - Зараз бы гэтыя бабкі ў такую справу запусцілі... Пайшлі... Хорна ўсё роўна не вернеш...
Час ад часу ў мяне з’яўляецца думка: «А чаму я не згадзіўся...»
Але я ганю яе прэч. Нават цяпер.
Я праваляўся на ложку да абеду, потым сышоў у сталоўку (папрасіў Станіслава Пятровіча, каб мне больш не насілі ежу ў пакой — я не хворы). Самая звычайная публіка, у асноўным сямейныя парачкі з дзецьмі. Прыехалі адпачываць, набірацца сіл. А што тут раблю я? Апетыту не было ніякага, але я па інерцыі (інтэрнатаўская звычка) ачысціў усё, што было на талерках. На зборах я таксама вызначаўся нядрэнным апетытам, бо ведаў, дома мяне ніхто не чакае і давядзецца клапаціцца пра сябе самому. Быў, праўда, момант...
Стоп, толькі не пра гэта.
Я выходжу на вуліцу, раблю некалькі кругоў пешшу наўкруг англійскага газона і стараюся дыхаць раўнамерна, глыбока. Паветра тут, ля самай Масквы, і сапраўды незвычайнае, амаль крыштальнае. У кішэні знаходжу ключ, на бірцы якога гравіроўка «ЛФК». Як ён апынуўся ў мяне? Калі, цікава, Станіслаў Пятровіч паспеў падкінуць мне яго? А чаму б і сапраўды не папрацаваць на трэнажорах? Іду ў другі корпус, падымаюся ў залу, уключаю магнітафон. Тут шмат мячоў, праўда, не футбольных, а для заняткаў гімнастыкай, але для мяне няма розніцы. Пачынаю рабіць з імі розныя практыкаванні — падбіваю мяч абедзвюма нагамі, перакідваю на галаву, наадварот. Я магу рабіць гэта гадзінамі без ніводнага збою. Спрабую весці адразу два мячы — левай і правай нагой адначасова. Неўзабаве пакрываюся потам, пераходжу на трэнажоры, рухі на якіх нагадваюць грэблю на лодках. Гэта карысна для прэса, мышцаў спіны, рук. Бягу да ракі і купаюся з вялікай асалодай. Не адчуваецца, як гэта было раніцой, што вада халодная, амаль сцюдзёная. На мяне са здзіўленнем паглядаюць некалькі чалавек. Сярод іх дзяўчына з надзвычай ганарыстым, як мне здалося, выглядам — доўгая шыя, гладка зачэсаныя валасы і позірк, як у птушкі. Здаецца, я ужо недзе бачыў яе.
У сваім пакоі абціраюся ручніком, змочаным у гарачай вадзе, бяру часопісы і, каб быць далей ад ложка (немагчыма ж столькі спаць!), накіроўваюся ў былы гасціны пакой графа — сцены абабітыя дубам з рознымі ўпрыгожаннямі (усё гэта ўласныя работы былой гаспадыні замка), раяль у кутку, мяккія крэслы. У рэдкія прыезды да Станіслава Пятровіча я люблю бываць у гэтым пакоі.Чуюцца гукі музыкі. Мелодыя вельмі знаёмая, я не магу адразу ўспомніць, чый гэта твор. Ад маці мне перадалася любоў да музыкі, аднак у мяне поўная адсутнасць элементарных музычных ведаў, я слухаю і ўспрымаю класіку інстынктыўна, як кажуць, пад настрой, не больш. За раялем дзяўчына з ганарлівым позіркам, у крэслах некалькі паўсонных чалавек. Пануе непаўторны дух даўніны, спакой. «Якая ж гэта мелодыя»,— думаў я, сеўшы ў крэсла. Мне здаецца, што гэта «Сэрца паэта» Грыга. А можа, я памыляюся. Я слухаю музыку і адчуваю, як знікае сённяшні дзень, і людзі з гасцінай, і дрэвы за шырокім акном раптам робяцца іншымі, я — таксама. Адбываецца нешта незразумелае, таямнічасць запаўняе душу, і яна імкнецца следам за гукамі музыкі ў бязважкасць... Я пачынаю думаць пра тое, што ніколі не можа здзейсніцца. Мне часта ўяўляецца (асабліва ў снах), што маці не памерла, адбылася памылка, не больш, вось яна прыходзіць у нашу кватэру, а мы з братам, абодва дарослыя, сённяшнія, а не ўчарашнія хлапчукі, кідаемся ў яе абдымкі, расказваем пра тое, як мы жывём, перад нашымі вачыма пераліваюцца яе незвычайнага колеру валасы, свецяцца дабрынёй вочы, і няма больш шчаслівых людзей на свеце, чым мы. Я закрываю вочы і бачу, бачу маці.