Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)
Тэлегляд на хвiлiну зацiх. Ўiнстан зноў падняў галаву. Навiны! Але ж не, проста памянялася музыка. Уваччу ў яго стаяла карта Афрыкi, на якой схематычна быў пазначаны рух войскаў: чорная стрэлка нястрымна рвецца на поўдзень, белая мкне на ўсход праз хвост першай. Каб супакоiцца, ён падняў вочы на партрэт з непарушным тварам. Цi можна было сабе ўявiць, што другой стрэлкi ўвогуле не iснуе?
Яго ўзрушанасць суцiхла. Ён выпiў яшчэ адзiн глыток джыну, узяў белага каня i зрабiў спробны ход. Шах. Але ход быў вiдавочна няслушны, бо...
У яго ў думках мiжволi ўсплыў даўнi ўспамiн. Ён убачыў асветлены свечкай пакой з вялiкiм ложкам, укрытым белай падшыванай коўдрай, i самога сябе, хлопчыка гадоў дзевяцi-дзесяцi, якi сядзiць на падлозе, трасе скрыначку з кубiкамi i шчаслiва смяецца. Насупраць яго сядзiць мацi i таксама смяецца.
Гэта адбылося прыблiзна за месяц да яе знiкнення. Гэта былi часы прымiрэння, калi галоднае ныццё ў жываце было забыта, а яго колiшняя любоў да яе на нейкi час аджыла зноў. Ён добра памятаў той дзень, пахмурны i дажджлiвы дзень, калi вада цякла ручаiнамi па шыбах i ў пакоi было так цёмна, што немагчыма было чытаць. Дзецям было нясцерпна нудна ў цьмяным цесным пакойчыку. Ўiнстан енчыў i бурчаў, марна просячы есцi, сноўдаўся па пакоi, раскiдваў рэчы, абiваў нагамi шалёўку, пакуль суседзi не пачалi калацiць у сцяну, а малая сястрычка тым часам сядзела i цiха плакала. Урэшце мацi сказала: "Ну, не плачце, я куплю вам цацку. Прыгожую цацку - вам спадабаецца", i пайшла ў самы дождж у маленькую крамку побач з домам, якая яшчэ час ад часу працавала. Вярнулася яна з кардоннай скрынкай з гульнёй "Змейкi i лесвiцы". Ён усё яшчэ памятаў пах мокрага кардону. Гульня была ўбогая. Дошка была патрэсканая, а маленькiя драўляныя кубiкi так кепска вытачаныя, што не клалiся на бакi. Ўiнстан панура i без цiкавасцi глядзеў на падарунак. Але мацi запалiла свечку, i яны селi на падлогу гуляць. Хутка ён ужо ў дзiкiм захапленнi крычаў i смяяўся, калi фiшкi безнадзейна караскалiся па лесвiцах i саслiзгвалi ўнiз па змейках, вяртаючыся на зыходныя пазiцыi. Яны згулялi восем разоў, кожны выйграў па чатыры партыi. Сястрычка, яшчэ занадта малая, каб зразумець сэнс гульнi, сядзела, абапершыся на валiк, i смяялася, бо смяялiся iншыя. I ўвесь вечар яны былi шчаслiвыя разам, як некалi раней.
Ён выгнаў з думак гэты вобраз. Гэта быў фальшывы ўспамiн. Такiя фальшывыя ўспамiны час ад часу яго наведвалi. Але, ведаючы, чаго яны вартыя, можна было не хвалявацца. Нешта калiсьцi адбылося, а нешта не адбылося нiколi. Ён павярнуўся да дошкi i зноў узяў белага каня. I ў тую самую хвiлiну конь выпаў у яго з рукi, грукнуўшыся аб дошку. Ўiнстан здрыгануўся, нiбы ўколаты iголкай.
Пранiзлiвы гук фанфараў прарэзаў паветра. Гэта быў выпуск навiн! Перамога! Фанфары перад навiнамi заўсёды азначалi перамогу. Па кавярнi нiбы прайшла электрычная хваля. Нават афiцыянты здрыганулiся i наставiлi вушы.
Фанфары абудзiлi неверагодны шум. Узрушаны голас ужо нешта балабонiў з тэлегляда, але не паспеў ён пачаць, як патануў у буры радасных крыкаў з вулiцы. Навiна з дзiвоснай хуткасцю разляцелася па горадзе. З таго, што ён мог разабраць у сказаным з тэлегляда, ён зразумеў: адбылося тое, што ён прадбачыў: патаемна сабраная i перакiнутая па моры магутная армада, нечаканы ўдар па супрацiўнiку з тылу, белая стрэлка адрэзала хвост чорнай. Урыўкi радасных сказаў прабiвалiся праз гаману: "Шырокi стратэгiчны манеўр - дасканалая каардынацыя - канчатковы разгром - паўмiльёна палонных - поўная дэмаралiзацыя - кантроль над усёй Афрыкай - вайна адчувальна наблiзiлася да канца - перамога - найвялiкшая перамога ў гiсторыi чалавецтва - перамога, перамога, перамога!"
Ўiнстанавы ногi мiжвольна торгалiся пад сталом. Ён не зрушыўся з месца, але ў думках ён бег, бег што было моцы, ён быў з натоўпам на вулiцы i аглушальна крычаў ад радасцi. Ён зноў паглядзеў на партрэт Вялiкага Брата. Волат, якi асядлаў планету! Скала, аб якую разбiлiся азiяцкiя орды! Ён падумаў, што яшчэ дзесяць хвiлiн таму - так, усяго дзесяць хвiлiн - ён усё яшчэ сумняваўся ў душы, не ведаючы, якую вестку прынясуць навiны з фронту перамогу цi паражэнне. О, было пераможана штосьцi большае за эўразiйскую армiю! Шмат што змянiлася ў iм з таго першага дня ў Мiнiстэрстве Любовi, але канчатковая, неабходная, збаўчая змена адбылася толькi цяпер.
Голас з тэлегляда яшчэ нешта казаў пра палонных, пра трафеi i пра страты, але крыкi на вулiцы ўжо трохi суцiхлi. Афiцыянты вярнулiся да сваёй працы. Адзiн з iх падышоў з бутэлькай джыну. Ўiнстан, акунуўшыся ў шчасныя летуценнi, не заўважыў, як напоўнiлася яго шклянка. Ён ужо болей не бег i не крычаў. Ён зноў быў у Мiнiстэрстве Любовi, усё было прабачана, душа ў яго была чыстая, як шкельца. Ён быў на лаве падсудных, ён прызнаўся ва ўсiм, ён выдаў усiх. Ён iшоў па калiдоры з белымi кафлянымi сценамi, з адчуваннем, што гуляе пад сонцам, а ззаду iшоў узброены ахоўнiк. Доўгачаканая куля прабiла яму галаву.
Ён паглядзеў на вялiзны твар. Сорак гадоў пайшло ў яго на тое, каб даведацца, што за ўсмешка хавалася за чорнымi вусамi. О, прыкрае недарэчнае непаразуменне! О, упартае самавольнае выгнанне ад дарагога ўлоння! Дзве прапахлыя джынам слязiны скацiлiся па шчоках. Але ўсё было добра, усё было выдатна. Змаганне завяршылася. Ён перамог самога сябе. Ён любiў Вялiкага Брата.
ДАДАТАК
Прынцыпы навамоўя
Навамоўе было афiцыйнай моваю Акiянii. Яно было распрацавана дзеля забеспячэння iдэалагiчных патрэб Ангсоцу, або Ангельскага Сацыялiзму. У 1984 годзе не было яшчэ нiкога, хто б карыстаўся навамоўем як адзiным сродкам вусных i пiсьмовых зносiн. На навамоўi друкавалiся рэдакцыйныя артыкулы ў "Таймз", але гэта было складанай працай, на якую былi здатныя толькi спецыялiсты. Меркавалася, што навамоўе канчаткова заменiць старамоўе (цi лiтаратурную (ангельскую) мову, як бы мы яе назвалi) да 2050 года. Пакуль жа навамоўе паступова заваёўвала ўсё новыя пазiцыi, i сябры Партыi ўсё часцей ужывалi навамоўныя словы i граматычныя канструкцыi ў штодзённых размовах. Варыянт, ужываны ў 1984 годзе i замацаваны ў Дзевятым i Дзесятым выданнях Слоўнiка Навамоўя, быў толькi часовым варыянтам, у якiм было яшчэ шмат лiшнiх слоў i архаiчных формаў, што пазней мусiлi быць скасаваныя. Разгледзiм цяпер канчатковы, удасканалены варыянт, пададзены ў Адзiнаццатым выданнi Слоўнiка.
Мэтаю навамоўя было не толькi забяспечыць сродкамi выказвання светапогляд i разумовыя звычкi прыхiльнiкаў Ангсоцу, але i зрабiць немагчымым любы iншы лад мыслення. Лiчылася, што калi ўжо навамоўе будзе раз i назаўсёды прынятае да ўжытку, а старамоўе будае забытае, дык любая ерэтычная думка, гэта значыць думка, што адхiляецца ад прынцыпаў Ангсоцу - будзе немагчымая, прынамсi, у той меры, у якой думка залежыць ад словаў. Слоўнiк навамоўя быў пабудаваны такiм чынам, што дазваляў перадаць дакладна i часам вельмi трапна тыя сэнсавыя значэннi, якiя сябру Партыi хацелася б выказаць, разам з тым усе iншыя значэннi выключалiся, было немагчыма выйсцi на iх нават ускосным шляхам. Гэта дасягалася часткова вынаходнiцтвам новых слоў, але галоўным чынам - праз скасаванне непажаданых слоў i лiквiдаванне ў астатнiх словах нядобранадзейных значэнняў ды ўвогуле ўсiх пераносных значэнняў там, дзе гэта магчыма. Прывядзём толькi адзiн прыклад. Слова свабодны яшчэ iснавала ў навамоўi, але яно магло ўжывацца толькi ў выказваннях накшталт "Сабака свабодны ад аброжкi" або "Поле свабоднае ад пустазелля". Яно не магло ўжывацца ў сваiм старым сэнсе "палiтычна свабодны" або "iнтэлектуальна свабодны", бо палiтычная i iнтэлектуальная свабода не iснавалi ўжо нават як паняццi i таму не мелi наймення. У адрозненне ад скасавання вiдавочна шкодных слоў, скарачэнне слоўнiка разглядалася як самамэта, i нiводнае слова, без якога можна абысцiся, не мела права на выжыванне. Навамоўе прадугледжвала не пашырэнне, а звужэнне абсягу думкi, i скарачэнне да мiнiмуму выбару слоў пэўным чынам спрыяла дасягненню гэтае мэты.