KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

* Складаныя словы, як, напрыклад, мовапiс, сустракалiся, вядома ж, i ў слоўнiку А, але гэта былi ўсяго толькi зручныя скароты, якiя не мелi адмысловай iдэалагiчнай афарбоўкi.

Словы ў слоўнiку В будавалiся без нiякiх этымалагiчных прынцыпаў. Словы, з якiх яны складалiся, маглi належаць да любой часцiны мовы, маглi быць размешчаны ў любым парадку i маглi быць зменены любым манерам, каб толькi iх было лёгка вымаўляць i можна было распазнаць зыходныя формы. У слове злачындум (думзлачынства), напрыклад, дум стаяла на другiм месцы, а ў слове думпол (Палiцыя Думак) - на першым, да таго ж у другiм спалучэннi слова палiцыя страцiла сваю другую частку. У слоўнiку В захаваць мiлагучнасць было цяжэй, i таму адхiленнi ад агульных правiлаў сустракалiся тут часцей, чым у слоўнiку А.

Некаторыя словы са слоўнiка В мелi вельмi тонкiя адценнi значэнняў, амаль няўлоўныя для тых, хто не меў цэласнага ўяўлення пра навамоўе. Разгледзiм, напрыклад, такi тыповы сказ з перадавога артыкула "Таймз" Старадумы ненутромчуюць Ангсоц. На старамоўi найкарацейшым чынам гэта можна было б перадаць так: "Тыя людзi, чый светапогляд сфармаваўся да Рэвалюцыi, не могуць дасягнуць поўнага пачуццёвага разумення прынцыпаў Ангельскага Сацыялiзму". Але гэты пераклад недакладны. Па-першае, каб цалкам ахапiць сэнс працытаванага вышэй навамоўнага сказа, неабходна было мець выразнае ўяўленне пра тое, што значыць Ангсоц. Да таго ж толькi той, хто старанна засвоiў прынцыпы Ангсоцу, мог ацанiць усю вобразную моц слова нутромчуць, якое азначала сляпую, безаглядную згоду з чым-небудзь, амаль неўяўляльную сёння; або слова старадум, неадрыўна звязанага з паняццямi злачыннай заганы i ўпаднiцтва. Але адмысловым прызначэннем некаторых навамоўных слоў, у тым лiку i слова старадум, было не так выказваць значэннi, як разбураць iх. Гэтыя словы, дарэчы, нешматлiкiя, пашырылi свае значэннi да гэткай ступенi, што ўвабралi ў сябе цэлыя плоймы слоў, якiя цяпер можна было скасаваць i забыць, бо для выказання iх сэнсу дастаткова аднаго добра зразумелага слова. Найвялiкшай цяжкасцю, якая паўставала перад складальнiкамi Слоўнiка Навамоўя, было не прыдумляць новыя словы, а, прыдумаўшы iх, вызначыць, што яны значылi, а прасцей кажучы, вызначыць, якiя шэрагi слоў можна выкiнуць з мовы.

Як мы ўжо бачылi ў выпадку са словам свабодны, словы, якiя некалi мелi шкодныя значэннi, часам захоўвалiся ў мове дзеля зручнасцi, папярэдне ачышчаныя ад гэтых непажаданых значэнняў. Безлiч iншых слоў, як, напрыклад, гонар, справядлiвасць, маральнасць, iнтэрнацыяналiзм, дэмакратыя, навука i рэлiгiя, проста перасталi iснаваць. Некалькi агульных слоў цалкам ахаплялi iх сэнс i, ахапiўшы, паглыналi iх. Усе словы, згрупаваныя вакол паняццяў "свабода" i "роўнасць", улiлiся ў адзiнае слова злачындум, а ўсе словы, што групавалiся вакол паняццяў "аб'ектыўнасць" i "здаровы розум", замянiлiся цяпер адзiным словам старадум. Большая дакладнасць магла б быць небяспечнай. Ад сябры Партыi патрабаваўся погляд на свет, падобны да таго, якi мелi старажытныя жыды, якiя ведалi, што ўсе народы, апроч iхнага, пакланялiся "фальшывым багам". Iм не трэба было ведаць, што тыя багi звалiся Ваал, Асiрыс, Малох, Аштарта i гэтак далей: вiдаць, чым меней яны пра iх ведалi, тым лепей было для iх прававернасцi. Яны ведалi Ягвэ i прыказаннi Ягвэ, i таму яны ведалi, што ўсе багi з iншымi iмёнамi або iншымi атрыбутамi былi фальшывыя. Падобным чынам сябра Партыi ведаў, што лiчылася добрымi паводзiнамi, i вельмi цьмяна, у агульных рысах - магчымыя ад iх адхiленнi. Яго палавое жыццё, напрыклад, цалкам рэгулявалася двума навамоўнымi словамi: ползлачын (палавая амаральнасць) i дабрапол (цнатлiвасць). Ползлачын ахапляў усе магчымыя амаральныя палавыя ўчынкi - блудадзейства, чужаложнiцтва, мужаблуддзе i iншыя праявы распусты, а таксама звычайныя палавыя зносiны, калi яны не мелi за мэту працяг роду. Не было патрэбы мець для iх паасобныя назвы, бо ўсе яны былi аднолькава злачынныя i часцей за ўсё гэтак жа аднолькава каралiся смерцю. У слоўнiку С, якi складаўся з навукова-тэхнiчнай тэрмiналогii, часам узнiкала патрэба даць адмысловыя назвы пэўным палавым адхiленням, але звычайнаму грамадзянiну такiя словы былi непатрэбныя. Ён ведаў, што значыла слова дабрапол - звычайныя палавыя зносiны памiж мужчынам i жанчынай з адзiнаю мэтай нарадзiць дзяцей, пры гэтым без фiзiчнага задавальнення жанчыны, усё астатняе было ползлачынам. У навамоўi часцей за ўсё было немагчыма прасачыць развiццё шкоднай думкi далей за разуменне таго, што яна шкодная; за гэтай мяжою проста не iснавала патрэбных слоў.

Нiводнае слова ў слоўнiку В не было iдэалагiчна нейтральнае. Вялiкая частка iх была эўфемiзмамi. Такiя словы, напрыклад, як радлаг (лагер прымусовай працы) або Мiнмiр (Мiнiстэрства Мiру, г.зн. Мiнiстэрства Вайны), значылi амаль дакладна адваротнае таму, што яны мелiся значыць. З другога боку, некаторыя словы выяўлялi адкрытае i пагардлiвае разуменне сапраўднай сутнасцi акiянiйскага грамадства. Прыклад - слова пролхарч, якое значыла танныя забавы i хлуслiвыя навiны, якiмi Партыя кармiла масы. Iншыя ж словы былi двухсэнсоўныя i мелi "добрае" значэнне, калi ўжывалiся ў дачыненнi да Партыi, i "дрэннае" ў дачыненнi да яе ворагаў. Да таго ж было шмат слоў, якiя на першы погляд здавалiся простымi скаротамi i выводзiлi сваю iдэалагiчную афарбоўку не ад значэння, а ад самой структуры.

Усе словы, якiя мелi або маглi мець хоць нейкае палiтычнае значэнне, былi, наколькi гэта магчыма, прыстасаваны да слоўнiка В. Назвы ўсiх арганiзацый, таварыстваў, вучэнняў, краiн, установаў, грамадскiх будынкаў скарачалiся да звыклае формы, гэта значыць да адзiнага лёгкага ў вымаўленнi слова з мiнiмальнай колькасцю складоў, неабходных для разумення сэнсу. У Мiнiстэрстве Праўды, напрыклад, аддзел дакументацыi, дзе працаваў Ўiнстан Смiт, называўся аддок, аддзел мастацкай лiтаратуры называўся адлiт, аддзел тэлепраграм называўся адтэл i гэтак далей. Гэта рабiлася не толькi з мэтай эканомii часу. Ужо ў першыя дзесяцiгоддзi дваццатага стагоддзя складанаскарочаныя словы i сказы былi адной з характэрных уласцiвасцяў палiтычнае мовы. Было заўважана, што тэндэнцыя да ўжывання скаротаў такога тыпу найбольш выявiлася ў таталiтарных краiнах i таталiтарных арганiзацыях. Прыкладамi могуць быць такiя словы, як нацы, гестапа, Камiнтэрн, рабкор, агiтпроп. Напачатку практыка ўжывання такiх слоў была адвольная i выпадковая, у навамоўi ж яны ўжывалiся свядома. Было заўважана, што разам са скарачэннем слова звужалася i трансфармавалася яго значэнне, яно губляла большасць уласцiвых яму раней асацыяцый. Словы Камунiстычны Iнтэрнацыянал, напрыклад, выклiкаюць ва ўяўленнi вобраз усеагульнага братэрства людзей, чырвоныя сцягi, барыкады, Карла Маркса i Парыжскую Камуну. Калi ж узяць слова Камiнтэрн, дык яно хутчэй нагадае нам пра цесна згуртаваную арганiзацыю i выразна акрэсленыя iдэалагiчныя прынцыпы. За iм стаiць штосьцi гэткае ж звычайнае i сцiсла мэтазгоднае, як крэсла або стол. Слова Камiнтэрн можна вымавiць амаль не задумваючыся, тым часам як Камунiстычны Iнтэрнацыянал - гэта ўжо цэлае словаспалучэнне, над якiм хочаш цi не, але затрымаешся хоць на хвiлiнку. Гэтак жа сама асацыяцыi, выклiканыя словам Мiнпраў, меншыя колькасцю i больш падаюцца кантролю, чым асацыяцыi, выклiканыя спалучэннем Мiнiстэрства Праўды. Гэтым тлумачылася не толькi схiльнасць скарачаць словы там, дзе толькi магчыма, але i залiшняе дбанне аб тым, каб кожнае слова лёгка вымаўлялася.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*