KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

У навамоўi зручнасць вымаўлення пераважала над усiмi iншымi характарыстыкамi слова, апроч дакладнасцi значэння. Дзеля яе, там, дзе гэта было неабходна, заўсёды ахвяравалi рэгулярнасцю граматыкi. I ў гэтым была свая рацыя, бо дзеля палiтычных меркаванняў якраз i патрабавалiся кароткiя ўрывiстыя словы з беспамылкова зразумелым значэннем, якiя вымаўлялiся хутка i выклiкалi ў галаве ў прамоўцы як найменей асацыяцый. Словы са слоўнiка В нават яшчэ i выйгравалi ад таго, што амаль усе яны былi падобныя мiж сабою. Амаль заўсёды гэтыя словы - дабрадум, Мiнмiр, пролхарч, ползлачын, радлаг, Ангсоц, нутромчуць, думпол i незлiчоныя iншыя - былi двух- або трохскладовымi словамi з нацiскам, аднастайна размеркаваным на ўсiх складах. Ужыванне такiх слоў рабiла гаворку траскатлiвай, адначасова ўрывiстай i аднастайнай. А гэта было якраз тое, што патрабавалася. Мэтаю было зрабiць маўленне, асаблiва калi гаворка iшла на тэмы iдэалагiчнага характару, як мага больш незалежным ад свядомасцi. Дзеля патрэб штодзённага жыцця без сумнення было неабходна, хоць бы час ад часу, падумаць, перш чым сказаць, але калi сябру Партыi даецца слова, каб выказаць палiтычныя або этычныя меркаваннi, правiльныя думкi i ацэнкi павiнны аўтаматычна вылятаць у яго з вуснаў, як кулi з аўтамата. Гэта дасягалася старанным вышкаленнем, мова давала надзейны i просты iнструмент, а структура слоў, iх рэзкаватае гучанне i нават пэўная наўмысная нязграбнасць адпаведна духу Ангсоцу, яшчэ болей аблягчала справу.

Аблягчала справу i сцiслая абмежаванасць выбару слоў. У параўнаннi з цяперашняй мовай, навамоўе мела вельмi ўбогi слоўнiк, а новыя спосабы яго скарачэння ўвесь час распрацоўвалiся. I сапраўды, у адрозненне ад усiх iншых моў, колькасць слоў у навамоўi замест таго, каб расцi з кожным годам, усё болей i болей памяншалася. Кожная страта была дасягненнем, бо чым меншы выбар, тым меншая спакуса разважаць. Канчатковай мэтай было зрабiць так, каб словы iшлi непасрэдна з глоткi, без нiякага ўдзелу вышэйшых мазгавых цэнтраў. Мэта гэтая адкрыта выказвалася ў навамоўным слове качакрак, якое значыла "кракаць як качка". Як шматлiкiя iншыя словы слоўнiка В, качакрак мела два адрозныя значэннi. Калi толькi думкi, выкраканыя прамоўцам, былi iдэалагiчна слушныя, яно значыла пахвалу i калi "Таймз" называў аднаго з партыйных прамоўцаў звышплюсдобры качакракар, дык гэта значыла сардэчны i поўны павагi камплiмент.

Слоўнiк С. Слоўнiк С меў дапаможны характар у дачыненнi да двух папярэднiх i цалкам складаўся з навукова-тэхнiчных тэрмiнаў. Яны нагадвалi навуковыя тэрмiны, што ўжываюцца сёння, i былi пабудаваныя з тых самых каранёў, але, як звычайна, сэнс iх быў сцiсла акрэслены i былi злiквiдаваныя ўсе непажаданыя значэннi. Яны падпарадкоўвалiся тым самым граматычным правiлам, што i словы з двух папярэднiх слоўнiкаў. Вельмi мала слоў слоўнiка С ужывалiся ў паўсядзённых гутарках або палiтычных прамовах. Любы навуковец або тэхнiчны спецыялiст мог знайсцi ўсе патрэбныя яму словы ў адмысловым спiсе, складзеным выключна для яго спецыяльнасцi, i часцей за ўсё ён меў вельмi цьмянае ўяўленне пра словы, што ўваходзiлi ў iншыя спiсы. Толькi вельмi нязначная колькасць слоў была агульная для ўсiх спiсаў, i не iснавала ўвогуле слоў, якiя б апiсвалi функцыi навукi як складу розуму або метаду мыслення, незалежна ад нейкiх канкрэтных яе галiн. Не iснавала нават i слова для паняцця "навука", а ўсе значэннi, якiя магло заключаць у сабе гэтае паняцце, з дастатковай поўнасцю ахаплялiся словам Ангсоц.

З усяго выкладзенага вышэй можна ўбачыць, што выказаць на навамоўi нейкiя нядобранадзейныя меркаваннi было амаль што немагчыма. Вядома, можна было выказваць нават вельмi грубыя ерэтычныя думкi, нешта накшталт блюзнерства. Можна было б, напрыклад, сказаць: Вялiкi Брат нядобры. Але гэтае сцверджанне, якое для добранадзейнага вуха гучала як вiдавочная бязглуздзiца, не магло быць падмацавана разумнымi аргументамi, бо адпаведных слоў проста не iснавала. Варожыя Ангсоцу думкi маглi iснаваць толькi ў няпэўнай, бясслоўнай форме i маглi быць выказаныя толькi вельмi агульнымi тэрмiнамi, якiя мяшалi ў кучу i асуджалi ўсе варожыя iдэi, пры гэтым нават iх дакладна не акрэслiваючы. Фактычна можна было ўжываць навамоўе для нядобранадзейных выказванняў, толькi перакладаючы патаемна некаторыя словы назад на старамоўе. Напрыклад, сказ Усе людзi роўныя быў цалкам прымальным сказам у навамоўi, але толькi ў тым самым сэнсе, што i старамоўны сказ Усе людзi рыжыя. У iм не было граматычнай памылкi, але ў iм гаварылася вiдавочная няпраўда - гэта значыць, што ўсе людзi маюць аднолькавы рост, вагу або сiлу. Паняцце палiтычнае роўнасцi болей не iснавала, i такiм чынам гэтае другое значэнне слова роўны паступова знiкла. У 1984 годзе, калi старамоўе ўсё яшчэ было звычайным сродкам зносiн, тэарэтычна iснавала небяспека, што той, хто ўжывае навамоўныя словы, можа прыгадаць iх пачатковыя значэннi. На практыцы таму, хто добра засвоiў прыёмы двухдумства, было няцяжка гэтага пазбегнуць, а праз пару пакаленняў i сама магчымасць гэткай памылкi ўжо не iснавала. Той, у каго адзiнаю мовай будзе навамоўе, ужо не будзе ведаць, што слова роўны мела некалi дадатковае значэнне "палiтычна роўны" або што слова свабодны некалi значыла "iнтэлектуальна свабодны", гэтак жа як i чалавек, якi нiколi не чуў пра шахматы, нiколi не здагадаецца аб iснаваннi спецыяльных значэнняў у слоў кароль цi слон. Некаторыя злачынствы i памылкi ён проста не здолеў бы зрабiць, бо для iх не было наймення i таму iх было немагчыма сабе ўявiць. I можна было прадбачыць, што з цягам часу характэрныя ўласцiвасцi навамоўя зробяцца яшчэ больш выразнымi - слоў будзе рабiцца ўсё меней i меней, значэннi iх будуць усё вузейшыя, i небяспека ўжыць iх не так, як трэба, будзе няспынна памяншацца.

Калi старамоўе раз i назаўсёды будзе адмененае, апошняя повязь з мiнуўшчынай абарвецца. Гiсторыя ўжо была перапiсана, але недасканала правераныя рэшткi лiтаратуры мiнулых часоў сям-там яшчэ захавалiся, i пакуль яшчэ старамоўе канчаткова не забылася, iх можна было прачытаць. У будучынi гэткiя абрыўкi мiнуўшчыны, нават калi яны i выжывуць, будуць незразумелыя i неперакладальныя. Старамоўны тэкст можна было перакласцi на навамоўе толькi тады, калi ён апiсваў нейкi тэхнiчны працэс або вельмi простыя штодзённыя дзеяннi або ўжо быў сам iдэалагiчна вытрыманы (на навамоўе - дабрадумны). Практычна гэта значыла, што нiводная кнiга, напiсаная прыблiзна да 1960 года, не магла быць перакладзеная цалкам. Дарэвалюцыйная лiтаратура магла падлягаць толькi iдэалагiчнаму перакладу - гэта значыць перакладу з трансфармацыяй сэнсу i мовы. Возьмем, напрыклад, добра вядомы ўрывак з Дэкларацыi Незалежнасцi:

Мы лiчым вiдавочнымi тыя iсцiны, што ўсе людзi створаны роўнымi, што iм дараваны iх творцам пэўныя неадчужальныя правы, сярод якiх - жыццё, свабода i iмкненне да шчасця. Каб забяспечыць гэтыя правы сярод людзей, усталёўваюцца ўрады, якiя карыстаюцца ўладай са згоды падуладных. Што, як толькi любы ўрад пачынае парушаць гэтыя прынцыпы, народ мае права замянiць або зрынуць яго, Каб усталяваць новы ўрад...

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*