KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Зменьванне мiнуўшчыны неабходнае з дзвюх прычын, адна з якiх з'яўляецца другараднаю i, так бы мовiць, прэвентыўнаю. Гэтая прычына палягае ў тым, что сябра Партыi, гэтак жа, як i пралетарый, церпiць цяперашнiя жыццёвыя ўмовы часткова таму, што яму няма з чым iх параўнаць. Ён мусiць быць адрэзаны ад мiнуўшчыны гэтак жа, як ён адрэзаны ад замежных краiн, бо неабходна, каб ён верыў, што жыве лепш, чым яго продкi, i каб ён думаў, што сярэднi ўзровень матэрыяльных дабротаў няспынна павышаецца. Аднак значна важнейшаю прычынай для зменьвання мiнуўшчыны ёсць неабходнасць забяспечыць бясхiбнасць Партыi. Усе прамовы, лiчбы, справаздачы мусяць прыводзiцца ў адпаведнасць з надзённымi партыйнымi патрабаваннямi не толькi на тое, каб давесцi дакладнасць усiх прадказанняў Партыi ва ўсiх выпадках. Справа ў тым, што Партыя не можа дапусцiць змены ў дактрыне або ў палiтычнай лiнii. Перамянiць сваё рашэнне цi нават сваю палiтыку значыла б прызнацца ў сваёй слабасцi. Калi, напрыклад, Эўразiя цi Ўсходазiя (няважна, каторая з iх) на сённяшнi дзень з'яўляецца ворагам, трэба, каб гэтая краiна была ворагам i ва ўсе ранейшыя часы, i калi факты сведчаць пра iншае, дык гэтыя факты трэба падправiць. Такiм чынам, гiсторыя няспынна перапiсваецца. Гэтае штодзённае фальшаванне мiнуўшчыны, выконванае Мiнiстэрствам Праўды, гэтак жа неабходнае для моцы рэжыму, як i рэпрэсiўна-шпiёнская дзейнасць Мiнiстэрства Любовi.

Зменлiвасць мiнуўшчыны - асноўны прынцып Ангсоцу. Мiнулыя падзеi, як лiчыцца, не iснуюць аб'ектыўна, а захоўваюцца толькi ў пiсьмовых дакументах i ў чалавечай памяцi. Мiнуўшчына выглядае так, як падаюць яе дакументы i ўспамiны. Калi ж Партыя поўнасцю кантралюе ўсе дакументы, а таксама думкi сваiх сябраў, дык з гэтага вынiкае, што мiнуўшчына выглядае так, як хоча Партыя. З гэтага таксама вынiкае, што хоць мiнуўшчына i зменлiвая, яна нiколi не была змененая ў нейкiм канкрэтным выпадку. Бо калi яна пераствораная ў форме, патрабаванай у дадзены момант, дык гэтая новая версiя i ёсць мiнуўшчына, i нiякае iншае мiнуўшчыны няма i не магло быць. Гэта застаецца слушным нават тады, калi, як гэта часта здараецца, тую самую падзею неабходна змянiць да непазнавальнасцi некалькi разоў на працягу аднаго года. Ва ўсе часы Партыя валодае абсалютнаю iсцiнай, а абсалютнае, зразумела, нiколi не можа быць iнакшае, чым цяпер. Мы яшчэ ўбачым, што кантроль над мiнуўшчынай залежыць перш за ўсё ад працы над памяццю. Пераканацца, што ўсе пiсьмовыя запiсы адпавядаюць палiтычным устаноўкам бягучага моманту, зусiм няцяжка, гэта чыста механiчны акт. Але неабходна таксама памятаць, што мiнулыя падзеi адбывалiся менавiта так, як сцвярджаецца цяпер. Калi ж пры гэтым даводзiцца падпраўляць сваю памяць або фальшаваць пiсьмовыя запiсы, дык неабходна адразу ж пра гэта забыцца, як толькi справа зроблена. Гэтаму можна навучыцца, як i кожнаму iншаму разумоваму прыёму. I гэтаму навучаецца большасць сябраў Партыi, усе, каго можна лiчыць разумным i добранадзейным. На старамоўi гэта звалася зусiм шчыра: "Кантроль рэчаiснасцi".

На навамоўi гэта завецца двухдумства, хоць паняцце двухдумства значна шырэйшае.

Двухдумства азначае здольнасць трымаць у свядомасцi два супярэчныя меркаваннi адначасова i пагаджацца з абодвума. Партыйны iнтэлектуал ведае, у якiм кiрунку трэба трансфармаваць сваю памяць; такiм чынам, ён ведае, што манiпулюе рэчаiснасцю; але, ужываючы двухдумства, ён пераконвае сябе, што рэчаiснасць застаецца непарушаная. Гэты працэс мусiць быць свядомы, бо iнакш ён не будзе выкананы з дастатковай дакладнасцю, але ён мусiць быць таксама i несвядомы, бо iнакш ён выклiкае пачуццё несапраўднасцi, а значыць, i вiны. Двухдумства спачывае ў самiм сэрцы Ангсоцу, бо асноўны метад Партыi палягае ў тым, каб свядома чынiць махлярства, захоўваючы пры гэтым цвёрдасць намераў, заснаваных на поўнай шчырасцi. Наўмысна казаць хлусню, шчыра верачы ў яе, забыцца на факты, што сталiся неадпаведнымi бягучаму моманту, а калi зноў будзе неабходна, вярнуць iх з забыцця якраз настолькi, наколькi трэба, адмаўляць iснаванне аб'ектыўнае рэчаiснасцi, але ўвесь час лiчыцца з гэтай адмоўленай рэчаiснасцю - усё гэта абсалютна неабходна. Нават ужываючы слова "двухдумства", трэба праявiць двухдумства, бо той, хто ўжывае гэтае слова, разумее, што тым самым фальшуе рэчаiснасць, i каб сцерцi са свядомасцi гэтае разуменне, неабходны новы акт двухдумства - i так да бясконцасцi, прычым мана заўсёды будзе на адзiн крок апераджаць праўду. Партыя здолела - i, як усе мы ведаем, яшчэ тысячы гадоў будзе здольная - спыняць хаду гiсторыi.

Усе былыя алiгархii страцiлi ўладу або праз тое, што яны закасцянелi, або праз тое, што змякчэлi i адрузлi. Яны або сталiся напышлiвымi i фанабэрнымi, няздольнымi прыстасавацца да зменлiвых абставiн, i былi зрынутыя; або, стаўшы лiберальнымi i баязлiвымi, саступалi там, дзе мусiлi ўжыць сiлу, i таксама былi зрынутыя. Гэта значыць яны загiнулi або праз свядомасць, або праз несвядомасць. Дасягненнем Партыi было тое, што яна выпрацавала сiстэму думак, у якой абедзве ўмовы могуць iснаваць адначасова. I толькi на гэтай iнтэлектуальнай падставе панаванне Партыi магло ўсталявацца навечна. Той, хто пануе i хоча працягнуць сваё панаванне, мусiць умець дэфармаваць пачуццё рэчаiснасцi. Бо сакрэт панавання палягае ў тым, каб спалучаць веру ў сваю бясхiбнасць з уменнем вучыцца на сваiх памылках.

Наўрад цi трэба казаць, што найбольш спрактыкаваныя ў двухдумстве тыя, хто вынайшаў двухдумства i ведае, што гэта - шырокая сiстэма разумовага махлярства. У нашым грамадстве тыя, хто найлепш ведае, што адбываецца навокал, якраз найменш за ўсiх здольныя ўспрымаць свет, якiм ён ёсць. Увогуле: чым болей разумення, тым болей аблуды, чым чалавек больш iнтэлiгентны, тым менш у яго здаровага розуму. Яскравы прыклад гэтаму - факт, што ваенная iстэрыя павышаецца разам з падняццем угору па сацыяльнай лесвiцы. Найбольш наблiжаецца да разумнага ўспрымання вайны жыхарства спрэчных тэрыторый. Для гэтых людзей вайна - гэта проста бясконцае бедства, што пракочваецца па iх зямлi, як прылiў i адлiў. Якi з бакоў перамагае - iм абсалютна ўсё адно. Яны ведаюць, што змена ўладара значыць толькi, што яны будуць рабiць тую самую працу, што i раней, на новых гаспадароў, якiя будуць ставiцца да iх гэтаксама, як i старыя. Трошкi меней заняволеныя рабочыя, якiх мы называем "проламi", усведамляюць сутнасць вайны толькi часткова. Калi неабходна, у iх можна распалiць шал страху i нянавiсцi, але калi iх не чапаць, яны могуць надоўга забыцца, што iдзе вайна. Сапраўдны ж ваенны запал можна сустрэць у шэрагах Партыi, i асаблiва Ўнутранай Партыi. Найбольш непахiсна ў заваёву свету вераць тыя, хто ведае, што гэта немагчыма. Гэтае адмысловае злучэнне процiлегласцяў - ведаў з невуцтвам, цынiзму з фанатызмам - адна з галоўных характэрных рысаў акiянiйскага грамадства. Афiцыйная iдэалогiя перапоўнена супярэчнасцямi, хоць у гэтым няма нiякае практычнае патрэбы. Так, Партыя адкiдае i зневажае ўсе тыя прынцыпы, на якiх першапачаткова грунтаваўся сацыялiстычны рух, сцвярджаючы, што робiць гэта ў iмя сацыялiзму. Яна заклiкае да нечуванай у былыя стагоддзi пагарды да рабочага класа, а тым часам апранае сваiх сябраў ва ўнiформу, што калiсьцi насiлi рабочыя, i якраз таму выбраную. Яна сiстэматычна разбурае сямейныя сувязi, але называе свайго лiдэра iмем, якое непасрэдна звязана з пачуццём сяменнае лучнасцi. Нават назвы чатырох Мiнiстэрстваў, якiя намi кiруюць, выдаюць бессаромнае i адкрытае перакручванне фактаў. Мiнiстэрства Мiру займаецца вайною, Мiнiстэрства Праўды - хлуснёй, Мiнiстэрства Любовi катаваннямi, а Мiнiстэрства Дастатку морыць людзей голадам. Супярэчнасцi гэтыя невыпадковыя, яны выклiканы не звычайнай крывадушнасцю - гэта свядомае ўжыванне двухдумства. Бо толькi прымiрыўшы супярэчнасцi, можна захаваць уладу навечна. Нiяк iначай стары лад гiсторыi не можа быць разбiты. Калi неабходна пазбегнуць роўнасцi ўсiх людзей - калi Вышэйшыя, як мы iх назвалi, збiраюцца захаваць свае пазiцыi навечна, - дык тады пераважным ладам мыслення мусiць стацца кантраляванае вар'яцтва.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*