KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Пасля рэвалюцыйнага перыяду пяцiдзесятых-шасцiдзесятых гадоў грамадства зноў, як i раней, перагрупавалася на Вышэйшых, Сярэднiх i Нiжэйшых. Але новыя Вышэйшыя, у адрозненне ад папярэднiкаў, дзейнiчалi ўжо не iнстынктыўна. Яны ведалi, што трэба рабiць, каб захаваць свае пазiцыi. Ужо даўно было заўважана, што адзiная надзейная падстава алiгархii - калектывiзм. Багацце i прывiлеi абараняць лягчэй, калi валодаеш iмi супольна з iншымi. Гэтак званая "лiквiдацыя прыватнае ўласнасцi", што адбывалася ў сярэдзiне стагоддзя, значыла на справе канцэнтрацыю ўласнасцi ў значна меншай, чым дагэтуль, колькасцi рук, ды яшчэ з тым адрозненнем, што новыя ўласнiкi не былi ўжо масаю iндывiдаў, а ўтваралi групу. Нiводзiн асобна ўзяты сябра Партыi не валодае нiчым, апроч нязначных асабiстых рэчаў. Супольна Партыя валодае ўсiм у Акiянii, бо яна кантралюе ўсё i распараджаецца прадукцыяй, як толькi хоча. У першыя паслярэвалюцыйныя гады яна здолела заняць пануючае становiшча, амаль не сустрэўшы супрацiву, бо ўвесь працэс адбываўся як акт калектывiзацыi. Заўсёды лiчылася, што пасля экспрапрыяцыi капiталiстаў настане сацыялiзм, i капiталiстаў без лiшнiх пытанняў экспрапрыявалi. У iх забралi ўсё - фабрыкi, шахты, зямлю, дамы, транспарт - а як усё гэта перастала быць прыватнай уласнасцю, дык яно мусiла стацца ўласнасцю грамадскай. Ангсоц, якi нарадзiўся на глебе ранейшага сацыялiстычнага руху i пераняў яго фразеалогiю, сапраўды выканаў галоўны пункт сацыялiстычнае праграмы, з тым загадзя прадбачаным i жаданым вынiкам, што эканамiчная няроўнасць сталася вечнаю.

Але праблемы ўсталявання вечнага iерархiчнага грамадства на гэтым не канчаюцца. Кiраўнiчыя колы могуць страцiць уладу ў чатырох выпадках. Яны могуць або быць пераможаныя звонку, або кiраваць так блага, што паўстануць масы, або дазволiць сфармавацца моцнай i незадаволенай сярэдняй групе, або страцiць давер да самiх сябе i жаданне кiраваць. Гэтыя прычыны не дзейнiчаюць паасобку i звычайна выступаюць у нейкай ступенi ўсе чатыры разам. Кiраўнiчы клас, якi здолеў бы супрацьстаяць усiм гэтым небяспекам, заставаўся б пры ўладзе вечна. Урэшце, вырашальным фактарам з'яўляецца духовы стан самога кiраўнiчага класа.

З паловы гэтага стагоддзя першая небяспека, па сутнасцi, знiкла. Кожная з трох двяржаваў, што цяпер падзяляюць свет, сапраўды непераможная i магла б перастаць быць такою толькi праз паступовыя дэмаграфiчныя змены, якiх урад з шырокаю ўладай можа лёгка пазбегнуць. Другая небяспека таксама застаецца толькi тэарэтычнаю. Масы нiколi не паўстаюць самi па сабе, i яны нiколi не паўстануць толькi з-за таго, што iх прыгнятаюць. Пакуль iм няма з чым параўнаць сваё становiшча, яны нiколi не ўсведамяць, што iх прыгнятаюць. Частыя эканамiчныя крызiсы мiнулага былi зусiм непатрэбныя, не дапускаюцца яны i цяпер, але iншыя гэткiя ж важныя перабоi могуць адбывацца i адбываюцца, не даючы палiтычных вынiкаў, бо няма нiякае магчымасцi адкрыта выказаць незадаволенасць. Што да праблемы перавытворчасцi, якая прыхавана iснуе ў нашым грамадстве з часоў узнiкнення машыннае тэхнiкi, Дык яна вырашаецца шляхам вядзення перманентнае вайны (гл. Раздзел III), якая служыць таксама для дасягнення ў грамадстве неабходнага маральнага духу. Такiм чынам, з пункту погляду нашых цяперашнiх кiраўнiкоў застаюцца наступныя рэальныя пагрозы: вылучэнне новае групы здольных людзей, якiя займаюць пасады нiжэйшыя за iх здольнасцi, людзей, прагных улады; развiццё лiбералiзму i скептыцызму ў iх уласных шэрагах. Такiм чынам, праблема мае, так бы мовiць, адукацыйны характар. Яна палягае ў тым, каб няспынна фармаваць свядомасць i кiраўнiчае групы, i больш шматлiкае выканаўчае групы, што iдзе непасрэдна за першаю. Што да свядомасцi масаў, дык яна патрабуе ўплыву толькi ў негатыўным сэнсе.

Грунтуючыся на гэтых дадзеных, можна ўявiць сабе, калi яна яшчэ не вядомая, агульную структуру акiянiйскага грамадства. На вяршынi пiрамiды стаiць Вялiкi Брат. Вялiкi Брат бясхiбны i ўсемагутны. Кожны поспех, кожнае дасягненне, кожная перамога, кожнае навуковае адкрыццё, усе веды, уся мудрасць, усё шчасце, уся цнота непасрэдна прыпiсваюцца яго кiраўнiчай i натхняльнай ролi. Нiхто нiколi не бачыў Вялiкага Брата. Ён - твар на плакатах, голас у тэлеглядзе. Мы можам быць пэўныя, што ён нiколi не памрэ, а наконт даты яго нараджэння ўжо i цяпер iснуе вялiкая няпэўнасць. Вялiкi Брат - маска, пад якою Партыя вырашыла выступаць перад светам. Яго функцыя - быць зборным аб'ектам любовi, страху i павагi - пачуццяў, якiя лягчэй прысвяцiць аднаму чалавеку, чым цэлай арганiзацыi. За Вялiкiм Братам iдзе Ўнутраная Партыя, якая налiчвае шэсць мiльёнаў чалавек, або трохi меней за два адсоткi насельнiцтва Акiянii. За Ўнутранай Партыяй iдзе Знешняя Партыя. Калi Ўнутраная Партыя разглядаецца як мозг дзяржавы, дык Знешнюю Партыю было б справядлiва параўнаць з рукамi дзяржавы. Далей iдуць безаблiчныя глухiя масы, звычайна называныя "проламi", якiя складаюць каля васьмiдзесяцi пяцi адсоткаў насельнiцтва. Паводле нашай папярэдняй тэрмiналогii, пролы - гэта Нiжэйшыя. Што да рабскага насельнiцтва экватарыяльных раёнаў, якое ўвесь час пераходзiць ад аднаго заваёўнiка да другога, дык яно не складае сталай групы ў агульнай структуры.

У прынцыпе, прыналежнасць да гэтых трох груп не перадаецца ў спадчыну. Дзiця сябры Ўнутранай Партыi з тэарэтычнага пункту погляду не нараджаецца сябрам Унутранае Партыi. Прыём у адну або другую галiну Партыi праводзiцца праз экзамен ва ўзросце шаснаццацi гадоў. Не iснуе таксама нiякай расавай дыскрымiнацыi, нi iстотных пераваг адной правiнцыi над другой. На найвышэйшых партыйных пасадах можна сустрэць жыдоў, мурынаў, паўднёваамерыканцаў чыста iндзейскае крывi, а мясцовыя кiраўнiкi заўсёды выбiраюцца сярод жыхароў дадзенае тэрыторыi. Нiдзе ў Акiянii людзi не адчуваюць сябе каланiяльным насельнiцтвам, кiраваным з далёкае сталiцы. У Акiянii няма сталiцы, а яе намiнальны кiраўнiк - чалавек, чыё месца жыхарства нiкому не вядомае. За выключэннем таго, што ангельская мова з'яўляецца галоўнай размоўнай, а навамоўе - афiцыйнай моваю Акiянii, у краiне няма нiякае цэнтралiзацыi. Яе кiраўнiкi злучаны мiж сабою не кроўнымi сувязямi, а прыналежнасцю да агульнага вучэння. Нашае грамадства i напраўду распластавана, i вельмi строга распластавана, паводле парадку, якi на першы погляд нагадвае спадчынныя лiнii. Цяпер значна радзей назiраюцца пераходы з адной групы ў другую, чым у эпоху капiталiзму або нават у даiндустрыяльны перыяд. Памiж дзвюма галiнамi Партыi адбываецца пэўны абмен, але толькi тады, калi трэба выключыць з Унутранай Партыi слабых або абясшкодзiць занадта амбiтных сябраў Знешняй Партыi, узняўшы iх угору. Пролам практычна не даюць дасягнуць узроўню, якi б дазволiў iм уступiць у Партыю. Найбольш здольныя з iх, якiя маглi б сфармаваць асяродкi незадавальнення, проста высочваюцца Палiцыяй Думак i лiквiдуюцца. Але гэты стан рэчаў неабавязкова мусiць быць нязменны, ён не ўяўляе сабою прынцыповага пытання. Партыя не з'яўляецца класам у старым сэнсе слова. Яна не iмкнецца перадаць уладу сваiм дзецям толькi таму, што гэта яе Дзецi; i калi б не iснавала iншае магчымасцi ўтрымлiваць пры ўладзе найбольш здольных людзей, яна з лёгкасцю была б гатовая рэкрутаваць зусiм новае пакаленне з шэрагаў пралетарыяту. У крытычныя часы той факт, што Партыя не з'яўляецца спадчынным саслоўем, вельмi спрыяў нейтралiзаванню апазiцыi. Сацыялiст старога гарту, спрактыкаваны ў змаганнi супраць "класавых прывiлеяў", меркаваў, што тое, што не перадаецца ў спадчыну, не можа быць вечным. Ён не разумеў, што пераемнасць алiгархii неабавязкова павiнна быць фiзiчнаю, ён не задумваўся над тым, што спадчынныя арыстакратыi нiколi не жылi доўга, тым часам як арганiзацыi, даступныя ўсiм людзям, як, прыкладам, каталiцкая царква, iснавалi часам сотнi i нават тысячы гадоў. Сутнасць алiгархiчнага панавання не ў спадкаваннi ад бацькi сыну, а ў захаваннi пэўнага светапогляду i пэўнага ладу жыцця, навязанага мёртвымi жывым людзям. Кiраўнiчыя колы датуль застаюцца кiраўнiчымi коламi, пакуль яны могуць прызначаць сабе наступнiкаў. Партыi важна захаваць не сваю кроў, а самую сябе. Зусiм няважна, хто трымае ўладу, iстотна, каб iерархiчная структура заставалася заўсёды тая самая.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*