KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Але застаецца адно пытанне, якое мы дагэтуль амаль не закраналi: чаму неабходна пазбегнуць роўнасцi ўсiх людзей? Дапусцiм, што сам механiзм дзеяння грамадства быў дакладна апiсаны. Дык чым жа выклiкана гэтая гiганцкая, дасканала спланаваная спроба спынiць плынь гiсторыi ў пэўны момант?

Тут мы падыходзiм да цэнтральнага сакрэту. Як мы ўжо бачылi, таемнасць Партыi, i перадусiм Унутранай Партыi, грунтуецца на двухдумстве. Але яшчэ глыбей ляжыць першапачатковая прычына, нiколi не стаўлены пад сумненне iнстынкт, якi прывёў спачатку да захопу ўлады, а пасля спарадзiў двухдумства, Палiцыю Думак, перманентную вайну i ўсе iншыя неабходныя прыналежнасцi. На самай справе прычына гэтая палягае ў...

Ўiнстан заўважыў, што ў пакоi зрабiлася цiха - гэтак, як заўважаеш нейкi новы гук. Яму здалося, што ўжо нейкi час Джулiя маўчыць. Яна ляжала на баку, раздзетая вышэй пояса, паклаўшы шчаку на далонь, цёмная пасмачка валасоў упала ёй на вочы. Яе грудзi павольна i мерна падымалiся i апускалiся.

- Джулiя.

Маўчанне.

- Джулiя, ты спiш?

Маўчанне. Яна спала. Ён загарнуў кнiгу, асцярожна паклаў яе на падлогу, лёг сам i накрыў сябе i Джулiю коўдрай.

Ён усё яшчэ не ведаў галоўнага сакрэту. Ён разумеў як, але не разумеў чаму. I ў раздзеле I, i ў раздзеле III ён не прачытаў нiчога, чаго б ён ужо не ведаў, ён проста ўпарадкаваў свае веды. Але прачытаўшы, ён яшчэ болей упэўнiўся, што не быў вар'ятам. Тое, што ты ў меншасцi, нават калi меншасць гэтая складаецца толькi з аднаго чалавека, яшчэ не значыць, што ты вар'ят. Iснуе праўда i няпраўда, i калi ты трымаешся праўды, нават насуперак усяму свету, значыць, ты не вар'ят. Косы прамень вячэрняга сонца зазiрнуў у пакой i ўпаў на падушку. Ўiнстан заплюшчыў вочы. Сонца ў яго на твары i дотык гладкага цела дзяўчыны напоўнiлi яго здаровым i супакойлiвым пачуццём надзейнасцi. Ён быў у бяспецы, усё было добра. Ён прашаптаў: "Здаровы розум не паддаецца вымярэнню", адчуваючы, што ў гэтай заўвазе хаваецца глыбокая мудрасць, i спакойна заснуў.

10

Калi ён прачнуўся, яму здалося, што спаў ён вельмi доўга, але, зiрнуўшы на старамодны гадзiннiк, ён убачыў, што было яшчэ толькi дваццаць трыццаць. Ён яшчэ трошкi падрамаў, пакуль з двара не пачуўся знаёмы грудны голас:

То была безнадзейная мара,

Што сплыла, як вясною вада.

Ды ад позiркаў тых i ад слоў дарагiх

Назаўжды ў маiм сэрцы нуда.

Гэтая бязглуздая песня, вiдаць, усё яшчэ была папулярная. Яна гучала адусюль i перажыла нават "Песню Нянавiсцi". Спевы абудзiлi Джулiю, яна з асалодай пацягнулася i ўстала з ложка.

- Я хачу есцi, - сказала яна. - Давай зварым яшчэ кавы. Халера! Керагаз патух, i вада астыла, - яна падняла керагаз i патрэсла. - Газа скончылася.

- Я думаю, можна пазычыць у старога Чэрынгтана.

- Дзiўна, але мне здавалася, што ён быў поўны. Я адзенуся, - дадала яна. Здаецца, пахаладнела.

Ўiнстан таксама ўстаў i адзеўся. Нястомны голас працягваў:

Кажуць, з часам загояцца раны

I не ўспомнiш пра боль, пра ману.

Але слёзы i смех тых далёкiх уцех

Закрануць майго сэрца струну.

Зашпiлiўшы папругу свайго камбiнезона, ён прайшоў праз пакой да акна. Сонца ўжо схавалася за дамамi i болей не асвятляла двор. Брук быў мокры, нiбы яго толькi што памылi, i яму здалося, што неба таксама толькi што памылi, такi свежы i бледны быў блакiт памiж комiнамi. Жанчына нястомна хадзiла сюды-туды, займаючы рот зашчэпкамi i вызваляючы яго, спяваючы i замаўкаючы, чапляючы i чапляючы на вяроўку пялюшкi, адну за адной. Ён падумаў: цi яна зарабляе праннем на жыццё, цi проста рабыня дваццацi або трыццацi ўнукаў. Джулiя падышла i стала побач. Яны стаялi разам i з нейкiм захапленнем пазiралi на мажную постаць унiзе. Ён глядзеў на жанчыну, што стаяла ў сваёй звычнай позе, падняўшы тоўстыя рукi да вяроўкi i выставiўшы магутны кабылiн азадак, i ўпершыню яму прыйшла ў галаву думка, што яна прыгожая. Дагэтуль ён нiколi не задумваўся над тым, што цела пяцiдзесяцiгадовай жанчыны, распертае да пачварных памераў шматлiкiмi цяжарнасцямi, зацвярдзелае i агрублае, зморшчанае, як пераспелая рэпа, можа быць прыгожае. Але гэтак было, дый урэшце чаму так не магло быць? Магутнае, бясформеннае, як глыба гранiту, цела, грубая чырвоная скура былi ў параўнаннi з дзявочым целам, як плод шыпшыны ў параўнаннi з кветкаю. Чаму ж плод мусiць цанiцца нiжэй за кветку?

- Яна прыгожая, - прашаптаў ён.

- У клубах не менш за метр, - сказала Джулiя.

- У яе свая прыгажосць, - адказаў Ўiнстан.

Ён стаяў, абдымаючы Джулiю за яе гнуткую талiю, i адчуваў яе нагу ад клуба да калена. З iх целаў нiколi не народзiцца дзiця. Гэта было адзiнае, чаго яны нiколi не змаглi б зрабiць. Толькi праз словы з аднаго розуму ў другi маглi яны перадаць свой сакрэт. У жанчыны з двара не было розуму, у яе былi толькi дужыя рукi, цёплае сэрца i плоднае ўлонне. Ён падумаў, колькi ж дзяцей яна магла нарадзiць за сваё жыццё. Магчыма, пятнаццаць. Некалi яна перажыла кароткую пару цвiцення, мо якi год красавала, як шыпшына, а пасля раптоўна разбухла, як угноены плод, счырванела, агрубла, i пасля пачалося бясконцае мыццё, прасаванне, прыборка, шыццё, гатаванне, падмятанне, выцiранне, цыраванне, мыццё, прасаванне, спачатку на дзяцей, пасля на ўнукаў - i гэтак трыццаць гадоў без прыстанку. I пасля ўсяго гэтага яна яшчэ i спявала. Таемная павага, якую ён адчуваў да яе, нейкiм чынам мяшалася з выглядам бледнага бясхмарнага неба, што неабсяжна распасцiралася за комiнамi блiжнiх дамоў. Было дзiўна ўявiць сабе, што неба было аднолькавае для ўсiх - i тут, i ў Эўразii, i ва Ўсходазii. I людзi пад гэтым небам былi таксама вельмi падобныя - паўсюль, ва ўсiм свеце, сотнi тысяч мiльёнаў людзей былi зусiм такiя самыя, яны не ведалi нiчога адны пра адных, падзеленыя мурамi нянавiсцi i хлуснi, i ўсё ж зусiм такiя самыя - людзi, якiя нiколi не вучылiся думаць, якiя назапашвалi ў сэрцах, жыватах i мышцах сiлу, якая аднойчы пераверне свет. Калi i ёсць надзея, дык сярод пролаў! Не дачытаўшы да канца кнiгу, ён ужо ведаў, што гэткае будзе апошняе слова Гольдштэйна. Будучыня належала пролам. Але цi мог ён быць пэўны, што, калi надыдзе iх час, свет, што яны пабудуюць, не будзе яму, Ўiнстану Смiту, гэткi ж чужы, як i свет Партыi? Мог, бо гэта быў бы, прынамсi, свет здаровага розуму. Раней цi пазней гэта мусiць адбыцца, сiла саступiць месца свядомасцi. Пролы бессмяротныя, у гэтым можна было не сумнявацца, пабачыўшы гэтую самавiтую постаць у двары. Урэшце яны абудзяцца. А пакуль гэтак станецца, хоць, можа, давялося б чакаць тысячу гадоў, яны будуць жыць насуперак усiм нягодам, як птушкi, перадаючы ад цела да цела сваю жывучасць, якой не стае Партыi i якую Партыя не можа знiшчыць.

- Памятаеш, - сказаў ён, - як дрозд спяваў нам у той першы дзень, на ўзлеску?

- Ён спяваў не нам, - адказала Джулiя. - Ён спяваў сабе на ўцеху. Ды нават не. Ён проста спяваў.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*