KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Фантастика и фэнтези » Научная Фантастика » Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

Джордж Оруэлл - 1984 (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джордж Оруэлл, "1984 (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

У некаторых адносiнах яна была значна разумнейшая за Ўiнстана i значна менш падатная на партыйную прапаганду. Калi ён неяк выпадкова, гаворачы пра нешта iншае, прыгадаў вайну з Эўразiяй, яна вельмi здзiвiла яго, сказаўшы, што, на яе думку, нiякай вайны ўвогуле няма. Ракетныя бомбы, якiя штодня падаюць на Лондан, запускае, мабыць, сам урад Акiянii, "проста каб трымаць людзей у страху". Гэтая думка нiколi не прыходзiла яму ў галаву. I яшчэ яму зрабiлася ледзь не зайздросна, калi яна прызналася, што пад час Двуххвiлiнак Нянавiсцi яна больш за ўсё зважае на тое, каб не засмяяцца. Але яна ставiла пад сумненне вучэнне Партыi толькi тады, калi яно нейкiм чынам датычыла яе ўласнага жыцця. Часта яна была гатовая прыняць афiцыйны мiф проста таму, што рознiца памiж праўдай i хлуснёй уяўлялася ёй неiстотнай. Яна верыла, напрыклад, што, як яе вучылi ў школе, Партыя вынайшла самалёты. (Ўiнстан памятаў, што, калi ён вучыўся ў школе, у канцы пяцiдзесятых, Партыя прыпiсвала сабе толькi вынаходку верталёта; праз дзесятак гадоў, калi ў школе вучылася Джулiя, Партыя ўжо дадала сюды i самалёты; яшчэ праз пакаленне яна прыпiша сабе i паравую машыну.) Калi ён сказаў ёй, што самалёты iснавалi яшчэ да яго нараджэння i задоўга да Рэвалюцыi, яна не надала гэтаму вялiкай увагi. Дый, зрэшты, якая рознiца, хто там вынайшаў самалёты? Ён быў уражаны яшчэ больш, калi з нейкай нязначнай заўвагi зразумеў, што яна не памятае, як чатыры гады таму Акiянiя ваявала з Усходазiяй i была ў замiрэннi з Эўразiяй. I хоць яна лiчыла ўсю гэтую вайну фiкцыяй, аднак, вiдаць, увогуле не заўважала, што iмя ворага змянiлася.

- А я думала, што мы заўсёды ваявалi з Эўразiяй, - сказала яна безуважна.

Гэта трошкi спалохала Ўiнстана. Самалёты былi вынайдзены задоўга да яе нараджэння, але змена працiўнiка ў вайне адбылася ўсяго чатыры гады таму, калi Джулiя даўно ўжо была дарослая. Ён спрачаўся з ёй пра гэта, можа, чвэрць гадзiны. Урэшце яму ўдалося прымусiць яе заглыбiцца ў памяць i няясна прыгадаць, што некалi ворагам была не Эўразiя, а Ўсходазiя. Але i гэтая выснова не мела для яе асаблiвае важнасцi.

- Цi не ўсё роўна? - нецярплiва адказала яна. - Заўсёды паскудныя войны, адна за адной, i ўсё роўна ведаеш: так цi так усе навiны з фронту - хлусня.

Часам ён расказваў ёй пра аддзел дакументацыi i пра ганебныя фальшаваннi, што там чыняцца. Здавалася, гэтыя справы зусiм яе не палохалi. Яна не адчувала безданi пад нагамi пры думцы, што хлусня стаецца праўдай. Ён расказаў ёй гiсторыю Джоўнза, Эрансана i Радэрфорда i пра тую надзвычай важную газетную выцiнку, якую ён аднойчы трымаў у руках. Яе гэта не надта ўразiла. Спачатку яна нават не зразумела, у чым сутнасць гэтай гiсторыi.

- Гэта былi твае сябры? - спыталася яна.

- Не, я нiколi iх не ведаў. Гэта былi сябры Ўнутранай Партыi. Да таго ж, значна старэйшыя за мяне. Яны былi са старых, дарэвалюцыйных часоў. Я толькi ведаў iх з твару.

- Дык за што ж ты тады так перажываў? Заўсёды ж некага забiваюць, праўда?

Ён паспрабаваў ёй растлумачыць.

- Гэта быў выключны выпадак. Тут гаворка не проста пра тое, што некага прыкончылi. Цi разумееш ты, што мiнулае, аж да ўчарашняга дня, было знiшчана, сцерта з памяцi! Калi яно дзе i застаецца, дык толькi ў нешматлiкiх нежывых рэчах, да якiх не прывязаны словы, вось як гэты кавалак шкла на стале. Мы ўжо амаль нiчога не ведаем пра Рэвалюцыю i пра тое, што было да яе. Усе дакументы былi знiшчаныя або сфальшаваныя, усе кнiгi перапiсаныя, усе карцiны перамаляваныя нанава, усе помнiкi, вулiцы, будынкi перайменаваныя, усе даты змененыя. I працэс гэты працягваецца кожны дзень, кожную хвiлiну. Гiсторыя спынiлася. Не iснуе нiчога, акрамя вечнай цяпершчыны, дзе Партыя заўсёды мае рацыю. Вядома, я ведаю, што мiнулае сфальшавана, але я нiколi б не здолеў гэтага давесцi, нават калi я i сам удзельнiчаў у фальшаваннi. Як толькi справа зроблена, нiякiх доказаў не застаецца. Адзiны доказ iснуе ў маёй галаве, i ў мяне няма нiякай пэўнасцi, што яшчэ хоць адна чалавечая iстота памятае тое, што i я. Толькi той адзiны раз у жыццi я трымаў у руках фактычны канкрэтны доказ.

- I што гэта дало?

- Нiчога, бо праз пару хвiлiн я выкiнуў тую паперку. Але, калi б гэта адбылося сёння, я б яе захаваў.

- А я - не, - адказала Джулiя. - Я гатовая рызыкаваць, але дзеля чагосьцi вартага, не дзеля нейкага газетнага шматка. Што б ты з iм рабiў, нават калi б i захаваў?

- Можа б, i нiчога, але гэта быў доказ. Магчыма, сям-там ён пасеяў бы сумненнi, калi б я наважыўся яго некаму паказаць. Не думаю, каб мы маглi нешта змянiць за сваё жыццё. Але можна ўявiць, што вузельчыкi супрацiву маглi б сям-там завязацца, купкi людзей злучалiся б, i iх было б усё болей i болей, i яны маглi б нават пакiнуць па сабе нейкiя запiсы, каб наступнае пакаленне магло прадоўжыць справу там, дзе спынiлiся мы.

- Наступнае пакаленне мяне не цiкавiць, любы. Што мяне цiкавiць, дык гэта - мы.

- Ты бунтаўнiца толькi нiжэй поясу, - адказаў Ўiнстан.

Яго жарт здаўся ёй страшна дасцiпным, i яна абняла яго ў захапленнi.

Яе зусiм не цiкавiла вучэнне Партыi ў дэталях i падрабязнасцях. Кожны раз, як ён пачынаў гаварыць пра прынцыпы Ангсоцу, пра двухдумства, пра зменлiвасць мiнулага, пра адмаўленне аб'ектыўнай рэальнасцi i ўжываў пры гэтым навамоўныя словы, яна нудзiлася, i бянтэжылася, i казала, што нiколi не зважала на гэтыя рэчы. I так вядома, што ўсё гэта лухта, дык нашто сабе галаву забiваць? Яна ведала, калi пляскаць у далонi, калi крычаць ад абурэння, i гэтага было дастаткова. Калi ён упарта працягваў гэткiя размовы, яна звычайна засынала. Яна была з тых людзей, што могуць засынаць у любы час i ў любым становiшчы. Гаворачы з ёй, ён зразумеў, як лёгка ўдаваць добранадзейнасць, не маючы нават найменшага ўяўлення, што гэта значыць. У пэўным сэнсе, партыйны светапогляд найбольш паспяхова прышчапляўся тым, хто няздольны яго зразумець. Такiя людзi маглi прыняць нават самае вiдавочнае перакрыўленне рэальнасцi, бо яны нiколi не маглi ахапiць розумам велiзарнасць таго, што ад iх патрабавалi, i недастаткова цiкавiлiся грамадскiмi праблемамi, каб заўважыць, што адбываецца навокал. Недахоп разумення дазваляў iм захаваць здаровы розум. Яны папросту праглыналi ўсё, i праглынутае нiколi не прыносiла iм нiякай шкоды, бо не пакiдала ў iх нiякiх рэштак, гэтаксама як зярняты, праглынутыя птушкай, выходзяць з птушынага арганiзма неператраўленыя.

6

Нарэшце гэта адбылося. Доўгачаканая вестка прыйшла. Ўiнстану здавалася, што ён чакаў гэтага моманту ўсё сваё жыццё.

Ён iшоў доўгiм мiнiстэрскiм калiдорам i амаль на тым самым месцы, дзе Джулiя ўсунула яму ў руку цыдульку, пачуў, што нехта мажнейшы за яго ступае ззаду. Невядомая пакуль што асоба кашлянула, вiдавочна, падаючы знак, каб загаварыць. Ўiнстан раптоўна спынiўся i азiрнуўся. Гэта быў О'Браэн.

Нарэшце яны былi сам-насам, i Ўiнстану здавалася, што адзiным яго жаданнем цяпер было ўцячы. Сэрца шалёна калацiлася. Ён не здолее вымавiць нi слова. О'Браэн, аднак, прайшоў спакойна, на момант па-сяброўску ўзяў Ўiнстана за руку, так, што яны пайшлi побач. Ён загаварыў з паважнай i адмысловай высакароднасцю, якая адрознiвала яго ад большасцi сябраў Унутранай Партыi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*