KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Детективы и Триллеры » Детектив » Агата Кристи - Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)

Агата Кристи - Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Агата Кристи, "Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Разумею. I вы лiчыце?..

- Я нiколi ўжо не даведаюся, чаму сэр Гервазы пасылаў па мяне! Гэта бясспрэчна!

Пуаро ўсё хадзiў па кабiнеце. Ён паправiў адну-другую рэч на камiннай палiцы, агледзеў картачны столiк каля сцяны, адчынiў у iм шуфляду i дастаў маркёры для брыджа. Потым падышоў да пiсьмовага стала i ўважлiва зазiрнуў у кошык для паперы. Там не было нiчога, апрача папяровага мяшэчка. Пуаро дастаў яго, панюхаў, прамармытаў: "Апельсiны" i, разгладжваючы мяшэчак, прачытаў на iм: "Карпентэр i сыны, гандаль садавiнай, Гэмбара Святой Марыi". Ён якраз акуратна складваў мяшэчак, ражок да ражка, калi ў пакой зайшоў палкоўнiк Бэры.

8

Палкоўнiк плюхнуўся на крэсла, пакруцiў галавой, уздыхнуў i сказаў:

- Як гэта жахлiва, Рыдл! I якая цудоўная, цудоўная лэдзi Шэвенi-Гарэ. Вялiкая жанчына! Колькi ў яе мужнасцi!

Мяккiм крокам вяртаючыся да свайго стула, Пуаро сказаў:

- Вы, пэўна, ведаеце яе даўно?

- Так, я быў яшчэ на яе першым балi. Памятаю, у валасах - бутоны руж. I белая, лёгкая, як паветра, сукенка... Цi ж хто-небудзь мог дакрануцца да яе!

Голас яго быў поўны захаплення. Пуаро падаў яму аловак.

- Гэта ваш, я думаю?

- А? Што? О, дзякую, ён быў у мяне сёння папаўднi, калi мы гулялi ў брыдж. Незвычайна, ведаеце, сотня пiкавых анёраў* тройчы запар. Такога не было нiколi раней.

* Картачны тэрмiн.

- Вы гулялi ў брыдж перад вячэрнiм чаем, як я разумею? - сказаў Пуаро. Якi настрой быў у сэра Гервазы, калi ён прыйшоў пiць гарбату?

- Звычайны, зусiм звычайны. Мне ў галаву не магло прыйсцi, што ён наважваўся пакончыць з сабой. Магчыма, ён быў трохi больш узбуджаны, чым заўсёды, зараз я гэта прыгадваю. Пачынаю так думаць.

- Калi вы бачылi яго апошнi раз?

- Вось тады! На вячэрняй гарбаце. Больш я ўжо не бачыў, небараку, жывога.

- Вы наогул не заходзiлi ў кабiнет пасля гарбаты?

- Не, больш я не бачыў яго.

- Калi вы спусцiлiся вячэраць?

- Пасля першага гонгу.

- Вы i лэдзi Шэвенi-Гарэ сышлi разам?

- Не, мы - э-э - сустрэлiся ў зале. Я думаю, яна была ў сталовай, даглядала кветкi, цi што.

Маёр Рыдл сказаў:

- Спадзяюся, вы не будзеце пярэчыць, палкоўнiк Бэры, калi я задам вам, можна сказаць, прыватнае пытанне. Цi былi якiя спрэчкi памiж вамi i сэрам Гервазы наконт "Сiнтэтык пэраган рабэ компанi"?

Твар палкоўнiка Бэры раптам стаў пурпуровы. Ён пачаў гаварыць трохi блытана.

- Зусiм не. Зусiм не. Стары Гервазы быў неразважны чалавек. Вы павiнны памятаць гэта. Ён заўсёды чакаў, што з усяго, да чаго ён нi дакранецца, пацякуць малочныя рэкi! Здавалася, ён не разумеў, што ўвесь свет ахоплены крызiсам. I што крызiс, безумоўна, уплывае на капiтал.

- Дык памiж вамi ўсё-такi былi нейкiя спрэчкi?

- Нiякiх спрэчак. Проста д'ябальская неразважнасць Гервазы.

- Ён вiнавацiў вас за панесеныя страты?

- Гервазы не быў нармальны! Ванда ведала гэта. Але яна заўсёды ўмела кiраваць iм. Я ахвотна перадаваў усё ў яе рукi.

Пуаро кашлянуў, i маёр Рыдл, зiрнуўшы на яго, перамянiў тэму.

- Я ведаю, што вы вельмi даўнi сябар сям'i, палкоўнiк Бэры. Цi вядома вам што-небудзь аб тым, як сэр Гервазы падзялiў спадчыну?

- Ну, думаю, большая частка пяройдзе да Рут. Гэта я зразумеў з яго выпадковых слоў.

- Вы не лiчыце, што гэта было вельмi несправядлiва ў адносiнах да Х'юга Трэнта?

- Гервазы не любiў Х'юга. Цярпець яго не мог.

- Але ж у яго было моцна развiта пачуццё сям'i. Мiс Шэвенi-Гарэ, урэшце, толькi прыёмная дачка.

Палкоўнiк Бэры вагаўся, але потым, трохi пахмыкаўшы i памыкаўшы, сказаў:

- Паслухайце, я думаю лепей сказаць вам. Строга канфiдэнцыяльна, i ўсё такое.

- Безумоўна, безумоўна.

- Рут незаконная, але яна Шэвенi-Гарэ. Дачка брата Гервазы, Энтанi, якi загiнуў на вайне. Здаецца, у яго быў раман з машынiсткай. Калi ён загiнуў, дзяўчына напiсала Вандзе. Ванда паехала да яе - дзяўчына чакала дзiця. Ванда з Гервазы ўсё абгаварылi; ёй якраз сказалi, што сама яна нiколi не будзе мець дзяцей. I яны ўзялi дзяўчынку, калi яна нарадзiлася, i ўдачарылi яе па закону. Мацi адмовiлася ад усякiх правоў на яе. Яны выхавалi Рут, як сваю дачку, i фактычна яна i ёсць iх дачка, i варта толькi паглядзець на яе, каб зразумець, што яна сапраўды Шэвенi-Гарэ!

- Ага! - сказаў Пуаро. - Вось яно што. Гэта робiць стаўленне да яе сэра Гервазы намнога больш зразумелым. Але калi ён не любiў мiстэра Х'юга Трэнта, то чаму ён так хацеў ажанiць яго з мадэмуазель Рут?

- Каб упарадкаваць пазiцыю сям'i. З яго пункту гледжання, гэта быў самы адпаведны шлюб.

- Хоць ён i не любiў маладога чалавека цi не давяраў яму?

Палкоўнiк Бэры фыркнуў.

- Вы не разумееце старога Гервазы. Ён не ўмеў глядзець на людзей як на людзей. Ён наладжваў шлюбы, быццам пары былi каралеўскага роду! Ён лiчыў за належнае, што Рут i Х'юга пажэняцца, што Х'юга возьме iмя Шэвенi-Гарэ. А што Х'юга i Рут думалi самi, не мела значэння.

- А цi мадэмуазель Рут згаджалася прыняць гэтыя ўмовы?

Палкоўнiк Бэры хiхiкнуў.

- Яна! Яна як фурыя!

- Цi ведалi вы, што незадоўга да сваёй смерцi сэр Гервазы складаў новае завяшчанне, паводле якога мiс Шэвенi-Гарэ стала б яго спадчыннiцай толькi пры ўмове, што яна выйдзе за мiстэра Трэнта?

Палкоўнiк Бэры свiснуў.

- Дык яго сапраўды напалохаў яе раман з Бараўзам...

Вымавiўшы гэта, ён прыкусiў язык, але было позна. Пуаро ўхапiўся за гэтае прызнанне.

- Памiж мадэмуазель Рут i маладым месье Бараўзам нешта было?

- Напэўна, нiчога, зусiм нiчога.

Маёр Рыдл кашлянуў.

- Я лiчу, палкоўнiк Бэры, што вы павiнны сказаць нам усё, што ведаеце. Гэта магло мець прамыя адносiны да стану сэра Гервазы.

- Думаю, што магло, - сказаў палкоўнiк Бэры, вагаючыся. - Так, усё ў тым, што малады Бараўз нябрыдкi хлопец, - прынамсi, жанчыны, здаецца, думаюць так. Менавiта ў апошнi час здавалася, што яго з Рут вадой не разлiць, i Гервазы гэта не падабалася - зусiм не падабалася! Ён не хацеў звальняць Бараўза, баючыся прыспешыць ход падзей. Ведаў, якая яна, Рут. Ёю не пакамандуеш. Таму, мяркую, ён i ўхапiўся за гэты план. Рут - не такая дзяўчына, што ахвяруе ўсiм дзеля кахання. Яна любiць раскошнае жыццё i грошы.

- Цi прыхiльна вы самi ставiцеся да мiстэра Бараўза?

Палкоўнiк выказаў думку, што Годфры Бараўз трошкi хамаваты, гэтая заява канчаткова збянтэжыла Пуаро, а маёра Рыдла прымусiла ўсмiхнуцца ў вусы.

Было яшчэ некалькi пытанняў i адказаў, а тады палкоўнiк Бэры пайшоў.

Рыдл зiрнуў на Пуаро, якi сядзеў, паглыблены ў думкi.

- Якую выснову робiце вы з усяго гэтага, мiстэр Пуаро?

Маленькi чалавек узняў рукi.

- Здаецца, я ўяўляю, як усё было. Гэта абдуманы план.

- Гм, складана, - сказаў Рыдл.

- Вядома, складана. Але адна выпадковая фраза здаецца мне ўсё больш i больш iстотнай.

- Што такое?

- Тыя забаўныя словы, якiя сказаў Х'юга Трэнт: "Забойствы бываюць заўсёды..."

Рыдл рэзка сказаў:

- Бачу, вы ўвесь час хiлiце ў гэты бок.

- А вы не згодны, дружа мой, што чым больш мы даведваемся, тым менш i менш знаходзiм матываў для самагубства? А для забойства збiраецца цэлая калекцыя матываў!

- I ўсё ж не забывайце фактаў - дзверы замкнутыя, ключ у кiшэнi нябожчыка. О, я ведаю, ёсць адпаведныя спосабы i сродкi. Сагнутыя шпiлькi, вяроўкi - усе вiды прыстасаванняў. Увогуле, такое магчыма... Але цi было яно на самай справе? Вось у чым я моцна сумняваюся.

- Ва ўсялякiм разе, давайце спачатку разгледзiм сiтуацыю так, што гэта было забойства, а не самагубства.

- О, калi ласка. Раз вы на сцэне, дык, напэўна, будзе забойства!

Пуаро спачатку ўсмiхнуўся, а пасля сказаў:

- Што ж, давайце разгледзiм выпадак як забойства. Чуваць стрэл; чатыры чалавекi ў зале: мiс Лiнгард, Х'юга Трэнт, мiс Кардвэл i Снэл. Дзе ўсе астатнiя?

Бараўз быў у бiблiятэцы, па яго словах. Нiхто не праверыць гэтую заяву. Iншыя былi, мабыць, у сваiх пакоях, але хто ведае, цi сапраўды былi яны там? Кожны нiбыта спускаецца ўнiз паасобку. Нават лэдзi Шэвенi-Гарэ i Бэры сустрэлiся толькi ў зале. Лэдзi Шэвенi-Гарэ прыйшла са сталовай. Адкуль прыйшоў Бэры? Хiба не можа быць, што прыйшоў не зверху, а з кабiнета? Вось i гэты аловак...

Але, аловак - гэта цiкава. Бэры не праявiў нiякiх эмоцый, калi я дастаў яго, але так магло быць таму, што ён не ведаў, дзе я знайшоў аловак, i яму было невядома, што ён згубiў яго. Давайце паглядзiм, хто яшчэ гуляў у брыдж, калi аловак быў ва ўжытку? Х'юга Трэнт i мiс Кардвэл. Яны выпадаюць. У мiс Лiнгард i дварэцкага жалезнае алiбi. Чацвёртая была лэдзi Шэвенi-Гарэ.

- Вы не можаце ўсур'ёз падазраваць яе.

- Чаму не, мой дружа? Паверце, што датычыць мяне - я магу падазраваць кожнага! Дапусцiм, што, нягледзячы на яе вiдавочную адданасць мужу, яна шчыра кахае адданага ёй Бэры?

- Гм, - сказаў Рыдл. - Нейкiм чынам у iх было нешта накшталт menege a trois* - на працягу многiх гадоў.

* Сям'я з трох (фр.).

- I яшчэ канфлiкт праз гэтую кампанiю памiж сэрам Гервазы i палкоўнiкам Бэры.

- Праўда тое, што сэр Гервазы мог намервацца перайсцi да рашучых i небяспечных дзеянняў. Мы ж не ведаем акалiчнасцей. Гэта магло з'явiцца прычынай вашага выклiку сюды. Скажам, сэр Гервазы падазрае, што Бэры наўмысна абiрае яго, але ён не хоча агалоскi, баючыся, што можа быць замешана i яго жонка. Так магчыма. Гэта дае абаiм рэальны матыў. I сапраўды трохi дзiўна, што лэдзi Шэвенi-Гарэ ўспрыняла смерць мужа так спакойна. А гэтыя духi могуць быць гульнёй!

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*