KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Детективы и Триллеры » Детектив » Агата Кристи - Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)

Агата Кристи - Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Агата Кристи, "Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Цi заўсёды ён даваў вам такiя даручэннi?

- Ды не... Увогуле, гэта была справа мiстэра Бараўза. Я нiчым не займалася, апрача чыста лiтаратурнай работы. Я не была сакратаркай нi ў якiм сэнсе слова.

Пуаро запытаўся:

- Як вы лiчыце, у сэра Гервазы былi пэўныя падставы прасiць у вас гэтай паслугi замест таго, каб даручыць усё мiстэру Бараўзу?

Мiс Лiнгард задумалася.

- Так, маглi быць... Я не думала пра гэта тады. Я думала, так яму проста зручней. А цяпер прыгадваю, што, сапраўды, ён папрасiў мяне не гаварыць нiкому, што прыязджае мiстэр Пуаро. Гэта павiнна быць сюрпрызам, сказаў ён.

- Ага! Ён так i сказаў? Вельмi дзiўна, вельмi цiкава. I цi гаварылi вы каму-небудзь?

- Вядома, не, мiстэр Пуаро. Я сказала Снэлу пра абед i каб шафёр сустрэў госця, якi прыедзе цягнiком у сем пятнаццаць.

- Цi гаварыў сэр Гервазы што-небудзь яшчэ, што магло мець адносiны да справы?

Мiс Лiнгард задумалася.

- Не... Я не думаю... Ён быў надта напружаны... Добра памятаю, якраз, калi я пакiдала пакой, ён прамовiў: "Нiчога добрага, што ён зараз прыязджае. Занадта позна".

- I вы не маеце нiякай здагадкi, што ён меў на ўвазе?

- Н-не...

Цьмянае падазрэнне ўзнiкла ў Пуаро ад той нерашучасцi, з якой яна вымавiла простае "не". Ён, нахмурыўшыся, паўтарыў:

- "Занадта позна"... Гэта ён сказаў, гэта? "Занадта позна".

Маёр Рыдл спытаўся:

- Вы не можаце нам дапамагчы, мiс Лiнгард, высветлiць сутнасць справы, якая так засмучала сэра Гервазы?

Мiс Лiнгард павольна сказала:

- У мяне ёсць падазрэнне, што гэта нейкiм чынам звязана з Х'юга Трэнтам.

- З Х'юга Трэнтам? Чаму вы так думаеце?

- Ну, нiчога пэўнага не было, але ўчора папаўднi мы якраз закранулi сэра Х'юга дэ Шэвенi, якi, баюся, паказаў сябе не з лепшага боку ў вайне Пунсовай i Белай ружы, i сэр Гервазы сказаў: "I трэба ж было маёй сястры выбраць iмя Х'юга свайму сыну! Яно заўсёды было няўдалым iмем у нашай сям'i. Яна магла б ведаць, што з нiводнага Х'юга не будзе толку".

- Тое, што вы нам кажаце, наводзiць на роздум, - сказаў Пуаро. - Але, гэта падказвае мне новую думку.

- Сэр Гервазы не сказаў нiчога больш пэўнага? - спытаўся маёр Рыдл.

Мiс Лiнгард пакруцiла галавой.

- Не, i, вядома, спецыяльна мне ён не казаў нiчога. Сэр Гервазы, па сутнасцi, размаўляў сам з сабою. Ён, па сутнасцi, не гаварыў са мною.

- Абсалютна так, - сказаў Пуаро. - Мадэмуазель, вы, чужы чалавек, былi тут два месяцы. Было б, я думаю, вельмi карысна, калi б вы шчыра падзялiлiся з намi сваiмi ўражаннямi пра сям'ю i пра ўсiх тутэйшых.

Мiс Лiнгард зняла сваё пенснэ i задумлiва замiргала.

- Ведаеце, напачатку, калi папраўдзе, я думала, што трапiла ў вар'яцкi дом! Лэдзi Шэвенi-Гарэ, якая ўвесь час бачыць рэчы, якiх тут няма, i сэр Гервазы, якi паводзiць сябе, як... як кароль, i нешта вытварае з сябе самым экстравагантным чынам, - так, сапраўды, я i падумала, што яны самыя дзiўныя людзi, якiя мне калi-небудзь сустракалiся. Безумоўна, мiс Шэвенi-Гарэ абсалютна нармальная. А неўзабаве я пераканалася, што лэдзi Шэвенi-Гарэ ў сапраўднасцi вельмi добрая, зычлiвая жанчына. Нiхто не быў дабрэйшы i зычлiвейшы да мяне, чым яна. Сэр Гервазы - так, я сапраўды гэтак думаю, ён быў вар'ят. Яго эгаманiя - здаецца, так гэта называецца - з кожным днём усё больш абвастралася.

- А як астатнiя?

- Мне здаецца, мiстэру Бараўзу ў гэты час было нялёгка з сэрам Гервазы. Мяркую, ён быў рады, што наша работа над кнiгай трохi вызвалiла яго. Палкоўнiк Бэры быў заўсёды прыемны. Ён вельмi шанаваў лэдзi Шэвенi-Гарэ i выдатна спраўляўся з сэрам Гервазы. Мiстэр Трэнт, мiстэр Фобз i мiс Кардвэл толькi некалькi дзён тут, таму, зразумела, я мала што ведаю пра iх.

- Дзякуй вам, мадэмуазель. А што наконт капiтана Лэйка, агента?

- О, ён вельмi сiмпатычны. Усе любiлi яго.

- I сэр Гервазы?

- О, так. Я чула, як ён казаў, што Лэйк - найлепшы агент з усiх, якiя ў яго былi. Зразумела, у капiтана Лэйка таксама былi свае цяжкасцi з сэрам Гервазы, але наогул ён спраўляўся з усiм даволi добра. Гэта было нялёгка.

Пуаро задумлiва сказаў:

- Нешта... нешта яi хацеў запытацца ў вас... адну дэталь... Што ж гэта такое?

Мiс Лiнгард з цярплiвым выразам на твары павярнулася да яго.

Пуаро раздражнёна пакруцiў галавой.

- Ша! Яно круцiцца ў мяне ў галаве.

Маёр Рыдл пачакаў хвiлiну-другую, потым, убачыўшы, што Пуаро па-ранейшаму заклапочана хмурыцца, зноў павёў допыт.

- Калi апошнi раз вы бачылi сэра Гервазы?

- Калi мы пiлi гарбату, у гэтым пакоi.

- Якi быў яго стан тады? Нармальны?

- Нармальны, як i заўсёды.

- Цi адчувалася якое-небудзь напружанне сярод блiзкiх i гасцей?

- Не, я думаю, кожны адчуваў сябе зусiм звыкла.

- Куды пайшоў сэр Гервазы пасля гарбаты?

- Ён, як заўсёды, узяў з сабой у кабiнет мiстэра Бараўза.

- I гэта апошнi раз, калi вы яго бачылi?

- Але. Я пайшла ў маленькi пакой, дзе працую, i друкавала раздзел кнiгi са сваiх нататак, якiя ўзгаднiла з сэрам Гервазы, да сямi вечара, а тады паднялася наверх адпачыць i апрануцца на абед.

- Вы сапраўды чулi стрэл, як я разумею?

- Так, я была ў гэтым пакоi. Пачуўшы нешта падобнае на стрэл, я выйшла ў залу. Мiстэр Трэнт быў там, i мiс Кардвэл. Мiстэр Трэнт запытаўся ў Снэла, цi ёсць шампанскае на абед, i нават пажартаваў. Нам i ў галаву не прыйшло, што гэта нешта сур'ёзнае. Мы засталiся ўпэўненыя, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабiля.

Пуаро запытаўся:

- Вы чулi, як мiстэр Трэнт сказаў: "Забойствы бываюць заўсёды"?

- Я ўпэўнена, ён сказаў штосьцi накшталт гэтага - жартам, вядома.

- Што было потым?

- Мы ўсе ўвайшлi сюды.

- Вы можаце ўспомнiць, у якiм парадку ўсе прыйшлi на абед?

- Мiс Шэвенi-Гарэ была першая, мне здаецца, а тады мiстэр Фобз. Потым палкоўнiк Бэры з лэдзi Шэвенi-Гарэ, мiстэр Бараўз адразу ж за iмi. Я думаю, такi быў парадак, але не зусiм упэўнена, бо яны ўсе зайшлi амаль разам.

- Iх сабраў першы гонг?

- Але. Кожны заўсёды спяшаўся, калi чуўся гэты гонг. Сэру Гервазы пунктуальнасць увечары была страшэнна важная.

- Калi ён сам звычайна сыходзiў?

- Ён амаль заўсёды ўжо быў у пакоi, калi гучаў першы гонг.

- Вас здзiвiла, што яго на гэты раз не было ўнiзе?

- Надта.

- Ага, так! - усклiкнуў Пуаро.

Калi другiя двое запытальна паглядзелi на яго, ён сказаў:

- Я ўспомнiў, пра што хацеў спытацца. Сёння ўвечары, мадэмуазель, калi мы ўсе iшлi ў кабiнет, пачуўшы ад Снэла, што ён замкнуты, вы нагнулiся i нешта паднялi.

- Я падняла? - Мiс Лiнгард, здавалася, вельмi здзiвiлася. - Але, якраз, калi мы паварочвалi ў калiдор, якi вядзе да кабiнета. Нешта маленькае i блiскучае.

- Вось дык дзiва - я не памятаю. Пачакайце - ага, успомнiла. Проста я не падумала. Хвiлiнку - гэта павiнна быць тут.

Адкрыўшы сваю чорную атласную сумачку, яна высыпала ўсё, што ў ёй было, на стол.

Пуаро i маёр Рыдл з цiкавасцю агледзелi рэчы. На стале ляжалi дзве насоўкi, пудранiца, малы звязак ключоў, футарал на акуляры i яшчэ адна рэч, якую прагна схапiў Пуаро.

- Божа мой, куля! - сказаў маёр Рыдл.

Рэч, якая па форме сапраўды нагадвала кулю, на самай справе была маленькiм алоўкам.

- Вось гэта я падняла, - сказала мiс Лiнгард. - Я зусiм забылася.

- Вы ведаеце, чый ён, мiс Лiнгард?

- О, так - палкоўнiка Бэры. Ён загадаў зрабiць гэты аловак з кулi, якая трапiла - цi, правiльней, не трапiла, калi вы разумееце, што я маю на ўвазе на паўднёваафрыканскай вайне*.

* Маецца на ўвазе ангельска-бурская вайна 1899-1902 гг.

- Калi апошнi раз гэты аловак быў у яго?

- А, ён быў у яго сёння папаўднi, калi яны гулялi ў брыдж, бо я заўважыла, ён iм запiсваў лiк, як я прыйшла пiць гарбату.

- Хто гуляў у брыдж?

- Палкоўнiк Бэры, лэдзi Шэвенi-Гарэ, мiстэр Трэнт i мiс Кардвэл.

- Я думаю, - мякка сказаў Пуаро, - няхай ён пабудзе ў нас, мы самi вернем яго палкоўнiку.

- О, калi ласка. Я такая забыўлiвая i магла б забыцца зрабiць гэта.

- Цi не маглi б вы, мадэмуазель, запрасiць сюды палкоўнiка Бэры?

- Добра. Я зараз жа пайду i знайду яго. - Яна хуценька выйшла. Пуаро ўстаў i пачаў бязмэтна хадзiць па кабiнеце.

- Мы пачынаем, - сказаў ён, - рэканструяваць гэты поўдзень. Цiкава вось што. А палове трэцяй сэр Гервазы займаецца рахункамi з капiтанам Лэйкам. Ён трохi заклапочаны. А трэцяй ён абмяркоўвае кнiгу, якую пiша з мiс Лiнгард. Ён у страшэнна цяжкiм душэўным стане. Мiс Лiнгард звязвае гэты цяжкi душэўны стан з Х'югам Трэнтам на падставе выпадковай рэплiкi. На вячэрняй гарбаце яго паводзiны нармальныя. Пасля гарбаты, кажа Годфры Бараўз, ён быў у добрым настроi ад чагосьцi. У пяць хвiлiн восьмай ён iдзе наверх, заходзiць у свой кабiнет, крэмзае "даруйце" на кавалачку паперы i страляецца!

Рыдл павольна сказаў:

- Я разумею, што вы маеце на ўвазе. Тут няма паслядоўнасцi.

- Дзiўныя змены настрою ў сэра Гервазы Шэвенi-Гарэ! Ён заклапочаны - ён моцна засмучаны - ён у звычайным стане - ён у гуморы! Нешта вельмi дзiўнае! I яшчэ, гэтая фраза: "Занадта позна". Што я прыязджаю сюды занадта позна. Так, гэта праўда. Я прыехаў сюды занадта позна - каб убачыць яго жывога.

- Разумею. I вы лiчыце?..

- Я нiколi ўжо не даведаюся, чаму сэр Гервазы пасылаў па мяне! Гэта бясспрэчна!

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*