KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Гавриил Троепольский, "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Што з табою, сабачка? Што ты, Чорнае вуха? За кiм жа ты гэтак бег, гаротнiк?

У гэтае грубаватае з выгляду жанчыны быў цёплы i ласкавы голас. Яна сышла пад адхон, прынесла ў брызентавай рукавiцы вады, зноў прыпадняла Бiмаву галаву i паднесла рукавiцу, намачыла нос. Бiм лiзнуў яшчэ раз. I стаў хлябтаць. Жанчына гладзiла яго па спiне. Яна зразумела пра ўсё: нехта любiмы паехаў назаўсёды, а гэта страшна, да жудаснага цяжка - праводзiць назаўсёды, гэта ўсё адно, што пахаваць зажыва.

Яна каялася перад Бiмам:

- Я вось - таксама... I бацьку, i мужа правяла на вайну... Бачыш, Чорнае вуха, старая стала... а ўсё не забываю... Я таксама бегла ўслед цягнiку... i таксама ўпала... i прасiла смерцi сабе... Пi, мой харошанькi, пi, гаротнiк...

Бiм выпiў з рукавiцы амаль усю ваду. Цяпер ён паглядзеў жанчыне ў вочы i адразу ж паверыў: добры чалавек. I лiзаў, лiзаў яе грубыя, патрэсканыя рукi, злiзваючы кропелькi, якiя падалi з вачэй. Так Бiм другi раз у жыццi спазнаў смак чалавечых слёз: першы раз - гарошынкi гаспадара, цяпер вось - гэтыя, празрыстыя, блiскучыя на сонцы, густа прасоленыя незагойным чалавечым горам.

Жанчына ўзяла яго на рукi i знесла з дарожнага палатна пад адхон:

- Ляжы, Чорнае вуха, ляжы. Я прыйду. - I пайшла туды, дзе некалькi жанчын корпалася на пуцях.

Бiм глядзеў ёй услед мутнымi вачыма. Але потым, намогшыся з усяе сiлы, прыўстаў i паволi, хiстаючыся, пайшоў за ёю. Тая азiрнулася, пачакала яго. Ён прыплёўся i лёг перад ёю.

- Гаспадар кiнуў? - запыталася яна. - Паехаў?

Бiм уздыхнуў. I яна зразумела.

Падышлi яны да тых, што працавалi. Усе тут былi жанчыны, апранутыя гэтаксама, як i Добры чалавек, а збоч стаяў мужчына ў аблавушцы на патылiцы i з люлькаю ў зубах. Ён запытаў сярдзiта:

- Да сабакi прывязалася, Матрэна? А хто рабiць будзе? Эх ты, Матрэна, Матрэна... Як нi скажы - Матрэна. - I тыцкаў пальцам да яе.

Бiм скемiў: харошы чалавек - гэта Матрэна. Яна загадала яму ляжаць ля абочыны, а сама ўзяла нейкiя вялiзныя абцугi i ўхапiлася iмi за шпалу разам з астатнiмi жанкамi.

- Раз-два, ўзялi! - раўнуў мужчына. - Яшчэ разiк! Яшчэ раз! - крычаў ён нават з гонарам, узяўшы рукi ў бокi.

На кожны яго крык жанчыны цягнулi дружнымi рыўкамi так, што бервяно паслухмяна паўзло за iмi, сцiснутае абцугамi. Кожны раз, як цягнулi, твары ў жанчын аж чырванелi ад натугi, а ў аднае з iх, худасочнае i кволае, твар, наадварот, бляднеў i нават сiнеў. Гэту жанчыну Матрэна адапхнула рукою i сказала гэтак сама, як некалi гаварыў гаспадар Бiму, праганяючы яго:

- Адыдзi! Адпачнi, а то богу душу аддасi. - I да мужчыны: - Ну крычы, цi што, анцыхрыст!

- Раз-два, ўзялi! - раўнуў той i паправiў аблавушку, стаў выводзiць, быццам яму было неўмагату цяжка: - Ой, бабкi, яшчэ раз! Муж паехаў на Каўказ! Не даехаў да Каўказа! Ажанiўся там, зараза! Стоп! Кладзi струмант!

Слова "зараза" Бiм ужо чуў ад Кiрпатага дзядзькi: нядобрае слова. Астатнiх слоў ён не зразумеў.

А жанчыны паклалi абцугi, узялi жалезныя кастылi i пачалi ўбiваць iх цяжкiмi доўгiмi малаткамi, быццам бы забаўляючыся, убiвалi кастыль за тры ўзмахi, а Кволая ад кожнага ўдару стагнала, вохкала:

- Ах-ха! Ох-ха!

- Давай, давай! - пакрыкваў Зараза, напiхаючы люльку. - Давай, давай, Анiся! - Ён падышоў да жанчыны: - З адцяжкаю бi, на сябе пацягвай - лягчэй пойдзе.

Анiся - гэта Кволая. Яна больш за другiх марудзiла з кожным кастылём i ўрэшце засталася наводшыбе. Дзiўнае жанчынам i незразумелае здарылася ў гэты час: Бiм падышоў да Анiссi расслабленаю паходкаю i таксама, як i Матрэне, палiзаў горкiя брызентавыя рукавiцы. Усе прыпынiлiся i здзiўлена глядзелi на Бiма.

Потым яны па загаду Заразы селi ўсе пад кустамi i палуднавалi, кожная са свайго клуначка. I накармiлi Бiма. Ён еў. Цяпер ён ужо браў ежу з рук добрых людзей. Гэта ратавала яго.

Пад вечар ён затурбаваўся: падыходзiў да Матрэны, садзiўся, вяла пераступаў пярэднiмi лапамi, зазiраў у твар, зноў адыходзiў, клаўся, але скора зноў вяртаўся i зноў адыходзiў.

- Пайсцi хочаш, Чорнае вуха, - дагадалася Матрэна. - Ну, iдзi, пайшоў, Чорнае вуха. Куды ж я цябе дзену? Няма куды. Iдзi.

Бiм развiтаўся i пайшоў, паволi, не па-сабачы. Пайшоў уздоўж чыгункi назад. Дарога - яна i ёсць дарога, яна паказвае, куды iсцi, - нiколi не зблудзiш, калi правiльна пайшоў. Толькi вось усё цела балюча ныла, а пасля ўчарашнiх пабояў Шэрага цяжка было дыхаць, асаблiва на хаду, але - што рабiць! - трэба iсцi, дзякуй богу, ён пакармiўся ў добрых жанчын, ды i сцяжынка паўз шпалы была гладкая i роўная. Пакрысе ўцягнуўся, нават цiхенька-цiхенька затрухаўся подбегам. Якiя жывучыя сабакi i як скора адыходзяць!

Калi глянуць збоку, нiчога незвычайнага тут не было: па чыгуначнаму палатну трухаўся хворы сабака. I ўсяго.

Блiжэй да горада з аднае чыгункi стала дзве: яшчэ пара суцэльных жалезных палосак выцягнулася побач. Потым iх стала тры. Непадалёку ад будачкi неспадзявана замiргалi ўперамежку два чырвоныя вокi: левае, правае, левае, правае - кiдалiся збоку ўбок. Чырвонае ўсiм звярам непрыемна: ваўку, напрыклад, нестае сiлы пераскочыць цераз лiнiю чырвоных сцяжкоў, лiса, абкладзеная iмi, застаецца ў акружэннi па двое-трое сутак, а то i болей. Таму i Бiм вырашыў абмiнуць вялiзныя чырвоныя жывыя вочы. Ён сышоў на трэцюю каляю, прыпынiўся, узiраючыся ў чырвонае морганне, яшчэ не адважыўся iсцi далей. I тут пад нагамi нешта скрыгiтнула...

Бiм завыў ад страшнага болю, але нiяк не мог адарваць лапу ад рэйкi: на стрэлцы лапа трапiла ў магутныя цiскi. З Бiмавага выцця можна было распазнаць толькi адно: "Ой, балiць! Памажэ-эце-е!"

Людзей паблiзу не было. Адгрызцi сваю лапу, як гэта часам робiць воўк у пастцы, сабака не можа, ён чакае дапамогi, ён спадзяецца на чалавечую дапамогу.

Але што гэта? Два вялiзныя яркiя белыя вокi асвятлiлi пуцi i самога Бiма, яны асляпiлi яго, наблiжалiся паволi i няўмольна. Бiм сцяўся ад болю i страху. I сцiх ад прадчування навалы. Але грымучая iстота з гэткiмi вачыма спынiлася крокаў за трыццаць, у паласу святла выскачыў з цемры чалавек i падбег да Бiма. Потым адразу паказаўся i другi.

- Як жа ты ўшчамiўся, бядняга? - запытаўся першы.

- Што ж рабiць? - запытаўся ў першага другi.

Яны пахлi амаль што гэтаксама, як i шафёры, абодва былi ў фуражках з вялiкiмi медалямi.

- За прыпынак нам перападзе, хоць мы i побач са станцыяй, - сказаў першы.

- Цяпер усё роўна, - адказаў першы i пайшоў да будачкi.

Наш бедны Бiм здагадаўся па iнтанацыi (не па словах): гэта яго збавiцелi. Ён чуў, як звонка зазванiў у будачцы званок, а праз хвiлiну цiскi выпусцiлi лапу. Але Бiм не рухаўся, ён здранцвеў. Тады чалавек узяў яго i занёс за лiнiю дарогi. Там Бiм закруцiўся на месцы, як юла, залiзваючы раздушаныя пальцы. I аднак (якiя сабакi назiральныя!) ён чуў гаворку з акон i дзвярэй цягнiка; цяпер, не аслеплены святлом, ён бачыў цягнiк з цемры збоку; розныя галасы паўтаралi словы "сабака" i "паляўнiчы", словы вельмi зразумелыя.

Бiм быў удзячны добрым людзям. Вось так. Дзесьцi нехта перавёў стрэлку на той дарозе, па якой iшоў Бiм. I таму "нехта" цяпер нiякага клопату ад таго, што нейкаму сабаку прышчамiла нагу i ён стаў калекам. Што б яно нi было, але цяпер ён ужо нiколi не пойдзе па чыгунцы: гэта ён зразумеў гэтак жа, як i змалку, што там, дзе бегаюць машыны, нельга хадзiць.

Бiм паскакаў на трох нагах, змучаны, скалечаны. Ён часта прыпыняўся i лiзаў анямелыя i ўжо прыпухлыя пальцы хворае лапы, кроў пакрысе ўнялася, а ён усё лiзаў i лiзаў да таго часу, пакуль кожны падушаны палец не стаў iдэальна чысты. Гэта было вельмi балюча, але iншая рада не служыць: кожны сабака ведае, што балiць, але цярпi, балiць, а ты лiжы, балiць, а ты маўчы.

Да родных дзвярэй ён прыкульгаў запоўнач. Няма! Зноў няма слядоў Iвана Iванавiча. Бiм хацеў падрапаць за дзверы, як i звычайна, але аказалася, што нельга: з хвораю нагою немагчыма не толькi стаць на заднiя лапы, але нават i сесцi, - толькi стой на трох нагах або ляжы лежма. Тады ён прыткнуўся носам да кутка дзвярэй i праверыў пах у сярэдзiне ў кватэры: гаспадара не было. Значыцца, паехаў назусiм. Так ён стаяў доўга, быццам падтрымлiваў галавою саслабелае цела. Потым падышоў да дзвярэй Сцяпанаўны i моцна, коратка, роспачна сказаў: "Гаў!" (Я тут.)

Сцяпанаўна ахнула:

- А божа ты мой! Дзе ж гэта цябе так? - Адчынiла дзверы ў кватэру i ўвайшла разам з iм у пакой. - От сабака ты, сабака, няшчасны сабака, што ж мне цяпер рабiць табе? I што скажа Iван Iванавiч?

Бiм толькi быў лёг пасярод пакоя, выцягнуўшы ногi, але... Як жа так? "Iван Iванавiч"? Бiм падняў галаву, павярнуў яе да Сцяпанаўны i з намаганнем глядзеў, глядзеў на яе, не спускаючы вачэй, ён пытаўся: "Iван Iванавiч? Дзе?"

Сцяпанаўна не ўмела ладзiць з сабакамi, не ведала, як кармiць i даглядаць, аднак умела пашкадаваць. Магчыма, жаласлiвасць i дапамагла ёй зараз зразумець Бiма, здагадацца, што словы "Iван Iванавiч" абудзiлi ў хворага сабакi проблiск надзеi.

- Ага, ага, Iван Iванавiч, - пацвердзiла яна. - Пачакай жа: я зараз прыйду. - Спяшаючыся, пайшла i зараз жа вярнулася з лiстом у руках, паднесла яго Бiму да носа: - Вось бачыш? Лiст прыслаў Iван Iванавiч.

Бiм, бедны Бiм, якi памiраў i ўваскрэс, якога задушылi i выратавалi, хворы i без крупiнкi спадзявання, Бiм задрыжаў. Ён уткнуў нос у лiст, потым прайшоўся ноздрамi па краях: ага, ага, ага... вось ён моцна правёў пальцам па канверце туды-сюды... Калi Сцяпанаўна падняла з падлогi канверт i вытрасла з яго лiст, Бiм з намаганнем устаў i падаўся да яе; цяпер яна дастала з таго ж самага канверта зусiм чысты аркуш паперы i паклала яго перад Бiмам. Ён завiляў хвастом: тут знарок напiсаны пах пальцаў Iвана Iванавiча, ага, гэта ён знарок цёр пальцамi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*