KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Гавриил Троепольский, "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Ён - Бiм! Адзiн жыве ў кватэры! Хлопцы, ён есцi хоча. А ну па дамах - i - сюды: нясi хто што можа.

Бiм застаўся з Толiкам, а хлопцы разбеглiся. Цяпер Толiк сеў на лаўку, а Бiм лёг у яго ля ног i глыбока ўздыхнуў.

- Дрэнна, вiдаць, табе, Бiм? - спытаўся Толiк, пагладжваючы сабаку па галаве. - А дзе ж твой гаспадар?

Бiм уткнуўся носам у чаравiк i так ляжаў. Скора паказалiся адно за адным дзецi. Тоўсценькi прынёс булачку, Дарослы - кавалак каўбасы, Худзенькi - два блiнчыкi. Усё гэта яны паклалi перад Бiмам, але ён нават i не панюхаў.

- Ён хворы, - сказаў Худзенькi, - можа, нават i заразны. - I падаўся ад Бiма.

Тоўсценькi таксама нечаму выцер руку аб штаны i таксама адышоў. Дарослы пацёр каўбасою нос Бiму i ўпэўнена сказаў:

- Не будзе. Не хоча.

- Мама казала - усе сабакi заразныя, - усё баяўся Тоўсценькi, - а гэты i саўсiм хворы.

- Ну i iдзi, - сярдзiта буркнуў Толiк. - Каб я цябе тут i не бачыў... "Заразны"... Заразных ловяць жывадзёры, а гэты - вунь з якою таблiчкаю.

Памяркоўны доказ падзейнiчаў: дзецi зноў акружылi Бiма. Толiк пацягнуў за аброжак угару. Бiм сеў. Толiк адхiлiў у яго мяккую губу i ўбачыў шчылiну ў шчэлепах, дзе канчаюцца зубы; адламаў кавалачак каўбасы i ўвапхнуў у гэту шчылiну - Бiм пракаўтнуў. Яшчэ кавалачак - i яшчэ пракаўтнуў. Так i кончылi каўбасу са згоды i адабрэння прысутных. Усе засяроджана назiралi, а Тоўсценькi з кожным глытком таксама каўтаў, хаця ў роце ў яго нiчога i не было: ён быццам дапамагаў Бiму. Кавалачкi булкi нiяк нельга было ўвапхнуць - яна крышылася, тады Бiм урэшце ўзяў булачку сам, лёг на жывот, паклаў булачку на лапы, паглядзеў-паглядзеў на яе i з'еў. Зрабiў ён гэта толькi з павагi да Толiка. У яго такiя ласкавыя рукi i такi мяккi, нават чуць i сумны позiрк, i так ён шкадуе Бiма, што той не вытрываў гэтае душэўнае шчырасцi. Бiм i раней ставiўся да дзяцей iнакш, а цяпер ён зусiм пераканаўся, што маленькiя людзi ўсе добрыя, а вялiкiя бываюць усялякiя, бываюць i дрэнныя. Ён, вядома, не мог ведаць, што маленькiя людзi потым становяцца вялiкiмi i таксама рознымi, але не сабачая гэта работа - разважаць, як i чаму з маленькiх добрых растуць вялiкiя нядобрыя людзi, такiя, як Цётка або Кiрпаты. Ён усяго-наўсяго з'еў булачку з-за Толiка, i ўсё. А ад гэтага яму не стала лягчэй, таму ён не адмовiўся i ад блiнчыкаў. Ды i за цэлы тыдзень Бiм еў толькi другi раз. Першы пасля загаварыў Толiк:

- Паспрабуем уведаць, што ён умее рабiць.

Худзенькi сказаў:

- У цырку, каб скакалi, крычаць "Ап!".

Бiм прыўстаў i ўважлiва паглядзеў на хлопчыка, быццам пытаўся: "Цераз што - ап?!"

Дваiх узялiся за канцы папругi, а Толiк скамандаваў:

- Бiм, ап!

Бiм лёгенька пераскочыў цераз наiўны бар'ер. Усе былi ў захапленнi. Тоўсценькi загадаў выразна:

- Ляжаць!

Бiм лёг (калi ласка, дзеля вас - з задавальненнем!).

- Сядзець, - папрасiў Толiк. (Бiм сеў.) - Падай! - I кiнуў шапку.

Бiм прынёс i шапку. Толiк абняў яго ад захаплення, а Бiм у сваю чаргу не застаўся вiнен i лiзнуў яго проста ў твар, у самую шчаку.

Вядома ж, Бiму зрабiлася куды лягчэй з гэтымi маленькiмi чалавечкамi. Але вось тут-то i падышоў дзядзька, пакручваючы ў руках палачку, падышоў так цiха, што дзецi i не заўважылi яго, пакуль не запытаўся:

- Чый сабака?

На выгляд ён быў важны, пры шэрым вузкаполым капелюшы, пры шэрым банцiку замест гальштука, у шэрым пiнжаку, шэра-белых штанах, з кароткаю шэраю бародкаю, у акулярах. Ён, не зводзячы з Бiма воч, паўтарыў:

- Дык чый жа сабачка, дзецi?

У два галасы адказалi Дарослы хлопчык i Толiк.

- Нiчый, - сказаў наiўна адзiн.

- Мой, - насцярожана адказаў Толiк. - На гэтую часiну мой.

Толiк не раз бачыў Шэрага дзядзьку: ён паважна выгульваўся вакол парку ў адзiночку. Неяк раз вёў з сабою сабаку, якi ўпiраўся i не хацеў iсцi. А аднойчы падышоў да дзяцей i нудзiў iм, што i гуляць яны не ўмеюць так, як некалi, i ветлiвасцi тае няма, i выхоўваюць iх не так, як трэба, не так, як раней, i што за iх людзi ваявалi нават у грамадзянскую вайну, за вось гэтых, такiх, а яны нiчога не паважаюць i нiчога не ўмеюць, i што за ўсё гэта сорамна.

У той далёкi дзень, калi Шэры навучаў iх, Толiку было дзевяць год. Цяпер ужо дванаццаць. Але дзядзька не памятаў пра тое. Цяпер Толiк сядзеў, абняўшы Бiма, i сказаў: "Мой".

- Ну дык як жа: нiчый цi яго? - запытаўся дзядзька да ўсiх, паказваючы на Толiка.

- На ёй вунь i таблiчка ёсць, - умяшаўся не ў пару тоўсценькi.

Шэры падышоў да Бiма, палашчыў за вуха i стаў чытаць на аброжку.

Бiм выразна пачуў, зусiм дакладна: Шэры пахне сабакамi, пахне неяк далёка, мнагадзённа, але пахне. Ён паглядзеў яму ў вочы i адразу ж не паверыў - нi голасу, нi позiрку, нават i паху. Не можа тое быць, каб чалавек проста так увабраў у сябе далёкi пах розных сабак. Бiм прыцiснуўся да Толiка, спрабуючы адкаснуцца ад Шэрага, але той не пускаў.

- Нельга хлусiць, хлопчык, - прысарамацiў ён Толiка. - Па таблiчцы - не твой сабака. Сорамна, хлопчык. Што, цябе бацькi так прывучылi, гаварыць няпраўду? Што ж з цябе будзе, як вырасцеш? Эх-хэ-хэ! - Ён выцягнуў з кiшэнi павадок i прышпiлiў да аброжка.

Толiк схапiўся за павадок i крыкнуў:

- Не чапайце! Не аддам!

Шэры адхiлiў яго руку:

- Я абавязан даставiць яго на месца. А можа, давядзецца i протакал скласцi. (Ён так i сказаў "протакал".) Магчыма, гаспадара яго алкагаль заеў. (Ён так i вымавiў - "алкагаль".) Калi так, то трэба сабаку адабраць. Пасада ў мяне такая - рабiць усё чэсна, па-чалавечы. Вось так-то. Знайду яго кватэру, праверу, цi правiльна.

- А таблiчцы не давяраеце? - з дакорам i амаль скрозь слёзы сказаў Толiк.

- Давяраю, хлопчык, давяраю цалкам. Але... - Ён падняў палец угору i павучальна вымавiў, амаль урачыста: - Давярай, але правярай! - i павёў Бiма.

Бiм упiраўся, азiраўся на Толiка, бачыў, як той пакрыўджана заплакаў, але - што тут зробiш! - потым пайшоў-такi за Шэрым, падцiснуўшы хвост i гледзячы пад ногi, не i падобны сам на сябе. Усiм сваiм выглядам быццам гаварыў ён: "Такое ўжо наша сабачае жыццё, калi нiдзе няма гаспадара". Тут-то толькi i работы - цiмануць за сцягняк i даць лататы, але Бiм - сабака iнтэлiгентны: вядзi куды вядзеш.

Iшлi яны па вулiцы, на якой стаялi новыя дамы. Усе новыя. Усе шэрыя i такiя аднолькавыя, што нават Бiм мог бы сярод iх заблудзiць. У адным з дамоў-блiзнят узышлi на трэцi паверх, пры гэтым Бiм заўважыў, што i дзверы ўсе аднолькавыя.

Адчынiла iм жанчына ў шэрай сукенцы:

- Зноў прывёў? А госпадзi ты мой!

- Не гундзi! - строга абарваў Шэры. Ён зняў з Бiма аброжак i паказаў: На, глядзi. - Жанчына чытала, надзеўшы акуляры, а ён працягваў: - Нiякага паняцця. На ўсю рэспублiку - толькi я адзiн калекцыянер сабачых знакаў. А гэта таблiчка - рэч! Пяцiсоты знак!

Нiчога Бiму не было зразумела, нiчога-нiчога, нiякiх знаёмых слоў, нiякiх зразумелых жэстаў - нiчога. Вось Шэры пайшоў з аброжкам з прыхожай у пакой. Адтуль i паклiкаў:

- Бiм, да мяне!

Бiм падумаў-падумаў i асцярожна пайшоў. У пакоi агледзеўся, не падыходзячы да Шэрага, а так - седзячы ля дзвярэй. На чыстай сцяне вiселi дошкi, абабiтыя аксамiтам, а на iх радамi вiселi сабачыя знакi: нумаркi, жэтоны, медалi шэрыя i медалi жоўтыя, некалькi прыгожых павадкоў i аброжкаў, некалькi ўдасканаленых напыснiкаў i iншыя сабачыя рэгалii, нават капронавая пятля, каб душыць, нашто яна, Бiм не разумеў; дзе здабыў яе ўладар калекцыi - нельга зразумець нават i чалавеку, а Бiму яна здалася звычайнаю вяроўкаю, не болей.

Бiм уважлiва глядзеў, як Шэры пакруцiў у руках аброжак, пласкагубчыкамi зняў таблiчку i прымацаваў яе на адну з дошак на аксамiце; тое самае зрабiў i з нумарком, а потым адзеў на Бiма аброжак i сказаў:

- Ты - добры сабака.

Гэтак жа сама некалi гаварыў гаспадар, але цяпер Бiм не паверыў. Ён выйшаў у прыхожую ля дзвярэй, гаворачы: "Выпускай! Мне няма тут чаго рабiць".

- Ужо выпусцi, - сказала жанчына. - Чаго толькi сюды прыпёр яго? Зняў бы на вулiцы.

- Нельга было - падшыванцы прычапiлiся. I цяпер нельга: убачаць яны яго без таблiчкi, - могуць давесцi да ведама... Так што хай начуе да свiтання. Ляжаць! - загадаў ён Бiму.

Бiм лёг ля дзвярэй: нiчога не зробiш! I зноў жа: трэба было яму завыць уголас, кiдацца па кватэры, накiнуцца на Шэрага, i ўсё! Выпусцiў бы. Але Бiм умее чакаць. Ды i стамiўся ён, знясiлеў так, што нават ля чужых дзвярэй задрамаў на хвiлiну, хоць i трывожным сном.

То была першая ноч, калi Бiм не прыйшоў дадому, у сваю кватэру. Ён гэта адчуў, калi ачнуўся ад дрымоты, i не адразу зразумеў, дзе знаходзiцца. А калi змiкiцiў, засумаваў. Ён жа зноў снiў Iвана Iванавiча; кожны раз, калi толькi засынаў, снiў яго, а прачынаўся i адчуваў цеплыню яго рук, знаёмых са шчанячага ўзросту. Дзе ён, мой харошы i добры сябар? Дзе? Нудота нязносная. Такая цяжкая адзiнота, i нiкуды не дзецца ад яе. А тут яшчэ Шэры чалавек храпе, як заяц пад хортам. I пахне ад усiх гэтых дошак мёртвымi сабакамi. Нудота. I Бiм заскуголiў. Потым i забрахаў двойчы, таксама з лёгкiм падвывам, так, як ганчак, калi дабiрае заячы след па ўчарашняй жыроўцы. I нарэшце не вытрымаў - завыў працяжна.

"Ох-хо-хо-й! Ой-ой, лю-удзi-i, - плакаў ён. - Цяжка мне, ой цяжка без сябра. Адпусцiце вы мяне, адпусцiце шукаць яго. Ой-ой-ой, л-юдзi-i-i, ой!"

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*