KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Русская классическая проза » Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Гавриил Троепольский, "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Название:
Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Издательство:
неизвестно
ISBN:
нет данных
Год:
неизвестен
Дата добавления:
7 февраль 2019
Количество просмотров:
157
Возрастные ограничения:
Обратите внимание! Книга может включать контент, предназначенный только для лиц старше 18 лет.
Читать онлайн

Обзор книги Гавриил Троепольский - Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Назад 1 2 3 4 5 ... 37 Вперед
Перейти на страницу:

Троепольский Гавриил

Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)

Гаўрыiл Траяпольскi

Белы Бiм Чорнае вуха

Пераклад з расейскай Алеся Жука

Аляксандру Трыфанавiчу Твардоўскаму

Раздзел 1

ДВОЕ Ў АДНЫМ ПАКОI

Жаласна i, здавалася, безнадзейна ён пачынаў раптам скуголiць, нязграбна перакочвацца з боку на бок, - шукаў мацi. Тады гаспадар браў яго да сябе на каленi i ўсоўваў у роцiк соску з малаком.

А што ж заставалася рабiць месячнаму шчанюку, калi ён нiзвання не ведаў яшчэ ў жыццi, а мацi ўсё няма i няма, як ты нi жалься. Таму ён i спрабаваў першыя днi наладжваць сумныя канцэрты. Хаця ўрэшце засынаў на руках у гаспадара ў абдымкi з бутэлечкаю малака.

Але на чацвёрты дзень малы пачаў ужо прывыкаць да цеплынi чалавечых рук. Шчанюкi вельмi скора адзываюцца на ласкавасць.

Iмя свайго ён яшчэ не ведаў, але праз тыдзень дакладна вызначыў, што ён Бiм.

У два месяцы ён здзiўлена ўбачыў рэчы: высокi - для шчанюка - пiсьмовы стол, а на сцяне - стрэльба, паляўнiчая сумка i твар чалавека з доўгiмi валасамi. Да ўсяго гэтага ён хутка прывык. Не дзiва было i тое, што чалавек на сцяне не рухаецца: калi не варўшыцца - мала цiкавага. Праўда, крыху пазней, пасля, ён не-не ды i паглядзiць: што гэта абазначае - твар вызiрае з рамкi, быццам з акенца?

Другая сцяна была цiкавейшая. Уся з розных брусочкаў, кожны з якiх гаспадар мог выняць i ўставiць назад. У чатыры месяцы Бiм, стаўшы на заднiя лапкi, сам дастаў да сцяны, выцягнуў зубамi брусочак i паспрабаваў яго даследаваць. Але той чамусьцi зашамацеў i пакiнуў у зубах у Бiма аркушык. Так цiкава было драць на невялiчкiя шматкi той аркушык.

- Гэта яшчэ што?! - прыкрыкнуў гаспадар. - Нельга! - I тыцкаў Бiма носам у кнiгу. - Бiм, нельга. Нельга!

Пасля такога павучання нават чалавек не захоча чытаць, але Бiм - не: ён доўга i ўважлiва глядзеў на кнiгi, нахiляючы галаву то ў адзiн бок, то ў другi. I, мабыць, усё ж вырашыў: калi нельга гэту, вазьму другую. Ён цiхенька ўцяў за пераплёт i пацягнуў здабычу пад канапу; там аджаваў спачатку адзiн вугал пераплёту, потым другi, загуляўшыся, вывалак няшчасную кнiгу на сярэдзiну пакоя i пачаў iрваць лапамi, весела падскакваючы.

Тут ён i даведаўся ўпершыню, што такое "балюча" i што такое "нельга". Гаспадар устаў з-за стала i строга сказаў:

- Нельга! - I тузануў за вуха. - Ты ж мне, дурная твая галава, "Бiблiю для веруючых i няверуючых" парваў.

I зноў:

- Нельга! Кнiгi - нельга! - ён яшчэ раз тузануў за вуха.

Бiм вiскнуў i падняў угору ўсе чатыры лапы. Лежачы на спiне, ён глядзеў на гаспадара i не мог зразумець, што ж гэта робiцца.

- Нельга! Нельга! - уталкоўваў знарок гаспадар, зноў i зноў тыцкаў кнiгаю пад нос, але больш не бiў. Пасля ўзяў шчанюка на рукi, гладзiў i гаварыў адно i тое ж самае: - Нельга, хлопчык, нельга, дурненькi. - I сеў. I пасадзiў сабе на каленi.

Такiм чынам, у маленстве Бiм атрымаў ад гаспадара павучанне з-за "Бiблii для веруючых i няверуючых". Бiм лiзнуў яму руку i пiльна паглядзеў у твар.

Ён ужо любiў, калi гаспадар гаварыў з iм, але разумеў пакуль што толькi два словы: "Бiм" i "нельга". I ўсё ж вельмi, вельмi цiкава было глядзець, як звiсаюць на лоб белыя валасы, варушацца добрыя вусны i як кранаюць шарсцiнкi цёплыя, ласкавыя пальцы. Затое Бiм ужо зусiм-зусiм дакладна ведаў: вясёлы цяпер гаспадар цi сумны, сварыцца цi хвалiць, клiча да сябе або праганяе.

А гаспадар быў часам i сумны. Тады ён гаварыў сам з сабою i да Бiма.

- Гэтак вось i жывём, дурненькi. Ты чаго глядзiш на яе? - паказваў ён на партрэт. - Яна, браце, памерла. Няма яе. Няма... - Ён гладзiў Бiма i зусiм упэўнена гаварыў: - Дурненькi ты, мой Бiмка. Нiчога ты яшчэ не ведаеш.

Але не ўсё гэта было праўда, таму што Бiм разумеў, што гуляць цяпер з iм не будуць, ды i словы "дурненькi" i "хлопчык", ведаў, гаварылiся да яго. Таму, калi яго вялiкi сябар называў яго дурненькiм цi хлопчыкам, Бiм iшоў адразу ж, як на клiчку. А калi ён пачаў разумець iнтанацыю голасу, то меўся вырасцi ў разумнага сабаку.

Але цi толькi розум вызначае становiшча сабакi сярод сваiх братоў? На жаль, не. Акрамя розуму ў Бiма не ўсё было так добра.

Праўда, нарадзiўся ён у пародзiстых бацькоў, сетэраў, якiя мелi вялiкую радаслоўную. У кожнага яго прародзiча быў асабiсты лiсцiк, пасведчанне. Па гэтай анкеце гаспадар мог бы дабрацца не толькi да прадзеда i прабабкi Бiма, але i ведаць, захацеўшы, прадзедаў прадзеда i прабабчыну прабабку. Гэта ўсё, вядома, добра. Але справа такая, што Бiм пры ўсiх сваiх вартасцях меў i вялiкi недахоп, якi потым даў знаць i ў многiм вызначыў яго далейшы лёс: хоць ён быў з шатландскiх сетэраў (сетэр-гардон), але акрас аказаўся зусiм нетыповы - вось у чым загваздка. Па стандарту паляўнiчых сабак сетэр-гардон абавязкова павiнен быць "чорны, з блiскучым сiняватым адсветам - колеру воранавага крыла - i абавязкова з вялiкiмi яркiмi рыжавата-чырвонымi падпалiнамi"; нават белыя значкi на нявызначаных стандартам мясцiнах лiчацца за вялiкi недахоп у гардонаў. Бiм жа вырадзiўся такi: тулава белае, але з рыжаватымi падпалiнкамi i нават з ледзь прыкметным рыжым крапам, толькi адно вуха i адна нага чорныя, сапраўды, як воранава крыло; другое вуха мякенькага жаўтавата-рыжанькага колеру. Сама па сабе дзiўная з'ява: па ўсяму - сетэр-гардон, а акрас - нiякага падабенства. Нейкi далёкi продак напомнiў пра сябе Бiмам: бацькi - гардоны, а ён - альбiнос пароды.

А наогул, з такою рознакаляровасцю вушэй i з падпалiнкамi пад вялiкiмi разумнымi цёмна-карымi вачыма пыса Бiма здавалася сiмпатычней, адметней, магчыма, нават разумней, чым у звычайных сабак. I, паверце, усё гэта нават нельга было назваць пысаю, а лепей - тварам сабакi. Але па законах кiналогii белы акрас у такiм выпадку прыкмета, што выраджаецца парода. Як нi глянь прыгажун, а па стандарту гарнiтура зусiм-зусiм чужы, нават шкодны. Вось такая бяда была ў Бiма.

Вядома, Бiм не адчуваў нiякае вiны, таму што прырода нiкому не дазваляе выбiраць сабе бацькоў. Бiму нават i думаць пра гэта не дадзена. Ён сабе жыў i пакуль што радаваўся.

Але гаспадар турбаваўся: выдадуць цi не на Бiма радаслоўнае пасведчанне, якое зацвердзiць яго паўнапраўнасць мiж паляўнiчых сабак, цi на ўсё жыццё ён застанецца чужаком. Вядома гэта будзе толькi ў шэсць месяцаў (зноў жа па законах кiналогii), калi шчанюк стане падобны да таго, што называецца пародзiстым сабакам.

Гаспадар Бiмавай мацi вырашыў быў выбракаваць белага з памёту, утапiць, але трапiўся дзiвак, якi пашкадаваў такога прыгажуна. Дзiвак той i быў Бiмаў гаспадар: цi бачыце, упадабалiся яму вочы, разумныя. Трэба ж! А зараз i думай: дадуць цi не дадуць радаслоўную?

Тым часам гаспадар спрабаваў разгадаць, адкуль такая анамалiя ў Бiма. Ён перабраў усе кнiгi пра паляванне i сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду i потым даказаць, што Бiм не вiнаваты. Менавiта таму ён пачаў выпiсваць у тоўсты сшытак з розных кнiг усё, што магло пасведчыць за Бiма як за раўнапраўнага прадстаўнiка пароды сетэраў. Бiм стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзiць Бiму пераможцам на выстаўках, не звiнець золатам медалёў на грудзях: якi ты нi будзь залаты сабака на паляваннi, з пародзiстых ён будзе выключаны.

Якая ўсё ж несправядлiвасць на белым свеце!

ЗАПIСКI ГАСПАДАРА

За апошнiя месяцы Бiм непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё i трывала заняў у iм сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам i ласкавасцю - пачуццямi, якiя заўсёды прываблiваюць, калi за iмi не стаiць падхалiмства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае - i дабрату, i давер, i ласку. Жудасна гэта - падхалiмства. Не давядзi госпадзi! Але Бiм пакуль што толькi малышаня i мiлы сабачка. I ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара.

Дзiўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калi бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калi ўбачу карцiну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас i на пародзiстасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць цi не дадуць пасведчанне?

Дзён колькi таму быў у музеi на мастацкай выстаўцы, i адразу ж кiнулася ў вочы карцiна Д.Бассано (XVI век) "Майсей здабывае ваду са скалы". Там на першым плане сабака - дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, заднi кастрэц таксама чорны. Змучаны i худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай мiскi.

Другi сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымi вушамi. Знясiлены ад смагi, ён паклаў гаспадару на каленi голаў i пакорлiва чакае вады.

Побач - трус, певень, злева - два ягняцi.

Што хацеў сказаць мастак, калi выставiў сабаку на пярэднi план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзi любiлi сабак яшчэ спрадвеку, нiколi iх не пакiдалi, нават у бядзе, нават на гранi пагiбелi народа, а сабакi заставалiся верныя i адданыя, гатовыя загiнуць разам з чалавекам.

А за хвiлiну да гэтага ва ўсiх быў адчай, нi ў кога не было нi кроплi надзеi. I яны гаварылi ў вочы Майсею, якi выратаваў iх ад рабства:

"О, каб памерлi мы ад рукi госпада ў зямлi эгiпецкай, калi мы сядзелi ля катлоў з мясам, калi нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усiх, хто сабраўся, замарыць голадам".

Назад 1 2 3 4 5 ... 37 Вперед
Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*