KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Редьярд Киплинг - Маўглi (на белорусском языке)

Редьярд Киплинг - Маўглi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Редьярд Киплинг, "Маўглi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Што гэта такое? Што гэта? - гаварыў ён. - Я не хачу iсцi з джунгляў, i я не ведаю, што са мной робiцца. Я памiраю, Багiра?

- Не, Маленькi Брат, гэта толькi слёзы, якiя бываюць у людзей, - адказала Багiра. - Цяпер я ведаю, што ты чалавек i ўжо не дзiцяня больш.. З гэтага часу джунглi не для цябе... Няхай цякуць, Маўглi. Гэта толькi слёзы, усяго толькi слёзы.

I Маўглi сядзеў i плакаў так, быццам сэрца яго разрывалася, бо ён плакаў упершыню ў жыццi.

- Цяпер, - сказаў ён, - я пайду да людзей. Але спачатку я павiнен развiтацца з маёй мацi.

I ён пайшоў да пячоры, дзе Мацi Ваўчыха жыла з Бацькам Ваўком, i плакаў, уткнуўшыся ў яе шкуру, а чацвёра ваўчанят жаласна вылi.

- Вы не забудзеце мяне? - спытаў Маўглi.

- Нiколi, пакуль можам iсцi па следзе! - сказалi ваўчаняты. - Прыходзь да падножжа ўзгорка, як станеш чалавекам, i мы будзем гаварыць з табой або прыйдзем на палеткi i будзем гуляць з табою ўночы.

- Прыходзь хутчэй! - сказаў Бацька Воўк. - О Мудрае Жабянятка, прыходзь хутчэй, бо мы з тваёй мацi ўжо старыя.

- Прыходзь хутчэй, мой голы сынок, - сказала Мацi Ваўчыха, - бо ведай, дзiця чалавека, я люблю цябе больш, чым сваiх ваўчанят.

- Прыйду абавязкова, - сказаў Маўглi. - Прыйду для таго, каб пакласцi шкуру Шэр-Хана на Скалу Рады. Не забывайце мяне! Скажыце ўсiм у джунглях, каб не забывалi мяне!

Пачынала днець, калi Маўглi спусцiўся з узгорка ў далiну, насустрач тым таямнiчым iстотам, якiя завуцца людзьмi.

ПАЛЯВАННЕ КАА

Усё, пра што тут расказана, адбылося задоўга да таго, як Маўглi быў прагнаны з Сiянiйскай Чарады i адпомсцiў за сябе тыгру Шэр-Хану. Гэта здарылася ў той час, калi мядзведзь Балу навучаў яго Закону Джунгляў. Вялiкi i важны буры мядзведзь радаваўся здольнасцям вучня, бо ваўчаняты звычайна вывучаюць з Закону Джунгляў толькi тое, што патрэбна iх Чарадзе i племенi, i ўцякаюць ад настаўнiка пасля таго, як запомняць паляўнiчы верш: "Ногi ступаюць без шуму, вочы бачаць у цемры, вушы чуюць, як варушыцца вецер у сваiм берлагу, зубы вострыя i белыя - вось прыкметы нашых братоў, апрача шакала Табакi i гiены, якiх мы ненавiдзiм". Але Маўглi, як дзiцяняцi чалавека, трэба было ведаць куды больш.

Iншы раз чорная пантэра Багiра, гуляючы па джунглях, заходзiла паглядзець, якiя поспехi ў яе любiмца. Муркаючы, яна ўкладвалася на адпачынак пад дрэвам i слухала, як Маўглi адказвае мядзведзю свой урок. Хлопчык лазiў па дрэвах гэтак жа добра, як плаваў, а плаваў гэтак жа добра, як бегаў, i Балу, настаўнiк Закону, навучаў яго ўсiм законам лесу i вады: як адрознiць гнiлы сук ад моцнага; як ветлiва загаварыць з дзiкiмi пчоламi, калi сустрэнеш рой на дрэве; што сказаць кажану Мангу, калi патрывожыш яго сон апоўднi сярод галiн; i як супакоiць вадзяных змеяў, перш чым акунуцца ў затоку. Народ Джунгляў не любiць, каб яго непакоiлi, i кожны гатовы кiнуцца на няпрошанага госця. Маўглi вывучыў i Паляўнiчы Поклiч Чужынца, якi трэба паўтараць шмат разоў, пакуль на яго не адкажуць, калi палюеш у чужых мясцiнах. Гэты поклiч у перакладзе азначае: "Дазвольце мне папаляваць тут, бо я галодны", i на яго адказваюць: "Палюй дзеля пражытку, але не дзеля пацехi".

З гэтага вiдаць, колькi Маўглi даводзiлася вывучваць на памяць, i ён вельмi стамляўся паўтараць па сто разоў адно i тое ж. Але Балу правiльна сказаў аднойчы Багiры, пасля таго як Маўглi, атрымаўшы плескача, раззлаваўся i ўцёк:

- Дзiцяня чалавека ёсць дзiцяня чалавека, i яму трэба ведаць усе Законы Джунгляў.

- Але падумай, якi ён маленькi, - запярэчыла Багiра, якая распесцiла б Маўглi, калi б даць ёй волю. - Хiба можа такая маленькая галоўка змясцiць усе твае павучаннi?

- А хiба ў джунглях дастаткова быць маленькiм, каб цябе не забiлi? Не! Таму я i вучу яго ўсiм законам; таму i б'ю яго, зусiм злёгку, калi ён забывае ўрок.

- "Злёгку"! Што ты разумееш у гэтым, Жалезная Лапа? - прабурчала Багiра. Сёння ў яго ўвесь твар у сiняках ад твайго "злёгку"! Ух!

- Лепей яму быць у сiняках з ног да галавы, чым загiнуць ад свайго невуцтва, - вельмi сур'ёзна адказаў ёй Балу. - Я цяпер вучу яго Запаветным Словам Джунгляў, якiя будуць для яго абаронай супраць птушак i змей i супраць усiх, хто бегае на чатырох лапах, апрача яго роднай Чарады. Калi ён запомнiць гэтыя словы, ён зможа папрасiць абароны ў любога ў джунглях. Хiба за гэта не варта атрымаць кухталёў?

- Добра, толькi глядзi не забi дзiцяня. Яно не лясны пень, каб ты вастрыў аб яго свае тупыя кiпцюры. А якiя ж гэта Запаветныя Словы? Я лепей памагу сама, чым буду прасiць дапамогi, але мне ўсё ж хацелася б ведаць. - I Багiра выставiла лапу, залюбавалася сваiмi кiпцюрамi, сiнiмi, як сталь, i вострымi, як разцы.

- Я паклiчу Маўглi, i ён скажа табе... калi захоча. Хадзi сюды, Маленькi Брат!

- Галава ў мяне гудзе, як пчалiнае дупло, - пачуўся незадаволены дзiцячы голас над iх галовамi, i Маўглi саслiзнуў з дрэва i дадаў сярдзiта i абурана: - Я прыйшоў дзеля Багiры, а не дзеля цябе, тлусты стары Балу!

- А мне гэта ўсё роўна, - адказаў Балу, хоць быў вельмi засмучаны i пакрыўджаны. - Дык скажы Багiры Запаветныя Словы Джунгляў, якiм я вучыў цябе сёння.

- Запаветныя Словы якога народа? - спытаў Маўглi, вельмi задаволены, што можа пахвалiцца. - У джунглях шмат гаворак. Я ведаю iх усе.

- Сёе-тое ты ведаеш, але вельмi мала. Палюбуйся, о Багiра, вось iх удзячнасць настаўнiку. Нiводнае сама апошняе ваўчаня нi разу не прыйшло падзякаваць старому Балу за навуку. Ну дык скажы Словы Паляўнiчага Народа, ты, вялiкi вучоны.

- "Мы з вамi адной крывi, вы i я", - сказаў Маўглi, вымаўляючы па-мядзведжы тыя словы, якiя звычайна гаварыў у патрэбным выпадку ўвесь Паляўнiчы Народ.

- Добра! Цяпер Слова Птушак.

Маўглi паўтарыў тыя ж словы, свiснуўшы, як каршун.

- Цяпер Слова Змяiнага Народа, - сказала Багiра.

У адказ пачулася сыканне, якога нельга перадаць нiякiмi словамi, i Маўглi задрыгаў нагамi i запляскаў у ладкi, потым ускочыў на спiну Багiры i сеў бокам, барабанячы пяткамi па блiскучай чорнай шкуры, пры гэтым ён усяляк перакрыўлiваў i дражнiў мядзведзя.

- Вось-вось! За гэта варта атрымаць нейкi там сiняк, - ласкава сказаў буры мядзведзь. - Калi-небудзь ты ўспомнiш мяне.

I, павярнуўшыся да Багiры, ён расказаў ёй, як упрошваў дзiкага слана Хатхi, якi ведае ўсё на свеце, сказаць яму Запаветныя Словы Змяiнага Народа, як Хатхi вадзiў Маўглi да сажалкi, каб даведацца Змяiныя Словы ад вадзяной змяi, бо сам Балу не мог iх вымавiць, i цяпер Маўглi не пагражае нiякая небяспека ў джунглях: нi змяя, нi птушка, нi звер не будуць шкодзiць яму.

- I, значыцца, яму няма каго баяцца! - Балу выцягнуўся на ўвесь рост i з гордасцю паляпваў сябе па тоўстым калматым жываце.

- Апрача свайго племенi, - шапнула Багiра, а потым гучна сказала Маўглi: Пашкадуй мае рэбры, Маленькi Брат! Што ты ўсё скачаш то ўнiз, то ўгору?

Маўглi хацеў, каб яго выслухалi, i даўно ўжо тузаў Багiру за мяккую поўсць на плячы i штурхаў яе пяткамi. Абое прыслухалiся i разабралi, што ён крычыць на ўвесь голас:

- Цяпер у мяне будзе сваё ўласнае племя, i я цэлы дзень буду вадзiць яго па дрэвах!

- Што за новая дурасць, маленькi выдумшчык? - спытала Багiра.

- Ага, i кiдаць галiнкамi i граззю ў старога Балу буду, - не пераставаў Маўглi. - Яны мне гэта абяцалi... Ай!

- Ву! - Вялiзная лапа Балу змахнула Маўглi са спiны пантэры, i, лежачы памiж пярэднiмi лапамi мядзведзя, Маўглi зразумеў, што той злуецца. - Маўглi, - сказаў Балу, - ты гаварыў з Бандар-Логамi, Малпiным Народам?

Маўглi зiрнуў на Багiру - цi не злуецца i яна таксама - i ўбачыў, што вочы пантэры зрабiлiся калючыя.

- Ты водзiшся з Малпiным Народам - з шэрымi малпамi, з народам, якi не ведае Закону, з народам, якi есць усё без разбору? Як табе не сорамна!

- Балу стукнуў мяне па галаве, - сказаў Маўглi (ён усё яшчэ ляжаў на спiне), - i я ўцёк, а шэрыя малпы спусцiлiся з дрэва i пашкадавалi мяне. А ўсiм астатнiм было ўсё роўна. - Ён трошкi ўсхлiпнуў.

- Спагада Малпiнага Народа! - чмыхнуў Балу. - Спакой горнага патоку! Халадок летняй спякоты! А што было потым, дзiцяня чалавека?

- А потым... потым яны далi мне арэхаў i ўсялякай смачнай ежы, а потым узялi мяне на рукi i занеслi на верхавiны дрэў i гаварылi, што я iх кроўны брат, адно што бясхвосты, i калi-небудзь стану iх важаком.

- У iх не бывае важака, - сказала Багiра. - Яны хлусяць. I заўсёды хлусiлi.

- Яны былi вельмi ласкавыя са мною i прасiлi прыходзiць яшчэ. Чаму вы мяне нiколi не вадзiлi да Малпiнага Народа? Яны ходзяць на дзвюх нагах, як i я. Яны не б'юцца цвёрдымi лапамi. Яны гуляюць цэлы дзень... Пусцi мяне, брыдкi Балу, пусцi мяне! Я зноў пайду гуляць з iмi.

- Паслухай, дзiцяня! - сказаў мядзведзь, i голас яго прагрымеў, як гром у навальнiчную ноч. - Я навучыў цябе Закону Джунгляў - аднаму для ўсiх Народаў Джунгляў, апрача Малпiнага Народа, якi жыве на дрэвах. Яны не маюць Закону. У iх няма свае мовы, адны толькi ўкрадзеныя словы, якiя яны пераймаюць у iншых, калi падслухоўваюць, i падглядваюць, i падпiльноўваюць, седзячы на дрэвах. Iх звычаi - не нашы звычаi. Яны жывуць без важака. Яны нiчога не памятаюць. Яны балбочуць i выхваляюцца, нiбыта яны вялiкi народ i задумалi вялiкiя справы ў джунглях, але вось упадзе арэх, i яны ўжо смяюцца i пра ўсё забылiся. Нiхто ў джунглях не водзiцца з iмi. Мы не п'ём там, дзе п'юць малпы, не ходзiм туды, куды ходзяць малпы, не палюем там, дзе яны палююць, не памiраем там, дзе яны памiраюць. Хiба ты чуў ад мяне хоць бы слова пра Бандар-Логаў?

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*