KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)

Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джон Стейнбек, "Гронкi гневу (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

А iншы раз хто-небудзь выходзiць з палаткi з гiтарай. Садзiцца на скрыню каля ўвахода, i людзi з усяго лагера няспешна падыходзяць да яго, быццам iх нечым прыцягвае. Шмат хто брынкае на гiтары, але гэты, здаецца, умелец. Ёсць што паслухаць - акорды густыя, мерныя, рытмiчныя, а мелодыя бяжыць па струнах лёгкiмi крокамi. Цяжкiя, грубыя пальцы ходзяць па ладах. Чалавек iграў, а людзi паволi падыходзiлi, пакуль не абступалi яго цесным колам, i тады ён зацягваў: "Бавоўна па дзесяць, а мяса па сорак". I людзi падхоплiвалi словы. Ён спяваў: "Навошта, дзяўчаты, вы косы рэжаце?" I людзi падцягвалi. Ён з надрывам спяваў: "Пакiдаю я родны Тэхас" - жудасную песню, якую спявалi яшчэ да прыходу гiшпанцаў, толькi словы тады былi iндзейскiя.

Гэта згуртоўвала людзей, яднала, i ў цемры позiркi iх скiроўвалiся ўсярэдзiну, думкi адбягалi назад, у мiнулае, i сум, якi апаноўваў iх, быў адпачынкам, выратавальным сном. Чалавек спяваў "Блюзы Макалестара", а потым, каб дагадзiць старым, - "Мяне гасподзь наш клiча да сябе". Музыка навявала на дзяцей дрымоту, яны iшлi ў палаткi спаць, але песнi ўваходзiлi ў iхнiя сны.

Нарэшце гiтарыст падымаўся i пазяхаў. Добрай ночы, людзi, казаў ён.

I чуўся шэпт у адказ: добрай табе ночы.

I кожнаму хацелася самому ўмець iграць на гiтары - гэта ж так прыемна. Людзi разыходзiлiся, клалiся спаць, лагер зацiхаў. А над палаткамi насiлiся совы, удалечынi гаўкалi каёты, у лагер пракрадвалiся скунсы, шукаючы, чым пажывiцца, - расхаджвалi ўперавалку, нахабныя, дзёрзкiя смярдзючкi.

Мiнала ноч, i з першым проблiскам зары жанчыны выходзiлi з палатак, распальвалi вогнiшчы i варылi каву. Следам выходзiлi мужчыны i цiха перамаўлялiся мiж сабой у перадсвiтальным сутоннi.

Пераедзеш раку Каларада, а далей, кажуць, пустыня. Сцеражыся пустынi. Глядзi, не засядзь там. На ўсякi выпадак вазьмi як больш вады.

Цераз пустыню я паеду ноччу.

I я. Яна з каго хочаш дух выб'е.

Таропка снедалi, мылi i выцiралi посуд. Разбiралi палаткi. Усе спяшалiся хутчэй рушыць у дарогу. I калi сонца выплывала над гарызонтам, на стаянцы ўжо было пуста, толькi дзе-нiдзе валялася пакiнутае людзьмi смецце. Але мясцiна гатова была прыняць новых падарожнiкаў наступнай ноччу.

А машыны перасяленцаў, як кузуркi, паўзлi па шашы, i перад iмi вузкай стужкай распасцiралiся мiлi i мiлi бетону.

РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Сям'я Джоўдаў паволi рухалася на захад, па гарах Нью-Мексiка, мiма востраканечных скал i пiрамiдальных вяршынь. Яны ўзабралiся на Арызонскае нагор'е i цераз прасветлiны мiж уцёсаў зазiралi ўнiз, на Каляровую пустыню. Iх спынiў пагранiчны iнспектар.

- Куды едзеце?

- У Калiфорнiю, - адказаў Том.

- Колькi часу прабудзеце ў Арызоне?

- Пакуль не праедзем.

- Раслiны з сабой везяце?

- Раслiн няма.

- Трэба праверыць.

- Кажу ж вам, раслiн нiякiх няма.

Iнспектар наляпiў на ветравое шкло ярлычок.

- Добра. Едзьце, толькi не спыняйцеся.

- А мы i не збiраемся.

Яны падымалiся па схiлах, на якiх раслi крывыя карлiкавыя дрэвы. Холбрук, Джозеф-Сiцi, Уiнслаў. Дрэвы тут былi ўжо высокiя. Вывяргаючы дым, абедзве машыны адольвалi пад'ёмы. I вось ужо Флагстаф - самы высокi пункт. Ад Флагстафа дарога пабегла ўнiз, з аднаго шырокага плато на другое, i нарэшце знiкла ўдалечынi. Вады не хапала, яе даводзiлася купляць па пяць, па дзесяць, па пятнаццаць цэнтаў за галон. Сонца высмактала ўсю вiльгаць з бязводнага скалiстага краю. Наперадзе завiднелiся няроўныя, вострыя выступы гор - заходнi вал Арызоны. Цяпер ужо Джоўды ўцякалi ад сонца i сушы. Ехалi ўсю ноч i ноччу заехалi ў горы. У цемры машыны паўзлi мiж зубчастых скалiстых бастыёнаў, i слабае святло фар цьмяна мiгацела на шэрых каменных сценах абапал дарогi. Перавал адолелi ў цемры i глыбокай ноччу пачалi паволi спускацца сярод бязладнага россыпу каменных абломкаў каля Оўтмена. На золку ўбачылi ўнiзе раку Каларада. Даехалi да Топака, пастаялi каля моста, пакуль iнспектар змываў ярлык з ветравога шкла. Тады пераехалi мост i апынулiся ў няроўнай камянiстай пустынi. I хоць усе страшэнна стамiлiся i ўсё мацней прыпякала ранiшняе сонца, падарожнiкi спынiлiся пасярод дарогi. Бацька выгукнуў:

- Прыехалi!.. Вось яна, Калiфорнiя!

Усе тупа пазiралi на каменныя глыбы, што блiшчалi на сонцы, i на страшныя цвярдынi Арызоны за ракой.

- Перад намi пустыня, - сказаў Том. - Трэба дабрацца да вады i трохi адпачыць.

Дарога цягнулася ўздоўж ракi, i познiм ранкам машыны з перагрэтымi маторамi дабралiся да Нiдлса, дзе рака iмклiва несла свае воды мiж зараснiкаў чароту.

Джоўды i Ўiлсаны з'ехалi да берага i, седзячы ў машынах, скiравалi позiркi на празрыстую ваду, што праплывала мiма, i на зялёны чарот, якi паволi пагойдваўся ў плынi. Каля самай ракi на залiўным лужку, зарослым сакавiтай травой, быў невялiкi лагер - адзiнаццаць палатак. Том высунуўся з кабiны.

- Нiчога, калi мы тут станем?

Поўная жанчына, якая мыла ў вядры бялiзну, падняла галаву.

- Мы тут не гаспадары, мiстэр. Станавiцеся, калi хочаце. Пазней да вас палiсмен прыйдзе. - I яна зноў пачала церцi бялiзну на самым санцапёку.

Абедзве машыны заехалi на свабоднае месца на густой траве. Адразу ўзялiся за палаткi - паставiлi палатку Ўiлсанаў, навесiлi на вяроўку брызент Джоўдаў.

Уiнфiлд i Руцi няспешна пайшлi праз вербалоззе да зараснiку чароту. З цiхай радасцю Руцi сказала:

- Калiфорнiя. Вось мы i прыехалi ў самую Калiфорнiю!

Уiнфiлд надламаў чарацiнку, пакруцiўшы, адарваў яе i, узяўшы ў рот, пачаў жаваць белую мякаць сцябла. Яны ўвайшлi ў ваду па лыткi.

- Далей паедзем па пустынi, - сказала Руцi.

- А якая яна, пустыня?

- Сама не ведаю. Толькi на малюнку раз бачыла. Паўсюль косцi валяюцца.

- Чалавечыя?

- Можа, i чалавечыя, але больш каровiныя.

- А мы iх убачым?

- Можа, i ўбачым, хто ведае. Мы паедзем па ёй ноччу. Так Том сказаў. Том кажа, згарыш к чорту, калi днём паедзеш.

- Тут так прыемна, такi халадок, - сказаў Уiнфiлд i грабянуў нагой пясок на дне.

Здалёку пачуўся голас мацi:

- Руцi! Уiнфiлд! Вяртайцеся!

Дзецi павярнулiся i, прабiраючыся праз чарот i вербалоз, паволi пайшлi назад.

У лагеры было цiха, нiдзе нiкога. Толькi калi машыны пад'ехалi, з некалькiх палатак на момант высунулiся галовы. Зрабiўшы сабе прыстанiшча, мужчыны абедзвюх сем'яў сабралiся разам.

Том сказаў:

- Пайду пакупаюся. Асвяжуся - i спаць. Цяпер бабка пад навесам. Што з ёй?

- Не ведаю, - адказаў бацька. - Усё спiць, так i не прачнулася. - Ён павярнуў галаву ў бок брызенту. З-пад яго данеслася жаласнае мармытанне. Мацi паспяшалася туды.

- Прачнулася нарэшце, - сказаў Ной. - На грузавiку ўсю ноч трызнiла. Пэўна, з розуму кранулася.

Том сказаў:

- Дзiва што. Зусiм замучылася. Калi не даць ёй паляжаць спакойна, яна нядоўга працягне. Здарожылася. Ну, хто са мной? Пакупаюся i залягу ў цянi... дзень цэлы спаць буду.

Ён пакiраваў да берага, астатнiя мужчыны пайшлi следам. Усе раздзелiся ў кустах вербалозу, зайшлi ў рэчку i селi на дно. Яны доўга сядзелi так, упiраючыся пяткамi ў пясок, толькi галовы тырчалi над вадой.

- Вось гэта па мне! - сказаў Эл. Ён зачарпнуў жменю пяску з дна i стаў нацiраць цела.

Яны сядзелi ў рацэ i пазiралi на горныя пiкi - "Iголкi", як iх называлi, Нiдлс, i на белыя скалiстыя горы Арызоны.

- Мы прабралiся праз iх, - сказаў, сам яшчэ не верачы сабе, бацька.

Дзядзька Джон акунуў галаву ў ваду.

- Нарэшце мы тут. Вось яна, Калiфорнiя. Але нешта раскошы я нiякай не бачу.

- Яшчэ пустыня наперадзе, - сказаў Том. - Паганая, кажуць, штука.

Ной пацiкавiўся:

- Сёння ў ноч паедзем?

- Што скажаш, та? - запытаўся Том.

- Не ведаю. Няблага было б адпачыць, асаблiва бабцы. А з другога боку, было б добра хутчэй перабрацца праз гэту пустыню i на працу ўладкавацца. Усяго сорак даляраў засталося грошай. Мне спакайней будзе, калi мы пачнём працаваць i зарабляць хоць трохi.

Яны сядзелi ў рацэ, адчуваючы напор плынi. Прапаведнiк паклаў выцягнутыя рукi на паверхню iмклiвай вады. Целы ва ўсiх былi белыя да шыi i да запясцяў, твары, трохвугольнiк грудзiны i кiсцi рук - карычневыя ад загару. Усе старанна нацiралiся пяском.

Ной лянiва прамовiў:

- Застацца б тут назусiм. Ляжаць вось так вечна i не ведаць нi голаду, нi бяды нiякай. Увесь свой век так праляжаць i песцiцца, як свiння ў гразi.

А Том, пазiраючы на зубчастыя вяршынi за ракой i на вострыя пiкi ў тым баку, куды яна цякла, сказаў:

- Такiх стромых гор я зроду не бачыў. Гiблы край. Усё роўна як косцi шкiлета. Цi даедзем мы калi-небудзь туды, дзе можна жыць, не ваюючы з каменнем i скаламi? На малюнках мясцовасць роўная, зялёная, куды нi глянь домiкi, як ма кажа, беленькiя. Ма спiць i бачыць такi беленькi домiк. А я ўжо i не веру, што ёсць такi край. Хiба толькi на малюнках.

Бацька сказаў:

- Пачакай, вось прыедзем у Калiфорнiю, тады i ўбачыш прыгажосць.

- Ты што, та? Мы ж ужо ў Калiфорнii!

З вербняку выйшлi двое ў джынсах i сiнiх прапацелых кашулях i спынiлiся, пазiраючы на голых людзей у вадзе.

Старэйшы запытаўся:

- Паплаваць тут можна?

- Хто яго ведае, - адказаў Том. - Мы яшчэ не спрабавалi. А пасядзець у вадзе прыемна.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*