KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)

Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Джон Стейнбек, "Гронкi гневу (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Маральныя асновы ў такiх грамадствах былi цвёрда акрэсленыя i строгiя: мужчына абавязкова павiнен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калi начаваў разам з ёю ў палатцы, калi стаў бацькам i абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.

Сем'i ўсё далей забiралiся на Захад, спосабы стварэння гэтых грамадстваў усё больш удасканальвалiся, i людзi адчувалi сябе ў бяспецы, бо нормы супольнага жыцця былi цвёрдыя i непарушныя, i сям'я, якая выконвала ўсе правiлы, магла нiчога не баяцца.

Самi сабой паяўлялiся органы ўлады, з важакамi, са старэйшынамi; дурны не мог прапанаваць сваю дурноту грамадству. Гэтае начное жыццё было нечым накшталт страхоўкi. Чалавек, у якога была ежа, кармiў галоднага i тым страхаваў ад голаду самога сябе. А калi памiрала малое, каля ўвахода ў палатку вырастала кучка сярэбраных манет, бо дзiця трэба было хоць пахаваць па-чалавечы, раз яно не ўзяло ад жыцця нiчога iншага. На могiлках для беднякоў i бадзяг можна пахаваць якога-небудзь старога, толькi не немаўля.

Для стварэння такiх грамадстваў патрэбны былi пэўныя матэрыяльныя ўмовы, асаблiва вада - рэчка, ручай, крынiца цi хоць бы водаправодны кран, пакiнуты без нагляду. I яшчэ каб участак быў роўны - для палатак, крыху сухога галля цi дроў на вогнiшча. А калi паблiзу яшчэ i звалка была, дык зусiм добра: там можна знайсцi вельмi патрэбныя да ўжытку рэчы - пячную трубу, пагнутае аўтамабiльнае крыло, каб загарадзiць iм агонь ад ветру, бляшанкi з-пад кансерваў, каб у iх згатаваць ежу i есцi з iх.

Грамадствы ўтваралiся вечарамi. Людзi збочвалi з шашы i аддавалi што ў каго было - палаткi, сэрцы, мозг.

Ранiцай палаткi разбiралi, брызент згортвалi, жэрдкi прывязвалi да падножак, матрацы клалi ў машыну на сваё месца, посуд - на сваё. I, едучы ўсё далей на Захад, сем'i мала-памалу асвойвалi тэхнiку пабудовы жытла ўвечары i яго разбурэння на золку. I з цягам часу кожны член сям'i звыкаўся са сваiм месцам, са сваiмi абавязкамi, i стары i малы ведаў, дзе яму сядзець у машыне, а стомнымi, душнымi вечарамi, калi пад'язджалi да стаянкi, кожны ведаў свае абавязкi i выконваў iх, не чакаючы нiчыiх указанняў, - дзецi збiралi ламачча на вогнiшча, прыносiлi ваду; мужчыны ставiлi палаткi, раскладалi матрацы; жанчыны гатавалi вячэру, кармiлi сям'ю. I ўсё гэта рабiлася без пануквання. У сем'яў, жыццё якiх раней было абмежавана ўначы сценамi дома, а ўдзень - сваёй фермай, цяпер паявiлiся новыя межы. I доўгiмi спякотнымi днямi яны моўчкi сядзелi ў машынах, што паволi пасоўвалiся на Захад, а начамi злiвалiся з групай людзей, з якiмi iм выпала стаць на прывал.

Яны перамянiлi сваё жыццё так, як яго можа перамянiць толькi чалавек. Яны ўжо былi не фермеры, а вандроўнiкi. I думы, разлiкi, засяроджанае маўчанне, якiя раней прызначалiся палям, цяпер прызначалiся дарозе, адлегласцi, Захаду. Чалавек, думкi якога раней былi скiраваны на акры, цяпер лiчыў мiлi вузкай стужкi бетону. I ў думках яго, у яго клопатах не было ўжо месца дажджу, ветру, пылу i палявым усходам. Вочы пiльна сачылi за шынамi, вушы ўслухоўвалiся ў стукат матора, галава пухла ад думак пра масла, бензiн, пра станчэлы слой гумы памiж паветрам у камеры i бетонам шашы. Зламаная шасцярня была трагедыяй. Самае моцнае жаданне вечарамi- вада. I кацялок з вячэрай над вогнiшчам. Здароўе - залог iмкнення ехаць далей, здольнасцi ехаць далей i волi ехаць да канца. Жаданнi рвалiся на Захад, абганяючы людзей, а былыя страхi перад засухай цi паводкай цяпер уступiлi месца страху перад усiм, што магло спынiць iх марудны рух на Захад.

Месцы прывалаў цяпер ужо былi пастаянныя - ад аднаго да другога адзiн дзень шляху.

У дарозе некаторыя сем'i паддавалiся панiцы i ехалi дзень i ноч, спалi ў машынах - спяшалiся на Захад, iмкнулiся хутчэй уцячы ад дарогi, ад самога руху. Iм карцела як мага хутчэй дзе-небудзь асесцi, i яны, утаропiўшы вочы на захад, гналi i гналi туды свае бразгатлiвыя машыны.

Але большасць сем'яў хутка прыстасавалася i ўвайшла ў рытм новага жыцця. I на захадзе сонца...

Пара ўжо месца для прывалу пашукаць.

Вунь, наперадзе, палаткi.

Машына з'язджала з шашы, спынялася, i з тае прычыны, што не яны сталi там першыя, трэба было не забываць пра далiкацтва.

У вас тут можна стаць на начлег?

Калi ласка, нам гэта вялiкi гонар.

З якога вы штата?

З самага Арканзаса.

Вунь, у чацвёртай палатцы, таксама арканзасцы.

Праўда? I самае галоўнае пытанне: як з вадой?

Яе тут колькi хочаш, толькi на смак не вельмi.

Дзякуй вам.

Няма за што.

Без далiкацтва не абысцiся. Машына з грукатам пад'язджала да крайняй палаткi i спынялася. Стомленыя пасажыры вылазiлi з яе, распраўлялi замлелае цела. Вырастала яшчэ адна палатка; малыя беглi з вёдрамi па ваду, старэйшыя дзецi секлi голле, збiралi ламачча. Успыхвала вогнiшча, гатавалася вячэра варылася цi смажылася. Падыходзiлi тыя, што прыехалi раней, усе дазнавалiся адзiн у аднаго, хто з якога штата, знаходзiлiся агульныя знаёмыя, а бывала, i сваякi.

Аклахома? Якая акруга?

Чэрокi.

Гэ! У мяне там радня. Эленаў ведаеце? Iх там, у Чэрокi, дзе толькi няма. А Ўiлiсаў?

А як жа, ведаю.

Стваралася новая бiвачная адзiнка. Пачынала змяркацца, але яшчэ дацямна новыя начлежнiкi паспявалi ўвайсцi ў жыццё лагера, перакiнуцца словам з кожнай сям'ёй. Свае людзi, добрыя людзi.

Я Эленаў, колькi сябе помню, ведаю. Сайман Элен, стары Сайман, з першай жонкай не ладзiў. Паўкроўка з племенi чэрокi. Прыгожая, як... вараная жаробка.

Малодшы Сайман, што ажанiўся з дачкой Рудольфаў, так? Ага, ён самы. Пераехалi ў Элiд i добра зажылi там - як людзi.

З усiх Эленаў яму аднаму пашчасцiла. Гараж займеў.

Калi прыносiлi вады i галля, дзецi пачыналi нясмела пахаджваць мiж палатак. На якiя толькi хiтрыкi не iшлi, каб пазнаёмiцца! Хлопчык спыняўся каля незнаёмага хлопчыка i пiльна ўглядаўся ў каменьчык на зямлi, падбiраў яго, старанна разглядаў, пляваў на яго, працiраў i аглядаў з усiх бакоў, пакуль другi хлопчык нарэшце не пытаўся: што гэта ў цябе?

А ўладальнiк каменьчыка абыякава, безуважна адказваў: а нiчога, проста каменьчык.

Чаму ж ты так яго разглядаеш?

А мне здалося, у iм золата.

Як ты ўбачыў золата? У камянях золата не залатое, а чорнае.

Кожны гэта ведае.

Мусiць, залатая падманка, а ты - золата!

Яшчэ чаго. Тата столькi золата пазнаходзiў i навучыў мяне, як шукаць.

А табе вельмi хочацца знайсцi цэлы самародак?

Пытаешся! Я купiў бы сабе, чорт вазьмi, такую цукерку, што табе i ў сне не снiлася.

Мне не дазваляюць лаяцца, а я ўсё роўна.

I я лаюся. Гайда да ручая.

Дзяўчаты таксама знаходзiлi сабе сябровак i бянтэжлiва расказвалi пра свае поспехi i надзеi. Жанчыны ўвiхалiся каля вогнiшчаў, спяшалiся накармiць сям'ю. Калi ў iх быў запас грошай - свiнiнай з бульбай i цыбуля; праснакамi з жароўнi цi пшанiчнымi пампушкамi са шчодрай падлiўкай; смажанай грудзiнкай цi адбiўной i чорным гаркаватым чаем у бляшанцы з-пад кансерваў. Калi з грашыма было туга - маiсавымi блiнамi, румянымi, хрумсткiмi, залiтымi салам, у якiм яны смажылiся.

Сем'i, што мелi запас грошай цi проста пускалi грошы на вецер, елi кансерваваныя бабы i персiкi, куплёны хлеб i кексы. Але яны ласавалiся гэтым у сваiх палатках, бо есцi такiя смачныя рэчы на людзях нягожа. Зрэшты, дзецi, жуючы свае маiсавыя блiны, усё роўна чулi пах гарачых бабоў, i iм было крыўдна.

Толькi паспявалi павячэраць, памыць i выцерцi посуд, наставала начная цемра, i мужчыны прысаджвалiся на кукiшкi пагутарыць. Гаварылi пра зямлю, якую яны пакiнулi. Што будзе далей, невядома, казалi яны. Сапсавалася наша краiна.

З часам усё паправiцца, толькi нас там ужо не будзе.

Вiдаць, яны рашылi, што мы што-небудзь парушылi, самi таго не ведаючы.

Адзiн чалавек мне казаў, блiзкi да ўрада, i ён мне казаў: вас яры даканалi. Блiзкi да ўрада чалавек. Калi б, кажа, вы ўпоперак контураў аралi, тады ў зямлi яроў не павымывала б. Але праверыць мне не давялося. А прышлыя гэтыя таксама ўпоперак не аруць. Як павядуць баразну, дык мiлi на чатыры без спыну i нiдзе ўбок не звернуць, хоць бы там сам бог стаяў.

Яны цiха расказвалi пра свой дом. У мяне склеп быў пад ветраком. Ставiлi там малако на смятанку, кавуны трымалi. Залезеш туды, бывала, у поўдзень, у самую спёку, а там халадок на любы густ. Разрэжаш кавун - такi халодны, аж зубы заходзяцца. А з бака вада кап-кап...

Расказвалi пра свае трагедыi. Быў брат у мяне, Чарлi. Валасы жоўтыя, што тая кукуруза. Дарослы ўжо хлопец быў. На акардэоне цудоўна iграў. I вось баранаваў ён аднойчы ў полi, нахiлiўся пастронак выслабанiць, а тут змяя грымучая як зашыпiць! Конi памчалi, i барана прайшла па Чарлi, прапарола зубамi жывот, вырвала кiшкi, знявечыла твар... Ох, госпадзi!

Гаварылi i пра будучыню. Цiкава, як там будзе, у Калiфорнii?

На малюнках усё так цудоўна - залюбавацца можна. Я бачыў адзiн - гарачае сонца, прыгажосць наўкол, дрэвы арэхавыя, ягаднiкi, а ззаду, зусiм блiзка, проста рукой падаць - высокiя горы са снежнымi вяршынямi. Вачэй не адарваць.

Толькi каб работу знайсцi, i ўсё будзе добра. Халадоў зiмою там не бывае. Дзецi па дарозе ў школу не замерзнуць. Сам я ўмею чытаць, але мне з гэтага няма радасцi, не прывык я чытаць, як iншыя.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*