Эрих Ремарк - Тры таварышы (на белорусском языке)
- Так, - прамовiў я ў раптоўным жудасным адчаi. Я нiбы аглух ад злосцi. Нiхто не адкажа! Вядома, не! За несправядлiвасць i смерць нiхто не адказвае! Пракляцце! I нiчога не зробiш!
Жафэ доўга глядзеў на мяне.
- Прабачце, - сказаў я. - Але я не магу падманваць сябе. Вось што найгорш.
Ён усё яшчэ глядзеў на мяне.
- У вас ёсць яшчэ час? - спытаў ён.
- Хапае, - сказаў я.
Ён устаў.
- Мне трэба зрабiць вячэрнi абход. Я запрашаю i вас. Сястра дасць вам халат. А для пацыентаў вы будзеце маiм асiстэнтам.
Я не разумеў, навошта ён гэта робiць. Але я ўзяў у сястры халат.
Мы пайшлi па доўгiх калiдорах. Праз шырокiя вокны лiлося ружовае вечаровае святло - мяккае, прыглушанае, яно плыло, нiбы ў казцы. Некаторыя вокны былi адчынены. З двара залятаў пах лiпавай квеценi.
Жафэ адчынiў дзверы. У нос ударыла спёртае цяжкае паветра. Жанчына з прыгожымi валасамi колеру старога золата, на якiх яркiмi водблiскамi iскрылася святло, знясiлена падняла руку. У яе быў высакародны лоб, якi звужаўся на скронях. А пад вачамi пачыналася павязка, якая даходзiла да рота. Жафэ асцярожна зняў яе. Я ўбачыў, што ў жанчыны не было носа. Замест яго зеўрала крывавая рана, уся ў струпах i з дзвюма дзiркамi пасярэдзiне. Жафэ зноў наклаў павязку.
- Добра, - сказаў ён i павярнуўся да выхаду.
Ён зачынiў дзверы за сабой. Я на хвiлiнку спынiўся ў калiдоры, гледзячы на мяккае вечаровае святло.
- Хадзем! - сказаў Жафэ i пайшоў перада мной у наступную палату. Мы пачулi гарачае цяжкае дыханне хворага ў гарачцы. Гэта быў мужчына з алавяным тварам, на якiм гарэлi незвычайна яркiя чырвоныя плямы. Рот быў разяўлены, вочы выкацiлiся, рукi неспакойна хапалiся за коўдру. Чалавек быў беспрытомны. Каля ложка сядзела сястра i чытала. Пры з'яўленнi Жафэ яна адклала кнiгу i ўстала. Ён зiрнуў на тэмпературны лiст i пахiтаў галавой: на лiсце ўвесь час стаяла сорак градусаў.
- Двухбаковае запаленне лёгкiх i плеўрыт. Ужо тыдзень супрацiўляецца, як бык. Рэцыдыў. Ужо амаль быў здаровы. Занадта рана ўзяўся за працу. Жонка i чацвёра дзяцей. Няма надзеi.
Ён паслухаў грудзi, памацаў пульс. Яму дапамагала сястра. Яе кнiга ўпала на падлогу. Я падняў i ўбачыў, што гэта была кулiнарная кнiга. Хворы бесперапынна драпаў схуднелымi рукамi коўдру. Толькi гэты гук i чуўся ў пакоi.
- Застаньцеся тут на ноч, сястра, - сказаў Жафэ.
Мы выйшлi. Ружаватае змярканне набыло адценнi. Яно, нiбы воблака, запоўнiла калiдор.
- Заклятае святло, - сказаў я.
- Чаму? - спытаў Жафэ.
- Несумяшчальна... адно з адным.
- Што вы... - сказаў Жафэ. - Усё сумяшчаецца.
У наступнай палаце ляжала жанчына, якая задыхалася. Яе прывезлi пад вечар з цяжкiм атручваннем вераналам. Напярэдаднi здарыўся няшчасны выпадак з яе мужам, ён зламаў сабе пазваночнiк. Яго прывезлi дадому. Ён быў пры памяцi i жудасна крычаў. Ноччу ён памёр.
- Яна выжыве? - спытаў я.
- Магчыма.
- Для чаго?
- За апошнiя гады ў мяне было пяць падобных выпадкаў, - сказаў Жафэ. Толькi адна спрабавала яшчэ раз пакончыць з сабой. Атруцiлася газам i памерла. А дзве выйшлi яшчэ раз замуж.
У наступнай палаце ляжаў мужчына, якi ўжо дванаццаць гадоў быў паралiзаваны. У яго была васковая скура, рэдкая чорная барада i вельмi вялiкiя нерухомыя вочы.
- Як справы? - спытаў Жафэ.
Чалавек зрабiў няпэўны жэст рукой. Потым ён паказаў на акно.
- Паглядзiце на неба! Будзе дождж, я адчуваю. - Ён усмiхнуўся. - Пад музыку дажджу лепей спiцца. - На коўдры перад iм ляжала скураная шахматная дошка з фiгурамi, якiя мацавалiся да яе. Побач ляжала куча газет i некалькi кнiг.
Мы пайшлi далей. Я ўбачыў маладую жанчыну з напоўненымi жахам вачыма i сiнiмi вуснамi, якая была спакутавана ад родаў; дзiця-калеку з крывымi тонкiмi ножкамi i рахiтычнай галавой; чалавека без страўнiка; бабулю, падобную да савы, якая плакала ад таго, што да яе не прыходзяць блiзкiя, iм здавалася, што яна памiрае занадта марудна; сляпую, якая верыла, што зноў будзе бачыць; сiфiлiтычнае дзiця з крывавымi болькамi i яго бацьку, якi сядзеў каля ложка; жанчыну, якой ранiцай адрэзалi грудзiну; яшчэ адну, скручаную рэўматызмам суставаў; трэцюю, у якой былi выразаны яечнiкi; рабочага з раструшчанымi ныркамi... Мы iшлi з палаты ў палату, i з палаты ў палату паўтаралася адно i тое самае: стогн i знявечаныя целы, нерухомыя, амаль пагаслыя iстоты, клубок, бясконцы шэраг плачу, страху, пакоры, болю, адчаю, надзеi, бяды. I кожны раз, калi за намi зачынялiся дзверы, у калiдоры нас раптам зноў сустракала ружовае святло незямнога вечара, увесь час - пасля шэрага паўзмроку палат, падобных на камеры, гэта пяшчотнае воблака мяккага залацiстага бляску, пра якое нельга сказаць, што гэта такое: жудасная насмешка цi звышчалавечае суцяшэнне. Перад дзвярыма аперацыйнай залы Жафэ спынiўся. Праз матавае шкло дзвярэй прабiвалася яркае святло. Дзве сястры ўкацiлi ў пакой плоскую цялежку. На ёй ляжала жанчына. Мы сустрэлiся позiркамi. Яна зусiм не глядзела на мяне. Яна глядзела кудысьцi ў няведамую далячынь. Але я ўздрыгнуў ад гэтых вачэй - столькi ў iх было мужнасцi i сканцэнтраванасцi i спакою. Твар Жафэ раптам спахмурнеў.
- Не ведаю, цi правiльна я зрабiў, - сказаў ён. - Але суцяшаць вас словамi не мела сэнсу. Вы мне не паверылi б. Цяпер вы ўбачылi, што шмат хто з хворых у горшым стане, чым Пат Хольман. У некаторых, акрамя надзеi, нiчога не засталося. Але большасць будзе жыць. Яны паправяцца. Вось што я хацеў вам паказаць.
Я кiўнуў галавой.
- Правiльна зрабiлi, - сказаў я.
- Дзевяць гадоў назад памерла мая жонка. Ёй было дваццаць пяць гадоў. Нiколi не хварэла. Грып. - Ён хвiлiнку памаўчаў. - Вы разумееце, навошта я вам гэта кажу?
Я зноў кiўнуў.
- Загадзя нiчога не ведаеш. Смяротна хворы можа перажыць здаровага. Жыццё - дзiўная справа.
На яго твары з'явiлася шмат зморшчын. Падышла сястра i нешта пашаптала яму. Ён выпрастаўся i кiўком паказаў на аперацыйны пакой.
- Мне трэба цяпер туды. Не паказвайце Пат сваёй трывогi. Гэта самае галоўнае. Зможаце?
- Змагу, - сказаў я.
Ён падаў мне руку i хуценька пайшоў з сястрой праз шкляныя дзверы. Перад iм быў пакой, залiты бялюткiм святлом.
Я паволi пайшоў унiз па прыступках. Чым нiжэй я спускаўся, тым больш цямнела. На першым паверсе ўжо гарэла святло. Калi я выйшаў на вулiцу, то ўбачыў, як ад гарызонту, быццам ад лёгкага подыху, плыве ружовае змярканне. Яно тут жа пагасла, зрабiлася шэрым.
Нейкi час я сядзеў у машыне, нерухома гледзячы ў адну кропку. Потым я ўзяў сябе ў рукi i паехаў да майстэрнi. Кёстэр чакаў мяне каля варот. Я завёў машыну ў двор i вылез.
- Ты ўжо ведаў? - спытаў я.
- Ведаў, - адказаў ён. - Але Жафэ хацеў сказаць табе сам.
Я кiўнуў. Кёстэр глянуў на мяне.
- Ота, - сказаў я, - я не дзiця i разумею, што яшчэ нiчога не страчана. Але мне, пэўна, сёння будзе цяжка не выдаць сябе, застаўшыся з Пат сам-насам. Заўтра - iншая справа. Тады я спраўлюся. Сходзiм сёння вечарам куды-небудзь усе разам?
- Канечне, Робi. Я ўжо думаў пра гэта i з Готфрыдам гаварыў.
- Тады дай мне яшчэ раз "Карла". Я паеду дадому i спачатку забяру Пат, а потым, праз гадзiну - вас.
- Добра.
Я паехаў. На Мiкалайштрасэ я прыпомнiў пра сабаку. Я павярнуў i паехаў назад, каб забраць яго.
Крама была не асветленая, але дзверы - адчынены. Антон сядзеў у глыбiнi крамы на раскладушцы. У руках у яго была бутэлька.
- Падкузьмiў мяне Густаў, - сказаў ён.
Ад яго смярдзела, як ад спiртзавода.
Тэр'ер выскачыў насустрач мне, абнюхаў мяне i лiзнуў у руку. Яго вочы, асветленыя касым променем з вулiцы, гарэлi зялёным. Антон устаў. Ён захiстаўся i раптам заплакаў.
- Мой сабачка... цяпер i ты пакiнеш мяне... усе мяне пакiдаюць... Цiльда памерла... Мiны няма... Скажыце вы мне, навошта мне жыць такому?
Гэтага мне яшчэ не хапала! Гэтай маленькай бязрадаснай лямпачкi, якую ён уключыў, цiхага шоргату чарапах i птушак i гэтага нiзкарослага азызлага чалавека з яго крамай!
- Таўстуны... тыя-та ведаюць... але скажыце мне, навошта ўвогуле жыве наш брат? Навошта жыць нам, бедалагам? Скажыце, пан...
Малпа ўскрыкнула, нiбы паскардзiлася, i шалёна забегала на сваёй жэрдзi. Яе вялiзны цень заскакаў па сцяне.
- Кока, - усхлiпнуў гаспадар, якi ўжо напiўся, седзячы без святла, адзiны ты мой, iдзi да мяне! - Ён падставiў малпе бутэльку.
Малпа ўхапiлася за яе.
- Загубiце жывёлу, поячы гарэлкай, - сказаў я.
- Ну i няхай, - завiшчаў ён. - На ланцугу на год болей, на год меней... якая рознiца... якая рознiца... пан...
Я ўзяў сабаку, якi цёплым камяком цёрся каля мяне, i пайшоў. Жвавы сабачка, перабiраючы мяккiмi шпаркiмi лапкамi, бег каля мяне да машыны.
Я прыехаў дадому. Трымаючы сабаку на павадку, я падняўся па лесвiцы. У калiдоры я спынiўся i зiрнуў у люстэрка. Твар быў як заўсёды. Я пастукаўся ў дзверы да Пат, прыадчынiў iх i ўпусцiў сабаку. Застаўшыся стаяць за дзвярыма, я чакаў з павадком у руцэ. Але замест годасу Пат я нечакана пачуў бас фраў Залеўскi:
- О божа нябесны!
З палёгкай уздыхнуўшы, я зазiрнуў у пакой. Я баяўся першай хвiлiны сустрэчы з Пат. Цяпер усё стала лёгка. Фраў Залеўскi была надзейны амартызатар. Яна сядзела за сталом велiчна, нiбы на троне. У яе пад рукой стаяў кубачак з кавай, а побач у мiстычным парадку была раскладзена калода карт. Пат з бляскам у вачах сядзела каля яе i слухала варажбу, што будзе.