Джон Стейнбек - Гронкi гневу (на белорусском языке)
- Трэба абдумаць, калi нам ехаць, - сказаў бацька. - Чым хутчэй, тым лепш. Засталося забiць свiней, засалiць мяса i ўпакавацца. Чым хутчэй усё зробiм, тым лепш.
- Калi энергiчна ўзяцца за справу, дык заўтра ўсё будзе гатова i паслязаўтра, як развiднее, можна выпраўляцца, - падтрымаў бацьку Ной.
Дзядзька Джон запярэчыў:
- Днём, у гарачыню, мяса не астыне. Што з цёплай свежанiнай рабiць будзем?
- Тады зоймемся гэтым сёння. За ноч астыне. Крышачку ж астыне. Павячэраем i зарэжам. Соль у нас ёсць?
Мацi адказала:
- Ёсць. Солi многа. Дзве добрыя бочачкi.
- Тады так i зробiм, - сказаў Том.
Дзед заёрзаў на падножцы, намагаючыся падняцца.
- Зусiм сцямнела, - сказаў ён. - Есцi хочацца. Вось прыеду ў Калiфорнiю, увесь час буду хадзiць з вялiзнай гронкай вiнаграду ў руцэ i - у рот, i - у рот, далiбог! - Нарэшце ён падняўся; паўставалi i ўсе астатнiя мужчыны.
Руцi i Ўiнфiлд, як апантаныя, скакалi ў пыле. Руцi сiпла прашаптала брату:
- Заб'ём свiней i ў Калiфорнiю! Заб'ём i паедзем - усе адразу.
А Ўiнфiлд зусiм ашалеў - прыставiў палец да горла, страшна скрывiў твар i завiхляўся, цiха ўскрыкваючы:
- Я старая свiння. Глянь! Я свiння. Бачыш, колькi крывi, Руцi! - Ён пахiснуўся, грымнуўся на зямлю i слаба задрыгаў рукамi i нагамi. Але Руцi была крыху старэйшая за яго i адчувала незвычайнасць таго, што адбываецца.
- I ў Калiфорнiю! - паўтарыла яна. Яна ведала: такiх вялiкiх падзей у яе жыццi яшчэ не было.
Дарослыя пайшлi ў густым прыцемку да асветленай кухнi, i мацi падала iм на алавяных талерках мяса з бацвiннем. Але перш чым самой сесцi за ежу, яна паставiла на плiту вялiкi круглы чан i распалiла яркi агонь у топцы. Потым прынесла некалькi вёдраў вады, налiла чан даверху i паставiла вакол яго яшчэ некалькi поўных вёдраў. Усе спехам паелi i выйшлi з кухнi, каб пасядзець на прыступцы каля дзвярэй, пакуль не закiпiць вада. Яны сядзелi, пазiраючы ў цемру i на светлы квадрат, што падаў ад лiхтара на зямлю праз праём дзвярэй; пасярэдзiне гэтага квадрата чарнеўся згорблены цень дзеда. Ной старанна калупаў саломiнкай у зубах. Мацi i Ружа Сарона мылi талеркi i ставiлi iх горкай на стол.
I раптам усе як адзiн узялiся за справу. Бацька падняўся i запалiў другi лiхтар. Ной дастаў са скрынкi на кухнi крывы мяснiковы нож i падвастрыў яго на крэмнiевым бруску. Тады паклаў нож i скрэбла на калоду, што стаяла каля дзвярэй на двары. Бацька прынёс дзве тоўстыя палкi тры футы даўжынёй, завастрыў iх з абодвух канцоў сякерай i абвязаў пасярэдзiне моцнай вяроўкай косым крыжам.
Ён прабурчаў:
- Дарэмна прадалi ворчыкi, нiводнага не засталося.
Вада на плiце клекатала, над ёю клубiлася пара.
Ной запытаўся:
- Ваду туды панясём цi свiней сюды пацягнем?
- Свiней сюды, - адказаў бацька. - Свiння не кiпецень, яе не расплюхаеш i не апарышся. Вада ўся закiпела?
- Амаль уся, - адказала мацi.
- Добра. Ной, i вы, Том з Элам, пойдзем са мной у хлеў. Я лiхтар панясу. Там зарэжам i прыцягнем сюды.
Ной узяў з калоды нож, Эл - сякеру, i ўсе чацвёра пакiравалi да хлява; ногi iх то вынiкалi з цемры ў святле лiхтара, то знiкалi ў ёй. Руцi i Ўiнфiлд панеслiся подскакам за iмi. Падышоўшы да свiнушнiка, бацька нахiлiўся над загарадкай i падняў лiхтар. Сонныя маладыя свiннi, насцярожана рохкаючы, паднялiся на ногi. Дзядзька Джон i прапаведнiк падышлi памагчы.
- Добра, - сказаў бацька. - Бiце iх. Потым пацягнем да дома, там спусцiм кроў i апарым.
Ной з Томам пераступiлi цераз загарадку i зрабiлi сваю справу спрытна i хутка. Том ударыў два разы абухом, а Ной нахiлiўся над паваленымi свiннямi, намацаў артэрыю, успароў яе сваiм крывым нажом i пусцiў кроў. Потым свiней, якiя яшчэ пранiзлiва вiшчалi, перавалiлi цераз загарадку. Адну свiнню пацягнулi за заднiя ногi прапаведнiк i дзядзька Джон. Другую - Том з Ноем. Бацька iшоў за iмi з лiхтаром, i ў пыле працягнулiся дзве дарожкi чорнай крывi.
Каля дома Ной аддзялiў нажом сухажылле на заднiх нагах, ногi развялi ў бакi распоркамi i павесiлi тушы на бэлькi, што выступалi з-пад навеса даху. Тады мужчыны прынеслi вар i апарылi чорныя свiныя тушы. Ной успароў iх удоўжкi i выпатрашыў вантробы на зямлю. Бацька завастрыў яшчэ дзве распоркi, каб лепш правялiлася мяса, а Том скрэблам i мацi тупым канцом нажа счысцiлi шчацiнне. Эл прынёс пустое вядро, укiнуў туды рыдлёўкай вантробы i пайшоў выкiнуць iх далей ад дома; за iм, гучна мяўкаючы, пабеглi дзве кошкi, сабакi таксама кiнулiся за iм, цiха пагыркваючы на кошак.
Бацька сядзеў на прыступцы, паглядваючы на свiныя тушы, на якiя падала святло лiхтара. Шчацiнне ўсё саскрэблi, i цяпер толькi рэдкiя кроплi крывi падалi ў чорную лужыну на зямлi. Бацька падняўся, падышоў да падвешаных туш i памацаў iх рукамi, тады зноў сеў каля дзвярэй. Дзед з бабкай пайшлi спаць у свiран, у руцэ ў дзеда быў лiхтар са свечкай. Астатнiя моўчкi сядзелi каля дзвярэй. Конi, Эл i Том - проста на зямлi, прыхiнуўшыся спiнамi да сцяны, дзядзька Джон на скрынi, бацька на прыступцы. Толькi мацi i Ружа Сарона яшчэ круцiлiся на кухнi. Руцi i Ўiнфiлд ледзь змагалiся са сном. Яны вяла спрачалiся ў цемры. Ной i прапаведнiк прыселi побач на кукiшкi тварам да дома. Бацька неспакойна пачухаўся, зняў капялюш i запусцiў пальцы ў валасы.
- Заўтра ўраннi засолiм свiнiну, потым пагрузiм усё на грузавiк, акрамя ложкаў, i паслязаўтра ранiцай пусцiмся ў дарогу. Работы i на дзень не хопiць, - сказаў ён няцвёрда.
Том перабiў яго:
- Вось i будзем цэлы дзень сланяцца, шукаючы, што б такое зрабiць. Астатнiя мужчыны неспакойна заварушылiся. - Можна было б скончыць зборы да свiтання i ехаць, - выказаў думку Том. Бацька пацёр далонню калена. I раптам усiх ахапiла нецярплiвасць.
Ной сказаў:
- Можа, мясу нiчога не зробiцца, калi яго проста зараз i засалiць. Парэжам на кавалкi, гэтак яшчэ хутчэй астыне.
Дзядзька Джон першы загаварыў рашуча:
- Чаго тут сядзець, чаго чакаць? Хутчэй скончым з гэтым. Ехаць дык ехаць.
Перамена адбылася i ў настроi астатнiх.
- Чаму не паехаць як хутчэй? Адаспiмся ў дарозе. - Iм ужо не сядзелася на месцы.
Бацька сказаў:
- Кажуць, туды - дзве тысячы мiль. Гэта ж чорт ведае як далёка! Трэба ехаць. Ной, давай мы з табой парэжам тушы, потым пагрузiм рэчы на машыну.
Мацi высунула галаву з дзвярэй:
- А раптам што-небудзь забудземся? У цемры не вiдаць.
- Заднее, праверым, - сказаў Ной. Усе крыху пасядзелi моўчкi - думалi. Раптам Ной падняўся i пачаў вастрыць свой крывы нож на сцёртым тачыльным бруску. - Ма, - сказаў ён, - ачысцi стол, - i, падышоўшы да свiной тушы, правёў нажом уздоўж хрыбта i пачаў зразаць мяса з рэбраў.
Бацька рашуча падняўся з прыступкi.
- Трэба ўсё сабраць, - сказаў ён. - Хадзем, хлопцы, са мной.
Цяпер, калi ўжо цвёрда было вырашана ехаць ранiцай, усе заспяшалiся. Ной занёс свiнiну на кухню i стаў наразаць яе невялiкiмi квадратамi, а мацi нацiрала кожны буйной соллю i складала iх у бачуркi, стараючыся, каб з бакоў кавалкi мяса не датыкалiся адзiн да аднаго без солi. Яна клала iх, як цаглiны, i засыпала ў прамежкi соль. Пакуль Ной адсякаў бакавiну i ножкi, мацi падтрымлiвала агонь у плiце, i, калi Ной зняў мяса з рэбраў, з хрыбта i з ног, яна засунула косткi ў духоўку, каб потым iх можна было аб'есцi.
Тым часам на двары i ў свiрне перамяшчалiся кругi святла ад лiхтароў мужчыны збiралi ўсё, што было вырашана ўзяць з сабой, i складалi каля грузавiка. Ружа Сарона вынесла з дома верхнюю вопратку i абутак - камбiнезоны, чаравiкi на тоўстых падэшвах, гумавыя боты, паношаныя святочныя касцюмы, швэдары i курткi, падбiтыя аўчынай. Усiм гэтым яна шчыльна напакавала вялiкую драўляную скрыню, ды яшчэ стала зверху i ўтаптала нагамi. Пасля прынесла паркалёвыя сукенкi, хусткi i шалi, чорныя баваўняныя панчохi i дзiцячую адзежу - маленькiя камбiнезоны, танныя паркалёвыя сукеначкi, паклала iх у скрыню i таксама прытаптала нагамi.
Том пайшоў у павець i прынёс адтуль iнструмент, якi наважылi ўзяць з сабой, - ручную пiлу, гаечныя ключы, малаток i скрынку з наборам цвiкоў, абцугi, рашпiль i камплект тонкiх напiлкаў.
А Ружа Сарона прыцягнула вялiкае палотнiшча брызенту i расклала на зямлi за грузавiком. Яна ледзь пралезла ў дзверы з матрацамi - трыма двухспальнымi i адным вузкiм, звалiла iх на брызент, тады прынесла яшчэ абярэмак складзеных iрваных коўдраў i кiнула на матрацы.
Мацi з Ноем усё яшчэ ўвiхалiся на кухнi, з духоўкi цягнула прыемным пахам смажаных свiных костак. Позняй ноччу дзяцей змарыў нарэшце сон. Уiнфiлд скруцiўся абаранкам проста ў пыле каля парога, а Руцi, якая пайшла на кухню паглядзець, як разбiраюць тушы, заснула, седзячы на скрынцы, прыткнуўшыся галавой да сцяны. Яна дыхала лёгка i роўна, крыху растулiўшы губы.
Сабраўшы ўсе прылады, Том з лiхтаром у руцэ ўвайшоў у кухню, следам зайшоў прапаведнiк.
- Ой, як здорава! - усклiкнуў Том. - Ты толькi панюхай, як пахне! А чуеш, костачкi патрэскваюць?
Мацi ўсё складала кавалкi свiнiны ў бачуркi, пасыпала iх соллю - i зверху, i з бакоў - i прымiнала кожны рад рукою. Яна глянула на Тома i слаба ўсмiхнулася яму вуснамi, але вочы яе былi сур'ёзныя i стомленыя.
- На снеданне добра пагрызцi свiных костачак, - сказала яна.