Стефан Гайм - Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)
Пасьля чаго жонка Ганна й дочкi Марта й Магдалена выбухаюць гучным галасам, а сын Дзiтрых думае, што ён вось павiнен разаслаць пiсьмы ўсiм гандлёвым партнёрам i карэспандэнтам таго зьместу, што дом Райнгарда Айцэна, палатно й шэрсьць, з гэтага часу будзе ўзначальвацца iм, i што дом будзе пастаянна верна сьледаваць сваiм абавязанасьцям, што, думае ён далей, пры сёньняшнiх завышаных цэнах i таму што ён павiнен будзе выплацiць брату, магiстру, i сваiм сёстрам Марце й Магдалене iхнюю долю, яму патрэбная божая дапамога, альбо што ён павiнен будзе залезьцi ў боргi да жыдоў.
Пры гэтай подумцы на вочы яму зноў трапляе жыд, зь якiм толькi што гаварыў яго спадар бацька, i вось ён стаiць, крыху разгублены, i ўжо больш зусiм ня ўзьнёслы, а як звычайны жыдок, i таму ён хапае яго за каўнер зашмальцаванага лапсердака й штурхае ў дзьверы прэч. Крыху пазьней ён i ўся сям'я зводзяць унiз па лесьвiцы гера Эпiнуса й праз шырокiя сенi да дзьвярэй дома, пры чым магiстр Паўль асаблiва руплiва лiстам сьцелецца перад герам галоўным пастарам; застаецца толькi нябожчык, склаўшы рукi на грудзях, вусны ўмiратвораныя, i цяпер, нябось, ведае ўжо, зь якое ягонае дзiркi вышмульнула несьмяротная душа й куды памкнулася.
РАЗЬДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ
У якой прафэсара Лёйхтэнтрагера павучаюць, што душа выконвае функцыю чалавечай нэрвовай сiстэмы, а богабаязныя варшаўскiя яўрэi сумняваюцца ў Бозе, i Агасфэр спальвае сам сябе
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem
Israel
24 сакавiка 1980
Шматшаноўны гер калега!
Тое, што сёння, ужо праз некалькi дзён пасля майго пiсьма Вам ад 17 г.м., я пiшу другi раз, мае сваю прычыну ў маiх апасеннях, што сваю думку, якая стаiць у цеснай сувязi з усiм Агасфер-комплексам, я да гэтага часу асвятлiў недастаткова. Мае папярэднiя ўяўленнi на гэты конт падзяляюцца, зрэшты, калектывам майго iнстытута, якi ўзяў на сябе абавязацельства да 1 Мая, мiжнароднага свята працоўных, звесцi матэрыял у эсэ пра рэакцыйны характар мiфаў пра вандраванне душ.
Разглядаць Агасфера, якi нiбыта ў розны час i ў розных мясцiнах зноў i зноў усплывае як канкрэтны прыклад вандравання душ, пры чым канкрэтная праклятая душа заўсёды ўвасабляецца ва ўсё новай, праўда, заўсёды падобнай постацi, блiзкая мне, i мною, як Вы можаце прачытаць, у раздзеле "Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда" ў маёй працы "Самыя вядомыя iудэа-хрысцiянскiя мiфы ў святле прыродазнаўчага i гiстарычнага пазнання", таксама адзначана; пры далейшым разважаннi пра нашу двухбаковую карэспандэнцыю па гэтай тэме гэты момант здаецца мне дадаткова важкiм, так што цяпер я лiчу неабходным ўдацца ў яго больш дэталёва, асаблiва таму, што я падазраю, што i Вам такiя iдэi ў кантэксце з праблемай Агасфера павiнны былi прыходзiць на думку.
Загадзя прымаю, i Вы мне, спадзяюся, ласкава дазволiце, Вашую згоду з маiм тэзiсам, што паняцце "вандраванне душ" патрабуе, прынамсi, наяўнасцi душы. Але цi ёсць яна наогул, чалавечая душа, i, лагiчна следуючы гэтаму пытанню, цi ёсць яно, жыццё чалавека пасля смерцi?
Але калi ласка, скажуць, у нас ёсць цэлая навука пра душу - псiхалогiя, i пра хваробы душы - псiхiятрыя, з адпаведнымi спецыялiстамi, менавiта ж псiхолагамi, псiхiятрамi, псiхааналiтыкамi, псiхатэрапеўтамi, з адпаведнымi кафедрамi, клiнiчнымi ўстановамi, часопiсамi, медыкаментамi i т. д. i да т. п.; значыцца павiнна быць псiхiка, якою ўсё гэта займаецца. Шырока, добра, правiльна. Але гэты вiд душы можа разглядацца толькi ў аспекце адзiнства цела i духу; сепаратнай жа душы, якая магла б весцi ўласнае жыццё да, у час альбо пасля псiхiчнага iснавання адпаведных людзей, як выявiлi сукупныя прыродазнаўчыя даследаваннi ў гэтым кiрунку, няма; звыш таго, тое, што мы азначаем як душа альбо псiхея, ёсць проста функцыя чалавечай нервовай сiстэмы, уключна з мозгам, выклiканая аб'ектыўнымi працэсамi ў прыродзе i ў грамадстве, якiя, са свайго боку, праз органы адчуванняў чалавека ўздзейнiчаюць на яго нервовы апарат i запускаюць яго ў рух. Адны з гэтых пераменных уздзеянняў, якiя адлюстроўваюцца ў свядомасцi альбо ў несвядомасцi, у мысленнi, адчуваннi i снах чалавека, ужо даследаваны i растлумачаны, другiя - не; але гэта толькi пытанне часу, сваiм часам мы атрымаем поўную яснасць. Аднак абсалютна пэўна, што псiхiка чалавека, iнакш яго душа, перастае iснаваць у той момант, калi знаходзiць свой канец псiхiчная функцыя мозгу, з чаго, дарэчы, урачы i адлiчваюць момант клiнiчнай смерцi, г.зн. з моманту згасання апошнiх электрычных iмпульсаў у мозгу.
Усё гэта банальныя iсцiны, i я ведаю, што з iмi, паважаны гер прафесар, я рвуся да Вас у адчыненыя дзверы. Я i паўтараю iх толькi ў магчымай мне сцiсласцi i даступнай сутнасцi выключна дзеля ўразумення феномена Агасфера, якога Вы ўсё яшчэ маеце за рэальнасць, на што ў нас усё яшчэ адсутнiчае якое б там нi было дастатковае навукова прымальнае тлумачэнне. Вандраваннем душы ў кожным разе гэта быць не можа, бо ўвогуле няма нiякай аўтаномна лунаючай у прасторы душы, якая магла б на працягу стагоддзяў трансмiгрыраваць з аднаго Агасфера ў другога. Тут я хацеў бы ў Вас ласкава папрасiць адмысловай увагi; гэта - кардынальнае пытанне, што Вы на гэта скажаце?
Натуральна, i я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лiчыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызвалiцца ад сваёй цялеснай абалонкi, не iснуе. Што няма такога тонкага iнструмента, здольнага радасць i боль, любоў i нянавiсць i да таго падобныя эмоцыi больш чым адчуваць, мяняючы iх у долi секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якiя абавязаны служыць аб'ектыўнасцi, павiнны мiрыцца з гэтым фактам, як i з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькi грудачкай, праўда, высокаарганiзаванай, матэрыi, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу.
Пры гэтым разглядзе не трэба таксама забываць, што насамрэч неiснуючая бессмяротная душа з даўняга часу была выпрабаваным сродкам суцяшаць людзей за пот i кроў, якiя на гэтым свеце пралiвалi з разлiкам на лепшы лёс на тым свеце. Так, напрыклад, пакепвае колiшнi таксама яўрэйскi паэт Гайнрых Гайнэ "Баю-баюшкi-баю з неба, так закалыхваюць, як дзiця, калi яно тхiмкае, народ, вялiкi зброд", i Карл Маркс пiша ў сваёй крытыцы гегелеўскай фiласофii права: "Рэлiгiйная галеча ёсць, з аднаго боку, выяўленне сапраўднай галечы i, з другога, пратэст супроць сапраўднай галечы. Рэлiгiя - гэта стогн прыгнечанай iстоты, гэта душа бессардэчнага свету як яна ёсць i дух бездухоўных абставiнаў. Яна - опiум для народу."
Гэта ёсць асноўныя прынцыпы i шматразова пацверджаныя асновы, з якiх мы зыходзiм у нашым iнстытуце, i таму нам феномен Агасфера, якi Вы апiсалi, проста здаецца фактарам, кампаненты якога выяўлены яшчэ недастаткова поўна, на якi мы з Вашым ласкавым садзеяннем, шаноўны гер калега, спадзяёмся пралiць святло.
З сяброўскiм прывiтаннем
Ваш адданы
(праф. д-р Dr. h. c.)
Зiгфрыд Байфус
Iнстытут навуковага атэiзму
Берлiн, сталiца ГДР
Геру
праф. д-ру Dr. h. c. Зiгфрыду Байфусу
Iнстытут навуковага атэiзму
Бэрэнштрасэ 39а
108 Берлiн
German Democratic Republic
2 красавiка 1980
Дарагi гер калега!
Ваша пiсьмо ад 17 сакавiка знайшло мяне ў тую самую гадзiну як i дадатак да яго ад 24-га, з якога толькi можна заключыць, што шляхi, якiмi сёння праходзiць пошта ў зносiнах памiж усходам i захадам, у вышэйшай ступенi дзiвосныя. Але паколькi прадмет нашага лiставання такога роду, што нават самы прыдзiрлiвы цэнзар не можа высачыць у iм нiчога заганнага ў адносiнах да Вас альбо мяне, нам застаецца пераносiць затрымкi спакойна i радавацца, што нашая карэспандэнцыя наогул даходзiць да адрасата.
Але цяпер, праўда, я бачу некаторы сэнс у тым, каб ухапiць Вашыя аргументы ў некаторых дэталях i там, дзе яны мне падаюцца сумнiўнымi, прадпрыняць спробу паслабiць iх. Па-першае, многае, што Вы маеце сказаць, я i сам выказваў ад шчырага сэрца, па-другое, я хацеў бы пазбегнуць таго, каб пра рэчы, якiя цiкавяць мяне толькi ўскосна i пабочна, мы ўблыталiся ў бясконцыя дыскусii. Тое, цi былi "Настаўнiк справядлiвасцi" i "Князь абшчыны" паводле рукапiсу 9QRes у Dead Sea Scrolls махлярамi i параноiкамi, у маiх вачах з'яўляецца неiстотным пытаннем; для мяне важнае толькi тое, што Агасфер дакументальна зафiксаваны ў 9QRes. I Вашыя думкi пра сутнасць чалавечай псiхiкi, наколькi яны маглi б быць каштоўнымi для мяне, нiчога не даводзяць пра экзiстэнцыю-неэкзiстэнцыю Вечнага Жыда; нi я, нi хто-iншы нiколi не сцвярджаў, што Агасфер быў ходкiм доказам вандравання душ альбо чагосьцi падобнага.
Але з Вашых пiсьмаў я даведваюся, дарагi гер калега, нешта зусiм iншае, што, уласна кажучы, павiнна было Вас крыху занепакоiць: менавiта, пачатак фiксацыi ўвагi на феномене Агасфера, што, паводле маштабаў Вашага ratio Вы жадалi б растлумачыць, хоць гэта вiдавочна нельга ўцiснуць у пракрустава ложа каштоўнасцяў Вашага вопыту. Дасведчанне, якое Вы спрабуеце ўжыць, дазвольце мне гэту невялiкую крытыку, у грунце рэчаў ненавуковае; яно нагадвае тых ватыканскiх навукоўцаў, якiя не хацелi прызнаваць спадарожнiкаў Юпiтэра толькi таму, што яны не ўпiсвалiся ў арыстотэлеўсую схему светабудовы. Мы не абыходзiм факта, што Агасфер iснуе; Як i Чаму яго iснавання i што з гэтага магло б вынiкнуць, можа стацца прадметам даследавання, але спачатку павiнна быць прызнана, што ён ёсць, у падмацаванне чаго я ўжо даў Вам некаторыя доказы i дашлю яшчэ дадатковыя.