Редьярд Киплинг - Маўглi (на белорусском языке)
Людзi адкладвалi адыход з дня на дзень, пакуль першыя дажджы не захапiлi iх знянацку. Неадрамантаваныя стрэхi пачалi працякаць, выган залiло вадою па шчыкалатку, i ўсё, што зелянела, пайшло адразу ў рост пасля летняй засухi. Тады людзi паплялiся ўброд - мужчыны, жанчыны i дзецi - пад сляпучым i цёплым ранiшнiм дажджом i, вядома, азiрнулiся, каб глянуць апошнi раз на свае дамы.
I якраз калi апошняя сям'я, нагружаная клункамi, праходзiла праз вароты, з грукатам абвалiлiся бэлькi i дах за вясковай агароджай. Людзi ўбачылi, як мiльгнуў на момант блiскучы, чорны, як змяя, хобат, раскiдваючы мокрую салому страхi. Ён знiк, i зноў пачуўся грукат, а за грукатам - вiск. Хатхi зрываў стрэхi з дамоў, як мы зрываем вадзяныя гарлачыкi, i адарваная бэлька выцяла яго. Толькi гэтага i не хапала яму, каб раз'юшыцца, бо з дзiкiх звяроў, што жывуць у джунглях, ашалелы дзiкi слон буянiць i разбурае больш за ўсiх. Ён убрыкнуў задняй нагой глiнабiтную сцяну, i сцяна развалiлася ад удару, а патокi дажджу ператварылi яе ў жоўтую гразь. Хатхi кружыўся, i трубiў, i кiдаўся па вузкiх вулках, навальваўся на хацiны справа i злева, ломячы хiсткiя дзверы, крышачы кроквы; а тры яго сыны шалелi ззаду, як шалелi яны пры разгроме палеткаў Бхаратпура.
- Джунглi паглынуць гэтыя шкарлупiнкi, - сказаў спакойны голас сярод руiнаў. - Спачатку трэба звалiць агароджу.
I Маўглi, паблiскваючы мокрымi ад дажджу плячамi, адскочыў ад сцяны, якая асела на зямлю, як стомлены буйвал.
- Усё ў свой час, - прахрыпеў Хатхi. - О праўда, у Бхаратпуры мае бiўнi пачырванелi ад крывi! Да агароджы, дзецi мае! Галавою! Усе разам! Ну!
Стаўшы адзiн каля аднаго, усе чацвёра налеглi разам. Агароджа пахiснулася, трэснула i ўпала, i людзi, анямелыя ад жаху, убачылi ў няроўным праломе выпацканыя глiнай галовы разбуральнiкаў. Людзi кiнулiся ўцякаць унiз па далiне, застаўшыся без прытулку i без ежы, а iхняя вёска быццам раставала ззаду, растаптаная, разбураная i разнесеная на шматкi.
Праз месяц ад вёскi застаўся рыхлы пагорак, зарослы кволай маладой зелянiнай, а калi прайшлi дажджы, джунглi забуялi на тым самым месцы, дзе ўсяго паўгода назад былi ўзараныя палеткi.
КНЯЖАЦКI АНКУС
Каа, вялiкi горны ўдаў, змянiў скуру - пэўна, двухсоты раз з дня нараджэння, - i Маўглi, якi нiколi не забываў, што аднойчы ноччу ў Халодных Бярлогах Каа выратаваў яму жыццё, пра што, магчыма, памятаеце i вы, прыйшоў яго павiншаваць. Мяняючы скуру, змяя бывае панурая i зласлiвая да таго часу, пакуль новая скура не зробiцца блiскучай i прыгожай. Каа больш не пасмейваўся з Маўглi. Як i ўсе ў джунглях, ён лiчыў яго Гаспадаром Джунгляў i расказваў яму ўсе навiны, якiя, само сабою, даводзiцца чуць удаву яго велiчынi. Тое, чаго Каа не ведаў пра сярэднiя джунглi, як iх называюць, пра жыццё, якое iдзе каля самай зямлi або пад зямлёй, пра жыццё каля валуноў, купiн i лясных пнёў, змясцiлася б на сама маленькай яго лускавiнцы.
У той дзень Маўглi сядзеў памiж вялiкiх кольцаў Каа i перабiраў пальцамi лускавiнiстую старую скуру, якую ўдаў скiнуў сярод камянёў. Каа ласкава падставiў сваё цела пад шырокiя голыя плечы Маўглi, i хлопчык сядзеў, нiбы ў жывым крэсле.
- Яна ўся цэлая, нават i лускавiнкi на вачах цэлыя, - нягучна сказаў Маўглi, забаўляючыся скiнутай скурай. - Як дзiўна бачыць каля сваiх ног тое, што закрывала галаву!
- Так, але ног у мяне няма, - адказаў Каа, - i я не бачу тут нiчога дзiўнага, гэта звычай майго народа. Хiба ты нiколi не адчуваеш, што скура ў цябе сухая i цвёрдая?
- Тады я iду купацца, Пляскатагаловы, хоць, праўда, у вялiкую гарачыню мне хочацца скiнуць скуру зусiм i бегаць без скуры.
- Я i купаюся i мяняю скуру. Ну, як табе падабаецца маё новае адзенне?
Маўглi правёў рукой па косых клетках вялiзнай спiны.
- У чарапахi спiна цвярдзейшая, але не такая стракатая, - сказаў ён у задуменнi. - У жабы, маёй цёзкi, яна больш стракатая, але не такая цвёрдая. З выгляду вельмi прыгожа, нiбы стракаты ўзор у чашачцы жоўтага гарлачыка.
- Новай скуры патрэбна вада. Да першага купання колер усё яшчэ не той. Хадзем купацца!
- Я панясу цябе, - сказаў Маўглi i, смеючыся, нагнуўся, каб прыўзняць вялiзнае цела Каа там, дзе яно здавалася сама тоўстым.
Гэта было ўсё роўна што падняць водаправодную трубу двухфутавай таўшчынi, i Каа ляжаў нерухома, цiха пыхкаючы ад асалоды. Потым у iх пачалася звычайная вячэрняя гульня - хлопчык у росквiце сiлы i ўдаў у цудоўнай новай скуры пачалi барукацца адзiн з адным, выпрабоўваючы зоркасць i сiлу. Вядома, Каа мог раздушыць сотню такiх, як Маўглi, калi б даў сабе волю, але ён гуляў асцярожна, нiколi не выкарыстоўваў i дзесятай долi сваёй магутнасцi.
Як толькi Маўглi стаў дастаткова дужы, каб з iм можна было барукацца, Каа навучыў хлопчыка гэтай гульнi, i яго цела зрабiлася пасля такiх практыкаванняў надзвычай гнуткiм. Iншы раз Маўглi стаяў, абкручаны амаль да горла гiбкiмi кольцамi Каа, намагаючыся вызвалiць адну руку i ўхапiць яго за шыю. Тады Каа, увесь абмякшы, паслабляў хватку, а Маўглi сваiмi шпаркiмi нагамi не даваў знайсцi пункт апоры вялiзнаму хвасту, якi выцягваўся назад, намацваючы камень або пень. Яны пагойдвалiся ўзад i ўперад, галава каля галавы, кожны выбiраючы момант для нападу, i нарэшце прыгожая, як статуя, група ператваралася ў вiхор чорных з жоўтым кольцаў i мiльгаючых ног i рук, каб зноў i зноў падняцца.
- Ну-ну-ну! - гаварыў Каа, робячы галавой выпады, якiх не магла адбiць нават шпаркая рука Маўглi. - Глядзi! Вось я дакрануўся да цябе, Маленькi Брат! Вось i вось! Рукi ў цябе анямелi, цi што? Вось зноў!
Гэтая гульня заўсёды заканчвалася аднолькава: прамым, iмклiвым ударам галавы Каа заўсёды збiваў хлопчыка з ног. Маўглi так i не навучыўся абараняцца супраць гэтага вокамгненнага выпаду; i, як казаў Каа, на гэта не варта было трацiць часу.
- Добрага палявання! - прабурчаў нарэшце Каа.
I Маўглi, як заўсёды, адляцеў крокаў на дзесяць убок, задыхаючыся i рагочучы.
Ён падняўся з поўнымi жменямi травы i пайшоў за Каа да любiмага месца купання мудрай змяi - глыбокай, чорнай як смоль затокi, акружанай скаламi i асаблiва прывабнай таму, што на дне яе ляжалi ствалы затанулых дрэў. Як заведзена ў джунглях, хлопчык бязгучна кiнуўся ў ваду i нырнуў; потым вынырнуў, таксама без нiводнага гуку, лёг на спiну, заклаўшы рукi пад галаву, i, пазiраючы на месяц, што ўзышоў над скаламi, пачаў разбiваць пальцамi ног яго адлюстраванне ў вадзе. Трохвугольная галава Каа разразала ваду, як брытва, i, падняўшыся з вады, легла на плячо Маўглi. Яны ляжалi нерухома, цешачыся прахалодай, што ахiнала iх.
- Як цудоўна! - сонна сказаў Маўглi. - А ў чалавечай чарадзе ў гэты час, памятаю, лажылiся на цвёрдае дрэва ўнутры земляных пастак i, закрыўшыся як мага з усiх бакоў ад свежага ветру, захутвалiся з галавой затхлымi анучамi i заводзiлi носам нудныя песнi. У джунглях лепш!
Таропкая кобра праслiзнула паўз iх па скале, напiлася, пажадала iм добрага палявання i знiкла.
- О-о-ш! - сказаў Каа, быццам успомнiў штосьцi. - Дык, значыцца, джунглi даюць табе ўсё, чаго табе толькi хочацца, Маленькi Брат?
- Не ўсё, - сказаў Маўглi i засмяяўся, - а то можна было б кожны месяц забiваць новага Шэр-Хана. Цяпер я мог бы забiць яго сваiмi рукамi i не прасiць дапамогi ў буйвалаў. Яшчэ мне хочацца iншы раз, каб сонца свяцiла ў час дажджоў або каб дажджы закрылi сонца ў разгар лета. А калi я галодны, мне заўсёды хочацца забiць казу, а калi заб'ю казу, хочацца, каб гэта быў алень, а калi гэта алень, хочацца, каб гэта быў нiльгау. Але ж так бывае з усiмi.
- I больш табе нiчога не хочацца? - спытаў Каа.
- А чаго мне больш хацець? У мяне ёсць джунглi i Ласка Джунгляў! Хiба ёсць яшчэ што-небудзь на свеце памiж усходам i захадам?
- А кобра казала... - пачаў Каа.
- Якая кобра? Тая, што прапаўзла зараз, нiчога не казала: яна выправiлася на паляванне.
- Не гэтая, а другая.
- I шмат у цябе спраў з Ядавiтым Народам? Я iх не чапаю, няхай iдуць сваёй дарогай. Яны носяць смерць у пярэднiх зубах, i гэта нядобра - яны такiя маленькiя. Але з якой жа гэта кобрай ты размаўляў?
Каа павольна пагойдваўся на вадзе, як параход на бакавой хвалi.
- Тры цi чатыры месяцы назад, - сказаў ён, - я быў на паляваннi ў Халодных Бярлогах - ты, можа, яшчэ не забыўся пра iх, - i стварэнне, за якiм я гнаўся, з вiскам кiнулася паўз вадаёмы да таго дома, якi я калiсьцi праламаў дзеля цябе, i ўцякло пад зямлю.
- Але ў Халодных Бярлогах нiхто не жыве пад зямлёй. - Маўглi сцямiў, што Каа гаворыць пра Малпiн Народ.
- Гэтае стварэнне не жыло, а ратавала сваё жыццё, - адказаў Каа, высоўваючы трапяткi язык. - Яно запаўзло ў нару, якая iшла вельмi далёка. Я папоўз за iм, забiў яго, а потым заснуў. А калi прачнуўся, дык папоўз уперад.
- Пад зямлёю?
- Ага. I нарэшце натрапiў на Белы Клабук - белую кобру, якая гаварыла са мною пра незразумелыя рэчы i паказала мне шмат такога, чаго я нiколi яшчэ не бачыў.
- Новую дзiчыну? I добрае было ў цябе паляванне? - Маўглi шпарка перавярнуўся на бок.
- Гэта была не дзiчына, я паламаў бы аб яе ўсе зубы, але Белы Клабук сказаў, што людзi - а гаварыў ён так, быццам ведае гэтую пароду, - што людзi аддалi б усё да апошняга дыхання, каб толькi зiрнуць на гэтыя рэчы.