KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Проза » Разное » Редьярд Киплинг - Маўглi (на белорусском языке)

Редьярд Киплинг - Маўглi (на белорусском языке)

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Редьярд Киплинг, "Маўглi (на белорусском языке)" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

- Мы не пойдзем, - забурчаў Шэры Брат. - Iдзi на паляванне адзiн, Маленькi Брат! Хто-хто, а мы ведаем, чаго хочам! Мы б даўно прынеслi сюды чэрап.

Маўглi абвёў позiркам усiх сваiх сяброў. Грудзi яго цяжка ўзнiмалiся, а вочы былi поўныя слёз. Ён зрабiў крок уперад, упаў на адно калена i сказаў:

- Хiба я не ведаю, чаго хачу? Зiрнiце на мяне!

Яны неахвотна зiрнулi на Маўглi, потым адвялi вочы ўбок, але ён зноў прымусiў iх глядзець сабе ў вочы, пакуль поўсць не паднялася на iх дыбам i яны не задрыжалi ўсiм целам, а Маўглi ўсё глядзеў ды глядзеў.

- Ну, дык хто ж важак з нас пяцi? - сказаў ён.

- Ты важак, Маленькi Брат, - адказаў Шэры Брат i лiзнуў Маўглi нагу.

- Тады iдзiце за мной, - сказаў Маўглi.

I ўся чацвёрка, падцяўшы хвасты, паплялася за iм па пятах.

- Вось што бывае ад жыцця ў чалавечай чарадзе, - сказала Багiра, нячутна спускаючыся па ўзгорку ўслед за iмi. - Цяпер у джунглях не адзiн Закон, Балу.

Стары мядзведзь не адказаў нiчога, але падумаў шмат аб чым.

Маўглi бясшумна прабiраўся па лесе, перасякаў яго пад прамым вуглом да той дарогi, якою iшоў Балдзео. Нарэшце, рассунуўшы кусты, ён убачыў старога з мушкетам на плячы: ён па-сабачы трухаў па старым двухдзённым следзе.

Вы памятаеце, што Маўглi пайшоў ад вёскi з цяжкай шкурай Шэр-Хана на плячах, а за iм беглi Акела i Шэры Брат, так што след быў вельмi выразны. Неўзабаве Балдзео падышоў да таго месца, дзе Акела павярнуў назад i заблытаў след. Тут Балдзео сеў на зямлю, доўга кашляў i бурчаў, потым пачаў гойсаць наўкол, стараючыся зноў натрапiць на след, а ў гэты час тыя, што назiралi за iм, былi гэтак блiзка, што ён мог бы пацэлiць у iх каменем. Нiводзiн звер не можа рухацца гэтак цiха, як воўк, калi ён не хоча, каб яго чулi, а Маўглi, хоць ваўкi лiчылi яго вельмi нязграбным, таксама ўмеў з'яўляцца i знiкаць, нiбы цень. Яны акружылi старога паляўнiчага кальцом, як чарада дэльфiнаў акружае параход, калi той плыве поўным ходам, i размаўлялi смела, бо iхняя мова пачынаецца нiжэй сама нiзкай ноты, якую можа ўлавiць нязвыклае вуха чалавека. На другiм канцы рада знаходзiцца найтанчэйшы пiск кажана, якога многiя людзi не чуюць зусiм. З гэтай ноты пачынаецца гаворка ўсiх птушак, кажаноў i насякомых.

- Гэта лепш за ўсякае iншае паляванне, - сказаў Шэры Брат, калi Балдзео нагнуўся, сапучы i штосьцi разглядаючы. - Ён падобны на свiнню, якая заблудзiлася ў джунглях каля ракi. Што ён гаворыць?

Балдзео штосьцi сярдзiта мармытаў.

Маўглi растлумачыў:

- Ён кажа, што навокал мяне, мусiць, скакала цэлая гайня ваўкоў. Кажа, што нiколi ў жыццi не бачыў гэткага следу. Кажа, што вельмi стамiўся.

- Ён адпачне, перш чым зноў знойдзе след, - абыякава сказала Багiра, не перастаючы гуляць у хованкi i падкрадвацца з-за ствалоў дрэў.

- А цяпер што робiць гэты бядак?

- Збiраецца есцi або пускаць дым з рота. Людзi ўвесь час што-небудзь робяць ротам, - сказаў Маўглi.

Маўклiвыя следапыты ўбачылi, як стары натаптаў тытуню ў люльку, прыпалiў i пачаў палiць. Яны пастаралiся як след запомнiць пах тытуню, каб потым пазнаць Балдзео нават у сама цёмную ноч.

Затым па сцежцы прайшлi вугальшчыкi i, вядома, спынiлiся пагаманiць з Балдзео, якi лiчыўся найпершым паляўнiчым у гэтых мясцiнах. Усе яны паселi ў кружок i запалiлi, а Багiра i астатнiя падышлi блiжэй i глядзелi на iх, пакуль Балдзео расказваў ад пачатку да канца, з дадаткамi i выдумкамi, усю гiсторыю Маўглi, хлопчыка-пярэваратня. Як ён, Балдзео, забiў Шэр-Хана i як Маўглi перакiнуўся ў ваўка i бiўся з iм цэлы дзень, а пасля зноў зрабiўся хлопчыкам i зачараваў стрэльбу Балдзео, так што, калi ён прыцэлiўся ў Маўглi, куля павярнула ўбок i забiла аднаго з буйвалаў Балдзео; i як вёска паслала Балдзео, сама смелага паляўнiчага ў Сiянiйскiх гарах, забiць ваўка-пярэваратня. А Месуа з мужам, бацькi пярэваратня, сядзяць пад замком у сваёй хацiне, i хутка iх пачнуць катаваць, каб яны прызналiся ў вядзьмарстве, а потым спаляць на вогнiшчы.

- Калi? - спыталi вугальшчыкi, якiм таксама вельмi хацелася паглядзець на гэтую цырымонiю.

Балдзео сказаў, што, пакуль ён не вернецца, нiчога рабiць не будуць: у вёсцы хочуць, каб ён спачатку забiў ляснога хлопчыка. Пасля гэтага яны расправяцца з Месуяй i з яе мужам i падзеляць памiж сабою iх зямлю i буйвалаў.

А буйвалы ў мужа Месуi, дарэчы кажучы, вельмi добрыя. Ведзьмаў i чараўнiкоў лепш за ўсё забiваць, гаварыў Балдзео, а такiя людзi, якiя бяруць прыёмышамi ваўкоў-пярэваратняў з лесу, i ёсць сама лiхiя ведзьмары.

Вугальшчыкi баязлiва азiралiся па баках, удзячныя лёсу за тое, што iм не давялося бачыць пярэваратня; аднак яны не сумнявалiся, што гэтакi храбрэц, як Балдзео, знойдзе пярэваратня хутчэй за любога iншага.

Сонца апусцiлася ўжо даволi нiзка, i вугальшчыкi парашылi iсцi ў тую вёску, дзе жыў Балдзео, паглядзець на ведзьму i чараўнiка. Балдзео сказаў, што, вядома, ён павiнен застрэлiць хлопчыка-пярэваратня, але ён i думаць не хоча пра тое, каб няўзброеныя людзi iшлi адны праз джунглi, дзе воўк-пярэварацень можа сустрэцца iм у любую хвiлiну. Ён сам iх праводзiць, i калi сын вядзьмаркi сустрэнецца iм, яны пабачаць, як найпершы тутэйшы паляўнiчы з iм расправiцца. Жрэц даў яму такi амулет супраць пярэваратня, што баяцца няма чаго.

- Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? Што ён гаворыць? - раз-пораз пыталiся ваўкi.

А Маўглi тлумачыў, пакуль не дайшло да ведзьмароў, што было для яго не зусiм зразумела, i тады ён сказаў, што мужчына i жанчына, якiя былi такiя добрыя да яго, злоўлены ў пастку.

- Хiба людзi ловяць людзей? - спытаў Шэры Брат.

- Так ён кажа. Я штосьцi не разумею. Усе яны, мусiць, проста пашалелi. Навошта спатрэбiлася садзiць у пастку Месую з мужам i што ў iх агульнага са мною? I дзеля чаго ўся гэтая гаворка пра Чырвоную Кветку? Трэба падумаць. Што б яны нi збiралiся рабiць з Месуяй, яны нiчога не пачнуць, пакуль не вернецца Балдзео. Так, значыцца... - I Маўглi глыбока задумаўся, пры гэтым ён пастукваў пальцамi па тронках нажа.

А Балдзео i вугальшчыкi храбра рушылi ў дарогу, хаваючыся адзiн за аднаго.

- Я зараз жа iду да чалавечай чарады, - сказаў нарэшце Маўглi.

- А гэтыя? - спытаў Шэры Брат, прагна пазiраючы на смуглыя спiны вугальшчыкаў.

- Правядзiце iх з песняю, - сказаў Маўглi з ухмылкай. - Я не хачу, каб яны былi каля вясковых варотаў раней, чым сцямнее. Можаце вы затрымаць iх?

Шэры Брат з пагардай ашчэрыў белыя зубы:

- Мы можам без канца вадзiць iх кругам, усё кругам, як коз на прывязi!

- Гэтага мне не трэба. Паспявайце iм крыху, каб яны не сумавалi ў дарозе. Няхай сабе песня будзе i не надта вясёлая, Шэры Брат. Ты таксама iдзi з iмi, Багiра, i падпявай iм. А як настане ноч, сустракайце мяне каля вёскi - Шэры Брат ведае месца.

- Нялёгкая гэта работа - быць загоншчыкам для дзiцяняцi. Калi ж я высплюся? - сказала Багiра пазяхаючы, хоць па вачах было вiдаць, як яна рада гэтак пацешыцца. - Я павiнна спяваць для нейкiх безвалосых! Што ж, паспрабуем!

Пантэра нагнула галаву, каб яе голас разлёгся па ўсiм лесе, i пачулася працяглае-працяглае "Добрага палявання!" - начны клiч сярод белага дня, даволi страшны для пачатку. Маўглi паслухаў, як гэты клiч пракацiўся па джунглях, то ўзмацняючыся, то зацiхаючы, i замёр дзесьцi ў яго за спiной на сама тужлiвай ноце, i ўсмiхнуўся, бегучы лесам. Ён бачыў, як вугальшчыкi збiлiся ў гурт, як задрыжала стрэльба старога Балдзео, нiбы бананавы лiст на ветры. Потым Шэры Брат правыў: "Йа-ла-хi! Йа-ла-хi!" - паляўнiчы поклiч, якi гучыць, калi Чарада гонiць перад сабою нiльгау - вялiкую шэрую антылопу.

Гэты поклiч, здавалася, iшоў з усiх канцоў лесу адразу i чуўся ўсё блiжэй i блiжэй, пакуль нарэшце не абарваўся побач, зусiм блiзка, на сама пранiзлiвай ноце. Астатнiя тры ваўкi падхапiлi яго, так што нават Маўглi мог бы прысягнуць, што ўся Чарада гонiць дзiчыну па гарачым следзе. А потым усе чацвёра заспявалi цудоўную ранiшнюю Песню Джунгляў, з усiмi трэлямi, пералiвамi i пераходамi, якiя ўмее выводзiць магутнае воўчае горла.

Нiякi пераказ не можа перадаць нi ўражання ад гэтай песнi, нi насмешку, якую надалi ваўкi кожнай ноце, пачуўшы, як затрашчалi сукi, калi вугальшчыкi ад страху палезлi на дрэвы, а Балдзео пачаў мармытаць замовы i заклiнаннi. Потым ваўкi палеглi i заснулi, бо вялi правiльны распарадак жыцця, як i ўсе, хто жыве са свае працы: не выспiшся - не папрацуеш як след.

Тым часам Маўглi пакiдаў за сабой мiлю за мiляй, прабягаючы па дзевяць мiляў за гадзiну, i радаваўся, што анi не аслабеў пасля столькiх месяцаў жыцця сярод людзей. У яго галаве засела адна толькi думка: выручыць Месую з мужам з пасткi, якая б яна нi была, - ён асцерагаўся любых пастак. Пасля гэтага, абяцаў сабе Маўглi, ён расквiтаецца i з усёй вёскай.

Ужо апусцiўся змрок, калi ён убачыў знаёмую пашу i дрэва дхак, пад якiм чакаў яго Шэры Брат у тую ранiцу, як Маўглi забiў Шэр-Хана. Якi нi злосны быў ён на ўсiх людзей, усё ж пры першым позiрку на вясковыя стрэхi ў яго заняло дух. Ён прыкмецiў, што ўсе вярнулiся з поля раней часу i, замест таго каб узяцца за прыгатаванне вячэры, сабралiся натоўпам пад вясковай смакоўнiцай, адкуль чулiся гоман i крык.

- Людзям абавязкова трэба ставiць пасткi для iншых людзей, а без гэтага яны ўсё будуць незадаволены, - сказаў Маўглi. - Дзве ночы назад яны лавiлi Маўглi, а зараз мне здаецца, што гэтая ноч была многа дажджоў назад. Сёння чарга Месуi з мужам. А заўтра, i паслязаўтра, i на шмат начэй пасля таго зноў надыдзе чарга Маўглi.

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*