Редьярд Киплинг - Маўглi (на белорусском языке)
Маўглi сам не ведаў сваёй сiлы. У джунглях ён адчуваў сябе куды слабейшым за звяроў, а ў вёсцы людзi казалi, што ён дужы, як бугай. Ён не разумеў, што такое страх, i калi вясковы жрэц сказаў яму, што бог у храме разгневаецца на Маўглi, калi ён будзе красцi ў жраца салодкiя плады манга, Маўглi схапiў статую бажка, прывалок яе да жраца ў дом i папрасiў зрабiць так, каб бог разгневаўся i Маўглi можна было б пабiцца з iм. Спакуса была вялiкая, але жрэц не даў ходу гаворцы, а мужу Месуi давялося заплацiць нямала серабра, каб супакоiць бога.
Апрача таго, Маўглi зусiм не разбiраўся ў той рознiцы памiж людзьмi, якую стварае каста. Калi асёл ганчара звалiўся ў яму, Маўглi выцягнуў яго за хвост i дапамог скласцi гаршкi для адпраўкi на рынак у Канхiвару. Гэта было ўжо зусiм кепска, бо ганчар належаў да нiжэйшай касты, а пра асла i гаварыць няма чаго. Калi жрэц пачаў сварыцца на Маўглi, той прыгразiў, што пасадзiць i яго на асла, i жрэц сказаў мужу Месуi, што сама лепш - як найхутчэй знайсцi Маўглi якi-небудзь занятак. Пасля гэтага вясковы стараста загадаў Маўглi iсцi заўтра ранiцай на пашу пiльнаваць буйвалаў. Больш за ўсiх быў задаволены гэтым Маўглi. У той жа вечар, лiчачы сябе ўжо на службе ў вёскi, ён далучыўся да гурту, што збiраўся кожны вечар на каменнай пляцоўцы пад вялiкай смакоўнiцай. Гэта быў вясковы клуб, куды сыходзiлiся папалiць i стараста, i цырульнiк, i вартаўнiк, якiя ведалi ўсе да адной вясковыя плёткi, i стары Балдзео, вясковы паляўнiчы, што меў ангельскi мушкет. Малпы сядзелi i гаманiлi на верхнiх галiнах смакоўнiцы, а ў нары пад пляцоўкай жыла кобра, якой кожны вечар ставiлi сподачак малака, бо яна лiчылася свяшчэннай. Старыя садзiлiся вакол дрэва, гаманiлi да позняй ночы i палiлi тытунь з вялiкiх кальянаў. Яны расказвалi дзiвосныя гiсторыi пра людзей, багоў i зданi, а Балдзео расказваў яшчэ больш дзiвосныя гiсторыi пра звычкi звяроў у джунглях, так што ў хлопчыкаў, што сядзелi за кругам, дух займала. Больш за ўсё расказвалi пра звяроў, бо джунглi падыходзiлi да самай вёскi. Аленi i дзiкi травiлi пасевы, i час ад часу ў змроку тыгр хапаў чалавека на вачах ва ўсiх, ледзь не каля саменькiх вясковых варотаў.
Маўглi, якi, вядома, добра ведаў тое, пра што тут расказвалi, закрываў твар рукамi, каб нiхто не бачыў, як ён смяецца. Балдзео, паклаўшы мушкет на каленi, пераходзiў ад адной дзiвоснай гiсторыi да другой, а ў Маўглi трэслiся плечы ад смеху.
Балдзео расказваў пра тое, што тыгр, якi схапiў сына Месуi, быў пярэварацень i што ў яго ўсялiлася душа злоснага старога лiхвяра, якi памёр некалькi гадоў назад...
- I гэта праўда, я ведаю, - казаў ён, - бо Пуран Дас заўсёды кульгаў. Яму выцялi нагу ў час бунту, калi спалiлi ўсе яго рахункавыя кнiгi, а той тыгр, пра якога я гавару, таксама кульгае: яго лапы пакiдаюць няроўныя сляды.
- Праўда, праўда, так яно i ёсць! - пацвердзiлi сiвабародыя, дружна кiваючы галовамi.
- Няўжо ўсе вашы байкi - такая старая парахня? - сказаў Маўглi. - Гэты тыгр кульгае таму, што нарадзiўся кульгавы, як усе ведаюць. Балбатаць, нiбыта душа лiхвяра жыве ў зверы, якi заўсёды быў баязлiвейшы за шакала, могуць толькi малыя дзецi.
Балдзео на хвiлiну знямеў ад здзiўлення, а стараста вылупiў вочы.
- Ого! Гэта ж хлапчук з джунгляў! - сказаў Балдзео. - Калi ўжо ты такi разумны, тады лепей занясi шкуру гэтага тыгра ў Канхiвару - урад прызначыў сто рупiй за яго галаву. А яшчэ лепей памаўчы, калi гавораць старэйшыя.
Маўглi ўстаў, збiраючыся пайсцi.
- Увесь вечар я ляжаў тут i слухаў, - абазваўся ён, азiрнуўшыся цераз плячо, - i за ўвесь час, апрача аднаго цi двух разоў, Балдзео не сказаў нi слова праўды пра джунглi, а яны ж у яго за парогам. Як жа я магу паверыць казкам пра багоў, зданi i нядобрых духаў, якiх ён нiбыта бачыў?
- Гэтаму хлопчыку даўно пара iсцi да статка, - сказаў стараста.
А Балдзео пыхкаў i чмыхаў, абураны грубiянствам Маўглi.
У шмат якiх iндыйскiх вёсках хлопчыкi з ранiцы выганяюць кароў i буйвалаў на пашу, а ўвечары прыганяюць iх назад, i тыя самыя буйвалы, якiя затапталi б белага чалавека насмерць, дазваляюць бiць i паганяць сябе дзецям, якiя ледзь дастаюць iм да мысы. Пакуль хлопчыкi трымаюцца каля буйвалаў, iм не пагражае нiякая небяспека - нават тыгр не асмелiцца напасцi на цэлы статак. Але калi яны адыдуцца збiраць кветкi або лавiць яшчарак, iх можа схапiць тыгр.
На досвiтку Маўглi праехаў па вясковай вулiцы, седзячы на спiне Рамы, сама вялiкага буйвала ў статку. Сiне-шэрыя буйвалы з доўгiмi, загнутымi назад рагамi i дзiкаватым позiркам адзiн за другiм выбiралiся з хлявоў i iшлi за важаком Рамам, i Маўглi даў зразумець астатнiм хлопчыкам, што гаспадар тут ён. Ён малацiў буйвалаў доўгай адшлiфаванай бамбукавай палкай i сказаў аднаму з хлопчыкаў, якога звалi Камiя, што праедзе далей з буйваламi, а хлопчыкi няхай пасуць кароў без яго i нi ў якiм разе не адлучаюцца ад статка.
Iндыйская паша - гэта адны камянi, кусты, пучкi калючай травы i неглыбокiя яры, па якiх разыходзiцца i хаваецца статак. Буйвалы звычайна трымаюцца паблiзу балотаў, дзе шмат мулу, i цэлымi гадзiнамi ляжаць i грэюцца ў гарачай ад сонца гразi. Маўглi прыгнаў статак на той край раўнiны, дзе Вайнганга выходзiць з джунгляў, саскочыў з шыi Рамы, падбег да бамбукавага гаёчка i знайшоў там Шэрага Брата.
- Ага, - сказаў Шэры Брат, - я ўжо шмат дзён чакаю цябе тут. Навошта табе гэтая ваджанiна са статкам?
- Так мне загадалi, - сказаў Маўглi. - Пакуль што я вясковы пастух. А дзе Шэр-Хан?
- Ён вярнуўся ў гэтыя мясцiны i доўга падпiльноўваў цябе тут. Цяпер ён зноў пайшоў адсюль, бо дзiчыны мала. Ён хоча забiць цябе.
- Цудоўна! - сказаў Маўглi. - Пакуль яго тут няма, ты або хто-небудзь з чатырох братоў павiнен сядзець на гэтай скале, каб я цябе бачыў, калi выходжу з вёскi. Калi ён вернецца, чакайце мяне ў яры пасярод раўнiны, пад дрэвам дхак. Няма чаго лезцi ў самую пашчу Шэр-Хану.
Пасля гэтага Маўглi выбраў цянiстую мясцiнку i заснуў, а буйвалы пасвiлiся вакол яго. Пасвiць жывёлу ў Iндыi - занятак для гультаёў. Каровы пераходзяць з месца на месца i жуюць, потым кладуцца, потым зноў iдуць далей i нават не рыкаюць. Яны толькi чмыхаюць, а буйвалы вельмi рэдка гавораць што-небудзь. Яны заходзяць у мулiстыя затокi адзiн за другiм i залазяць у гразь па самую мысу, так што вiдаць толькi нос ды сiнiя, нiбы фарфоравыя, вочы, i ляжаць там, як калоды. Нагрэтыя сонцам скалы быццам бруяцца ад спёкi, i пастушкi чуюць, як каршун (заўсёды ўсяго адзiн) нябачна пасвiствае ў iх над галавой, i ведаюць, што, калi хто-небудзь з iх памрэ або здохне карова, гэты каршун зляцiць унiз, i суседнi каршун за шмат мiляў адсюль убачыць, як той спусцiўся i таксама паляцiць за iм, а потым яшчэ адзiн i яшчэ, так што ледзь толькi паспее хто-небудзь памерцi, як дваццаць галодных каршуноў з'яўляюцца невядома адкуль. Хлопчыкi дрэмлюць, прачынаюцца i зноў засынаюць, плятуць маленькiя кошыкi з сухой травы i саджаюць у iх конiкаў; а то зловяць двух багамолаў i прымушаюць iх бiцца, а то нанiзваюць пацеркi з чырвоных i чорных лясных арэхаў, або глядзяць, як яшчарка грэецца на сонцы, або як змяя каля лужыны палюе на жабу. Потым яны спяваюць доўгiя, працяжныя песнi з дзiўнымi пералiвамi ў канцы, i дзень здаецца iм даўжэйшым, чым усё жыццё iншым людзям. А другi раз вылепяць палац або храм з глiны з фiгуркамi людзей, коней i буйвалаў, уставяць трысцiнкi людзям у рукi, нiбыта гэта ўладарныя князi, а астатнiя фiгуркi iхняе войска, або нiбыта гэта багi, а астатнiя iм моляцца. Потым надыходзiць вечар, дзецi склiкаюць статак, i буйвалы адзiн за другiм падымаюцца з густой гразi з шумам гарматнага стрэлу, i ўвесь статак цягнецца гужам цераз шэрую раўнiну назад, да мiгатлiвых агеньчыкаў вёскi.
Дзень за днём вадзiў Маўглi буйвалаў да мулiстых затокаў, дзень за днём бачыў Шэрага Брата на раўнiне (i таму ведаў, што Шэр-Хан яшчэ не вярнуўся), дзень за днём ён ляжаў у траве, прыслухоўваўся да гукаў вакол сябе i думаў пра ранейшае жыццё ў джунглях. Калi б Шэр-Хан спатыкнуўся сваёй кульгавай лапай дзе-небудзь у зараснiку на беразе Вайнгангi, Маўглi пачуў бы яго гэтымi доўгiмi цiхiмi ранкамi.
Надышоў нарэшце дзень, калi Маўглi не ўбачыў Шэрага Брата на дамоўленым месцы, i, засмяяўшыся, ён пагнаў буйвалаў да яра пад дрэвам дхак, якое было ўсё ўсыпана залацiста-чырвонымi кветкамi. Там сядзеў Шэры Брат, i кожны валасок на яго спiне тырчаў дыбам.
- Ён хаваўся цэлы месяц, каб збiць цябе са следу. Учора ўночы ён перайшоў горы разам з Табакi i цяпер iдзе па гарачых слядах за табою, - сказаў воўк, цяжка дыхаючы.
Маўглi нахмурыўся:
- Я не баюся Шэр-Хана, але Табакi вельмi хiтры.
- Не бойся, - сказаў Шэры Брат i злёгку аблiзнуў губы. - Я сустрэў Табакi на досвiтку. Цяпер ён расказвае ўсе свае хiтрыкi каршунам. Але, перш чым я зламаў яму хрыбет, ён усё расказаў мне. Шэр-Хан мае намер чакаць цябе сёння ўвечары каля вясковых варотаў, толькi цябе i нiкога iншага. А цяпер ён залёг у вялiкiм перасохлым яры каля ракi.
- Еў ён сёння цi выйшаў на паляванне з пустым страўнiкам? - спытаў Маўглi, таму што ад адказу залежала яго жыццё або смерць.
- Ён зарэзаў свiнню на досвiтку, а цяпер яшчэ i напiўся ўдосталь. Не забудзь, што Шэр-Хан не можа прабыць i аднаго дня без яды нават дзеля помсты.