KnigaRead.com/
KnigaRead.com » Разная литература » Прочее » Аляксандр Капусцін - Крутыя павароты

Аляксандр Капусцін - Крутыя павароты

На нашем сайте KnigaRead.com Вы можете абсолютно бесплатно читать книгу онлайн Аляксандр Капусцін, "Крутыя павароты" бесплатно, без регистрации.
Перейти на страницу:

Сямён Пятровіч сапраўды думаў аб справе Андрэя Арэшкі. Аб ёй і хацеў ён загаварыць з пракурорам, параіцца, як яму быць: ці разглядваць ці мо заявіць самаадвод. А Павел Рыгоравіч нават адвярнуўся. I што ён за чалавек такі?

Кузняцоў дайшоў да ракі, пастаяў крыху на сырым, спрасаваным, як плаўлены воск, прыбярэжным пяску і ўзяў на лодачнай станцыі лодку. Рака была спакойнай, хвалі мякка плёскаліся аб барты лёгкай паслухмянай пласкадонкі. Сямён Пятровіч і не заўважыў, як апынуўся на другім беразе. Тады ён павярнуў лодку і паплыў уверх па рацэ. Час-ад-часу, каб ямчэй было трымаць вёслы, ён змочваў рукі вадою і, згінаючыся, ківаўся, як маятнік. Толькі, калі адчуў на вуснах салёныя струменьчыкі, што сцякалі з ілба, кінуў вёслы і азірнуўся. Горад быў далёка. Рака падступала да лесу і, агінаючы яго, гублялася за павароткай. Кузняцоў падплыў да берага, выскачыў з лодкі i лёг, раскінуўшыся, на зялёным, пахучым дыване. У надвячэрняй цішыні былі чутны рэдкія спевы нейкай позняй птушкі ды ўсплёскі рыбы, што выскоквала на паверхню ракі.

Каб толькі ведала Вера, як хацелася Сямёну Пятровічу ў гэты час быць разам з ёю! Але нічога не зробіш, калі так складаюцца акалічнасці. Вера стала нейкая насцярожаная, недаверлівая...

Змакрэлая ад поту саколка прыліпла да плячэй i непрыемна казытала цела. Сямён Пятровіч устаў, распрануўся і паплыў. Плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Што яму рабіць? Як выйсці з такога становішча? А мо і сапраўды заявіць самаадвод? Другі суд разгледзіць справу, а ён будзе ўбаку. А што, калі і сапраўды так зрабіць?

3-за лазняка, што хаваў выгіб ракі, выплыў невялікі белы кацер. Данесліся пералівы гармоніка і дзявочы спеў.

I Сямёну Пятровічу раптам захацелася паплыць з вясёлай моладдзю туды, удалечыню, каб пазбыцца смутку, і мо тады без ваганняў, як патрабуюць пачуцці і сумленне, разблытаць гэты клубок супярэчнасцей у адносінах з Верай. Кацер прайшоў, пакінуўшы за сабою клінападобную палоску, якая доўга яшчэ трымалася на вадзе.

Ветрык прынёс з лугу мядовы пах траў. Сямён Пятровіч устаў і ўздыхнуў на поўныя грудзі. Раптам яго ўвагу прыцягнулі знаёмыя галасы. 3-за кустоў па дарожцы, што пятляла паміж дрэў у напрамку да Заспы, выйшлі Вера і Рыгор. Абое неслі звязкі кніг. Пераходзячы невялікую канаўку, размытую вадой, Рыгор узяў Веру пад руку.

Сямён Пятровіч прывітаўся з імі. Вера адказала стрымана, і яму здалося, што ў яе голасе штосьці абарвалася.

— Ты чаго гэта адзін тут пакутуеш? — засмяяўся Рыгор і спыніўся,—Ці мо чакаеш каго?

Кузняцоў адчуў, як дзесьці ў душы балюча запякла рэўнасць, але нічога не мог сказаць.

— Рыгор, пайшлі, сонца нізка...— гукнула раптам Вера і паскорыла крокі.

Сямён Пятровіч пазіраў ім услед і бачыў толькі шырокую Рыгораву спіну, што засланяла сабою Веру. «Не, з гэтай дзяўчынай я не магу расстацца,— думаў ён.— Гэта звыш маіх сіл».

Барвовае сонца павольна апускалася за верхавіну дуба. Рака стала пакрывацца туманам, ён папоўз з яру, дзе знікла Вера са сваім спадарожнікам.

Вяртаючыся назад, Сямён Пятровіч толькі кіраваў вяслом. Шпаркае цячэнне само гнала лодку.

13

Раніца была цёплая, ясная. Сонечныя праменні, што пранікалі ў за­лу судовага пасяджэння праз шырокія вокны, залівалі барвовым святлом блакітныя сцены, залацілі стол, вопратку i твары прысутных.

Сакратарка суда паклала на невялікім прыстаўным століку паперу, ручку i сядзела строгая, спакойная. Каля сцяны за высокім бар’ерам, згорбіўшыся, быццам застыў, на лаве падсудных сядзеў Андрэй Арэшка. У зале панаваў глухі, стрыманы гул.

— Устаць, суд ідзе! — загаварыла, бы падала каманду, сакратарка. Падсудны падхапіўся першы. А калі з дазволу суддзі ўсе селі, ён яшчэ больш выцягнуўся і стаяў бы па камандзе смірна. Яму ж усёроўна адразу ўставаць прыдзецца, дык навошта яшчэ садзіцца?

Сямён Пятровіч абвясціў аб пачатку судовага пасяджэння і толькі пачаў удакладняць анкетный даныя падсуднага, як у старожкай цішыні пачуў нейчае сіпенне:

— Пытае, быццам сам не ведае...

Суддзя разгублена паглядзеў у той бок. Што гэта, недавер’е, на­смешка ці сапраўды наіўнае здзіўленне? Але адразу ж ён узяў сябе ў рукі, не спяшаючыся, растлумачыў падсуднаму яго правы. Пачуўшы ад суддзі, што падсудны мае права на адвод любога з суддзяў, Андрэй неяк торапка кінуў:

— Саставу суда давяраю.— I так выразна паглядзеў на Сямёна Пятровіча, што ад гэтага позірку суддзя крыху сумеўся. На нейкі момант яму здалося, што сядзіць ён не на сваім месцы. I ў тую мінуту пашкадаваў, чаму ён усё ж не рашыўся на самаадвод. А потым падумаў, што пасля такога самаадводу ўвесь час адчуваў бы сябе яшчэ горш.

Калі Сямён Пятровіч прапанаваў падсуднаму даць свае тлумачэнні па прад’яўленаму яму абвінавачванню, той абурыўся. У чым ён вінаваты? Нейкі злачынец абакраў краму, знайшлі сляды, а яго, крамніка, судзяць! Ніякай сімуляцыі кражы ён не ўчыняў...

Дзверы, што вялі з кабінета ў залу пасяджэнняў, пачалі павольна расчыняцца. Суддзя павярнуў галаву і ўбачыў Паўла Рыгоравіча. Пра­курор не сцярпеў, таксама прышоў паслухаць.

— Следчы эксперымент паказаў, што пралезці праз разбітую шыбу i не патрывожыць пыл на раме акна — немагчыма. Дык як жа злачы­нец пралез i не чыркануўся нідзе? — вёў далей допыт суддзя.

— Мо i ён сцёр, не ведаю...

— Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не крануты...

— Падсунулі, дык і падпісаў,— буркнуў Арэшка.

Сямёну Пятровічу так i карцела павярнуцца да пракурора i кальнуць яго дакорлівым позіркам: «Памятаеш, у падрыхтоўчым пасяджэнні ты даводзіў, што Куксу нельга, а вось гэтаму можна верыць? I каму ты цяпер верыш, самому сабе ці гэтай сваёй даверанай асобе? Пратакол агляду месца злачынства, ты ж сам пісаў?» Але паглядзеў ён чамусьці не на пракурора, а на Веру, якая сядзела ў другім радзе каля акна побач з заплаканай жанчынай. Позіркі іхнія сустрэліся, i, быццам ад удару крэсіва, у Верыных раней такіх добрых, прамяністых вачах бліснулі пякучыя іскры.

— Колькі ў вас дзённая выручка ў сярэднім? — спытаў народны засядацель, бухгалтер па прафесіі, і, сціснуўшы сівыя калматыя бровы, зазірнуў у свой блакнот. Туды ён нешта занатоўваў, калі вывучаў справу перад пачаткам судовага пасяджэння.

— Паўтары — дзве тысячы.

— Апошнія дзесяць дзён перад кражаю вы здавалі ў касу па семсот— дзевяцьсот рублёў. Чаму так мала?—Засядацель дапытліва пазіраў на падсуднага, усё яшчэ трымаючы ў руцэ раскрыты блакнот.

Зала насцярожана прыціхла. Усе чакалі, што адкажа Арэшка. А ён, патупіўшыся, маўчаў і пазіраў у падлогу. Потым неяк натужліва, быц­цам непасільны цяжар, узняў галаву і прыжмураным позіркам уставіўся на засядацеля.

— Што вы гэтым хочаце сказаць? Што я ўкраў грошы? Дык дзе яны ў мяне? Пры вобыску перакалацілі ўсё — не знайшлі. Ніякія рэчы я за гэты час не купіў. П’яным мяне таксама ніхто не бачыў. Дык што, праглынуў я іх, ці што?

«I сапраўды, калі грошы ўкраў падсудны, дык куды ж ён падзеў іх?» — падумаў Сямён Пятровіч.

Па просьбе падсуднага Сямён Пятровіч неўзабаве абвясціў перапынак на дзесяць мінут. Абое засядацелі выйшлі на двор пакурыць, а суддзя хадзіў па кабінеце, перабіраючы ў памяці кожную дробязь з матэрыялаў папярэдняга следства. Але не, ніякіх даных для таго, каб меркаваць, куды падсудны падзеў грошы, следчы не ўстанавіў. А што, калі і ў судзе не ўдасца гэтага зрабіць? Тады зноў даследаванне? Сведкі за гэты час забудуць усё, што і ведалі...

Павел Рыгоравіч сядзеў на канапе, курыў і назіраў за суддзёй. А калі той узяў са стала справу, каб зноў пайсці ў залу, пракурор спыніў яго:

— Конюх Мацвей Бяляк ведае, дзе грошы. Калі ён тут, дапытай яго.

«I што за жарты»,— незадаволена падумаў Сямён Пятровіч, але нічога не адказаў, толькі глядзеў здзіўлена. Потым, слухаючы Куксу, які выступаў за сведку, адшукаў у зале вачыма Беляка. Конюх выцягнуў доўгую шыю і сядзеў крыху бокам, наставіўшы адтапыранае вуха, каб лепей чуць. Але ў наступную мінуту суддзя пачуў ад Куксы такое, што прымусіла яго адразу забыцца i пра Мацвея, i пра загадкавыя словы пракурора. Сведка заявіў, што ў камеры папярэдняга зняволення, дзе ён адбываў арышт за ўчыненае ў дзень фестывалю хуліганства, нейкі рыжы кірпаносы хлопец прызнаўся яму па сакрэту, што абакраў заспенскую краму. Але што яму было да таго? Што ён следчы ці міліцыянер? Ды, калі быць шчырым, і рашыў, што крамніку не пашкодзіць пасядзець за кратамі. Будзе ведаць, як на нявіннага чалавека вярнуць.

— А што вас цяпер прымусіла расказачь гэта? — запытаў суддзя.

— Сумленне,— i Кукса ўпершыню схаваў свой позірк, адвёў вочы.

Сямён Пятровіч заўважыў, як адразу пасвятлеў твар Веры. «Хтосьці, відаць, папрасіў Куксу. А хто? Няўжо яе работа?». Гэтая раптоўная думка была такая пакутлівая, што суддзя адчуў боль у галаве. «Не мо­жа быць»,— намагаўся ён адагнаць ад сябе гэтае падазрэнне. I зноў супярэчлівая думка: «Мо Кукса і праўду кажа. Што яму за інтарэс выгароджваць чалавека, які хацеў звярнуць усё на яго?» А ў Верыным позірку, здавалася, было: «Бачыш? Брат жа не вінаваты».

Перейти на страницу:
Прокомментировать
Подтвердите что вы не робот:*