Аляксандр Капусцін - Крутыя павароты
Павел Рыгоравіч, асядлаўшы акулярамі шырокі нос, час-ад-часу зазіраў у паперы і даводзіў суддзям, чым пацверджана віноўнасць Куксы. Паводле яго слоў, Кукса, выкарыстаўшы момант, калі не было вартаўніка, разбіў шыбу, залез у заспенскую краму і пацягнуў розных тавараў больш як на 5 тысяч рублёў. Адбіткі пальцаў на абломку шкла і след абцаса — пацверджанне гэтаму. Сямён Пятровіч са стомленым, здавалася, зусім безуважлівым выглядам слухаў пракурора і ратаваўся, каб не пазяхнуць.
— Як бачыце, таварышы суддзі, на гэты раз вядомы нам Кукса ўжо не задаволіўся шаснаццаццю рублямі,— закончыў свой даклад пракурор і, кінуўшы дакорлівы позірк на суддзю, падумаў: «Ну, ці ж яму цяпер да гэтай справы? Ледзь сядзіць ад бяссонніцы. Ды i то, напэўна, у думках стаіць яшчэ пад тымі бярозамі...»
— Кукса ж растлумачыў, што прытрымліваў шыбу рукамі, калі па просьбе крамніка Андрэя Арэшкі забіваў цвічок, каб тая не дрыжала ад ветру. Тады ж i след ад абцаса застаўся. Чым абвергнута гэтая версія? — спакойна запытаў суддзя.
— Хіба такому прайдзісвету можна верыць? Ён жа спачатку сцвярджаў, што зусім у той дзень i не быў у Заспе. А калі эксперты далі заключэнне, што сляды пальцаў i абцаса належаць яму, прыдумаў падобную версію.
— Кукса i гэта растлумачвае: баяўся прызнацца, што быў тады ў краме, каб не западозрылі. Яго судзілі ўжо за кражу.
— Баяўся... Самы той, што пабаіцца...
— А тым не менш, Павел Рыгоравіч, яго баязлівасць была не беспадстаўнай. Вы ж не даказалі, што ён ілжэ, і ўсё роўна яму не верыце.
— Дык жа крамнік кажа, што Кукса ніякага цвічка не забіваў, i ён, Арэшка, на гэта ніколі яго не прасіў.
— У пратаколе агляду месца здарэння значыцца, што пыл на раме, дзе была разбіта шыба, зусім не патрывожаны. А ці можна так асцярожна пралезці праз невялікую шыбу, як вы думаеце?
— Напэўна магчыма, калі той пралез.
— Не шкодзіла б, Павел Рыгоравіч, зрабіць следчы эксперымент. Тады б ясней было, хто з іх гаворыць праўду: Кукса ці крамнік.
Павел Рыгоравіч сарваў з носа акуляры і здзіўлена ўставіўся на суддзю.
— Што ты, Сямён Пятровіч, гэтым хочаш сказаць?
— Абавязкова трэба было праверыць здачу ўтаргаваных грошай i паступленне тавараў,— прадаўжаў сваю думку суддзя, не адказваючы на запытанне Паўла Рыгоравіча.— Карацей кажучы, справу трэба даследаваць.
— Пачакай, навошта заўчасна гаварыць пра даследаванне. Гэта ніколі не позна. Давай назначым справу для разгляду, дапытаем падсуднага, сведак, прааналізуем усё як след і, калі што, зробім гэта ў судовым пасяджэнні. Ты слухай Паўла Рыгоравіча, і ўсё будзе добра.— Пракурор зноў ускінуў акуляры на пераносіцу.
— А навошта столькі людзей адрываць ад работы, калі і так ясна, што без даследавання не абысціся,— запярэчыў Сямён Пятровіч.
Пракурор яшчэ штосьці даводзіў, але засядацелі згадзіліся з суддзёй.
— Хіба гэта разумны падыход да справы? Гэта ж непатрэбная прынцыповасць! — ускіпеў Павел Рыгоравіч i, выходзячы, так стукнуў дзвярыма, што аж графін задрыжаў на стале.
Ад гэтай новай сутычкі неяк прыкра зрабілася на душы ў Сямёна Пятровіча. Зноў тое ж самае: ён, пракурор, змагаецца са злачыннасцю, стараецца навесці парадкі, а суд, выходзіць, стаіць у баку ад усяго гэтага. I як ён не разумее, што Сямён Пятровіч дабіваецца яснасці ў кожнай справе для таго, каб не ахвяраваць правасуддзем, каб не дапусціць судовай памылкі. Апраўданне вінаватага ці асуджэнне невіноўнага — найцяжэйшае злачынства. Не пракурор, а ён, суддзя, ставіць свой подпіс пад прыгаворам. Дык хіба ж ён можа слепа ісці за пракурорам, калі ёсць падставы меркаваць, што той памыляецца? Ды i ён, пракурор, хіба мае права так павярхоўна разбірацца ў справе, калі i на ім ляжыць адказнасць? А яшчэ кажа: «Слухай Паўла Рыгоравіча... Не, цябе слухай, а свой розум май».
Пасля дажджу ў фортачку з вуліцы пацягнула вільгаццю, абдало прахалодай.
Сямён Пятровіч у роздуме хадзіў па кабінеце. Для яго, народнага суддзі, артыкулы законаў, розныя пастановы, якія рэгулявалі нейкія пытанні ўзаемаадносін людзей, у гады студэнцтва былі проста тэмамі, раздзеламі вучэбнага прадмета, які ён павінен быў вывучаць, каб вытрымаць экзамен, ён не задумваўся тады над тым, што ў іх жыве воля, сумленне, розум народа, што самі яны, як жывыя разумныя істоты, накіроўваюць учынкі людзей у адпаведнасці з патрабаваннямі грамадства. А цяпер, усвядоміўшы гэта, кожны раз, калі браў з этажэркі ці з кніжнай шафы ў сваім кабінеце тую ці іншую кнігу, адчуваў да яе нейкую асаблівую павагу. Гэта была павага да закону.
Мо яшчэ доўга хадзіў бы суддзя задумаўшыся, каб яго позірк не ўпаў на справу Куксы, што ляжала на стале. Як толькі зірнуў на карычневую тоўстую вокладку і прачытаў на ёй прозвішча, адразу ўспомніў сутычку з пракурорам і, разгарнуўшы справу, зноў, ужо каторы раз, пачаў перачытваць акты i пратаколы. Але засяродзіцца перашкаджала нейкая неакрэсленая думка. Раптам ён уявіў сабе заклапочаны Верын твар, яе ўстрывожаны позірк і зразумеў сваю глыбокую занепакоенасць: Вера ж — сястра крамніку Андрэю...
7
Павел Рыгоравіч абураўся. Нейкі хлапчук, што працуе ў судзе «без году тыдзень», павучае яго. Калі быць такім наіўным, як ён, і кожнаму верыць, дык усякі злачынец будзе цябе абдурваць, як таму ўздумаецца. Можна было б пагадзіцца з гэтым азначэннем суда i сёе-тое даследавадь, калі б зварот справы на даследаванне не лічыўся бракам у рабоце пракурора. А навошта ж яму, Паўлу Рыгоравічу, браць на сябе гэты брак, калі ён упэўнены, што краму абакраў не хто іншы, як Кукса. Не, трэба пратэставаць. I скажы ж, як падчас яшчэ водзіцца: як толькі са справай трэба павазіцца, папрацавадь над ёй як след — няхай гэта робіць пракурор. Быццам яму больш за ўсіх трэба. А суддзі дай гатовенькае: аблупі, як тое яйка, ды яшчэ і ў рот пакладзі. А калі б справу заслухаць у судзе, мо ўсе гэтыя непаразуменні i высветліліся б. Тады i не трэба было б накіроўваць яе на даследаванне, валакіту разводзіць. Та-ак, малады спецыяліст наш не з таго пачынае, не з таго... Трэба яго падправіць, i моцна падправіць. I чым хутчэй, тым лепш i для справы, i для яго.
П авел Рыгоравіч нервова схапіў ручку і пачаў пісаць. Але зазваніў тэлефон. Пракурор, нахіліўшы сівую галаву, падстрыжаную «пад вожык», і прыціскаючы ёю да пляча тэлефонную трубку, нейкі момант слухаў і ціха, быццам практыкуючыся, выводзіў на паперы вялікія літары. Потым адрывіста загадаў:
— Рабіце так, як я сказаў. — Трубка бразнула аб рычагі — Вось так трэба: атрымаў загад — выконвай i не размаўляй,— ужо задаволена прамармытаў Павел Рыгоравіч. Жылістая рука шпарчэй захадзіла па паперы. Пісаў ён хутка, распырскваючы чарніла, быццам спаганяючы тут на некім сваю злосць, часам мармычучы: «Але, такіх разумнікаў мы бачылі. Дарэмна ён петушыцца. Паглядзім яшчэ, што абласны суд скажа наконт гэтага даследавания».
У дзверы хтосьці пастукаў. Крыху счакаўшы, пастукаў яшчэ, больш настойліва. Павел Рыгоравіч не адказаў. Тады ў кабінет з прыёмнай прасунулася ўскалмачаная галава Мацвея Беляка. Пракурор акінуў яго сярдзітым позіркам.
— Пачакайце, — і зноў зарыпеў пяром. Пісаў доўга, штосьці перакрэсліваў, надпісваў, перачытваў і зноў пісаў. Калі Мацвей, страціўшы надзею дачакацца, ужо надзеў шапку і хацеў выходзіць, Павел Рыгоравіч з’явіўся ў приёмным пакоі.
— Аддрукуйце ў двух экземплярах, — загадаў ён сакратарцы, шпурнуўшы на стол спісаныя буйным размашыстым почыркам аркушы, і кінуў Мацвею:
— Заходзьце.
Мацвей скардзіўся на Андрэя Арэшку за тое, што той аблаяў яго ў краме ў прысутнасці многіх аднавяскоўцаў.
Слухаючы Беляка, Павел Рыгоравіч кідаў на таго нецярплівыя позіркі і нервова перабіраў на стале нейкія паперы. А калі той змоўк, запытаў:
— Усё?
— Ат, не хацеў гаварыць, але скажу,— рашыўшыся на нешта, прадаўжаў Мацвей. — Бачыў я аднойчы, як гэты самы Андрэй купляў у ашчаднай касе трохпрацэнтныя аблігацыі. Каб не збрахаць вам, тысяч на пяць купляў...
— Усё? — Павел Рыгоравіч спытаў так, нібы дубцом сцебануў Мацвея. Бяляк быў абражаны такім прыёмам і пакрыўджана змоўк. :
— А чаго вы былі ў ашчадкасе? — пракурор вылез з-за стала i падышоў да Мацвея.
— Грошы клаў на кніжку.
— Дзе вы іх узялі?
— Як дзе? Не ўкраў жа, вядома. Вось гэтымі рукамі зарабіў, — гаварыў Мацвей і, разгублена развёўшы свае вялікія з тоўстымі парэпанымі пальцамі рукі, паказаў іх пракурору.
-— Значыць, вы не ўкралі, а ён украў? — і Павел Рыгоравіч упіўся позіркам у пачырванелы Мацвееў твар.— Сорамна так рабіць, грамадзянін...
Калі Мацвей выйшаў, пракурор нейкі час стаяў сярод пакоя, у задуменні наморшчыўшы лоб. У душы засталіся нейкія сумненні. А што, калі ён няправільна зразумеў гэтага чалавека? Мо ўсё ж даследаваць справу, праверыць і довады суда і заадно Белякову заяву?
У кабінет увайшла сакратарка і паклала на стол аддрукаваныя аркушы. Павел Рыгоравіч паправіў рамень, абцягнуў гімнасцёрку, быццам рыхтуючыся да чагосьці ўрачыстага, і прайшоўся па кабінеце.