Неизвестно - Блакит
Працяг будзе.
Беларусь зрабіла свой выбар. Гэта былі апошнія вольныя, дэмакратычныя выбары. Пра тое магу засьведчыць і як намесьнік старшыні па этыцы пры Цэнтрвыбаркаме, у якую ўваходзілі вельмі аўтарытэнныя, прынцыповыя і незалежныя ад чыйго б там ні было ўплыву, нават ад старшыні Цэнтрвыбаркаму Абрамовіча, які вельмі лічыўся з нашай думкай. З выбарам першага прэзідэнта, несумненна, узяла пачатак найноўшая гісторыя шматпакутнай Беларусі. Пра гэты перыяд напісаны ўжо палітыкамі, гісторыкамі, сур’ёзнымі і ня надта сур’ёзнымі палітолагамі, сацыёлагамі, журналістамі дзесяткі салідных кніг, дзе даволі поўна і ўсебакова даследуюцца вядомыя і малавядомыя факты, прычынна-пасьледкавыя сувязі, адкрытыя і скрытныя спружыны, якія прадвызначалі і вызначалі ход падзеяў. Апалагетамі розных палітычных сілаў выдадзена на гара тысячы, мо і дзесяткі, сотні тысячаў розных публікацыяў, супастаўляючы аргументы і факты з якіх удумліваму і разумнаму чытачу можна адшукаць ісьціну. Ну і для старэйшага, сярэдняга, дый маладзейшага пакаленьня найноўшая гісторыя яшчэ на памяці і на слыху, таму мае нейкія прыпамінкі, ацэнкі палітычнага і грамадскага жыцьця наўрад ці могуць дадаць нешта новае, невядомае. Мусіць, лепш хоць кораценька, пункцірна, фрагментарьна прыгадаць нейкія падзеі, зьвязаныя з літаратурным і культурніцкім побытам, з блізкімі і ня надта блізкімі, але дарагімі мне людзьмі, з кім шчасьлівы лёс зьвёў у гэтым жыцьці і каго так не хапае ня толькі мне і маім сябрам, але найперш маці-Беларусі...
Паэта Пімена Панчанку я адкрыў для сябе – дакладна памятаю – у год заканчэньня дзесяцігодкі і пачатку работы ў рэдакцыі раённай газеты ў 1956, калі прачытаў у “ЛіМе” падборку пад агульнай назвай “Прыстасаванцы”. Вершы настолькі ўразілі, што дастаткова было прачытаць іх два ці тры разы, каб назаўсёды засталіся ў памяці. І сёньня праз паўстагоддзя, пабудзі хоць пасярод ночы, магу прыгадаць амаль без запіначкі. З таго часу стаў пільна сачыць за ўсім, што выходзіла з-пад пяра любімага паэта. Вучыўся, пераймаў ягоны стыль, пакуль сам займаўся вершаваньнем. Мо і свайго паэтычнага Пегаса адпусьціў на волю, цьвяроза ацаніўшы, які ён нягегленькі і клоленькі ў параўнаньні ў Панчанкавым.
Калі ў “Маладосці” рыхтавалі да друку маю першую аповесьць “Час прылёту журавоў”, давалі, як мне казалі, чытаць яе і члену рэдкалегіі Пімену Панчатку. Ня ведаю, якое ўражаньне аповесьць зрабіла на шаноўнага Пімена Емельянавіча, але ж, пэўна, неблагое, інакш бы не маглі не палічыцца з думкай свайго былога галоўнага рэдактара. Адно, што ён не ўхваліў – гэта мой псеўданім, сказаў Бураўкіну: гэта ж такое ў хлопца прыгожае беларускае прозьвішча, чаго гэта ён надумаў... У мяне нават і ня надта пыталіся, і аповесьць выйшла пад маім сапраўдным прозьвішчам. Вельмі шкадую, што не паслухаўся, і надалей вярнуўся да псеўданіма.
Потым, калі мы ўжо былі асабіста знаёмыя, Пімен Емельянавіч прызнаўся, што ўважліва сачыў за маім творчым ростам, чытаў кожную новую аповесьць і радаваўся, колькі раз намерваўся напісаць мне ліст, але пачуваў нейкую ніякаватаць, адкладваў да знаёмства.
Пазнаёміў нас Генадзь Бураўкін, калі я ўжо перабраўся ў Менск і займеў членства ў Саюзе пісьменьнікаў. На тым пасяджэньні прэзідыуму Пімен Емельянавіч адсутнічаў – прыхварэў, але яму, як і Кандрату Крапіве, бюлетэні для тайнага галасаваньня вазілі на кватэру. Знаёмства адбылося на некім тлумным зборы ў Доме літаратара – ці то пленуме, ці то нейкім вечары. Але яно было чыста візуальным, як кажуць, шапачным. Неўзабаве Генадзь прапанаваў разам наведаць Пімена Емельянавіча дома. Я быў рады такой магчымасьці, але выказаў сумненьне: а ці тактоўна будзе з майго боку гэтак раптам уваліцца без запрашэньня. Генадзь супакоіў: ён гаварыў з Піменам Емельянавічам і той чакае нас разам... Узялі з сабою, што трэба, каб не рабіць лішніх клопатаў гаспадарам, і вечарам пасьля працы накіраваліся на вуліцу Пуліхава, дзе на чацьвёртым паверсе цэкоўскага дому жыў Панчанка. З ласкі Машэрава ў гэтым жа доме, у суседніх пад’ездах мелі такія ж чатырохпакаёвыя палепшанай планіроўкі кватэры Янка Брыль, Кастусь Кірэенка, Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Анатоль Вярцінскі, Павел Місько. Я добра ведаў і гэты раён, і дом – тут жыла ці не бальшыня нашых цэкоўскіх работнікаў, і часьцяком мы зьбягаліся ў каго-небудзь па нейкай нагодзе, а то і без усялякай нагоды – тады яшчэ заставалася завядзёнка заглядваць да калегаў без усялякіх цырымоніяў, тым больш, што ўсе жонкі былі знаёмыя па дачным сезоне ў Атоліне.
На званок адчыніў дзьверы сам Пімен Емельянавіч з добрай, прыязнай усьмешкай на твары, прадставіў мяне гаспадыні Зоі Кірылаўне, а Генадзь пачуваў сябе тут, амаль як свой. Гаспадыня прапанавала накрыць стол у зале, але Генадзь папрасіў яе не турбавацца, бо мы ня будзем заседжвацца, забеглі на хвілінку пабачыцца, пагаманіць з Піменам Емельянавічам, во і пасядзім у ягоным кабінеце. Атабарыліся за нізкім журнальным столікам, і пакуль Зоя Кірылоўна зьбірала на стол, гаворка вырулілася на розныя бытавыя тэмы. Пачуўшы, што неўзабаве я, магчыма, і Генадзь перабярэмся ў новы цэкоўскі дом насупраць, дзе ўжо манціравалася сантэхніка і вяліся аддзелачныя работы, Пімен Емельянавіч заўважыў: ну, во і добра, будзем у адным двары, лічы, аднавяскоўцы і з лёгкім гумарком расказаў, што ўсё жыцьцё марыў займець кватэру з балконам. Хоць з якім малюсенькім, але каб можна выйсьці за межы кватэры, хоць стоячы падыхаць сьвежым паветрам, паназіраць з вышыні, ня кажучы пра раскошу пасядзець, пагойдацца ў крэсьле-качалцы, пачытаць, падумаць... І заліўся гарэзьлівым сьмехам: а во ў канцы жыцьця, нарэшце, дачакаўся – можна ня тое, што пасядзець, а пры жаданьні і паляжаць ці паспаць, хочаш на сонейку, хочаш бяз сонейка – балконы з двух бакоў... А потым ён надзвычай жыва і зацікаўлена пытаўся пра некаторыя моманты маёй біяграфіі, мае заходнебеларускія мясціны, характэрныя слоўцы і гаворкі, якія ён сям-там заўважыў у маіх аповесьцях, але хацелася б больш, як у Адамчыка, Карпюка. Потым схамянуўся: зрэшты, гэта заўсёды справа самога пісьменьніка, ніхто ня мае права ўказваць, як яму пісаць. Абы гэта была паэзія дык паэзія, проза дык проза, а не як часам – заштампаваная газетчына альбо элементарная непісьменнасьць выдаецца за літаратуру... Цікавую для мяне літаратурную тэму, якую актыўна ўзяўся падтрымліваць і Генадзь, перарвала гаспадыня, якая стала насіць і ставіць на столік талеркі з закусьсю і ўсё, што да яе належала, аднак застацца з намі адмовілася. Потым я ня раз і ня два бываў і ў пісьменьніцкай кампаніі, і адзін у іхняй гасьціннай хаце і не памятаю, каб Зоя Кірылаўна хоць раз заставалася ў мужчынскай кампаніі, унікала ў гаворкі. Толькі ледзь ці ня ўмольна прасіла, калі ня чуў гаспадар: хлопчыкі, вы ж Пімену шмат не налівайце... Узялі па кілішку, і Пімен Емельянавіч прыкметна павесялеў, палагаднеў, у лірычна-задумлівым гуморы пачаў прыгадваць свае маладыя гады, Бягомлю, сваё настаўніцтва. Па радыё, тэлебачаньні я ня раз слухаў невялічкія і больш-менш пашыраныя гутаркі з ім, а найперш – як ён чытаў свае вершы. Шчыра кажучы, яны не рабілі ўражаньня – чытаць вершы было цікавей, чым яны гучалі ў аўтарскім выкананьні, ва ўсякім разе не ішлі ні ў якое параўнаньне з Максімам Танкам, які літаральна “сьпяваў” свае творы, узьнёсла, натхнёна, як, дарэчы, і ўсе свае выступленьні, прамовы за трыбунай. Тады ж ня толькі я, а, здаецца, і Генадзь былі страшэнна і прыемна зьдзіўленыя, як ярка, вобразна, са сьветлым смуткам і лёгкім гумарком апавядаў ён, і што асабліва ўражвала – кожны эпізод, фрагмент нават па кампазіцыйнай завершанасьці нагадваў гатовую маленькую навэлку. Загіпнатызаваныя заварожана слухалі сапраўдную паэзію ў прозе і, як потым высьветлілася, абодва думалі-шкадавалі аб адным і тым жа: эх, няма непрыкметнага мікрафончыка, каб зафіксаваць гэты цуд! А ён (о жах!) можа больш на гэтакім душэўна-паэтычным уздыме і не паўтарыцца, надарыцца толькі экспромтам, толькі аднойчы...
Потым ён ці то сам трохі стаміўся, ці далікатна палічыў, што досыць частаваць і стамляць доўгім расповедам нас, рашуча спыніўся і перавёў гаворку на нейкую іншую датычную нас усіх тэму. Генадзь з усёй сваёй рашучасьцю настойліва стаў раіць гаспадару занатаваць пачутае намі на паперы, больш таго – прапанаваў прыслаць чалавека з “Рэпарцёрам”, каб нагаварыў у мікрафон, потым расшыфруецца на паперы, зробіць, якія палічыць патрэбнымі, папраўкі. Я гэтаксама падтрымаў, аднак Пімен Емельянавіч не прыняў усур’ёз і блізка нашых прапаноў, аднекнуўшыся з усьмешкай, што ня ўмее гаварыць у мікрафон, а пра гэта і шмат што іншае абавязкова напіша, калі кіне пісаць вершы... У тое, што Панчанка некалі можа кінуць пісаць вершы, слаба верылася нават мне, ня кажучы пра Генадзя, які не адзін год добра ведаў Пімена Емельянавіча. Калі мы ледзь ужо ці ня позьнім вечарам вышлі ад Панчанкі, Генадзь мовіў і да мяне, і больш да самога сябе: такое трэба запісваць, ведаючы, што дзёньнікі ня піша ні ён, ні я, і разумеючы, што запісаць, захаваўшы непаўторныя Панчанкавы інтанацыі, тоны, ягоную яркую, вобразную мову нават па самай свежай памяці немагчыма.